Вы тут

Мёд — рытуальны пачастунак?


«Ведаю, што 14 жніўня ў народнай культуры адзначаецца свята мёду — Мядовы Спас. А як выкарыстоўвалі мёд у традыцыйных абрадах?» - піша Таццяна Сцяцко з Баранавіцкага раёна.


mashreghnews.ir

Тое, што нашы продкі выкарыстоўвалі мёд у абрадах і рытуалах каляндарнага і сямейна-родавага цыклаў, надзяліла яго пэўнай ступенню сакральнасці, магічнай сілай. У легендах і паданнях мёд сімвалізаваў крыніцу мудрасці і даўгалецця, яго назвалі «ежай багоў» і верылі, што менавіта ён дапамагаў жыхарам Нябёсаў быць бессмяротнымі і захоўваць вечную маладосць. У біблейскіх паданнях у краіне, дзе жыў Маісей, цяклі малако і мёд. Невыпадкова Боскае слова параўноўвалі з мёдам і казалі, што яно «саладзейшае за мёд». Акрамя таго, мёд здавён стаў сімвалам «салодкасці», дабрабыту, высокага ўзроўню жыцця чалавека.

Мёд даволі часта выкарыстоўвалі на вяселлях. Яшчэ ў Сярэднявеччы, калі маладым расчэсвалі валасы, іх абавязкова пакрывалі мёдам, падчас застолля крычалі «горка», але пры гэтым мазалі мёдам вусны. Яшчэ і сёння ў паўднёвых раёнах Беларусі на парозе хаты маладых пасля вянца сустракаюць з хлебам-соллю і абавязкова з мёдам, каб жыццё было салодкім.

Цікава, але час пасля вяселля таксама называлі і называюць «мядовым». Можа, таму, што гэта самы «салодкі» месяц у сямейным жыцці, а можа, таму, што мёд збіраюць вялікія працаўніцы — пчолы. Філасофія нашых продкаў была ў тым, каб гэты першы месяц быў галоўным у доўгім сямейным жыцці: маладыя павінны былі шмат папрацаваць, як тыя пчолы, каб пабудаваць адносіны паміж сабой, роднымі і сваякамі, каб «сямейнага мёду» хапіла на доўгія гады.

Практычна на ўсіх святах ужывалі «медавуху» — напой, які гатавалі па рэцэпце, якім валодалі далёка не ўсе і перадавалі ад дзеда ўнуку.

Мёд выкарыстоўвалі і за жалобным сталом: разводзілі ў вадзе і клалі туды невялікія кавалачкі булкі. Гэта рытуальная ежа, з якой распачыналася жалобная вячэра, насіла назву «сыта» ці «канун». Прычым першым, звычайна, яе браў самы сталы чалавек, і ён павінен быў першую лыжку выліць на стол. Такія дзеянні прадказвалі (праграмавалі) «салодкае» жыццё памерламу на «тым» свеце.

У народнай медыцыне мёд выкарыстоўвалі пры лячэнні захворванняў страўніка, печані, гнойных ран, як гарачкапаніжальны сродак і добры сродак ад цяжкага кашлю, пры ангіне і зубным болю.

У адным старажытным медыцынскім трактаце было напісана так: «Мёд аздараўляе ўсе ўнутраныя органы, падтрымлівае моц арганізма, памяншае гарачку. Доўгатэрміновае яго ўжыванне ўзмацняе волю, надае лёгкасць целу, захоўвае маладосць, працягвае гады жыцця».

Аксана КАТОВІЧ

Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.