Вы тут

Мерыке Кокаеў: У Беларусі адчуваю сябе, як дома


У нас няма агульных межаў, але ў Эстоніі і Беларусі шмат агульнага: адзіны знак — валошка, а па-эстонску «сябар» гучыць як «субэр».


Першы чалавек, які сустракае візіцёраў ў пасольствах, — афіцэр аховы. У дыппрадстаўніцтве Эстоніі ў Беларусі, як толькі электроніка адчыніла дзверы, выскачыў насустрач сімпатычны ёркшырскі тэр'ер Мілю. «У яго ўжо таксама вялікі стаж дыпламатычнай службы», — пажартавала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эстоніі ў Беларусі Мерыке КОКАЕЎ.

— Што вы ведалі пра Беларусь да прызначэння ў нашу краіну? Магчыма, бывалі тут раней?

— Не, не наведвала, і, натуральна, ніякіх асабістых уражанняў не было, але Беларусь выбрала сама. Шмат гадоў я працавала ў Амерыцы і Заходняй Еўропе. Старая Еўропа даволі прадказальная і, не пабаюся сказаць, сумная. Выключэнне толькі Італія, дзе я працавала ў часы прэм'ер-міністра Сільвіа Берлусконі: там было не сумна, але падставай для гэтага часцей служылі скандалы.

Я падумала, што у прафесійным сэнсе Беларусь — прывабная краіна. І не памылілася. Тут усё рухаецца, змяняецца — для дыпламата вельмі цікава.

— Як вы ацэньваеце супрацоўніцтва Эстоніі і Беларусі ў эканамічнай сферы? Якія кірункі найбольш паспяховыя, а ў якіх ёсць нявыкарыстаны патэнцыял?

— Ёсць станоўчая дынаміка. У 2016 годзе тавараабарот склаў 106 мільёнаў еўра, у 2018-м — 140 мільёнаў. Аднак калі мы паглядзім лічбы за 2012 год, а тады ў нас тавараабарот склаў паўмільярда еўра, то стане зразумела, што ёсць стымул для развіцця. Мяне радуе, што бізнес зацікаўлены да супрацоўніцтва. Сёлета некалькі дэлегацый дзелавых колаў Эстоніі наведвалі Беларусь, двойчы праводзілі бізнес-форумы.

У нас ёсць традыцыя зносін дыпламатаў з прадпрымальнікамі, якія праходзіць у фармаце «Ранішняя кава з паслом». Апошні раз я прыязджала ва ўсходні рэгіён Эстоніі, туды, дзе шмат рускамоўнага насельніцтва. Для сустрэчы было падрыхтавана невялікае памяшканне, але бізнесменаў, якія цікавяцца Беларуссю, аказалася столькі, што нас перавялі ў большую аўдыторыю. Яны літаральна сядзелі за сталамі, як студэнты, а я, напэўна, была падобная на выкладчыка, які чытае лекцыю. І я, і мае калегі на такіх сустрэчах расказваем пра краіну знаходжання: якая палітычная, эканамічная сітуацыя, інвестыцыйны клімат, якія дзейнічаюць законы і традыцыі.

Вельмі важна, каб бізнесмены сустракаліся і ў нефармальнай абстаноўцы. Летась, калі ладзілі прыём з нагоды Дня незалежнасці, папрасілі нашых бізнесменаў запрасіць сваіх беларускіх партнёраў. Думаю, гэта стане традыцыяй.

Эстонія і Беларусь супрацоўнічаюць у такіх сферах эканомікі, як дрэваапрацоўка, машынабудаванне, тэкстыльная прамысловасць. А самай перспектыўнай лічу ІT-галіну. У ёй абедзве краіны з'яўляюцца лідарамі: мы стварылі «скайп», вы — «вайбер», таму, думаю, тут нам лёгка знайсці агульную мову.

— Эстонія — адзін з сусветных лідараў у развіцці электроннага ўрада. І Беларусь таксама мае намер ісці па гэтым шляху.

