Вы тут

​Чаму маладыя спецыялісты затрымліваюцца ў «Белавежскім»


Белавежскі — пасёлак унікальны. Па-першае таму, што ўзнік адносна нядаўна на пустым месцы. Першы жылы дом быў закладзены ў 1983 годзе. А па-другое, населены пункт цікавы інфраструктурай, архітэктурным праектам. Тут вуліцы не прамыя, а закругленыя. З самой вуліцы не відаць хлявоў, гаспадарчых пабудоў, да якіх прадугледжаны асобны пад'езд. З фасада двары выглядаюць даволі прывабна, па даўняй традыцыі перад домам агуркі не садзяць — толькі кветкі. Але галоўнае, лічыць старшыня сельскага Савета Жанна ХІЛЮЦІЧ, людзі любяць свой Белавежскі.


Калектыў жыхароў

На будаўніцтва вялікага свінакомплекса ў першай палове 80-х з'ехаліся самыя розныя людзі ледзь не з усёй вялікай краіны. Паступова некаторыя адсеяліся, затое астатнія аб'ядналіся ў адзін калектыў. Цяпер у пасёлку дружна жывуць людзі 13 нацыянальнасцяў. «Ціхія і спакойныя дома сядзелі, — разважае Жанна Сцяпанаўна. — Ехалі сюды тыя, хто не баяўся рызыкнуць, памяняць жыццё — нехта ехаў па жыллё, нехта — па каханне. Але ж гэта былі пераважна людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Такіх і цяпер лягчэй арганізаваць на талаку, на добрую справу. Як у нас дні пасёлка праходзяць — асаблівая тэма».

Святы становяцца свайго роду аглядам усяго жыцця за год. Вось і гэтым летам яно прайшло ў чэрвені. Але і дагэтуль жыхары зазіраюць у двор таго ці іншага лаўрэата года. Зазіраюць, каб паглядзець і зрабіць налета ў сябе яшчэ лепш. Усё гэта напрамую датычыцца замацавання маладых спецыялістаў у ААТ «Белавежскі» і сацыяльных установах аграгарадка, якіх тут нямала».

Сам «Белавежскі» ўяўляе сабой буйное сучаснае сельгаспрадпрыемства, якое спецыялізуецца на жывёлагадоўлі. Сёння да ААТ далучылі столькі гаспадарак раёна, што ў склад уваходзяць землі ажно чатырох сельсаветаў: Ратайчыцкага, Вярховіцкага, Раснянскага, Белавежскага. На падыходзе — Воўчынскі. У штаце гаспадаркі 1700 работнікаў, 380 з якіх спецыялісты.

Многія з іх — гэта другое пакаленне тых, хто прыехаў 35 гадоў таму, яны ўжо карэнныя жыхары пасёлка. Такіх можна знайсці не толькі ў гаспадарцы, але і ў школе, садку, на прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання. Скажам, Таццяна Акеліна, загадчыца дзіцячага садка — дачка тых, хто адным з першых будаваўся на гэтай зямлі. Таццяна Уладзіміраўна хадзіла ў садок, потым у школу. А пасля заканчэння ВНУ вярнулася дадому. Кажа, тут ёсць усё для камфорту, а ў сельскай мясцовасці ўсё роўна жыццё больш таннае, чым у буйным горадзе.

Па размеркаванні

Наталля Гарбацэвіч з сынам Архіпам.

Наталля Гарбацэвіч жыве па вуліцы Першамайскай, дзе пасялілася многа маладых спецыялістаў. Наталлю мы застаём дома, бо яна ў дэкрэтным водпуску, даглядае меншага — Архіпа. Муж Дзмітрый, галоўны інжынер мясакамбіната, вядома, днём на рабоце. Абое яны са Слуцкага раёна, там жыве ўся радня. Ехалі сюды па размеркаванні мужа.

— Дзіма прыехаў па размеркаванні ў 2010 годзе, — расказвае Наталля. — Я яшчэ вучылася ў БНТУ, прыехала да мужа ў 2012-м. У мяне спецыяльнасць інжынер-тэхнолаг ювелірнай вытворчасці. Работа па спецыяльнасці можа быць толькі ў горадзе, я заўсёды бачыла сябе ў гарадской інфраструктуры. Ды паколькі замуж выйшла за хлопца з аграрнага ўніверсітэта — ён заканчваў БАТУ — на ўсялякі выпадак яшчэ год павучылася і атрымала эканамічную спецыяльнасць... Але ж мы ехалі адназначна на адпрацоўку. Думалі, два гады — і ўсё. Ды і бацькі, усе родныя хацелі бачыць нас бліжэй да сябе.

