Вы тут

Чаму сельская мясцовасць менш прыцягальная для інвестараў?


За першае паўгоддзе 2019-га колькасць рознічных гандлёвых аб'ектаў у Беларусі павялічылася на 3 % і склала больш за 117 тысяч, іх плошча перавысіла 6,6 мільёна квадратных метраў. Акрамя таго, на плошчы 2 мільёны квадратаў працуюць 615 гандлёвых цэнтраў, што на 1,5 % больш у параўнанні з леташнім перыядам. У краіне налічваецца 388 рынкаў больш чым на 80 тысяч гандлёвых месцаў. Асаблівая ўвага аддаецца развіццю абслугоўвання сельскага насельніцтва.


Фота Анатоля Клешчука.

— Сапраўды, па-ранейшаму актуальнае пытанне гандлёвага абслугоўвання ў малых гарадах і ў сельскіх населеных пунктах. На сяле сёння пражывае кожны пяты жыхар краіны, а гэта больш за два мільёны чалавек. Разам з тым сельская мясцовасць эканамічна менш прыцягальная. І не толькі для гандлю. У асобных рэгіёнах назіраецца тэндэнцыя зніжэння ўзроўню гандлёвага абслугоўвання. Асноўныя прычыны — змяншэнне колькасці насельніцтва, нізкая рэнтабельнасць продажу. Арганізацыі спажывецкай кааперацыі вымушаны закрываць магазіны ў пэўных населеных пунктах. Як правіла, гэта невялікія вёсачкі або тыя, дзе зніжаецца колькасць насельнікаў. У гэтым выпадку на змену стацыянарным пунктам прыходзяць аўтакрамы, — расказаў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч.

Удзельная вага сельскіх магазінаў складае 14 %, а па гандлёвай плошчы — 12 %. За першае паўгоддзе іх колькасць зменшылася на 10 %, аб'ектаў грамадскага харчавання — на 1 %, а пасадачных месцаў у іх — амаль на 2 %. Практычна ж палова пунктаў грамадскага харчавання прадстаўлены сталовымі.

Якія захады прымаюцца для паляпшэння сітуацыі? Па-першае, прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2017 года № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Гэты дакумент закліканы стварыць перадумовы для таго, каб бізнес актыўней ішоў у вёску. Нормамі ўказа з 1 студзеня 2018 года да 31 снежня 2022 года прадугледжаны шэраг падатковых ільгот, іншых прэферэнцый. Дзеянне дакументаў на сённяшні дзень распаўсюджваецца практычна на 18 913 населеных пунктаў, 18 847 з іх аднесены да сельскай мясцовасці, і 66 — да малых гарадскіх паселішчаў.

Па інфармацыі Міністэрства па падатках і зборах, ільготамі, якія дае Указ № 345, у 2018-м скарысталася 1107 суб'ектаў гаспадарання: 272 юрыдычныя асобы і 835 індывідуальных прадпрымальнікаў. За мінулы год яны пералічылі ў бюджэт амаль 200 мільёнаў рублёў падаткаў і стварылі 189 новых рабочых месцаў.

На 1 ліпеня 2019-га адкрыта 388 гандлёвых аб'ектаў і 77 пунктаў грамадскага харчавання.

Колькасць аўтамагазінаў за гэты перыяд павялічылася на 75. І цяпер «парк на колах» налічвае 822 машыны, якія калясяць амаль што па 2000 маршрутаў.

— Паводле Указа Прэзідэнта № 227, з 1 жніўня 2018-га да 31 снежня 2022 года суб'ектам гандлю дадзена права набываць, арандаваць у межах Аршанскага раёна Віцебскай вобласці дадатковую гандлёвую плошчу з улікам таго, што іх доля ў аб'ёме рознічнага гандлю перавысіла 20 %. У межах дзеяння ўказа пачалі функцыянаваць чатыры магазіны Еўрагандлю — па адным у Оршы і Барані, два ў гарадскім пасёлку Арэхаўск. На працягу 2019-га на тэрыторыі Аршанскага раёна прадугледжваецца пілотны праект па арганізацыі ўдасканаленай сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, — канстатаваў Артур Карповіч. — Мы працягваем работу па развіцці гандлю і грамадскага харчавання шляхам стварэння і памяншэння ўмоў для вядзення бізнесу ў названых сферах. У гэтых мэтах у міністэрстве створана спецыяльная рабочая група па ацэнцы дзеянняў нормаў 345-га ўказа, а таксама яго ўдасканаленні. Ужо распрацаваны праект змяненняў і дапаўненняў у гэты ўказ. Сярод асноўных новаўвядзенняў варта адзначыць працяг тэрміну яго дзеяння з 2022 года да 2030-га ў плане льгот і прэферэнцый. Акрамя таго, прадугледжваецца асобны льготны тарыф на электрычную энергію для рознічных гандлёвых аб'ектаў і пунктаў грамадскага харчавання ў сельскай мясцовасці. Цяпер склалася наступная сітуацыя: арганізацыі, якія ажыццяўляюць гандаль на сяле, плацяць за электраэнергію больш, чым тыя, што аказваюць бытавыя паслугі. Акрамя таго, даецца права адчужаць і здаваць у арэнду аб'екты нерухомай маёмасці без наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць дзяржаўную рэгістрацыю іх стварэння. Такую прапанову ўнёс Белспажыўсаюз. І мы пастараліся яе ўлічыць.

Што датычыцца ў цэлым спажывецкага рынку, то яго можна ахарактарызаваць як адносна стабільны і збалансаваны. У гандлёвай сетцы ў наяўнасці шырокі асартымент тавараў — як харчовых, так і нехарчовых.

Значна павялічыліся продажы рэчаў высокага цэнавага сегмента: новыя легкавыя аўтамабілі, бытавая тэхніка, верхняе адзенне, скураны абутак. А вось удзельная вага нехарчовых тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце знізілася. Як адзначыў першы намеснік міністра, гэта часткова сведчыць пра тое, што не ўсе беларускія тавары выйграюць канкурэнтную барацьбу. Аднак часам спажывец у пагоні за нізкай цаной забывае аб якасці набытага. Не заўсёды тое, што таннае, — даўгавечнае. Некаторыя тавары ў Беларусі наогул не выпускаюцца, і іх завозяць з-за межаў краіны. Напрыклад, шматаперацыйныя швейныя машыны, іанізатары і ўвільгатняльнікі паветра, электракававаркі, кавамашыны, электраблэндары, аўтамабільныя відэарэгістратары, планшэты камп'ютарныя, ноўтбукі, радыётэлефоны, смартфоны, прынтары, сканеры, ксераксы і іншае. А гэта значная частка нашага імпарту. Ну, і адпаведна доля ў тавараабароце нехарчовых тавараў. Пакуль у недастатковым асартыменце выпускаецца элегантны абутак для жанчын, мужчын, асабліва моладзі, абутак для адпачынку і спорту як для дарослых, так і дзяцей, кеды, паўкеды. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання штогод на аснове аналізу імпарту тавараў і маніторынгу продажу распрацоўвае пералік імпартазамяшчальных тавараў, якія прапаноўваюцца для выпуску айчыннымі вытворцамі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Гандляваць у вёсцы, як у горадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.