Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Авоська

Цесць Івана Дзмітрыевіча памёр параўнальна даўно, а нядаўна не стала і цешчы. На пахаванне яе сабраліся сваякі з розных куткоў Беларусі і нават з бліжняга, як цяпер кажуць, замежжа. Той жа Іван Дзмітрыевіч жыве ў Санкт-Пецярбургу. На правах старэйшага зяця ён і параіў перабраць рэчы, якія засталіся ў кватэры нябожчыцы. Што выкінуць на сметнік, што, магчыма, можна скарыстаць нейкім чынам ва ўжытку. Так і зрабілі. Нехта забраў старэнькі тэлевізар і швейную машынку, тое-сёе з мэблі — калі не дома, то на дачы спатрэбіцца. А Іван Дзмітрыевіч узяў сабе на памяць пра жончыных бацькоў усяго адну рэч — авоську.

— Не ўсміхайцеся, мае шаноўныя: гэта сапраўды самая дарагая для мяне і блізкая рэч, — трымаючы яе на выцягнутай руцэ, шчыра прызнаўся ён. — Ды, спадзяюся, не толькі для мяне... Вось яе і забяру ў Піцер. Бачу, ніхто не супраць? Дзякуй. Па-першае, і месца амаль не займае ў сумцы, а па-другое, яна мне будзе нагадваць пра той час, калі я прыязджаў у Гомель. Браў яе, авоську, запіхваў у кішэню і лёгка шыбаваў на базар альбо ў звычайную краму. Колькі садавіны ў ёй перанасіў! Я і цяпер чую водар тых беларускіх антонавак, малдаўскіх і азербайджанскіх абрыкосаў, не кажучы ўжо пра бульбу! Бог ты мой, які залаты час быў!..

Прыгадаў Іван Дзмітрыевіч і такі выпадак. Амаль трыццаць гадоў служыў ён у Савецкай, а затым у расійскай арміі. Афіцэр у адстаўцы. Змяніў некалькі гарнізонаў і нават рэспублік. Давялося паслужыць і ў Сярэдняй Азіі. А там шмат было кавуноў, дыняў і вінаграду, а вось бульбы — даруйце: дэфіцыт! І калі надаралася магчымасць набыць яе хоць некалькі кілаграмаў, то гэта лічылася за ўдачу. Купіў у той дзень Іван Дзмітрыевіч яе таксама. Пастаяў у чарзе, праўда, мо з гадзіну. Уявіў, як абрадуе жонку. А паколькі спякота была невыносная, то вырашыў выпіць куфаль халоднага квасу. Убіўся ў павільёнчык, дзе той прадаваўся. Там таксама чарга была немаленькая, і ён, каб не трымаць пакет з бульбай, папярэдне пачапіў яго на кручок стала-круглячка перад уваходам, дзе стоячы потым можна было і апрастаць квас. А калі выбраўся з квасам з павільёнчыка, то — во жах! — пакета з бульбай не было на месцы. Так з нічым ён і вярнуўся дадому.

Пасля аповеду і ўспамінаў Іван Дзмітрыевіч узяў авоську, што засталася яму ад жончыных бацькоў, схадзіў на рынак і прынёс роўна два кілаграмы бульбы.

— Якраз столькі ў мяне было тады яе... як укралі. У чарзе цяпер, вядома ж, не стаяў. Выбар вялікі. Ды і бульба наша, беларуская: яе не параўнаеш з той, што прывозілі нам аднекуль. Смачная надта. Калі не супраць, давайце яшчэ раз пераканаемся!

Бульбу елі з вялікім апетытам. А Іван Дзмітрыевіч вытрас з авоські рэшкі ў вядзерца і, запіхваючы авоську ў сваю спадарожную сумку, здзіўляўся і адначасова радаваўся:

— Авоська! Колькі яна выручала нас! Колькі была побач з намі! А цяпер вунь нарабілі пакетаў гэтых розных — адна хімія! Хіба ж можна параўнаць яе з імі?! Вось прыеду ў Піцер — пакажу ўнукам ды праўнукам сапраўдную авоську. Здзіўлю, мабыць. Бо чым яшчэ можна іх сёння здзівіць?


