Вы тут

Як прайшоў фэст «Макавей» ў Слаўгарадскім раёне


Мёд, хрэсны ход, народныя спевы, прэзентацыі праектаў і знаёмства з турыстычнымі маршрутамі — у Слаўгарадскім раёне прайшоў двухдзённы фестываль, прысвечаны Мядоваму Спасу.


Гукі гармоніка і магічных спеваў парушылі сакральную цішыню векавога лесу і свята на Блакітнай крыніцы пачалося. Сонейка ззяла так, быццам усяго гадзіну таму і не было гэтай амаль трапічнай залевы са страшэннымі раскатамі грому. Затое, калі ўсё сціхла, прырода быццам дзякавала кожнаму, хто прыбыў на сустрэчу з галоўнай каштоўнасцю краю — цудадзейнай крыніцай. А водар лесу і палявых кветак, які пад гарачымі сонечнымі праменямі стаў яшчэ болей насычаным і ап'яняльным, перабіваў цудоўны пах мёду.

Вы ж чулі пра новую традыцыю. Хутка на Блакітную крыніцу будуць ездзіць не толькі на фестываль, а круглы год — па лекавы мёд. Цудадзейная вада ў спалучэнні з гаючым прадуктам — вельмі моцнае лякарства ад усіх хвароб. З красавіка ў Слаўгарадскім раёне рэалізуецца цікавы праект «Мост» (як эка-мадэль для мясцовага і рэгіянальнага эканамічнага росту). Назва невыпадковая, цераз Сож, які на невялікай адлегласці ад Блакітнай крыніцы, будуецца вялікі стацыянарны мост. Яго адкрыццё адбудзецца налета, а пакуль турысты, каб трапіць на свята, карыстаюцца сезонным пантонным мостам. Адзін з кірункаў, які будзе рэалізоўвацца на тутэйшай тэрыторыі, папулярызацыя дасягненняў пчалярства. Уздоўж крыніцы плануецца ўстанавіць некалькі стацыянарных домікаў для продажу гэтага карыснага прадукту. Мяркуецца, што ахвотных у іх працаваць знойдзецца дастаткова. Адна з сёлетніх фестывальных вуліц, дарэчы, была выключна мядовая.

Сярод пчаляроў сустрэла братоў Сяргея і Андрэя Давыдзенкаў, якія калясяць паміж Магілёўскім і Бялыніцкім раёнамі разам са сваімі вуллямі. Яны вядомыя тым, што самастойна засвоілі навуку штучнага асемянення пчол. У краіне, кажуць, такіх спецыялістаў няшмат. Праполіс, падмор, мёд у сотах — братоў на Блакітнай крыніцы ўжо добра ведаюць і чакаюць, яны ўдзельнічаюць у фестывалі ўжо восьмы раз.

На праект «Мост» наогул ускладаецца шмат спадзяванняў.

— Апошнім часам на крыніцу прыязджаюць сотні паломнікаў і турыстаў, а вялікай карысці раёну ад гэтага ніякай, — канстатуе каардынатар праекта «Мост» Сяргей Каляснёў. — Тым больш узрастае антрапагенная нагрузка на сам водны аб'ект. І мы вырашылі паклапаціцца пра будучае крыніцы, а заадно даць прадпрымальным магчымасць зарабіць на аказанні паслуг для тутэйшых турыстаў. Праект быў фінансава падтрыманы Еўрапейскім Саюзам і зараз рэалізуецца Слаўгарадскім райвыканкамам сумесна з міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый. На яго асваенне будзе накіравана 650 тысяч еўра, і першы транш мы ўжо атрымалі. У вёсцы, што зусім побач з сакральным месцам, плануецца рэканструяваць некалькі закінутых будынкаў пад цэнтр сельскага развіцця і падтрымкі прадпрымальнасці — з канферэнц-залай для трэнінгаў і стартапаў, міні-хосталам і невялічкай гасцініцай класам вышэй.

Для прыкладання прадпрымальніцкіх сіл прапануецца не толькі Блакітная крыніца, а наогул уся вялікая навакольная тэрыторыя агульнай плошчай каля 10 тысяч гектараў. Яе рабочая назва — эка-парк «Амулет Прысожжа». У найбліжэйшыя гады тут плануецца стварыць усю неабходную інфраструктуру для падарожжаў і часовага пражывання турыстаў. З'явяцца пляцоўкі пад кемпінгі, будзе распрацаваны адмысловы веламаршрут, добраўпарадкаваныя санітарныя зоны. Не выпадкова ў рамках фестывалю сёлета адбыўся круглы стол, дзе з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады і бізнесу, быў прэзентаваны гэты праект і яшчэ адзін, які накіраваны на развіццё самазанятасці насельніцтва і рэалізуецца Слаўгарадскім ды яшчэ чатырма раёнамі.

