Вы тут

Прэзідэнт: Людзі павінны быць упэўнены ў заўтрашнім дні


Свой візіт у паўночна-ўсходнія рэгіёны Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка анансаваў 29 ліпеня падчас узгаднення прызначэння кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Доўга чакаць лідара краіны не прыйшлося — крыху больш чым праз два тыдні яго верталёт прызямліўся ў Касцюковіцкім раёне.


Касцюковічы — самы ўсходні горад Беларусі, раён якога гранічыць з Браншчынай. Рэгіён, багаты карыснымі выкапнямі (цэментнай, цэглавай сыравінай, гравіем, торфам), пасля Чарнобыльскай катастрофы страціў вельмі шмат. 40 працэнтаў земляў, 78 населеных пунктаў, дзе пражывала 11 тысяч чалавек, былі забружданы радыеактыўнымі рэчывамі.

Як зазначыў Прэзідэнт падчас ліпеньскай сустрэчы, акцэнт ён збіраецца зрабіць на тым, як рэалізуецца яго ўказ па сацыяльна-эканамічным развіцці паўночна-ўсходняга рэгіёну Магілёўшчыны і адпаведная праграма, разлічаная да 2020 года. Закон ад 8 чэрвеня 2015 года тычыцца Крычаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў. Згодна з указам, шэраг преферэнцый, ільгот для прадпрымальнікаў і жыхароў гэтых мясцовасцяў павінны паспрыяць развіццю эканомікі рэгіёнаў і дабрабыту насельніцтва.

Менавіта тое, як на справе выконваецца Указ і Праграма развіцця, з'яўляецца галоўнай тэмай нарады, якая прыходзіць сёння.

Першая кропка візіту Аляксандра Лукашэнкі — Адкрытае акцыянернае таварыства «Фарэлевая гаспадарка «Лахва». Прадпрыемства складаецца з некалькіх комплексаў. У Касцюковіцкім раёне размешчаны вытворчы ўчастак «Фарэлевая гаспадарка «Высокае», заснаваны ў сакавіку 2015 года. У год у Касцюковічах можна вырошчваць да 300 тон​ вясёлкавай фарэлі.

Прэзідэнт даў даручэнне да канца года актуалізаваць праграму па развіцці рыбаводства

За апошні час на комплексе распрацавана адметная стратэгія рыбаводства. Калі раней таварыства рэалізоўвала ў асноўным жывую рыбу, то зараз прадае 80% перапрацаванай прадукцыі. Прэзідэнт даў даручэнне да канца года актуалізаваць праграму па развіцці рыбаводства і прадставіць яму канкрэтныя прапановы па ўдваенні вытворчасці. Заняцца рыбаводствам, на думку лідара краіны, трэба не толькі на Магілёўшчыне.

«Чаго мы баімся? Дробязі гэтай, малька, яны створаць колькі хочаш. Але трэба пабудаваць памяшканне, участкі для вырошчвання гатовай рыбы. Гэта невялікія грошы. Што такое 3 мільёны? Калі па-сапраўднаму ўзяцца за гэта, дык і менш, чым тры, — сказаў Прэзідэнт. — Самае прыцягальнае, што тэхналогіі выдатныя, можам выпускаць прадукцыю, рынкі для збыту ёсць».

Губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц падчас наведвання фарэлевай гаспадаркі далажыў аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, ходзе ўборачнай кампаніі, нарыхтоўцы кармоў. 

«Для зерня патрэбны вельмі жорсткі кантроль. Асабліва ў Магілёўскай вобласці. Правільна ты заўважыў, тэхналагічнай дысцыпліны тут няма, усё па-старынцы, не ва ўсіх, канешне, гаспадарках. Але ў добрай палавіне думаюць, маўляў, упіхнем гэта зерне ў рукаў без кансерванту і будзе добра. Гэта не так. У лепшым выпадку будзе, як у народзе кажуць, кіслаццё, а ў горшым выпадку — усё згніе. Таму трэба ўзяць пад кантроль і той недабор, які, магчыма, будзе па каласавых зерневых, трэба успаўняць кукурузным зернем», — адзначыў кіраўнік краіны.

