Вы тут

Пярэпалах у Гімалаях. Што адбываецца ў Кашміры?


Насамрэч гістарычныя падзеі адбываюцца на гэтым тыдні ў Індыі. З падачы ўрада прэзідэнт краіны Рам Натх Кавінд падпісаў указ аб адмене асаблівага статусу штата Джаму і Кашмір і падзеле яго на дзве тэрыторыі. Па словах міністра ўнутраных спраў Індыі Аміт Шаха, які прадставіў дакумент у парламенце, сітуацыя патрабуе прыняцця рашучых мер па рэарганізацыі гэтай адміністрацыйнай адзінкі. Спачатку рашэнне ўрада ўхваліла верхняя палата — Радж'я Сабха, а пасля ніжняя — Лок Сабха. Такім чынам, дакумент уступіў у законную сілу. Дагэтуль Джаму і Кашмір меў аўтаномію, у гэтым штаце усе законы, прынятыя цэнтральным урадам (за выключэннем тых, што датычацца сфер абароны, знешніх сувязяў), павінны былі праходзіць праз адабрэнне мясцовай асамблеі. Штат меў уласны сцяг. Навошта ў Індыі ліквідавалі аўтаномію?


Прывабны «кавалак»

Вытокі Кашміра ідуць ад старажытнага гандлёвага горада Срынагар, размешчанага ў высакагор'і Гімалаяў (цяпер гэта летняя сталіца Джаму і Кашміра). У сваёй доўгай і поўнай перамен гісторыі паселішча было скрыжаваннем караванных шляхоў (у тым ліку легендарнага Шаўковага шляху) паміж Далёкім і Блізкім Усходам, Сярэдняй і Паўднёвай Азіяй. Поўнач Кашміра спрадвеку была заселена пераважна прыхільнікамі ісламу, поўдзень — індуістамі, а ўсход — будыстамі. Аднак у цэлым, як лічыцца, канфесіям удавалася вытрымліваць неабходны баланс у адносінах і выпрацаваць агульную ідэнтычнасць. З 1846-га цягам стагоддзя Кашмір быў дзяржавай, якую брытанская каланіяльная адміністрацыя фактычна прадала махараджам.

Стратэгічная тэрыторыя — прывабны «кавалак», а таму з'яўляецца прадметам жорсткай спрэчкі з 1947 года, калі Брытанская Індыя, атрымаўшы незалежнасць, падзялілася на дзве дзяржавы па рэлігійнай прыкмеце — Дамініён Пакістан і Індыйскі Саюз. Фарміраванні, якія знаходзіліся пад прамым брытанскім кіраваннем, падзялілі лёгка, а вось са шматлікімі напаўнезалежнымі княствамі паўсталі праблемы. Тэарэтычна ў іх быў выбар: далучыцца да Індыі ці Пакістана, паспрабаваць захаваць незалежнасць альбо аб'яднацца і стварыць уласную дзяржаву. Кіраўнік княства Джаму і Кашмір махараджа Хэры Сінгх доўга спрабаваў балансаваць. Аднак пасля таго, як паўстала частка яго войска, вымушаны быў папрасіць Нью-Дэлі аб дапамозе. Ён яе атрымаў, але ў абмен на ўключэнне Джаму і Кашміра ў склад Індыйскага Саюза, хай і з асаблівым статусам. Гэта вядома ж выклікала масавую незадаволенасць насельніцтва княства.

Першы прэм'ер-міністр незалежнай Індыі Джавахарлал Нэру лічыў, што наданне асаблівага статусу гэтаму штату дапаможа супакоіць сітуацыю. Таму, паводле канстытуцыі Індыі, якая ўступіла ў сілу ў 1950 годзе, тэрыторыя атрымала адмысловую аўтаномію. Цяпер Нью-Дэлі кантралюе 60 працэнтаў тэрыторыі былога княства Джаму і Кашмір. Менавіта на ёй быў створаны адпаведны штат. Пад кантролем Пакістана знаходзіцца амаль трэць тэрыторыі, дзе ўтвораны правінцыя Гілгіт-Балтыстан (раней — Паўночныя тэрыторыі) і «часова незалежны» Азад-Кашмір (непрызнаная дзяржава Свабодны Кашмір). Яшчэ каля 10 працэнтаў плошчы (рэгіён Аксайчын, які мае стратэгічную важнасць, паколькі праз яго праходзіць дарога з Тыбета ў Сіньцзян) знаходзіцца з 1962 года пад кантролем Кітая.

