Вы тут

Галасаванне ў пытаннях і адказах


Вывучаем інфармацыю на сайце Цэнтрвыбаркама, каб разабрацца ў палітычных падзеях, што маюць адбыцца ўвосень. Даём адказы на распаўсюджаныя пытанні чытачоў.


— Выбары прызначаныя на 7 і 17 лістапада. Гэта значыць, што мне трэба будзе двойчы прыходзіць на выбарчы ўчастак?

Не, толькі 17 лістапада — прагаласаваць за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, які выбіраецца непасрэдна грамадзянамі. А на 7 лістапада прызначаны выбары членаў Савета Рэспублікі — іх выбіраюць дэпутаты мясцовых Саветаў.

Прэзідыумы мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы з 9 верасня да 8 кастрычніка ўключна вылучаюць кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Мясцовыя Саветы выбіраюць 56 членаў — па 8 ад кожнай вобласці і Мінска, яшчэ 8 сенатараў прызначае кіраўнік дзяржавы. Пры правядзенні выбараў маюць права прысутнічаць назіральнікі. Выбраным лічыцца кандыдат у члены Савета Рэспублікі, які атрымаў больш за палову галасоў дэпутатаў, што прынялі ўдзел у галасаванні.

Пасяджэнне дэпутатаў мясцовых Саветаў па выбарах членаў Савета Рэспублікі склікаецца не пазней за 35 дзён да заканчэння паўнамоцтваў Савета Рэспублікі. Устанаўленне вынікаў выбараў і рэгістрацыя выбраных членаў адбудуцца не пазней за 22 лістапада.

Кандыдатам у члены Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў узросту 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, Мінска не менш за пяць гадоў.

Кандыдатамі ў члены верхняй палаты не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія не маюць права займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржарганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасці.

— Я — грамадзянін Беларусі. Ці магу я стаць парламентарыем?

Так. Калі вам споўніўся 21 год, вы стала пражываеце на тэрыторыі рэспублікі і не маеце судзімасці, вы можаце балатавацца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у складзе якой — 110 дэпутатаў.

Кандыдат у дэпутаты ніжняй палаты парламента можа быць вылучаны палітычнай партыяй, працоўным калектывам альбо грамадзянамі шляхам збору подпісаў. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пройдзе з 8 верасня да 7 кастрычніка ўключна, рэгістрацыя кандыдатаў — з 8 да 17 кастрычніка ўключна.

— У лістападзе я буду ў камандзіроўцы за мяжой. Дык што, я не змагу прагаласаваць?

Зможаце. Па-першае, выбарчае заканадаўства прадугледжвае датэрміновае галасаванне на працягу пяці дзён да выбараў, а таксама галасаванне па месцы знаходжання (санаторыі, дамы адпачынку, бальніцы, воінскія часці і іншае) грамадзян, якія па ўважлівых прычынах не змогуць у дзень выбараў прыйсці ў памяшканне для галасавання. Па-другое, калі вы за мяжой, можна прагаласаваць на ўчастку, які ўтвораны дыпламатычным прадстаўніцтвам Беларусі.

На ўчастку для галасавання, утвораным за межамі Беларусі, галасуюць грамадзяне краіны, якія пражываюць на тэрыторыі замежнай дзяржавы ці знаходзяцца ў працяглай камандзіроўцы, а таксама якія наведваюць замежную дзяржаву ў сувязі з прыватнай, службовай, дзелавой ці турыстычнай паездкай. Так, на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў папярэдняга, шостага, склікання дзейнічала 47 участкаў за межамі Беларусі.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».