Вы тут

Як пісьменніца Наталля Батракова жыве ў аграгарадку Ратамка


Вядомая беларуская пісьменніца, аўтар бестсэлераў «Площадь согласия», «Территория души» і «Миг бесконечности», а таксама некалькіх зборнікаў вершаў Наталля БАТРАКОВА ўжо на працягу 16 гадоў жыве ў знакамітым аграгарадку Ратамка. «Жывём, нібыта ў батанічным садзе. А якая тут раскоша для ўнукаў і нашых кошкі ды сабакі!» — кажа пісьменніца. Я чамусьці ўяўляла модны дызайн участка, дзе ўсё нібыта са старонкі глянцавага часопіса. А ўбачыла мора руж, утульнасць і такую добрую патрыярхальнасць.


kp.by

— І я, і мой муж выраслі ў прыватным сектары. Потым жылі ў гарадской кватэры, і я думала, што так будзе заўсёды. Але неяк муж сказаў, што хоча будаваць дом за горадам. Не лецішча, а менавіта дом для ўсёй сям'і. Ведаеце, я цяпер разумею, што гэта не была даніна модзе — маўляў, дасягнуўшы пэўнага матэрыяльнага становішча, па статусе трэба мець загарадны дом. Не, гэта было іншае — патрэба быць бліжэй да прыроды, да сваіх каранёў, — апавядае Наталля.

— А вы, як дзекабрыстка, паехалі за мужам ці жылі на два дамы?

— Роўна месяц я пражыла на два дамы і зразумела, што мне гэта цяжка, ды і няправільна ў дачыненні да сваёй сям'і. Пераехала ў Ратамку і ніводнага разу не пашкадавала аб гэтым. Больш за тое — цяпер ужо не ўяўляю, як людзі жывуць у горадзе. Неяк засталася начаваць у сяброўкі, дык не магла заснуць: то ліфт гудзіць, то яшчэ які грукат. Зразумела, што і дыхаецца ў мегаполісе не так лёгка, як у нас на прыродзе. Гэта такое шчасце — раніцай басанож прайсціся па расе! А як цудоўна амаль круглы год жыць сярод кветак! У нас жа тут першыя зацвітаюць пралескі і крокусы. З цягам часу я навучылася рабіць так, каб на клумбах не было «лысін»: кветкі цвітуць адны за другімі. А завяршаюць сезон хрызантэмы і познія ружы. Апошні букет я зразаю ў лістападзе і сама сабе раблю такі падарунак.

— Наталля, у вас вялікі ўчастак, шыкоўныя ружы, ставок і нават цяпліцу будуеце. Скажыце шчыра, колькі ў вас памочнікаў?

— Сапраўды, ёсць дзяўчына, якая дапамагае ў маім міні-батанічным садзе. Але мы шмат што робім разам. Канешне, усё гэта патрабуе і часу, і намаганняў, але калі ты любіш свой лапік зямлі, сваю ружавую алею, то даглядаць гэта ўжо не цяжкая праца, а задавальненне. Да жадання паставіць цяпліцу трэба было дарасці, я шмат чытала пра тое, як ёй карыстацца. Трэба было даць сабе шчыры адказ на пытанне, ці хопіць у мяне на гэта часу і жадання. У нас, як бачыце, няма вялікага агарода, але дзве-тры градкі з зелянінай, агуркамі, рукалай робім. Цяпер вось і цяпліца з таматамі ды іншай гароднінай дадасца.

Нашы ўнукі выраслі тут. Я нават іншым разам думаю, што для іх дзед, бабуля і Ратамка — сінонімы. Для дзяцей асалода — садавіна ды ягады. Вельмі любім ліпень, бо выйдзеш у сад, а там — маліны, чарэшні, парэчкі, агрэст... Смаката! Сваё, здаецца мне, смачнейшае за купленае на Камароўцы.

— Відаць, што ружы — ваша захапленне. Як доўга збіралі такую калекцыю?

— Нават калі ў нас не было гэтага дома, недзе ў глыбіні душы ў мяне жыла мара пра ружавую алею. Калі будаваўся дом, пачала яе ажыццяўляць. Тады яшчэ не было садовых цэнтраў і вялікага выбару кветак, у прыватнасці руж. Але я шукала, нешта замаўляла праз інтэрнэт, набывала за мяжой, штосьці прывозілі сябры. Адны з першых у маёй калекцыі — чайныя ружы, якія мне прывезлі з Узбекістана. Вельмі далікатныя кветкі, з тых дзевяці кустоў і цяпер тры цвітуць. На першым часе я займалася і вырошчваннем расады, але хутка зразумела, што прасцей купіць на рынку. А цяпер і ўвогуле шмат розных садовых цэнтраў, гадавальнікаў. На маю думку, у нас прадаюць і расаду, і саджанцы добрай якасці, і выбар ёсць на любы густ і кашалёк.

— Як вам тут жывецца ўзімку?

— Цудоўна! Цёпла і ўтульна. А яшчэ не трэба марнаваць грошы на заняткі фітнесам. Расчысціў сцежкі ад снегу — вось вам і фітнес. У горадзе людзі снегу звычайна не рады, а мы яго вельмі чакаем. Любіць зіму і наш сабака Тэдзі. Яшчэ ў нас тут пачуваецца гаспадыняй кошка Рыся. Яна жыла ў сям'і дачкі, але ім даволі часта даводзіцца ездзіць у камандзіроўкі, таму Рысю аддалі нам. Яна вельмі любіць гасцей, але калі прыязджае дачка, то хаваецца — баіцца, што забяруць у горад.

— Цяпер часцей людзі сустракаюцца ў кафэ, а жыллё становіцца такім прыватным месцам, куды нікога не запрашаюць. Дзверы вашага дома адчынены для сяброў?

— Безумоўна! Мы рады нашым сябрам. Нават калі рабілі рамонт, то часткова перапланавалі ўчастак, каб была паркоўка для гасцей. Сустрэчы ў кавярнях маюць права на жыццё, але ж дома — зусім іншая рэч, тут цёплая, нязмушаная атмасфера.

Дарэчы, калі мы толькі перасяліліся сюды, то нашы сябры глядзелі на нас крышку са здзіўленнем. А сёння амаль усе яны альбо ўжо пабудавалі загарадныя дамы, альбо дабудоўваюць. Мусіць, кожны з нас хто раней, хто пазней, але шукае сваю тэрыторыю для душы. Мне здаецца, што знайсці яе можна толькі побач з прыродай.

Так склалася, што ўзімку ідзе асноўная работа над празаічнымі творамі. І ведаеце, мне тут так утульна і спакойна, што нават не заўважаю, як бяжыць час. Тут цудоўна, бо, з аднаго боку, жывеш сярод прыроды, і ў той жа час ёсць усе звыклыя бытавыя выгоды. Горад высмоктвае сілу, а прырода яе дае. Калі выязджаю за кальцавую дарогу, вельмі добра гэта адчуваю.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з архіва Наталлі БАТРАКОВАЙ

Загаловак у газеце: Тэрыторыя для душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.