Вы тут

У свеце расце колькасць псіхічных праблем, звязаных з узростам


Апошнім часам у навінах нярэдка можна пачуць пра тое, што прапаў пажылы чалавек. «Заблудзіўся ў лесе», «забыўся дарогу дадому», «можа пакутаваць на страту памяці». Гэта далёка не адзінкавыя выпадкі. І датычацца яны не толькі нашай краіны.

На жаль, свет пачынаюць захлістваць праблемы, якіх ён раней не ведаў. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, цяпер больш за 47 мільёнаў жыхароў Зямлі хворыя на дэменцыю, і штогод гэтае войска папаўняецца на 10 мільёнаў чалавек. Па прагнозах медыкаў, да 2050 года іх колькасць патроіцца.

Пра тое, што гэта за захворванне і чаму пры ім пакутуе ўся сям'я, нам расказала псіхіятр-нарколаг, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Кацярына КАТАРГІНА.


Што гэта такое?

Дэменцыя — гэта захворванне, асноўнай прыкметай якога з'яўляецца тое, што чалавек становіцца не ў стане сам сябе абслугоўваць. У яго зніжаецца інтэлект, ён не можа жыць адзін і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе. Такіх людзей трэба ўвесь час кантраляваць, таму што яны могуць забыцца выключыць кран або газавую пліту, згубіцца ў звыклым месцы...

Узнікае захворванне найчасцей пасля 70 гадоў. І чым старэйшы ўзрост, тым больш рэгіструецца захварэлых. Развіваецца яно паступова. Першыя прыкметы часта ўкладваюцца ў карціну ўзроставых змяненняў. У чалавека пачынае зніжацца памяць, ён губляецца ў новай сітуацыі, па некалькі разоў перапытвае адно і тое ж і г. д.

Гэта неспецыфічныя парушэнні. У сталым узросце яны магчымыя і самі па сабе. Таму на першай стадыі вельмі мала людзей звяртаюцца па дапамогу — усё спісваецца на ўзрост. Звяртаюцца, прычым не самі пацыенты, а часцей за ўсё іх сваякі, да ўрачоў пачынаюць ісці пазней — калі гэтыя парушэнні становяцца вельмі прыкметныя.

Наогул, дэменцыя — гэта класічнае ўзроставае захворванне. Мозг, як і любы орган, паступова зношваецца і атрафіруецца, страчваецца крытычнасць успрымання... Калі б мы не паміралі ад іншых хвароб, то кожны з нас памёр бы ў рэшце рэшт ад дэменцыі. Гэта сумна. Але, з іншага боку, падумайце, як страшна паміраць у здаровым розуме і яснай памяці. І значна лягчэй — у стане, калі мы гэтага не ўсведамляем. Магчыма, прырода прыдумала гэта як спосаб аблегчыць наш сыход з жыцця: чалавек памірае, знаходзячыся пры гэтым у свеце сваіх ілюзій. Зрэшты, гэта толькі адна з гіпотэз.

Бываюць розныя варыянты

Дэменцыя бывае розная. Напрыклад, яна ўзнікае пры хваробе Альцгеймера, — тады ўсё адбываецца паступова. Ёсць і вострая дэменцыя, якая, дарэчы, можа паўстаць у любым узросце, нават у маладых людзей. Напрыклад, пасля шырокага інсульту, калі «выключана» і памерла вялікая частка мозга. Ёсць і спадчынныя выпадкі, якія таксама пачынаюцца ў маладым узросце, дзесьці пасля 35 гадоў. Праўда, яны досыць рэдкія.

У залежнасці ад таго, якая частка галаўнога мозга атрафіруецца, праявы гэтага захворвання бываюць розныя. Калі паражаецца лобная доля, якая адказвае ў нас за паводзіны, то чалавек часцей за ўсё становіцца нахабным, агрэсіўным, растарможаным. Пры гэтым сціраюцца маральныя забароны, і чалавек пачынае жыць больш інстынктамі.  Калі разбураецца скроневая доля, пакутуе слых, маўленне...

