Вы тут

Валерый Дайнэка – пясняр і футбаліст


У рэпертуары саліста «Беларускіх песняроў» ёсць гімн БАТЭ і прысвячэнне паўабаронцу мінскага «Дынама» Аляксандру Пракапенку


Альберт Скараход, Валерый Дайнэка і Анатоль Длускі

Заслужаны артыст БССР, саліст ансамбля «Беларускія песняры» Валерый Дайнэка не толькі цікавіцца футболам, але і сам выходзіць на поле ў складзе зборных зорак шоў-бізнесу. А яшчэ ён запісаў дзве песні, прысвечаныя футбалістам.

— Валерый, як даўно захапляецеся футболам?

— З дзяцінства. Вучоба ў знакамітай адзінаццацігодцы пры кансерваторыі (цяпер — Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) не замінала заняткам спортам. Прафесійна (смяецца — заўв. аўт.) я наведваў секцыю боксу ў «Працоўных рэзервах», а ў футбол ганяў з хлопцамі ў двары.

У маладосці быў фанатам мінскага «Дынама», стараўся не прапускаць хатнія матчы каманды, з некалькімі гульцамі быў знаёмы. У 1977 годзе прыйшоў у «Песняры», а там ужо Саша Дзямешка, Уладзіслаў Місевіч і Валодзя Мулявін мелі вялікі стаж сяброўства з футбалістамі. Не магу сказаць, што ў мяне былі сябры сярод футбалістаў, але шмат хто — прыяцелі. Вельмі прыемныя, кампанейскія людзі, і нават у 1982 годзе, калі яны сталі чэмпіёнамі СССР, ні ў кога не заўважыў «зорнай» хваробы.

— А цяпер заўзятарам якой каманды з’яўляецеся?

 — Тых, якія паказваюць цікавую гульню: «Зеніт», «Спартак», ЦСКА, «Рэал», «Барселона», «Атлетыка», «Баварыя», «Барусія». Стараюся не прапускаць і заўсёды шукаю магчымасць паглядзець гульню першых шасці каманд Англійскай Прэм’ер-лігі. З беларускіх каманд у фаварытах БАТЭ. Больш за тое, мы сябруем калектывамі — «Беларускія песняры» і БАТЭ. Барысаўскія футбалісты 15 разоў станавіліся чэмпіёнамі Беларусі, а мы, мабыць, у 10 канцэртах-ушаноўваннях прымалі ўдзел. Мой сябар Ігар Кушнерскі некалькі гадоў працаваў на заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік», які ўваходзіць у холдынг БАТЭ. Добрыя адносіны былі і са старшынёй праўлення футбольнага клуба БАТЭ, светлай памяці, Анатолем Капскім. Ён стварыў неверагодную каманду!

— Нядзіўна, што менавіта вы выканалі гімн БАТЭ. А як стваралася песня?

 — Быў невялікі кастынг: хто напіша песню. У выніку сышліся на тым, што вершы напісаў вядомы беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк, а музыку — Валодзя Сіманоўскі, сын вядомага бубнача з ансамбля Георгія Гараняна «Мелодыя». Валодзя даўно жыве ў Германіі і цяпер вядомы як Сайман Ноўскі. Я з задавальненнем прыняў прапанову выканаць гімн БАТЭ. Сімпатызую камандзе, ды і родныя мясціны згадваюцца ў песні: Бярэзіна — любімая рэчка, а ў горадзе Беразіно жыве ўся мая радня. Упершыню гімн прагучаў на стадыёне, перад матчам БАТЭ — «Мінск». На памяць у мяне засталіся эмоцыі і фірмовы шалік барысаўскай каманды.

— Новая «футбольная» песня з’явілася не так даўно і прысвечана легендарнаму паўабаронцу мінскага «Дынама» Аляксандру Пракапенку.

— Мне патэлефанаваў яго сын Дзмітрый, які жыве ў Амерыцы. Распавёў, што разам з журналістам Сяргеем Лісічкіным напісаў кнігу пра бацьку, хацелася б яшчэ і прысвяціць яму песню. Цікавіўся, хто можа напісаць, выканаць. Кажу, навошта табе шукаць некага, мы, — «Беларускія песняры», зробім. Тым больш што ў калектыве не толькі я быў знаёмы з Аляксандрам Пракапенкам. Музыку напісаў Аляксандр Кацікаў, ён жа адаптаваў менавіта для песеннага выканання вершы Ігара Піскуна. Песню «Бела-сіняя зорка» мы запісалі практычна з першага дубля. Мне здаецца, атрымалася цікавая і годная работа.

Дзмітрый запрасіў нас на прэм’еру фільма пра свайго бацьку. Дарэчы, з’яўленню гэтага фільма садзейнічаў і дабрачынны матч паміж ветэранамі мінскага «Дынама» і камандай зорак беларускай эстрады. Вельмі добры фільм, шмат новага даведаўся пра лёс Сашы Пракапенкі, якога няма з намі ўжо трыццаць гадоў. А памяць пра яго жыве, і я рады, што разам з калегамі спрычыніўся да гэтага.

— А самі на поле даўно выходзілі?

— Я гуляю ў складзе зборных зорак эстрады Расіі — каманды «Старко» і ў аналагічнай беларускай камандзе «Арт-Старс» (https://art-stars.by/team.html). Балазе, артыстам можна гуляць у абедзвюх камандах. Гуляем мы па-сапраўднаму, я нават атрымаў траўму на полі, пасля якой вырашыў перакваліфікавацца ў заўзятары. Але пару гадоў таму лідар беларускай зорнай зборнай Альберт Скараход угаварыў мяне выйсці на поле. Паколькі я ўжо ўзроставы гулец, то выходжу хвілін на 10-15. Мне падабаецца. У мінулым годзе, дарэчы, праходзіў чэмпіянат свету па футболе сярод артыстаў, і я гуляў за «Арт-Старс». Футбольная каманда артыстаў цікавая яшчэ і тым, што лепш знаёмішся з калегамі, у тым ліку з іх творчасцю.

Усе матчы зорак эстрады завяршаюцца дабрачыннымі канцэртамі, як правіла, на карысць дзяцей, якія маюць патрэбу ў дарагім лячэнні.

Два гады запар «Беларускія песняры» выступалі з сольным аддзяленнем у канцэртах на адкрыцці футбольных турніраў сярод артыстаў. Самае галоўнае ў нашым выпадку — не лік матчу, а каб нашым прыхільнікам было цікава. А добры збор з канцэрта дапаможа ў лячэнні дзіцяці.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Валерыя Дайнэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».