Вы тут

Людміла Сідаркевіч: Акцёр мусіць плакаць сапраўднымі слязамі


Да пабачэння! 27-ы сезон Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) афіцыйна завершаны. Але і ў закрытым храме мастацтваў іграе музыка, чуюцца крокі ды запальваецца святло ў грымёрнай заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, прымы РТБД Людмілы Сідаркевіч. У цішыні, пад ласкавым позіркам цацкі, з упэўненым абяцаннем паштоўкі (усё будзе добра!) так лёгка ўзгадваюцца мроі дзяцінства, анёлы-ахоўнікі, улюбёныя гарады і... не толькі.


(Не)сцэнічныя драмы

— Мы, акцёры, — людзі залежныя: нам увесь час патрэбна ўвага, праца. Але часта здараецца так, што цябе не бачаць у жаданай ролі. Тваіх калег запрашаюць, а цябе — не. І пачынаецца чаканне. Вельмі доўгае чаканне. А ці хопіць сіл? Адсюль і сапсаваны характар. Закуліссе поўніцца нябачнымі трагедыямі… Чалавек, які збіраецца звязаць лёс са сцэнай, павінен шчыра адказаць: «Ці змог бы я жыць без тэатра?». Калі так — не варта нават пачынаць. Разумееце, сцэна — істота раўнівая: яна ненавідзіць, калі яе з чымсьці сумяшчаюць. Шчыра магу сказаць, што маё прыватнае жыццё падпарадкавана працы. Настрой, хваляванні — усё вызначае тэатр. Праз гэта, думаю, калісьці моцна не хапала ўвагі дачцэ. Крыўды няма, мы сяброўкі. Але ўсё ж... Дзяўчынка расла самастойна.

У той жа час тэатр цудоўна вучыць разумець іншых. Заўсёды заўважаю, калі чалавек хлусіць, баіцца, нервуецца. Сцэна дае веды і пра саму сябе. Не люблю слова «тэрапія», але ў тэатры яно працуе. Былі ролі, якія дапамагалі балючыя выпадкі з мінулага пераасэнсаваць і з цягам часу адпусціць. Многія лічаць, што акцёр — проста прафесія, а п’еса — проста выдумка. Але я не разумею, як можна іграць пакуту, калі ні разу не сутыкаўся з расчараваннем ці здрадай, не губляў сяброўства, не апякаўся каханнем… Акцёр мусіць плакаць натуральнымі слязамі. Без сапраўдных пачуццяў вынік атрымаецца слабы.

Трансфармацыя

— У РТБД я прышла адразу пасля вучобы і не шкадую, што ўсё прафесійнае жыццё правяла на адной сцэне. Мне не хочацца шукаць паспяховую пляцоўку, перажываць з ёю росквіт і сыходзіць пасля першых цяжкасцей. Не цікава. Іншая справа — назіраць, як твой тэатр мяняецца, вырашае праблемы, сталее. Быць, як кажуць, і ў горы, і ў радасці, нібы з блізкім чалавекам. Усцешна бачыць, як тэатр развіваецца, запрашае маладых акцёраў, рыхтуе прэм’еры, бо ў памяці засталося і мінулае РТБД, зусім не падобнае на сённяшняе.

Пластычнасць

— Сучасны акцёр абавязаны мець добрую фізічную падрыхтоўку. Нам з калегамі пашчасціла: для заняткаў па харэаграфіі кіраўніцтва РТБД запрасіла выкладчыка Акадэміі мастацтваў Марыну Філатаву. Таксама ў нас ёсць спектакль «Бетон», пастаўлены Яўгенам Карнягам. Пастаноўка, якая патрабуе сілы, вялікіх фізічных выдаткаў. І такіх пластычных спектакляў насамрэч мноства. Сённяшні тэатр сінтэтычны: артыст павінен мець натрэніраванае цела і быць гатовым да танца, вакалу. Гэта патрабаванне часу.

Падмена паняццяў

— Вельмі баюся, што з цягам часу змест канчаткова прайграе форме. Так, часам рэжысёр знаходзіць цудоўную, дакладную, вытанчаную форму, якая моцна дзейнічае на розум і нясе ў сабе змест. Але да такога майстэрства можна дайсці толькі праз гады ўпартай працы. На жаль, многія маладыя «загульваюцца» з формай, і ў выніку атрымліваецца дарэмная, пазбаўленая сэнсу мудрагелістасць.