У гонар святых пакутнікаў Макавеяў.

Гэтым разам удзельнікам фестывалю прапаноўвалася не толькі акунуцца ў святую крыніцу, пакаштаваць мёду і купіць нешта са знакам «зроблена ў Беларусі» на памяць. Ахвотныя маглі ўзяць на пракат палатку і правесці ў ёй два фестывальныя дні, а калі спадабаецца, то і больш. А таксама аб'ехаць тутэйшыя мясціны на ровары, пракат якога каштаваў усяго чатыры рублі.

— Летась турысты жылі тут у палатках некалькі дзён, — паведаміў галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі, спорце і турызме Слаўгарадскага райвыканкама Арцём Савельеў. — Шмат хто цікавіцца і нашымі турыстычнымі маршрутамі. Іх пакуль шэсць, але распрацоўваюцца і іншыя. Будзем прапаноўваць варыянты і для адзіночак, і для сем'яў, і для вялікіх груп. Можна правесці водны сплаў, праехацца па аграсядзібах — праграма падбіраецца індывідуальна.

Праз некалькі гадоў тутэйшую тэрыторыю дакладна будзе не пазнаць. Яна і зараз за кошт міжнародных грантаў набыла прыстойны выгляд — пабудаваны цэнтр крынічнай вады, з'явіліся цывілізаваныя ўязныя вароты, устаноўлена летняя сцэна, з'явіліся драўляныя скульптуры радзімічаў. І той самай Кацярыны і яе паклоннікаў — каханага Сцяпана і нялюбага Марка. Але менавіта дзякуючы апошняму, па легендзе, тут забруіла цудадзейная крыніца. Прычым — жаночая, бо, паводле легенды, няшчасная Кацярына, калі зразумела, што не быць ёй з любым, стала крыніцай. Гэта, як той казаў, казка, але крыніца і сапраўды незвычайная. Некалькі гадоў таму дайверы паспрабавалі змерыць глыбіню яе воднай чашы, але так і не змаглі пагрузіцца ў той тунэль, адкуль б'юць адначасова сотні крыніц. Гэта прыродны цуд, якім захапіўся этнограф і даследчык Еўдакім Раманаў, што апісаў яго. Крыніца з'яўляецца месцам паломніцтва яшчэ з часоў радзімічаў, якія тут жылі. І нават чарнобыльская трагедыя не паўплывала на жаданне людзей пакланіцца гэтаму нерукатворнаму цуду.

Блакітная крыніца, дапамажы ацаліцца.

Дарэчы, 14 жніўня гэта яшчэ і вялікае рэлігійнае свята — Дзень памяці пакутнікаў Макавеяў. Таму сярод мядовых і сувенірных фестывальных шэрагаў можна было знайсці і сталы з царкоўнымі таварамі. Ахвотныя маглі папрысутнічаць на літургіі, якая адбылася каля невялічкай каплічкі ў гонар пакутнікаў, а таксама здзейсніць хрэсны ход. У гэты ж дзень была асвячоная вада ў Блакітным калодзежы.

— На ўсходзе Беларусі — Магілёўшчыне і Гомельшчыне гэты дзень называюць Макаўе, што вельмі сімвалічна, — распавядае протаіерэй Георгій Сакалоў. — Да маку, як думаюць некаторыя, яно ніякага дачынення не мае, мы ўспамінаем у гэты дзень вельмі мужных людзей — Макавеяў. Гэта старажытнае яўрэйскае слова, якое перакладаецца як малатабоец, або вельмі моцны чалавек. У Бібліі ёсць падрабязнае апісанне таго, што здарылася ў гэты дзень у Іерусаліме за два стагоддзі да нашай эры. Гэта той перыяд, калі Палесціна трапіла пад уплыў Сірыі, і яе жыхарам спрабавалі навязаць чужую культуру. І знайшліся тыя, хто адкрыта не пабаяўся выказацца супраць. Таму свята з'яўляецца яшчэ і сімвалам незалежнасці, адданасці сваёй зямлі і народу. Сама па сабе вада — гэта дар Божы, а для нашых продкаў Блакітная крыніца была яшчэ і купеллю для хрышчэння. Па традыцыі з 14 жніўня пачынаецца Успенскі пост і для ўмацавання веры напярэдадні на вячэрняй службе выносіцца для пакланення Святы і Жыватворчы Крыж. Гэта сімвал выратавання і дапамогі кожнаму верніку ў нясенні жыццёвага крыжа. Шмат успамінаў звязана з гэтым днём. Наогул у жыцці ўсё так цікава пераплятаецца, што многае з даўно мінулага і сёння аказваецца вельмі актуальным і важным.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Слаўгарадскі раён

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».