Сушыць кукурузнае зерне дорага, таму такім метадам захоўваць трэба частку, а астатняе нарыхтоўваць танней з дапамогай поліэтыленавых рукавоў.

«Вось учора мне Шарснёў дакладваў, што нават у Віцебскай вобласці яны ўжо за год паспрабавалі і зразумелі, што гэта добры тэхналагічны прыём для таго, каб як магчыма танней захаваць кукурузнае зерне», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.


Пасля наведвання гаспадаркі ў графіку працоўнай камандзіроўкі Прэзідэнта — нарада аб ходзе выканання Указа № 235 і Праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці на перыяд да 2020 года.

У сваім уступным слове Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра абяцанне наведаць рэгіён і на месцы разгледзіць сітуацыю. «Яны (раёны -Зв.) больш усяго на Магілёўшчыне пацярпелі ў свой час у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. І ў мэтах актывізацыі сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтага рэгіёна чатыры гады таму было прынята рашэнне аб стымуляванні развіцця гэтых рэгіёнаў», — звярнуў увагу лідар дзяржавы.

Прынятыя Указ і Праграма накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў пражывання насельніцтва ў сямі раёнах — Крычаўскім, Клімавіцкім, Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім, Чэрыкаўскім і Хоцімскім. Нарада мае кантрольны характар: неабходна абмеркаваць эфектыўнасць дадзеных рашэнняў і аб’ектыўна ацаніць прамежкавыя вынікі.

«Жыццё на месцы не стаяла. Адбыліся пэўныя зрухі да лепшага, створаны новыя прадпрыемствы, з’явіліся новыя людзі. Але як мне дакладваюць, праблем хапае. Рэалізаваны асобныя праекты ў дрэваапрацоўцы, мадэрнізаваны цэментныя прадпрыемствы, створаны дадатковыя працоўныя месцы ў прадпрымальніцкім асяродку, уведзены ў эксплуатацыю больш за 125 тысяч квадратных метраў жылля», — пералічыў Прэзідэнт і адзначыў, што пры гэтым запланаваныя Праграмай мерапрыемствы ажыццяўляюцца маруднымі тэмпамі.

Асобныя пункты дакумента выключаюцца, выдзяляемыя сродкі не асвойваюцца. Жаданага ўсплёску дзелавой актыўнасці не адбылося, ды і колькасць занятых у эканоміцы скарацілася.

«Усё бы нічога, калі б стварылі высокатэхналагічную вытворчасць, дзе б замест сотні чалавек працуюць 10. Ці як мы зараз былі на высокатэхналагічным рыбакомплексе, там працуюць усяго шэсць чалавек. Страху няма ў тым, што скарацілася занятасць і няма беспрацоўя — гэта добра. Але паўстае пытанне прыцягнення сюды дадатковага насельніцтва і разам з тым стварэння для іх месца пражывання і працы», — канстатаваў беларускі лідар.

Галоўнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі ад кіраўнікоў дзяржаўнага і мясцовага ўзроўню — людзі павінны быць упэўнены ў заўтрашнім дні, мець працу, дастойны заробак і камфортныя ўмовы для пражывання.

«Ціск будзе такі, што ў некаторых вочы на лоб палезуць»

Прэзідэнт звярнуў увагу на пытанне забеспячэння спецыялістаў жыллём. Узводзіць кватэры трэба пад адпаведныя прадпрыемствы і іх супрацоўнікаў: будуецца завод — будуецца жыллё.

«Давайце будаваць дамы для канкрэтных людзей, тады будзе карысць. І тады магчыма пракантраляваць і запытаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніцтву вобласці Прэзідэнт даў даручэнне дэталёва разгледзець і актуалізаваць Праграму развіцця рэгіёна. Пачаць працу неабходна адразу пасля нарады.

Патрабуе лідар краіны і дысцыпліны пры ўборцы ўраджаю і падрыхтоўцы да севу азімых. «Вы ж палічыце, што вы атрымаеце ад гэтага зерня, і колькі будзе каштаваць, што вы ўгробіце гэты камбайн. Трэба ж галовой думаць, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Азімыя 75 працэнтаў будзіце сеяць. Правільна, трэба пасеяць. І дзень, і ноч будзем сеяць, гэта абсалютна правільна. І гэта павінна быць ва ўсёй краіне».

