Вы тут

Што нельга рабіць на сустрэчы з каралевай Вялікабрытаніі


За гады існавання Вялікабрытаніі як каралеўства там склаліся пэўныя правілы этыкету паводзін у прысутнасці манаршай асобы. Гэтыя правілы асабліва строгія для людзей, не набліжаных да каралеўскага кола. Вядома, за іх парушэнне нікога сёння не пасадзяць у Таўэр, але грамадскае абурэнне гарантаванае.


Дык як жа не разгубіцца, калі вам раптам прадставіцца магчымасць (!) убачыцца асабіста з каралевай Лізаветай ІІ. Перш за ўсё трэба заўважыць, што, калі вас запросяць у Букінгемскі палац, з вамі ў любым выпадку правядуць гутарку і інструктаж аб тым, што можна і што нельга рабіць, у што варта быць апранутым і што можна, а што нельга казаць Яе Вялікасці.

Але ёсць некалькі правілаў, вядомых і без асабістай кансультацыі са спецыялістамі па дзелавым этыкеце. Самае галоўнае — ні ў якім разе не дакранайцеся да каралевы. Можна паціснуць ёй руку, але толькі калі яна сама вам яе прапануе. У 2000 годзе з гэтым правілам не справіўся прэзідэнт Універсітэта Уотэрлу ў Канадзе Дэвід Джонстан. Спускаючыся па лесвіцы побач з каралевай, ён злёгку прытрымаў яе за локаць. Як пазней растлумачыў сам Джонстан, гэта быў інтуітыўны рух, прадыктаваны звычайным клопатам пра бяспеку каралевы. Аднак у гісторыі Вялікабрытаніі Джонстан застаўся як «чалавек, які не ведае пратакола паводзін». Вядома, на сустрэчах з публікай члены каралеўскай сям'і могуць дазволіць сабе павітацца з кімсьці або абняць кагосьці, але ў такіх выпадках менавіта яны павінны быць ініцыятарамі такіх кантактаў.

Іншае строгае правіла прадпісвае ніколі не спазняцца на сустрэчу. Прыходзіць пазней за каралеву і сыходзіць з сустрэчы раней за яе — гэта відавочная заява аб непавазе. Пакінуць залу раней за саму каралеву можна толькі з яе ўласнага жадання ці дазволу: каралева падасць знак свайму сакратару, а той ужо ў сваю чаргу паведаміць пра яго наведвальніку.

Яшчэ адно строгае «не» — ніколі не станавіцца спінай да каралевы. Калі запрасілі некалькі чалавек, варта стаць не прамой лініяй, а невялікім паўкругам, такім чынам, каб кожны чалавек быў звернуты тварам да Яе Вялікасці.

Акрамя таго, пры сустрэчы з каралевай нельга нічога трымаць у руках. Вядома, яшчэ задоўга да сустрэчы з манархам служба бяспекі ветліва папросіць вас пакінуць усе дакументы і ўсялякія іншыя прадметы за межамі залы для сустрэч. Так што забудзьцеся пра магчымасць перадаць каралеве памятны магніцік ці яшчэ што-небудзь, калі толькі гэта не было агаворана і ўзгоднена загадзя.

Што ж наконт сэлфі? На яго таксама не варта разлічваць. У межах Букінгемскага палаца ніхто з каралеўскай сям'і не будзе рабіць фота з гасцямі — нават прапанова зрабіць такую фатаграфію будзе ўспрынята са здзіўленнем. За межамі палаца правілы менш строгія, але на агульнае сэлфі ўсё ж не варта разлічваць, асабліва з каралевай.

Агульнае правіла паводзін на сустрэчы з каралевай Вялікабрытаніі — не трэба быць ініцыятарам, варта проста прытрымлівацца таго, што робіць і пра што просіць Яе Вялікасць. Не варта першым пачынаць гутарку, не варта ўставаць з-за стала да таго, як гэта зробіць каралева, не варта пачынаць есці да таго, як каралева возьме сталовыя прыборы ў рукі.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.