А потым неяк хутка ўсё складвалася, спачатку з'явілася кватэра, нарадзіўся Арцём, ён сёлета ў першы клас пойдзе, потым вось Архіпка ў нас з'явіўся. А мы ўжо ў сваім доме, рамонт зрабілі, абсталявалі, мэблю купілі. І ў Дзімы работа добрая.

— Прывыклі мы, — кажа далей Наталля. — Людзі ў пасёлку добразычлівыя, з некаторымі маладымі сем'ямі добра кантактуем. Ёсць каму зайсці да нас альбо нам да каго завітаць на Новы год ці дзень нараджэння. Усё, што трэба для жыцця, — садок, школа, школа мастацтваў — на месцы. Горад недалёка. Нават царкву ў нас пабудавалі. Неяк гаварылі з мужам, што можна ўжо было б усёй сям'ёй часам наведваць службу. Пакуль дзеці малыя, то да гэтага рукі, як той казаў, не дайшлі, а потым, вядома, пойдзем... Хутка з дэкрэтнага выходзіць, дык думаем, ці не «схадзіць» яшчэ па дзяўчынку? — усміхаецца гаспадыня.

І мы са старшынёй сельскага Савета ў адзін голас раім: абавязкова «схадзіць»!

Інжынер, аграном, вакаліст

Паспяхова працуюць маладыя спецыялісты Аксана і Дзмітрый Парцянкіны. Аксана — бухгалтар, Дзмітрый — галоўны аграном аддзялення «Расна». Яны таксама ехалі на адпрацоўку... і таксама засталіся. Юлія і Канстанцін Логвіны працуюць у розных галінах. Канстанцін зараз займае пасаду галоўнага інжынера аднаго з падраздзяленняў. Юлія выкладае вакал у Доме культуры і школе мастацтваў. Таксама Юля самы актыўны член агітбрыгады падчас уборкі. Выязджае ў поле на абедзенны перапынак, дае маленькія канцэрты. Працаўнікі чакаюць, шчыра дзякуюць артыстам.

Падобныя сем'і можна знайсці на кожнай вуліцы ў новай палове пасёлка, бо ў старой яго частцы жывуць найбольш тыя работнікі, якія ехалі сюды раней. А пасёлак-аграгарадок працягвае будавацца і развівацца. Усе 20 яго вуліц маюць асфальтавае пакрыццё. Кожны год будуецца новае жыллё. Вось і сёлета ўжо здадзены чатыры дамы, яшчэ чатыры рыхтуюцца да здачы. І гэта толькі ў адным Белавежскім. Жыллё ўзводзіцца і ў іншых падраздзяленнях акцыянернага таварыства.

— Маладыя спецыялісты штогод прыходзяць у ААТ «Белавежскі». Летась, напрыклад, прыбыло 12 чалавек пасля ВНУ і 20 пасля сярэдніх спецыяльных устаноў. Таксама прынялі на работу 17 выпускнікоў устаноў прафтэхадукацыі, — гаворыць старшыня прафкама гаспадаркі Валянцін СУПРУНОВІЧ. — Сёлета толькі пачынаюць прыбываць і прыступаць да работы. У нас усе ўчарашнія выпускнікі забяспечваюцца інтэрнатам. Звычайна гэта трох- альбо двухпакаёвая кватэра на некалькі чалавек. А вось сям'я атрымлівае асобную кватэру. Далей сямейныя спецыялісты, хто адпрацаваў год-другі, пераязджаюць у асобны дом.

Валянцін Міхайлавіч падкрэслівае, што ў гаспадарцы наладжана сістэма работы з кадрамі. Спецыяліст, які паказаў сябе кваліфікаваным, удумлівым, старанным работнікам, даволі хутка прасоўваецца па кар'ернай лесвіцы: скажам, прыходзіць выпускнік з дыпломам агранома, ён можа стаць брыгадзірам вытворчай брыгады, потым галоўным спецыялістам у адным з падраздзяленняў і так далей. Таму ёсць стымул для развіцця і самаадукацыі. Ну і сярэдняя зарплата летась, напрыклад, была самай высокай сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Ехалі на адпрацоўку, а засталіся назусім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».