Вы тут

Мінск становіцца цэнтрам лёгкаатлетычнай Еўропы


І, акрамя матча Еўропа — ЗША ў верасні, прыме камандны чэмпіянат кантынента ў Суперлізе ў 2021 годзе.


Лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША пройдзе на мінскім стадыёне «Дынама» 9—10 верасня. У ім прымуць удзел наймацнейшыя спартсмены свету. Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук падзякаваў прэзідэнту Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свену Арнэ Хансену за такі давер, бо менавіта ён быў ініцыятарам турніру. «Гэтыя спаборніцтвы стануць іміджавым мерапрыемствам для нашай краіны ў цэлым і вялікім імпульсам у развіцці беларускай лёгкай атлетыкі ў прыватнасці», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук.

Свен Арнэ Хансен, у сваю чаргу, адзначыў, што Мінск усё часцей робіцца цэнтрам лёгкаатлетычнай Еўропы. «Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на Еўрапейскіх гульнях прайшлі з вялікім поспехам, і я спадзяюся, што гэты поспех працягнецца і ў верасні, — адзначыў ён. — Каманда Еўропы будзе прадстаўлена вельмі моцным складам. Ад Беларусі ў матчы будуць прымаць удзел дзесяць спартсменаў. Першапачаткова планавалася, што гэта будзе пяць жанчын і пяць мужчын, але паколькі жаночая зборная вашай краіны ўсё ж мацнейшая, то спыніліся на іншых лічбах — гэта будзе восем жанчын і двое мужчын».

Астатнія ўдзельнікі фарміруюцца з пераможцаў каманднага чэмпіянату Еўропы ў Суперлізе, які прайшоў на мінулых выхадных, у кожным індывідуальным відзе. Да іх дадаюцца спартсмены з топ-4 еўрапейскага рэйтынгу цяперашняга сезона.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі агучыў імёны беларусаў, якія прымуць удзел у матчавай сустрэчы. Член Савета Еўрапейскай асацыяцыі, кіраўнік мужчынскай часткі каманды Еўропы Мартэн Гулай паведаміў, што на гэты момант ужо ёсць 50 імёнаў спартсменаў не толькі еўрапейскага, але і сусветнага класа, якія пацвердзілі свой удзел. У камандзе еўрапейскай дружыны з краін Старога Свету выступяць такія зоркі, як скакуха Марыя Ласіцкене (Расія), бягун з Турцыі Раміль Гуліеў, паляк Пётр Лісэк (скачкі з шастом), Кацярына Стэфанідзі з Грэцыі, якая з'яўляецца алімпійскай чэмпіёнкай 2016 года ў скачках з шастом. Фінальны склад каманды Еўропы павінен зацвердзіцца да канца тыдня.

«У верасні ў Мінску выступяць найвялікшыя спартсмены, і для нас велізарны гонар, што такія легенды будуць выступаць у нас. Пры выбары атлетаў ад Беларусі нам даводзілася зыходзіць з крытэрыяў, хто можа тут і зараз прынесці максімальную карысць камандзе. З 10 айчынных спартсменаў шэсць атлетаў трапілі ў топ-4, гэта значыць нашы прадстаўнікі не будуць статыстамі ў гэтым матчы, — кажа Вадзім Дзевятоўскі. — А тое, як часта прэзідэнт лёгкаатлетычнай федэрацыі бывае ў Мінску, сведчыць пра інтэнсіўнае развіццё лёгкай атлетыкі і падтрымку нашай маладой каманды».

Нагадаем, агульны прызавы фонд лёгкаатлетычнага матча Еўропа — ЗША складзе 818 тысяч еўра. Пераможца спаборніцтваў у кожнай дысцыпліне атрымае 7 тысяч еўра, сярэбраны прызёр — 5 тысяч, бронзавы — 4 тысячы. Не застануцца без узнагарод і тыя, хто не зойме месца на п'едэстале: за фініш на сёмым ці восьмым радку атлеты атрымаюць па 500 еўра.

У праграму спаборніцтваў уключана кіданне молата, кіданне кап'я, кіданне дыска, бег на 100 м, 100 м з бар'ерамі, 110 м з бар'ерамі, 200 м, 400 м, 400 м з бар'ерамі, 800 м, 1500 м, 3000 м, 3000 м з перашкодамі, эстафетны бег 4x100 м, змяшаная эстафета (200—200—400—800 м), штурханне ядра, трайны скачок, скачкі ў вышыню, скачкі ў даўжыню, скачкі з шастом.

