Вы тут

У вёсцы Гара ўсталявалі дзіцячы гульнявы гарадок


Пры фінансавай падтрымцы Пасольства Каралеўства Нідэрландаў у вёсцы Гара ўсталявалі дзіцячы гульнявы гарадок, а ў клубе з'явілася добрае гукавое абсталяванне.


У Задуброўскім сельскім Савеце дэпутатаў Віцебскага раёна падзяліліся вопытам, як можна атрымаць фінансаванне ў рамках праекта (ПраААН) садзейнічання развіццю сельскай тэрыторыі на мясцовым узроўні.

Намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама Жанна Чаркунова адзначыла, што мясцовая ўлада падтрымлівае ініцыятыву ва ўсіх пытаннях, калі гэта датычыцца паляпшэння жыцця людзей: зялёнае святло ўсім, хто хоча стаць індывідуальным прадпрымальнікам, займацца аграрным турызмам, аказваць паслугі аўтамабілістам на аб'ектах прыдарожнага сэрвісу і гэтак далей.

Бабініцкі і Мазалаўскі сельскія Саветы ўжо паспяхова рэалізавалі праекты развіцця сваіх тэрыторый. Беражлівае стаўленне да прыроды, інтарэс да культуры, камп'ютарная адукацыя людзей сталага ўзросту, захаванне і вывучэнне традыцый продкаў — гэтыя і іншыя пытанні былі ключавымі. Цяпер чарга за іншымі сельсаветамі Віцебскага раёна.

І ў ліку іншага – прыцягненне грантавых сродкаў — гэта адзін са шляхоў у рэалізацыі сямнаццаці глабальных Мэт устойлівага развіцця. Як вядома, Беларусь вельмі актыўна ўключылася ў адпаведную дзейнасць. І рэгіёны ў гэтым бяруць актыўны ўдзел.

Старшыня Задуброўскага сельскага Савета Сяргей Макуха канстатаваў, што, на жаль, вяскоўцам пакуль што асабліва ганарыцца няма чым. Насельніцтва скарачаецца, людзі з'язджаюць, купляюць жыллё ў пасёлках раёна, дзе створана сацыяльная інфраструктура.

Хоць, напрыклад, добрыя перспектывы ў пытанні развіцця турызму. Было б толькі каму ім займацца.

У згаданай вышэй вёсцы Гара ўжо прымалі гасцей, у тым ліку і замежных. А скрыпень і іншыя экалагічна чыстыя прадукты адсюль прадаюцца ў крамах.

Кіраўнік сельвыканкама, дарэчы, адзначыў, што гарбата са скрыпеню вельмі спадабалася прадстаўнікам Казахстана, якія наведалі з афіцыйным візітам раён. Можна было б наладзіць збор, апрацоўку і фасоўку карыснага для здароўя прадукту ў прамысловых маштабах.

Сярод удзельнікаў форуму быў Аляксей Талай, рэкардсмен свету і Еўропы, член Нацыянальнай параалімпійскай зборнай па плаванні, майстар спорту, зорны пасол ІІ Еўрапейскіх гульняў і факеланосец «Полымя міру». А яшчэ ён прадпрымальнік і грамадскі дзеяч, мецэнат. Яго ведаюць і як матывацыйнага спікера — выступаў у Расіі, Еўропе, Індыі, ЗША і іншых краінах.

Аляксей сказаў, што экалагічна чысты турызм вельмі папулярны ў Еўропе. А за экспартам ежы без «хіміі» — будучыня. І ён вельмі рады будзе асабіста спрыяць таму, каб у Віцебскі раён прыязджалі з-за мяжы, каб тую ж гарбату і іншую прадукцыю экспартавалі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ, Віцебскі раён

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Цяпер чарга за іншымі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.