На маю думку, акцёры, рэжысёры, якія валодаюць інструментамі псіхалагічнага тэатра, здольны на ўсё. Паралель з балетам: пасля вывучэння класікі можна паспяхова развіваць сучасны танец. Паглядзіце, Усевалад Меерхольд, Міхаіл Чэхаў, Ежы Гратоўскі — у аснове іх падыходаў ляжыць усё тая ж сістэма Станіслаўскага. Яны пазнаёміліся з ужо створаным, пераасэнсавалі і дадалі сваё. Менавіта так, лічу, варта працаваць і цяпер… І яшчэ мяне моцна трывожыць сучасная тэатральная «іскрынка» — імкненне вырваць гледача з зоны камфорту. Цудоўна, але якія сродкі? Абразы? Націск? Мне хочацца гаварыць пра чалавека... Гаварыць без агрэсіі.

Няма слоў

— Ёсць пастаноўкі, якія прымушаюць цябе спыніць аналіз акцёрскай і рэжысёрскай працы і стаць проста захопленым, зачараваным гледачом. Апошняе такое перажыванне прынесла работа расійскага рэжысёра Цімафея Кулябіна «Тры сястры», якая была прадстаўлена ў Беларусі на леташнім фестывалі «ТэАрт». Закахалася ў гэтую работу. Спектакль доўгі, а я не магла ні на імгненне адарваць вачэй. Па дарозе ў тэатр мяне не пакідала пэўная прадузятасць: «Як, вось як магчыма паставіць Чэхава на мове рухаў?». А аказалася — у маўчанні можа быць столькі жарсці! Адкрыліся такія глыбіні, такая экспрэсія ў даўно знаёмым тэксце. Дасканалая, на мой погляд, пастаноўка: кожная лінія хавае сэнс. І пастаноўшчык, і выканаўцы працуюць у Новасібірску. Гэтая сустрэча нагадала дзве важныя рэчы: правінцыяльнасць — паняцце не геаграфічнае, а артысту не адбыцца без рэжысёра. Акцёр накоплівае штампы, напрацоўкі, пераносіць са спектакля ў спектакль. Дзе свежае паветра — падкажа майстар-пастаноўшчык.

Крытыкам

— Па тым, як чалавек піша водгук на спектакль, можна вызначыць яго агульнае стаўленне да мастацтва. На жаль, большасць тэкстаў пра тэатральныя пастаноўкі абмяжоўваецца пераказам зместу, жартачкамі, беспадстаўнымі асуджэннямі і вывадам: «ісці — не ісці». Я згодна: у любым спектаклі можна знайсці хібы, але і на няўдачныя пастаноўкі пакладзены здароўе, час. Не атрымалася? Калі ласка, патлумачце, чаму? А павярхоўныя, заснаваныя на ўражаннях меркаванні толькі абражаюць. Глытаеш абразу — і зноў выходзіш на сцэну: адказваць.

За выключэннем некалькіх ужо сталых крытыкаў, аўтары імкнуцца найперш завалодаць увагай гледачоў. А глыбокія, разумныя, з веданнем тэатральных законаў тэксты вельмі патрэбны і нам, прафесіяналам. Я і цяпер узгадваю тэатральны фестываль «Галасы гісторыі» ў Волагдзе, на якім наш спектакль «Адвечная песня» ўзяў гран-пры. А пасля конкурсу журы — Іна Салаўёва, Уладзімір Барташэвіч, Алег Півавараў — зрабілі падрабязны разбор работы. Разабралі дасканала, «па костках», але з якім тонам, інтэлігентнасцю, павагай. Незабыўны прыклад таго, як можна размаўляць пра тэатр.

Шолах кніжны

— Часам, каб ажывіць моцныя эмоцыі, дастаткова перачытаць звязаныя з імі кнігі. Душа просіць зноў і зноў перачытваць Буніна і Булгакава, Чэхава. Яшчэ адна дарагая для мяне гераіня — Скарлет О’хара. Цікава назіраць, як з узростам мяняецца стаўленне да гэтай, зусім не падобнай да мяне жанчыны. А яшчэ хочацца звяртацца да некаторых твораў Рубінай, Уліцкай, Саган. Жаночая, кажуць, проза. І няхай.