— Гэта вельмі зручна. Увесь дакументаабарот чыноўнікаў ажыццяўляецца ў электронным выглядзе. Жыхары Эстоніі праз ІD-картку атрымліваюць неабходныя дакументы, рэгіструюць нерухомасць, плацяць падаткі. Цяпер укараняюцца электронныя рэцэпты. Гэта пазбаўляе людзей ад наведвання паліклінік і чакання ў чэргах. Асабліва палягчаецца жыццё пажылых пацыентаў, якія пастаянна прымаюць лекі: дастаткова патэлефанаваць доктару, як праз некалькі хвілін будзе гатовы электронны рэцэпт і нават будзе вядома, у якой найбліжэйшай аптэцы ёсць прэпарат. Спецыяльна для бізнесу распрацавана платформа e-рэзідэнцтва. Мы дзелімся гэтым вопытам з рознымі краінамі і, вядома, хацелася б больш цесна супрацоўнічаць з Беларуссю.

— Колькі Пасольства Эстоніі выдала беларусам турыстычных віз? Ці задаволеныя вы тым, як развіваецца паміж нашымі краінамі супрацоўніцтва ў сферы турызму?

— Са студзеня да ліпеня мы выдалі тры тысячы віз. Да нас у консульства няма такога ажыятажу, як у консульства Літвы, але не будзем забываць, што з Мінска да Вільні 160 кіламетраў, а да Таліна —— 800. Вялікія надзеі на новы віток развіцця турызму звязваю з рэгулярным авіярэйсам Мінск — Талін, які нядаўна пачаў выконвацца. Эстонцы рады бязвізу. Мае суайчыннікі любяць адпачываць у беларускіх санаторыях, тут вельмі добрая лячэбная база і кошт нам па кішэні. Не сакрэт, што да стаматолагаў эстонцы едуць у Мінск, і наведванне цырульні таксама ёсць у праграме візіту. А да нас ездзяць фіны з такімі ж мэтамі.

Вядома, нам хацелася, каб больш беларусаў прыязджала ў Эстонію, нам ёсць чым здзіўляць. Гэта не толькі мора, але і ўнікальныя аб'екты — выспы. Усім рэкамендую наведаць іх, таму што там іншы ўклад жыцця і нават менталітэт людзей, калі параўноўваць з тымі, хто жыве на мацерыку. Турысты любяць Стары горад, маленькія кавярні, рыбныя рэстаранчыкі.

— Была ў Эстоніі толькі адзін раз і магу сказаць, што не сутыкнулася з моўным бар'ерам. А ўжо гасціннасць эстонцаў, калі кожны гатовы стаць тваім гідам — паказаць, дапамагчы, параіць, проста неверагодная.

— Мне гэта прыемна чуць. Думаю, што нашы народы вельмі падобныя. Гасціннасць, працавітасць — дакладна агульныя рысы. Як і любоў да парадку. Да мяне прыязджаюць родныя, сябры, дык вось яны кажуць: «Мы думалі, што так чыста толькі ў Эстоніі — аказваецца, яшчэ і ў Беларусі». Заўсёды дзівілася, калі глядзела на беларускія ўзоры, — бо яны вельмі падобныя на нашы. І валошка — сімвал абедзвюх краін, у нас вельмі падобная прырода. А ведаеце, як па-эстонску сябар? Субэр. Праўда, сугучна? Напэўна, таму ў Беларусі адчуваю сябе як дома.

— У 2013 годзе нашы газеты стракацелі загалоўкамі «Эстонская опера растапіла сэрцы беларусаў». Гэта былі сапраўды грандыёзныя гастролі, цудоўныя спектаклі, дакладна памятаю, што хадзіла ў оперу праз дзень. Наш тэатр з візітам у адказ адправіўся ў Талін толькі праз два гады. Натуральна, што такія вялікія абменныя гастролі могуць праходзіць раз на некалькі гадоў. А якія яшчэ цікавыя праекты ажыццяўляюцца ў сферы культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва?

— Склаліся выдатныя адносіны паміж эстонскімі і беларускімі мастакамі, іх сумесныя выстаўкі сталі добрай традыцыяй. Я не спецыяліст, але эксперты ў гэтай галіне казалі, што прадстаўлены работы высокага ўзроўню. Вельмі цікавая была выстаўка гравюр па творах братоў Грым. Ведаю, што ў Беларусі жывуць стараверы, таму мы хацелі б прывезці сюды выстаўку "Храмы рускіх старавераў у Эстоніі".

Сёлета плануем прыняць удзел у кінафестывалі «Лістапад», пройдзе ў Мінску і фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». У Віцебску нас папрасілі правесці Дзень эстонскай культуры, і мы хацелі б трапіць у праграму «Славянскага базару».