Землі Магілёўскай вобласці Прэзідэнт назваў запушчанымі і прызваў займацца «зямнымі» пытаннямі: «І калі вы бачыце, што там ёсць карма, можна ставіць комплекс, можна свінаводчы, калі запыт на свініну вы бачыце». Удзяліць у гэтым ключы трэба ўвагу і кантролю за чумой, якая захапіла суседнія вобласці Расіі. Ёсць запыт і на ялавічыну — з боку кітайскага рынку. 

"Рынак ёсць, умеем гэта рабіць. Паглядзелі, у Касцюковічах там трэба паставіць нейкі комплекс па вытворчасці малака. Мы ўмеем іх будаваць. Там ёсць землі, там ёсць людзі, можна яшчэ пяць-шэсць дамоў пабудаваць для таго, каб спецыялісты былі на гэтым комплексе. Туды іх прывезці, пасяліць, вось калі ласка, комплекс«,— прыводзіць прыклад кіраўнік Беларусі.

Кропка росту для любога рэгіёнаў — запыт рынка. Перспектыўныя нішы можна знайсці заўсёды — гэта і рыбаводства, і перапрацоўка драўніны, і іншыя. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што вядомы бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў папрасіў купіць у Беларусі торфапрадпрыемства. Яму для інвестыцый выбралі некалькі самых стратных прадпремстваў.
 

Ёсць пытанні і па мясцовых кадравых рэсурсах. На думку Прэзідэнта, выканкамы нават «патроны не падносяць». Старшыні райвыканкамаў павінны дапамагаць губернатарам, прапаноўваць ідэі, праекты.

Звярнуўся Прэзідэнт да прадстаўнікоў улады з патрабаваннем адказнага стаўлення да сельскагаспадарчай тэхнікі: «Мы на 30 працэнтаў, нават больш, можам вырашыць праблему толькі за кошт дысцыпліны. Не трэба ніякіх грошай, Патрэбна проста дысціпліна».

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: чатыры гады таму мучыўся пытаннем, ці існуе праблема гэтых рэгіёнаў, і не быў упэўнены ў неабходнасці вырашэння задач паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці ў той час.

«Я зыходзіў з жыцця, усё роўна нам калісьці прыйдзецца гэтым пытаннем займацца. І тады я паручыў, не дзяржаўную праграму распрацаваць, — канстатаваў беларускі лідар. — А сказаў, хай вобласць распрацоўвае гэту праграму і рэалізоўвае. А ўказ, які я падпісаў, гэта каб падперці вас, каб вы рухаліся, вырашаючы тыя праблемы, якія вы тут на месцы бачыце».

Задачы Праграмы сёння — адтрымаць аддачу ад гэтых раёнаў, каб грамадзяне жылі дастойна і ганарыліся сваёй малой радзімай.

«Сутнасць моманту заключаецца ў тым, што ціск будзе такі, што ў некаторых вочы на лоб палезуць», — папярэдзіў кіраўнік краіны. 

Ён адзначыў: улады ведаюць, што трэба рабіць для рэгіёна, і яны гэта зробяць.

"Хто не ўмее навучым, хто не хоча, прымусім. Іншага не дадзена. Але гэты рэгіён кожны год павінен дэманстраваць дынаміку роста. Паказальнікі простыя, як у сельскай гаспадарцы, прамысловасці і іншых. Хочаце, малы, сярэдні бізнес, індывідуальных прадпрымальнікаў, калі ласка, займайцеся, але запомніце, як правільна тут сказаў старшыня камітэта, сколькі спарадзілі, столькі і знішчылі гэтых сярэдніх, малых і іншых. Патрэбны грунтоўныя прадпрыемствы, якія могуць працаваць доўга, якасна, і гэта — упэўненасць людзей",— паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Прадпрыемствы, якія зарабляюць грошы, дадуць магчымасць паступова звярнуцца і да вырашэння праблем сацыяльнай сферы ў раёнах.

Пасля заканчэння нарады жыхары Касцюковічаў чакалі размовы з Прэзідэнтам. Ён адзначыў, што кожны жыхар павінен сам адчуваць адказнасць за будучыню свайго рэгіёна, а дзяржава дапаможа там, дзе гэта асабліва неабходна. 

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?