Інтэрнат

Да выхаду на пенсію Міхась Сцяпанавіч рабіў на заводзе акумулятаршчыкам. Прасіўся яшчэ папрацаваць хоць з паўгодзіка, але яму ветліва адмовілі: нам, шаноўны, маладых няма куды падзець, адпачывай і не крыўдуй. Ты — заслужыў. Пенсію, праўда, атрымаў прыстойную. Але ж дзе яму, па-ранейшаму непаседліваму, «жыўчыку», было дома ўседзець! Гэта месяц, ад сілы два можна бадзяцца без справы з кута ў кут ды перад тэлевізарам кіснуць. Пэўны час не знаходзіў да чаго галаву і рукі прыкласці. Нуда заела. Вось тут ён і ўспомніў, што недзе ёсць бацькоўская хата. Хоць яна і ў суседняй вобласці, далекавата, аднак жа праўду кажуць, што дарога дадому самая кароткая. Скарыстаўся гэтым выслоўем і наш герой. Як толькі пачынала прыграваць веснавое сонейка і паказваліся лянівыя раўчукі ў горадзе, ён заяўляў сам сабе: «Пара!» Што азначала: усё, што сабраў у мяхі і клункі, трэба даставіць у вёску. Разам, вядома, з ім. Сваёй машыны няма, таму сыны, а іх у яго двое, знаходзяць каго-небудзь з сяброў, і тыя адвозяць Міхася Сцяпанавіча з усімі трантамі ў вёску на ўсё лета. Разоў колькі наведаецца з горада жонка, дапаможа пасадзіць агарод, зробіць першую праполку, а ўсё астатняе ён упарадкуе сам. Жонка магла б пабыць з ім і больш, але надоўга не пакінеш кватэру ў горадзе. Малодшы, Пецька, развёўся са сваёй паловай, а паколькі быў у прымах, то вярнуўся дадому, а чалавек Пецька ненадзейны — любіць заглядваць у чарку, а калі стаў халасцяком, то вакол яго цяпер, канешне ж, уюцца такія ж латругі, як і сам. «Яшчэ вынесуць што з кватэры і прап'юць», — баялася маці.

Больш вольна пачувае яна сябе, калі вяртаецца пасля чарговых выхадак жонкі Леанід. Выпівае, халера, жонка. А калі пад «мухай», торкае тады пальцам на дзверы: «На Сельмаш!» Дзеці, зусім малыя сын і дачка, учэпяцца за бацьку, не адпускаюць, аднак кабета не зважае на гэта, не перастае паўтараць: «На Сельмаш, я сказала!» Леанід вяртаецца ў бацькоўскую кватэру, жонка праспіцца і назаўтра просіць прабачэння. Да гэтага ўжо прывыклі. Але неяк ён вырашыў застацца дома надоўга — няхай адна пажыве, колькі можна цацкацца!

Затое бацькі Леаніду могуць даверыцца. Не п'е, не курыць. Трымае ў лейцах і малодшага. «Пры ім Пецька не разгуляецца», — тады радуецца маці і можа нават затрымацца ў вёсцы наболей.

Калі ж Міхась Сцяпанавіч перавозіць у горад усё вырашчанае і па-гаспадарску сабранае на агародзе, то без дапамогі сыноў тут, вядома, таксама не абыходзіцца. Аднак тыя жывуць і жывуць у бацькоўскай кватэры, нават не ўспамінаюць, што недзе ў іх ёсць свае, хоць і чужыя, куты. Калі бацька цвярозы, то маўчыць толькі ды касавурыцца на сынкоў, а варта выпіць горкай, пачынае сваё:

— Глянь ты на іх: інтэрнат знайшлі! Прэч адсюль! Дайце бацьку дзе захоча пасядзець і паляжаць! У другіх бацькоў дзеці як дзеці, а тут жа незразумелае нешта!.. Калі гэта скончыцца?! Я ў каго пытаю, галганы?!

Пакуль жа «інтэрнат» гэты існуе, як існаваў: паўтараецца ўсё час ад часу. То пойдуць сыны да сваіх сем'яў, то вернуцца назад. Міхась Сцяпанавіч жа не забывае, хто гаспадар у доме, і замест слова «інтэрнат», бывае, ужо выгуквае іншае, папракаючы сваіх хлопцаў:

— Усё жыццё я «марыў» у гасцініцы жыць!..

Адно суцяшае: свае яны людзі — разбяруцца!


Белы

Спытайце, як сапраўднае прозвішча Міці Белага, — мала хто скажа. Белы ды Белы. Хаця я ведаю: ён — Семчанка, у нашай вёсцы прозвішча даволі распаўсюджанае.

