Вы тут

Беларусь зацікаўлена ў інвестарах з Вялікабрытаніі


Падчас работы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёны ГІБ паміж дзвюма краінамі падпісаны мемарандумы аб гандлёва-эканамічным і мытным супрацоўніцтве, пагадненні аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і аб супрацоўніцтве ў аўтамабільных перавозках.


«Дасягнуты сур'ёзны прагрэс у адносінах паміж нашымі краінамі па шмат якіх кірунках. Гэта і міжпарламенцкае супрацоўніцтва, і стасункі паміж міністэрствамі замежных спраў, і дыялог з членамі каралеўскай сям'і», — адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА падчас сустрэчы з Фіёнай Гіб з нагоды завяршэння яе місіі ў Беларусі.

Пасол на пасадзе, якую заняла ў 2016 годзе, шчыльна працавала з беларускімі рэгіёнамі, прасоўвала здаровы лад жыцця. Пры падтрымцы Фіёны Гіб актыўна развівалася супрацоўніцтва ў культурнай і адукацыйнай сферах. Вялікабрытанія дапамагае ў аднаўленні тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, з 2010 года больш за восем тысяч дзяцей прайшлі аздараўленне на астравах.

«Вы зрабілі вельмі добры зачын у Рэспубліцы Беларусь, гэтага да вас не было. Таму будзем імкнуцца не толькі падтрымліваць дасягнуты ўзровень, але і прыбаўляць», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. Ён асобна падзякаваў паслу за падтрымку парламенцкай дэлегацыяй Вялікабрытаніі беларускай рэзалюцыі на апошняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

На думку парламентарыя, тавараабарот паміж краінамі — гэта важна, але дэпутат спадзяецца на дыверсіфікацыю, гандаль новымі таварамі.

«Вельмі важны кірунак — гэта інвестыцыйнае супрацоўніцтва: стварэнне рабочых месцаў, павышэнне ўзроўню жыцця людзей, зарплаты. Таму, зразумела, мы зацікаўлены ў інвестарах у фармацэўтыцы, машынабудаванні, энергетыцы, парку «Вялікі камень». Умовы створаныя, у апошнія гады сур'езна працавалі над нарматыўна-прававымі актамі ў гэтай сферы», — звярнуў увагу Уладзімір Андрэчанка.

Фіёна Гіб у сваю чаргу паведаміла, што ў Вялікабрытаніі расце інтарэс да Беларусі ў плане вядзення бізнесу. Зараз краіны актыўна абмяркоўваюць шырокі спектр ініцыятыў. Міністэрства эканомікі Беларусі зацікаўлена вывучыць брытанскі досвед па падтрымцы малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Распрацоўваецца візіт дэлегацыі ў Вялікабрытанію для навучання і наладжвання кантактаў з калегамі.

«Усе пасольствы Вялікабрытаніі ў краінах Усходняга партнёрства працуюць над тым, каб запрасіць дзве-тры кампаніі са сваіх дзяржаў увосень на роўд-шоу сустрэцца з магчымымі брытанскімі партнёрамі», — праінфармавала дыпламат. Па яе словах, у цэнтры ўвагі — сельская гаспадарка, высокія тэхналогіі і ахова здароўя.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Ад астравоў да цэнтра Еўропы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».