Мінус штат

Мусульмане складаюць большасць мясцовага насельніцтва. Прычым калі ў цэлым у Джаму і Кашміры іх пражывае 67 працэнтаў, то ў кашмірскай даліне за гэтымі вернікамі абсалютная большасць — 97 працэнтаў насельніцтва. Акрамя таго, тут ёсць і рэгіёны з іншым раскладам. У Джаму 65 працэнтаў насельніцтва — індуісты, а мусульман толькі 31, у Ладакху каля паловы жыхароў — будысты. Этнаканфесійныя супярэчнасці ў Джаму і Кашміры з'яўляюцца адной з галоўных прычын актывізацыі ў рэгіёне экстрэмісцкіх груповак. Кашмірскія радыкалы атабарыліся ў кантраляваным Ісламабадам Азад-Кашміры і карыстаюцца поўнай падтрымкай з боку пакістанскіх спецслужбаў. Менавіта тэрарыстычная актыўнасць і стала адной з галоўных прычын, па якіх у Нью-Дэлі вырашылі абмежаваць аўтаномію. На думку індыйскіх улад, рашэнне па змене статусу Джаму і Кашміра будзе спрыяць яго эканамічнаму развіццю і прытоку сюды капіталу, рашэнню сацыяльных праблем, у тым ліку вяртанню сем'яў індусаў, больш за 150 тысяч якіх, па розных ацэнках, вымушана пакінулі гэтыя мясціны ў 1990-я з-за нападаў ісламскіх фундаменталістаў.

«Гэтае рашэнне будзе ўпісана ў гісторыю нашай краіны залатымі літарамі. На будучыя дзесяцігоддзі Джаму і Кашмір будуць моцна прывязаныя да Індыі», — такія словы Аміт Шах — кіраўнік МУС Індыі і прэзідэнт кіруючай Бхаратыя джаната парты (БДП) — вымавіў у ніжняй палаце індыйскага парламента тлумачачы беспрэцэдэнтны палітычны крок урада: рашэнне адмяніць дзеянне двух артыкулаў канстытуцыі, якія надавалі асаблівы статус Джаму і Кашміру, і правесці яго тэрытарыяльную рэарганізацыю. Днямі гэты штат афіцыйна стаў саюзнай тэрыторыяй (з адпаведным прававым статусам), таксама як і вобласць Ладакх, што ад яго аддзялілася. Дагэтуль краіна складалася з 29 штатаў і 7 саюзных тэрыторый. Апошнія адміністрацыйныя адзінкі валодаюць меншымі правамі, чым штаты, яны не маюць губернатараў і кіруюцца непасрэдна з цэнтра, але некаторыя з іх (напрыклад, Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі, саюзная тэрыторыя Пудучэры) маюць свае заканадаўчыя органы.

Наўрад ці радыкальнае рашэнне стала нечаканым сюрпрызам: пункт аб пераглядзе статусу Джаму і Кашміра значыўся ў праграме Бхаратыя джаната парты яшчэ з 1951 года. Але ні разу дагэтуль БДП і яе саюзнікі не мелі ў парламенце такой перавагі, якая дазваляе гарантавана правесці біль, і да таго ж цалкам лаяльнага прэзідэнта. Да ўсяго іншага рашучыя крокі падтрымалі і многія апазіцыйныя партыі. Тыя, хто выступіў супраць (Індыйскі нацыянальны кангрэс, левыя і шэраг рэгіянальных партый), заклапочаны ў асноўным не ўласна статусам Джаму і Кашміра, а самім метадам, які выкарыстала кіруючая партыя, каб правесці патрэбнае рашэнне. Як заўважаюць апазіцыйныя палітыкі, такім чынам можна распусціць любы штат у Індыі. Аднак, мяркуючы па рэакцыі прэсы і сацсетак, гэтыя аргументы мала каго хвалююць. Пераважная большасць індыйцаў падтрымлівае рашэнне ўрада.

Джын на свабодзе

У Кашміры Бхаратыя джаната парты стварыла максімальна зручную для прыняцця рашэння сітуацыю — выйшла з урада штата, пасля чаго ён перастаў існаваць. Разумеючы, што хваляванняў і незадаволенасці не пазбегнуць, індыйскія ўлады добра да іх падрыхтаваліся. Загадзя пад рознымі падставамі яны вывезлі турыстаў і паломнікаў і перакінулі ў штат дадатковыя вайсковыя і паліцэйскія падраздзяленні. Адразу пасля абвяшчэння аб рэарганізацыі ў Джаму і Кашміры былі адключаны сотавая сувязь і інтэрнэт, закрыты навучальныя ўстановы, арыштаваны магчымыя лідары пратэсту, у тым ліку кіраўнікі мясцовых палітычных партый. Падрыхтоўка, мяркуючы па ўсім, вялася і на знешнепалітычным узроўні: індыйцы акуратна празандзіравалі пазіцыю ўсіх буйных гульцоў, высвятляючы, як яны могуць зрэагаваць у выпадку змены статусу Кашміра. І калі пераканаліся, што сур'ёзных наступстваў не будзе, пачалі дзейнічаць хутка і рашуча, не дапусціўшы ніводнай уцечкі інфармацыі.