Таксама ў аўторак стала вядома, што Мінск прыме камандны чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы 2021 года ў Суперлізе. «Я неаднаразова заяўляў, што стадыён «Дынама» пасля рэканструкцыі з'яўляецца адным з найлепшых у Еўропе для лёгкай атлетыкі, таму Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя прыняла рашэнне даверыць Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі правядзенне каманднага чэмпіянату Еўропы ў 2021 годзе ў Суперлізе», — расказаў Свен Арнэ Хансен.

Нагадаем, папярэдні камандны чэмпіянат Еўропы завяршыўся днямі ў Быдгашчы, і перамогу ў ім святкавала каманда Польшчы. Разам з палякамі месца ў Суперлізе на бліжэйшыя два гады захавалі зборныя Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі і Украіны. Яны выступяць і ў Мінску. Наша каманда таксама змагалася за права выступіць у эліце, але па выніку спаборніцтваў у Першай лізе ў Санэсе саступіла партугальцам. Тым не менш на стадыёне «Дынама» беларускіх спартсменаў мы ўбачым. Як патлумачыў Свен Арнэ Хансен, беларускую зборную на правах гаспадарыні было вырашана дапусціць да спаборніцтваў у Суперлізе: яна стане дзявятай удзельніцай турніру. Вадзім Дзевятоўскі заўважыў: разуменне, што праз два гады Беларусь выступіць у Суперлізе, адбілася на выніках спартсменаў у Санэсе, бо задачы прабіцца ў эліту любой цаной не стаяла. Адзначым, што раней зборная Беларусі па лёгкай атлетыцы выступала ў Суперлізе каманднага чэмпіянату Еўропы ў 2013, 2015 і 2017 гадах.

Беларускія спартсмены, якія выступяць у складзе зборнай Еўропы ў лёгкаатлетычным матчы:

Максім Недасекаў — скачок у вышыню; сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, бронзавы прызёр Кантынентальнага кубка ІAAF, пераможца ІІ Еўрапейскіх гульняў, чэмпіён Еўропы U-20 і U-23, рэкардсмен чэмпіянатаў Еўропы сярод юніёраў.

Эльвіра Герман — бег на 100 м з бар'ерамі; чэмпіёнка Еўропы, пераможца ІІ Еўрапейскіх гульняў, чэмпіёнка Еўропы сярод моладзі, чэмпіёнка свету і Еўропы сярод юніёраў, сярэбраны прызёр Юнацкіх Алімпійскіх гульняў, сярэбраны прызёр Сусветнай Летняй Універсіяды, рэкардсменка Беларусі сярод моладзі.

Таццяна Халадовіч — кіданне дзіды; чэмпіёнка Еўропы, пераможца Кубка Еўропы, пяціразовая пераможца этапаў Брыльянтавай лігі, чэмпіёнка ІІ Еўрапейскіх гульняў, пераможца Сусветнай Летняй Універсіяды, фіналістка Алімпійскіх гульняў, рэкардсменка Беларусі.

Анастасія Мірончык-Іванова — скачок у даўжыню; бронзавы прызёр чэмпіянату свету, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы ў памяшканні, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы сярод моладзі, сярэбраны прызёр ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Карына Таранда — скачок у вышыню; чэмпіёнка свету U-20, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы U-20, сярэбраны прызёр этапа Брыльянтавай лігі, рэкардсменка Беларусі сярод юніёраў, моладзі і дарослых з паўторам рэкорду.

Ганна Малышчык — кіданне молата; двухразовая пераможца Кубкаў Еўропы, чэмпіёнка Еўропы U-20, сярэбраны прызёр Сусветнай Летняй Універсіяды, фіналістка Алімпійскіх гульняў.

Ірына Жук — скачок з шастом; сярэбраны прызёр каманднага чэмпіянату Еўропы, пераможца Сусветнай Летняй Універсіяды, фіналістка чэмпіянатаў Еўропы, рэкардсменка Беларусі.

Дар'я Барысевіч — бег на 1500 м; фіналістка чэмпіянатаў Еўропы, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па лёгкаатлетычных эстафетах у бегу 4x800 м.

Алёна Дубіцкая — штурханне ядра; бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, сярэбраны прызёр Кубка Еўропы, прызёр этапаў Брыльянтавай лігі, пераможца каманднага чэмпіянату Еўропы, чэмпіёнка свету U-18, фіналістка Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету.

Дзмітрый Набокаў — скачок у вышыню; чэмпіён Еўропы U-23, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету U-20, рэкардсмен Беларусі, удзельнік Алімпійскіх гульняў.

У складзе запасных значацца беларусы Павел Мялешка (кіданне кап'я) і Аліна Талай (бег на 100 м з бар'ерамі).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».