Таму клінічныя праявы могуць быць самыя разнастайныя. Агульнае толькі адно: чалавек становіцца не ў стане жыць адзін, яго хтосьці павінен даглядаць. Таму такіх людзей часта пазбаўляюць дзеяздольнасці і прызначаюць ім апекуноў.

Колькасць тых, хто захварэў, расце

Цяпер у нашай краіне назіраецца дэмаграфічны правал: расце колькасць пажылых людзей, а колькасць маладых памяншаецца. Таму больш і псіхічных праблем, звязаных з узростам. Але, паколькі мала хто звяртаецца з гэтай нагоды да псіхіятра, афіцыйную статыстыку, якая ёсць у нас цяпер, можна смела памнажаць на тры ці нават на чатыры. Па звестках СААЗ, ад 5 да 7 % людзей сталага ўзросту пакутуюць на дэменцыю. У нас зараз атрымліваецца лічба дзесьці ў 2 %.

Ці можа дапамагчы медыцына?

Звяртацца да медыкаў можна і трэба — да неўролага ці псіхіятра. Праўда, вылечыць такога чалавека медыцына не можа. Ёсць некаторыя прэпараты, якія могуць ледзь-ледзь запаволіць працэс: яны павялічваюць у галаўным мозгу колькасць шэрага рэчыва. Такія лекі маюцца і ў нашай краіне. Але яны могуць дапамагчы не ўсім. Што датычыцца прэпаратаў, якія ўзмацняюць кровазварот у мозгу, то яны могуць мець некаторы эфект хіба што на самых ранніх стадыях.

На сярэдняй стадыі развіцця захворвання медыкі могуць прапанаваць толькі сімптаматычнае лячэнне. Гэта значыць, напрыклад, можна зняць агрэсію, палепшыць сон пацыента — зрабіць так, каб сваякам было крыху лягчэй даглядаць такога чалавека. Бо часам у пацыента з дэменцыяй могуць быць галюцынацыі або, напрыклад, парушэнні памяці такога кшталту, што яны лічаць сябе маладымі і імкнуцца раніцай пайсці на работу... У гэтых выпадках медыкі могуць зняць паталагічныя сімптомы.

Як даглядаць блізкага чалавека з дэменцыяй?

Калі мозг ужо не так добра функцыянуе, яму патрэбныя выразныя правілы і рэжым: напрыклад, класціся спаць у адзін і той жа час, у адным і тым жа пакоі. Насіць адну і тую ж вопратку (не ўводзіць адразу шмат новых рэчаў) — таму што мозг ужо дрэнна адаптуецца да новага.

Дарэчы, у людзей, якія жывуць у вёсцы, атрымліваецца даўжэй жыць з гэтай хваробай самастойна, таму што ў іх у жыцці ўсё звыкла, размерана і стэрэатыпна. Але як толькі сваякі забіраюць іх да сябе, захворванне пачынае хутка прагрэсіраваць — у сувязі са зменай асяроддзя. Медыкі раяць у такіх выпадках забраць са старога дома па магчымасці больш знаёмых і звыклых чалавеку рэчаў — тады ён будзе адчуваць сябе спакайней.

Размаўляць з такім хворым трэба спакойна, мяккім голасам, але выразна, гледзячы на яго і выкарыстоўваючы простыя сказы з малой колькасцю слоў. Напрыклад: «Мама, надзень кашулю» — як з дзіцем. Можна выкарыстоўваць выразы, у якіх утрымліваюцца падказкі, напрыклад: «Твой сын, Іван». Тады мозг хворага чалавека адчувае меншую нагрузку.

І абавязкова трэба паклапаціцца аб бяспечным асяроддзі ў доме.

