Вы тут

Што паглядзець на сёлетняй «Тбілісобе»?


Чатыры гады таму менавіта гэты фестываль стаў першапраходцам і заклаў традыцыю правядзення дзён нацыянальных культур у Верхнім горадзе — гістарычным цэнтры сталіцы. З 2015-га «Тбілісоба» штогод прыбаўляла ў маштабнасці і насычанасці. Цяпер гэта свята грузінскай культуры, музыкі і кулінарных традыцый, якое ладзяць гандлёвая марка «Баржомі», Мінгарвыканкам, пасольства Грузіі ў Беларусі, мэрыя Тбілісі і грузінскае культурна-асветніцкае таварыства «Мамулі», афіцыйна звініць музыкай і спевамі з поўдня да поўначы, і толькі летась яго наведала каля 80 тысяч чалавек.


Сёлета «Тбілісоба» абяцае быць асаблівай — і не толькі таму, што фестываль адзначае пяцігадовы міні-юбілей, але і таму, што прысвечаны ён будзе беларуска-грузінскай дружбе і пройдзе 24 жніўня пад дэвізам «Свята з беларуска-грузінскім характарам».

Што беларускага будзе на «Тбілісобе-2019»? Найперш мова: як падкрэслівае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Грузіі ў Беларусі Валерый Кварацхелія, як сама назва фэсту, так і ўсе ўказальнікі будуць напісаны на беларускай. Для гасцей упершыню зладзяць адкрытыя ўрокі беларускай мовы — акрамя неабходных «прывітанне» і «калі ласка», тут дапамогуць зрабіць заказ у рэстаране альбо спытаць дарогу да Нацыянальнай бібліятэкі (а беларусам, у сваю чаргу, прадэманструюць, як гучаць агульнаўжывальныя фразы на грузінскай). «Яшчэ будзе многа беларускай музыкі і кухні — прынамсі, ведаю, што будуць мае любімыя халаднік і дранікі», — запэўнівае спадар пасол, не забываючыся, аднак, запрашаць і на дэгустацыю хінкалі ды хачапуры, якія ў мностве прапануюць наведвальнікам нацыянальныя грузінскія кавярні і рэстараны.

Валерый Кварацхелія не ўтойвае: пад культурным пластом мерапрыемства знаходзіцца іншы, не менш важны — эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін, бо «Тбілісоба», даючы магчымасць беларусам і грузінам бліжэй пазнаёміцца адзін з адным, спрыяе таксама развіццю ўзаемнага турызму, інвестыцый і г. д. Не выпадкова сёлета акурат 24 жніўня ў Мінску адкрыецца Грузінскі дом — не толькі гандлёвы, але і культурна-асветніцкі цэнтр, а сярод гасцей свята будуць прэм'ер-міністр Грузіі, мэр Тбілісі і досыць вялікая дэлегацыя дэпутатаў і чыноўнікаў высокага рангу. Але сяброўства — перш за ўсё.

«З першай «Тбілісобы» пачаўся фестывальны рух у Верхнім горадзе, і як лідары гэтага руху, мы адчуваем пэўную адказнасць і задаём усё больш высокую планку, — заўважае адзін з заснавальнікаў фестывалю, дырэктар ІDS Borjomі Belarus Дзяніс Крупец. — Таму сёлета мы склалі, напэўна, найцікавейшую і самую насычаную музычную праграму з найбольш вядомых і запатрабаваных на сёння грузінскіх артыстаў і прадстаўнікоў беларускай культуры».

Беларускую музыку прадставіць, у прыватнасці, папулярны электронны праект Shuma, які прэзентуе гасцям фестывалю супольны інтэрнацыянальны трэк маладых артыстаў «Мінск — горад з характарам». Таксама на «Тбілісобе» з'явіцца танцпляцоўка, дзе адбудуцца танцавальныя батлы — дзе яшчэ ў адным месцы ўбачыш лявоніху, «Мціўлуры», вог (танцавальны стыль, заснаваны на подыумнай хадзе і мадэльных позах) і кантэмпарары? Але асноўную ўвагу, безумоўна, прыцягне цэнтральная канцэртная пляцоўка — сёлета колькасць ахвотных выступіць на ёй аказалася настолькі значнай, што прывезці ўсіх не хапіла ні звычайнага авіярэйса «Эмбраера», ні нават вялікага борта «Боінга», і мэрыі Тбілісі давялося замовіць дадатковы чартарны рэйс. Сярод тых артыстаў, хто з нецярпеннем чакае сустрэчы з беларускай публікай — мужчынскае шматгалоссе «Швідкаца» (гэты віртуозны ансамбль уразіў ужо многіх слухачоў, у тым ліку канцлера ФРГ Ангелу Меркель), уладальнік першай прэміі сёлетняга дарослага конкурсу «Славянскага базару ў Віцебску» Георгій Путкарадзэ (ураджэнец Батумі ўлюбіў у сябе публіку, выканаўшы кампазіцыю «Небяспечна» беларускіх рокераў Nіzkіz), леташнія прадстаўнікі краіны на «Еўрабачанні» — этна-джазавы калектыў Іrіao, а таксама, мабыць, самы папулярны на сёння ў Грузіі гурт Mgzavrebі («Вандроўнікі»), адкрыты канцэрт якога завершыць фестываль.

Акрамя таго, інтрыгуе намеснік старшыні грузінскага культурна-асветніцкага таварыства «Мамулі» Лела Кантарыя, упершыню на «Тбілісобе» пройдзе «рэпетыцыя» беларуска-грузінскага вяселля, на якім тэлевядучы Тэнгіз Думбадзэ выступіць у ролі тамады, а ўсе ахвотныя стануць гасцямі і змогуць пазнаёміцца з традыцыямі і звычаямі абедзвюх краін, а таксама ўзяць удзел у конкурсе красамоўных тостаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота пададзена арганізатарамі фестывалю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».