Вы тут

Апынуцца ўнутры краявіду


Лета — час, калі хочацца натхняцца новымі месцамі і краявідамі. Але не заўсёды атрымліваецца знайсці вольную хвілінку, каб выправіцца нават у маленькае падарожжа. Менавіта ў такім выпадку Нацыянальны гістарычны музей Беларусі запрашае на выстаўку жывапісу Віктара Барабанцава і Леаніда Гоманава «Дакрананне», экспазіцыя якой складаецца з пейзажаў Беларусі, Расіі, Нарвегіі, Фінляндыі, Ізраіля, Чарнагорыі, Іспаніі і іншых краін.


Леанід Гоманаў «Спрадвечнае і рукатворнае», 2014 г.

Выстаўка называецца «Дакрананне», бо, як лічаць аўтары работ, да прыгожага нельга ставіцца груба і агрэсіўна. Яна заклікае людзей шанаваць прыгажосць, берагчы мір і прыроду. Асноўная думка экспазіцыі заключаецца ў гармоніі паміж чалавекам і навакольным светам.

Віктар Барабанцаў паказаў на выстаўцы каля трыццаці карцін — у асноўным гэта пейзажы, створаныя за апошняе дзесяцігоддзе. Таксама майстар прадставіў партрэты знакамітых людзей, сярод якіх — Генадзь Аўсянікаў, Мікалай Кірычэнка, і некалькі складаных па тэхніцы нацюрмортаў.

— Мы з Леанідам працуем у адной секцыі, таму нам утульна і лёгка разам працаваць, арганізоўваць праекты, — падкрэсліў Віктар Барабанцаў. — Удваіх любім падарожжы, і гэта нас таксама аб’ядноўвае. Выстаўкай хацелі расказаць пра прыгажосць і рамантычнасць свету, паказаць наш унутраны стан падчас знаходжання ў розных краінах. Нас цікавіць многае: людзі, прырода, культура, традыцыі. У работах усё гэта ёсць, таму выстаўка, на мой погляд, атрымалася не толькі забаўляльнай, але яшчэ і адукацыйнай.

У карцінах Віктара Барабанцава адчуваецца манументальнасць. Ён кожную кампазіцыю стварае так, што глядач глядзіць глыбока ўнутр. Не проста бачыць горы, возера ці раку, а апынаецца ўнутры краявіду. Мастак адначасова і рамантык, і філосаф.

Леанід Гоманаў прадставіў работы, дзе найбольш ярка адлюстраваны яго творчыя пошукі падчас падарожжаў і пленэраў. Атрымалася сапраўднае падарожжа ў прастору дзікай, некранутай чалавекам прыроды. — У нас з Віктарам Барабанцавым абсалютна розныя пейзажы, але разам яны гучаць адметнай музыкай, — адзначыў Леанід Гоманаў. — Нам пра гэта казалі не адзін раз, таму мы і вырашылі аб’яднацца. Усе людзі дыхаюць адным паветрам, і гэтае паветра — як нітка нашых пейзажаў. Нам хацелася перадаць праз выстаўку больш пазітыву і добрых эмоцый. Вельмі важна, каб людзі імкнуліся да станоўчага, а не да разбурэння. Таму праект «Дакрананне» — пра пяшчоту і душу прыроды.

Леаніда Гоманава часта называюць эксперыментатарам у жанры пейзажу. Ён умее ствараць непаўторныя адценні, якія, нібыта асобны пласт, абараняюць работу ад знешніх уздзеянняў. Сам жа мастак кажа, што нічога не робіць спецыяльна, а ўсе нечаканыя светлавыя «спецэфекты» атрымліваюцца спантанна.

— Нядаўна я быў у Нарвегіі. Мы ўзнімаліся з групай на самую высокую гару краіны. Было вельмі холадна, дзьмуў моцны вецер. Душу грэла прыгажосць, — успамінае Леанід Гоманаў. — У рабоце «Сінія далі Паўночнай Фінляндыі» я пастараўся гэта перадаць, і атмасфера прахалоды пры сонечным святле з’явілася сама сабой. Калі быў у Чарнагорыі, убачыў на гары невялікі храм. Ён знаходзіцца на вышыні 800 метраў. Да гэтага часу не разумею, як туды людзі дабіраюцца. Калі пачаў пісаць пейзаж, ён атрымаўся з такім своеасаблівым свячэннем, і гэта таксама адбылося само па сабе. Своеасаблівы сімвал святасці. Таксама мне цікава і важна пісаць беларускія краявіды. Маленькія рачулкі, пераплеценыя з квітнеючай прыродай. Люблю пісаць работы тонка, не напластоўваючы розныя адценні, каб пейзаж выглядаў лёгка і свабодна.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».