За Кашмір ужо былі тры вайны. Пасля першай — у 1947—1949 гадах — адбыўся падзел тэрыторыі. Другая пачалася ў 1965-м з-за спроб Пакістана справакаваць паўстанне ў індыйскай частцы Кашміра. Пагадненне аб урэгуляванні было падпісана ў Ташкенце ў студзені 1966 года. У 1971-м адбылася новая вайна, у якой Пакістан пацярпеў цяжкае паражэнне і пазбавіўся анклава на ўсходзе Індыі, на тэрыторыі якога пасля была абвешчана дзяржава Бангладэш. У выніку сёння эканоміка рэгіёна няўстойлівая, як і палітычная сітуацыя ў ім. У Кашміры высокае беспрацоўе. Штогод тут гінуць сотні мірных жыхароў.

Пазбаўленне рэгіёна незалежнасці прывядзе да эскалацыі напружання і росту сепаратызму, адзначаюць эксперты. Кашмірскія палітыкі параўналі гэты крок з «вызваленнем джына з бутэлькі». Варта чакаць як масавых беспарадкаў, так і тэрактаў. Актывізуюць сваю дзейнасць радыкальныя групоўкі, якія дзейнічаюць з тэрыторыі Азад-Кашміра. У непрызнанай дзяржаве базуюцца тысячы баевікоў, дакладную іх колькасць назваць не можа ніхто. Рашэнне ўладаў Індыі здольнае прыцягнуць у шэрагі радыкалаў пэўную частку кашмірскай мусульманскай моладзі. Дарэчы, баевікі ўсё больш актыўна выкарыстоўваюць тэракты, учыненыя з дапамогай смяротнікаў, прычым галоўнымі аб'ектамі выступаюць як вайскоўцы і паліцэйскія, так і паломнікі.

Не выключаны рост сутыкненняў на індыйска-пакістанскай мяжы. Рызыка вайны з Пакістанам прымушае Нью-Дэлі трымаць у штаце Джаму і Кашмір больш за 300 тысяч вайскоўцаў. Тут дыслакуецца практычна трэць асабовага складу сухапутных войскаў Індыі. Але шматлікі ваенны кантынгент не з'яўляецца стапрацэнтнай гарантыяй ад баявых дзеянняў — Пакістан таксама трымае на індыйскай мяжы значную частку сваёй сухапутнай арміі.

Міністр замежных спраў Пакістана Шах Мехмуд Курэшы заявіў, што «Індыя вядзе небяспечную гульню». Пакістанскае МЗС выпусціла заяву, у якой адзначаецца, што «акупаваны Індыяй Джаму і Кашмір застаецца спрэчнай тэрыторыяй, што прызнаецца міжнароднай супольнасцю». «Як адзін з бакоў гэтай спрэчкі Пакістан выкарыстоўвае ўсе сродкі для таго, каб супрацьстаяць гэтым незаконным крокам», — заявілі ў знешнепалітычным ведамстве.

У сваю чаргу начальнік штаба сухапутных войскаў Пакістана генерал Камар Джавед Баджва заявіў, што пакістанская армія падтрымае жыхароў індыйскага штата Джаму і Кашмір. «Мы гатовыя да любых дзеянняў для выканання нашых абавязацельстваў», — падкрэсліў генерал. Насамрэч, ваеннае ўмяшанне, прынамсі на цяперашнім этапе, калі Пакістан да яго не гатовы, — поспеху не прынясе і скончыцца разгромам пакістанскіх сіл. Узмацненне падтрымкі сепаратыстаў таксама кардынальным чынам сітуацыю не зменіць. Застаюцца толькі дыпламатычныя варыянты, а іх не так шмат. Прэм'ер-міністр Пакістана Імран Хан заявіў, што адмена Індыяй асаблівага статусу штата Джаму і Кашмір прывядзе да краху міру і стабільнасці ў рэгіёне. Ён заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа рэалізаваць сваё абяцанне выступіць пасярэднікам паміж бакамі канфлікту. Аднак Індыя адхіляе магчымасць удзелу трэцяга боку ў вырашэнні пытання, паколькі лічыць гэта спробай умяшання ва ўнутраныя справы краіны.

Канфрантацыя паміж Індыяй і Пакістанам — дзвюма ядзернымі дзяржавамі — выклікае занепакоенасць у свеце. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш звярнуўся да ўрадаў краін з патрабаваннем «захоўваць максімальную стрыманасць». Сітуацыя вельмі напружаная, відавочна, што кашмірскі канфлікт застаецца адной з найбольш вострых праблем у сучасных міжнародных адносінах і яго ўрэгуляванне — працэс надзвычай няпросты і доўгі.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.