Паводле Моэма

— Трапна ўспамінаюцца словы з рамана «Тэатр» Уільяма Сомерсэта Моэма: «Вы абразілі ўва мне актрысу». Мяне, напрыклад, абражае лёгкае стаўленне калег да працы. Можна многае дараваць, але не знявагу да справы, якой я аддаю жыццё. Мяне моцна засмучаюць і тыя, хто, па словах Станіслаўскага, «любіць сябе ў мастацтве»: забыўшыся на калектыўны характар спектакля, перашкаджаючы партнёрам, працуюць на лепшы паказ сябе. А ці не атрымліваецца наадварот — крок назад… Вабяць мяне людзі незаспакоеныя, з сумненнямі і крытычным стаўленнем да творчасці.

Такі закон!

— Некалькі разоў адчувала сорам за тое, што раблю на сцэне. Літаральна сорамна было выходзіць на паклон. Магчыма, памыляюся, але такое пачуццё знаёма кожнаму артысту. Вы справядліва можаце адзначыць: а чаму не адмовіліся, гэта ж брыдка! Але нас вучылі: ад роляў адмаўляцца нельга. Такі закон. Памятаеце, у тэатры не працуюць, а служаць. Ты пратэстуеш, злуешся і… згаджаешся, бо ў гэты момант ненавісная роля патрэбна твайму тэатру. І ты павінен зрабіць. І зрабіць добра, інакш гледачы адразу адчуюць падман. Гэта ў дзяцінстве мроіцца: прыгажосць, слава, модныя строі. У сапраўдным жыцці ідэалу няма.

Невыпадковыя сустрэчы

— Я была дзяўчынкай, якая не магла раскрыцца адразу, выклікаць моцнае першае ўражанне. Напэўна, таму маё жаданне паступіць у Маскву не спраўдзілася ажно чатыры разы. Цяпер я фаталіст. Веру, што гэта было наканаванне лёсу. Аднак у юнацтве, пасля чарговай няўдачы, мне здавалася, што жыццё скончана. Успамінала куміраў дзяцінства — Маргарыту Церахаву, Іну Чурыкаву, Наталлю Гундараву, Алу Дзямідаву, Сару Бернар, Элеанору Дузэ, Джульету Мазіну — і плакала, плакала бесперапынна… Але, варта сказаць, мне шчасціла на сустрэчы. У Маскве пазнаёмілася з Авангардам Лявонцьевым, які даў цудоўную падказку: маёй гераіне пасуе лірыка, Ахматава і Цвятаева, а не гераічныя ўрыўкі. Прыслухалася… А ў Мінску, ужо развітаўшыся з марай аб іншай сталіцы, сустрэла свайго анёла-ахоўніка, выкладчыка Уладзіміра Мішчанчука, які ўрэшце і адкрыў для мяне тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Без Уладзіміра Андрэевіча, уважлівага, здольнага па-майстэрску пазнаваць і адкрываць схаваныя таленты, магчыма, так і не стала б актрысай.

Юнацкая Францыя і… родны дом

— Мая заспакоенасць — у запаволеным часе, у вандроўках, у марудных прагулках. Не буду арыгінальнай: любімы горад — Парыж. З дзяцінства захаплялася французскім мастацтвам, літаратурай. Памятаю, калі знаёмілася з раманамі Дзюма, перагортвала старонку і некалькі разоў перачытвала наноў. Мне здавалася, як толькі траплю ва ўлюбёны горад, пазнаю кожны палац, кожны завулак. І сапраўды: сакавік, цвіценне, архітэктура і — адчуванне, быццам калісьці (у мінулым жыцці?) усё гэта бачыла. З першай паездкі прайшло ўжо шмат гадоў. Горад, вядома, змяніўся. Але ў душы — Парыж той жа, юнацкі.

Яшчэ адзін горад, у які заўсёды хочацца вяртацца, — родныя Баранавічы. Там цішыня, там мама… І ніякае мора мне там не трэба!

Марыя СТРАХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?