У нас цяпер у пасольстве адбылася ратацыя — пытаннямі культуры будзе займацца новы супрацоўнік, і я спадзяюся, што мы зможам ажыццявіць шмат цікавых праектаў.

— Спадарыня пасол, дзе вам удалося пабываць, акрамя традыцыйнай праграмы для іншаземцаў — Нясвіжа і Міра?

— Там мне вельмі спадабалася — добра адрэстаўраваныя замкі, створана неабходная інфраструктура для турыстаў. Па рабоце пабывала ва ўсіх абласных цэнтрах, Пінску, і хацелася б вярнуцца туды ў прыватным парадку. А недзе і з кіраўніцтвам горада сустрэцца, каб абмеркаваць магчымасці супрацоўніцтва. Заўсёды шкадую, што не хапае часу, каб адчуць сябе турыстам у краіне знаходжання.

Вось што я бачыла ў ЗША, акрамя Нью-Ёрка? Нью-Ёрк — гэта далёка не ўся Амерыка. Магчыма, хтосьці зайздросціць дыпламатам: мы пастаянна на нейкіх мерапрыемствах, прыёмах. У Мінску, напрыклад, чэрвень і ліпень былі настолькі насычаны падзеямі, што не магу ўспомніць свабодны вечар. Але такая наша работа. І кожныя чатыры гады даводзіцца ўсё кідаць і ехаць на новае месца, але часцінка сэрца застаецца ў краіне знаходжання. Вельмі цёпла ўспамінаю ўсе краіны, дзе даводзілася працаваць. Цаню магчымасць больш пазнаёміцца з Беларуссю, як вы кажаце, акрамя традыцыйнай праграмы. У пачатку кастрычніка запланавалі з мужам тыднёвы адпачынак у Белавежскай пушчы.

— А ваша сям'я ў Мінску?

— Мне пашанцавала: муж працуе ў Маскве і часта прыязджае ў Мінск. Дыпламатам, асабліва жанчынам, бывае няпроста ў сямейных адносінах, бо не скажаш мужу: кідай кар'еру, едзь за мной. У нас ужо дарослая дачка, яна жыве ў Швейцарыі. Дзякуючы бязвізу яна можа часцей прылятаць у Мінск з унукамі. Менавіта тут — месца сустрэчы нашай сям'і, таму што мне, напрыклад, каб паехаць у Маскву з прыватным візітам, трэба атрымаць расійскую візу, а дыпламатычны пашпарт толькі для службовых паездак.

— Ці часта атрымліваецца з'ездзіць дадому? Якія везяце падарункі родным і сябрам?

— Не вельмі часта. Вязу прысмакі, у першую чаргу зефір і мармелад. Мая мама вельмі любіць чарнасліў у шакаладзе і грыльяж.

— Наведваеце крамы беларускіх брэндаў?

— Так, заходжу, нешта набываю. Мы заўсёды запрашаем беларускія прадпрыемствы, калі праводзім у Старым горадзе кірмаш. Заўважаю, што эстонцы і беларусы любяць прыблізна адны і тыя ж рэчы.

— А дзе купляеце прадукты?

— Раз на тыдзень заязджаю ў «Карону». Калі трэба што па дробязі — ёсць невялікія крамы каля дома, у якіх, тым не менш, можна купіць усё неабходнае. Культавае месца — Камароўка. Калі прыязджаюць сябры, то абавязкова просяць адвезці на рынак.

— Як праводзіце ў Беларусі вольны час?

— Люблю гуляць са сваім чацвераногім сябрам Мілю. Сабака неверагодна дысцыплінуе: шпацыр будзе ў любое надвор'е. Стараемся прайсці з ім 10 тысяч крокаў. Люблю чытаць і хадзіць у Вялікі тэатр. Ён у вас на самым высокім узроўні. Мне ёсць з чым параўноўваць, у Нью-Ёрку раз на месяц наведвала Метраполітан-Опера, і скажу, што ваш Вялікі ніколькі яму не саступае. Усе нашы афіцыйныя дэлегацыі і мае сябры просяць арганізаваць наведванне Вялікага тэатра. У мяне двое ўнукаў, з імі паглядзела ўсе праграмы ў цырку, у дзяцей яны выклікаюць такое ж захапленне, як у мяне балет.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».