Упершыню я блізка пазнаёміўся з ім у сярэдзіне 60-х, калі Міця вярнуўся з Валгаграда, куды было паехаў да сваякоў — каб уладкавацца там на якую-небудзь работу, а мо спярша і вывучыцца на каго. Шчыра прызнацца, я наогул яго не помню школьнікам. Быццам прачнуўся ранкам, і вось ён перад табой, гэты прыгожы хлопчык з белым чубам, шчупленькі, рухавы. «Прывітанне! Я Белы! А ты хто?»

Валгаград не спаланіў вясковага хлапчука, і ён вярнуўся з горада да маці, якая жыла адна. Апрануты быў у моднае па тым часе адзенне і таму выглядаў сапраўдным франтам. Калі толькі паспеў стаць такім! А нам жа, умела цыркаючы слінай на клубным ганку, прызнаваўся, што горад не для яго, там можна хутка збіцца з дарогі і трапіць за краты.

Як бы там ні было, а сярод нас, трохі маладзейшых хлопцаў, Белы стаў сваім чалавекам. Тады і мы, вядома ж, стараліся выглядаць дарослымі, задзіралі нос, калі каму-небудзь з нас Белы падаваў руку, і, гледзячы на яго, зрэдку курылі, хоць — да нашага гонару — ніхто з маіх сяброў дзяцінства курыць рана не пачаў. Не прыжыўся тытунь. Даруйце, што было, тое было: спрабавалі на смак і гарэлку. Як без яе, калі старэйшыя хлопцы ідуць служыць у войска, а цябе запрасілі на праводзіны! Трэба разумець, што ты ўжо і сам нешта значыш! І на такіх вось мерапрыемствах Белы меўся ў нас за атамана.

А пазней мы і яго правялі ў салдаты. З горада вярнулася сястра-векавуха, і Белы, кажуць, паехаў сам у ваенкамат: цяпер і мне можна служыць, забірайце! Забралі. У якім чыне і на якой армейскай пасадзе служыў ён, я не ведаў да пэўнага часу...

Пасля дэмабілізацыі працаваў Дзмітрый у калгасе — куды пашлюць. Потым пабраўся шлюбам з мясцовай дзяўчынай, пайшлі дзеці. З маці жыць не стаў (хоць сястру пасватаў трактарыст-удавец з суседняй вёскі), а пабудаваў сабе хату ў прыгожым месцы. Наводшыбе. Як падалося — пажадаў жыць падалей ад людзей, каб вакол было ціха і спакойна. Белая чупрына з цягам часу стала рэдкай, яе пасерабрыла сівізна.

Пасля школы пакінуў і я вёску, аднак жыццё склалася так, што некалькі разоў яшчэ меў магчымасць сустрэцца з гэтым цікавым, надзвычай добразычлівым хлопцам, які, у адрозненне ад нас, вярнуўся на бацькоўскі поплаў, не спакусіўся на гарадскі акраец хлеба.

Адна з сустрэч адбылася ў 1985 годзе, увесну. Ён пахваліўся, што калі ляжаў у бальніцы ў Магілёве, то слухаў па радыё інтэрв'ю, якое даваў я з нагоды прэм'еры спектакля «Сівы бусел» па маёй п'есе ў абласным драмтэатры. Казаў, што ўсю палату падняў на ногі. Дык гэта ж, маўляў, наш хлопец, Васька, мы з ім на адной вуліцы выраслі! І падкрэсліваў: паверылі, усе да аднаго паверылі! Бачыў тады, як зайздросцілі яму суседзі па палаце. «Так што дзякуючы табе і мяне больш паважаць сталі ў бальніцы!» — сказаў.

І апошні раз я сустрэў Белага на ганку вясковай крамы. Ён быў у вайсковай форме — у шынялі і зімовай шапцы-вушанцы, на пагонах я заўважыў сяржанцкія нашыўкі. Убачыўшы мяне, распасцёр насустрач рукі і моцна заціснуў у абдымках. А на пытанне, чаму ў форме, гучна і горда адрапартаваў:

— Былых разведчыкаў не бывае!..

Высветлілася, што яго прызвалі ў «партызаны» і ён на некалькі гадзін вырваўся да сям'і. Чым не момант паказаць сваім дзецям, якім арлом некалі быў? Ды і ёсць!

Жыццё, на вялікі жаль, адмерыла яму малавата часу. Не паспеў і дзяцей падняць. Пайшоў неяк ціха і непрыкметна — здзівіў землякоў і гэтым разам...

І калі я бываю на вясковых могілках, то пастаю і перад Міцем. На картцы ён яшчэ з той чупрынай, да якой прывыклі землякі. Белы.

Васіль Ткачоў

Загаловак у газеце: Свае людзі — разбяруцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».