Тэст на дэменцыю

Маляванне гадзінніка

Ёсць просты тэст для выяўлення кагнітыўных парушэнняў, які можна прымяніць у хатніх умовах. Трэба папрасіць чалавека намаляваць гадзіннік: круг, у якім размясціць цыферблат і пазначыць стрэлкі, якія паказваюць, напрыклад, 20 хвілін на восьмую (можна назваць любы час). Калі пажылы сваяк намаляваў гадзіннік няправільна, яго трэба паказаць доктару.

Што можа прапанаваць дзяржава?

Але, як ні даглядаць такога хворага, рана ці позна (калі толькі чалавек не памрэ ад іншай хваробы) наступае апошняя стадыя, калі ён перастае пазнаваць сваякоў, не здольны кантраляваць сваю натуральную работу арганізма, шмат хто ў гэтай стадыі адмаўляецца ад ежы... Тут ужо неабходны догляд як за ляжачым хворым.

Гэта вельмі цяжка для сваякоў, вядома. Многія з іх разрываюцца паміж любоўю, жалем — і пачуццём гора, сораму, віны, гневу. Большасць адчуваюць велізарную бездапаможнасць і адзіноту, бо з сябрамі і калегамі такімі рэчамі звычайна не дзеляцца...

Многія даглядаюць хворых бацькоў да апошняга. Калі гэта немагчыма, пажылога чалавека можна пакласці на нейкі прамежак часу ў аддзяленне сястрынскага догляду. Туды бяруць толькі неагрэсіўных хворых і не з вострым псіхозам, бо там не могуць забяспечыць іх ахову і належны догляд. Гэта платная паслуга, але пенсія пакрывае яе кошт.

Таксама ў псіханеўралагічных бальніцах ёсць герыятрычныя аддзяленні, але іх пакуль няшмат. Прыняць пажылога чалавека яны могуць на абмежаваны час.

Акрамя таго, у краіне функцыянуюць псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты. Але, каб змясціць туды пажылога чалавека, спачатку трэба пазбавіць яго дзеяздольнасці, акрамя таго, у яго павінна быць група інваліднасці з-за гэтага захворвання. З гэтага года, калі ў пажылога чалавека маюцца сваякі працаздольнага ўзросту, па законе абавязаныя ўтрымліваць яго, змяшчэнне ж у такі дом-інтэрнат ажыццяўляецца на платнай аснове.

Апошнім часам у краіне таксама з'явіліся прыватныя дамы-інтэрнаты, дзе даглядаюць людзей з такой хваробай. Як варыянт, калі дазваляюць сродкі, можна наняць сядзелку. У ТЦСАН таксама маюцца сацыяльныя сядзелкі. Калі ж такога пажылога чалавека даглядае сваяк працаздольнага ўзросту, і пры гэтым ён больш нідзе не працуе, то чалавек можа атрымліваць дапамогу па доглядзе за непрацаздольнай асобай.

На жаль, варыянтаў, як дапамагчы сваякам людзей з дэменцыяй, не надта шмат. Між тым галоўнае зло гэтай хваробы — у тым, што яна губіць не толькі хворага, але і можа пацягнуць уніз усю сям'ю.

Раннія праявы дэменцыі

  • Узнікаюць цяжкасці пры падборы слоў у размове.
  • Пагаршаецца кароткачасовая памяць.
  • Узнікаюць сур'ёзныя праблемы пры прыняцці самастойных рашэнняў.
  • Парушаецца ўспрыманне навакольнага асяроддзя, пазнаванне аб'ектаў.
  • Чалавек лёгка губляецца, асабліва ў незвычайных абставінах.
  • Адзначаецца дэзарыентацыя ў часе.
  • Знікае ініцыятыва, адзначаюцца безуважнасць і замкнутасць.
  • Узнікаюць цяжкасці пры выкананні складанай хатняй работы (гатаванне ежы і іншага).
  • Знікае цікавасць да раней упадабаных заняткаў.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: Калі старасць перастае быць мудрай...

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.