Вы тут

Да канца года інфляцыя стабілізуецца паблізу мэтавага паказчыка ў 5 %


На днях у Нацыянальным банку прайшоў брыфінг па выніках пасяджэння праўлення Нацбанка па грашова-крэдытнай палітыцы. З асноўнымі рашэннямі і прагнозамі рэгулятара журналістаў азнаёміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел КАЛАУР.


Фота БелТА.

Рызыкі росту цэн вышэй за 5 % — малыя

Рост цэн у другім паўгоддзі замарудзіцца. Да канца года інфляцыя стабілізуецца паблізу мэтавага паказчыка ў 5 %, упэўнены Павел Калаур.

— Разам з тым мы не выключаем, што гадавая інфляцыя ў ліпені гэтага года будзе вышэйшыя за ўзровень чэрвеня, — заўважыў старшыня праўлення Нацбанка. — Але гэта абумоўлена эфектам нізкай базы мінулага года. Нагадаю, у ліпені 2018 года было зафіксавана рэкорднае для гэтага перыяду года зніжэнне цэн на плодаагароднінную прадукцыю. Акрамя таго, адбылося змяненне тэрмінаў павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ: у бягучым годзе яно адбылося ў ліпені, у той час як у 2018 годзе павышэнне такіх тарыфаў было ў верасні. Менавіта за кошт гэтых пазіцый мы можам убачыць больш высокія лічбы па інфляцыі ў ліпені гэтага года. У той жа час базавая інфляцыя, паводле нашых ацэнак, працягне зніжацца. У наступныя месяцы інфляцыя будзе запавольвацца і да канца 2019 года складзецца каля 5 %.

Рызыкі росту цэн вышэй за 5 % малыя за кошт нейтральнага ўплыву на дынаміку інфляцыйных працэсаў унутранай эканомікі. Так, нізкаму росту цэн будуць спрыяць зніжэнне інтэнсіўнасці спажывецкага крэдытавання, а таксама той факт, што рост заробкаў, як плануецца, будзе заснаваны на павышэнні прадукцыйнасці працы.

Таксама Нацбанк чакае, што паступленне новага ўраджаю дасць магчымасць нівеліраваць рост харчовых цэн другой паловы мінулага года і знізіць верагоднасць узнікнення кан'юнктурных шокаў у найбліжэйшай будучыні.

Павел Калаур адзначыў і зніжэнне знешніх праінфляцыйных рызык, асабліва на кароткатэрміновым гарызонце. «У першую чаргу гэта датычыцца Расіі, дзе сфарміравалася ўстойлівая тэндэнцыя да запаволення інфляцыі. Банк Расіі палепшыў прагноз па росце спажывецкіх цэн, што дазволіла яму ў ліпені бягучага года чарговы раз знізіць ключавую стаўку», — сказаў Павел Калаур.

І ЗША, і Еўрапейскі цэнтральны банк таксама заявілі пра змякчэнне манетарнай палітыкі на фоне паслаблення інфляцыйнага ціску і запаволення сусветнай эканомікі.

Тэндэнцыя змяншэння праінфляцыйнага ўплыву знешніх фактараў на ўнутраныя цэны захаваецца і ў сярэднетэрміновым перыядзе, лічаць у Нацбанку. Усе гэтыя фактары ў сукупнасці прадвызначылі, па словах Паўла Калаура, рашэнне праўлення Нацыянальнага банка аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання на 50 базісных пунктаў.

Стаўкі па крэдытах могуць нязначна вагацца

Варта адзначыць, што новая стаўка рэфінансавання, анансаваная Нацбанкам 7 жніўня, зніжана да рэкордна нізкага ўзроўню — з 10 % да 9,5 % гадавых. Яшчэ ні разу за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі стаўка рэфінансавання не апускалася ніжэй за 10 %.

Як гэты крок адаб'ецца на працэнтных стаўках па крэдытах? Павел Калаур лічыць, што з улікам зніжэння стаўкі рэфінансавання цяпер будуць зніжацца і стаўкі па крэдытах на жыллё. Разам з тым прадстаўнік Нацбанка адзначае, што працэнтныя стаўкі на рынку залежаць ад рызык. Таму ў будучыні магчымыя невялікія ваганні ў абодва бакі. «Гэта нармальны стан рынку», — лічыць ён.

Тэмпы росту спажывецкага крэдытавання замарудзяцца

Нацыянальны банк чакае запаволення тэмпаў росту спажывецкага крэдытавання. Гэта павінна адбыцца нават пры зніжэнні ставак на грашова-крэдытным рынку і будзе звязана з комплексам мер, накіраваных на мінімізацыю сістэмнай рызыкі фінансавага сектара. Таксама, па словах Паўла Калаура, мае месца і насычэнне попыту.

Спажывецкае крэдытаванне, паводле яго слоў, пры гэтым не знізіцца, гэта значыць яно працягне нарастаць, але не тымі тэмпамі, якія назіраліся раней.

Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка Дзмітрый МУРЫН адзначыў, што дадатковыя меры для стрымлівання спажывецкага крэдытавання цяпер не разглядаюцца. А сярод прычын яго запаволення назваў, акрамя іншага, вычарпанне эфекту нізкай базы. «Да 2017 года крэдытаванне было стабільным, не нарастала, потым пачаўся бурны аднаўленчы рост. Па мінулым годзе быў прырост 45 %, зараз ён запаволіўся да 34 %», — заявіў Дзмітрый Мурын.

Прадстаўнікі Нацбанка таксама заявілі аб тым, што бурнае развіццё картаў растэрміновак сябе вычарпала.

Усе адміністрацыйна рэгуляваныя цэны будзе ўзгадняць МАРГ

У тым ліку гэта датычыцца і цэн на паліва. Ужо цяпер усё павышэнне цэн ідзе непасрэдна праз Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Выключэннем былі цэны на паліва. «Зараз падрыхтавана рашэнне, і калі яно будзе прынята, у наступным усё павышэнне рэгулюемых цэн будзе праходзіць выключна толькі праз МАРГ», — заявіў Павел Калаур.

— Гэта прынцыповая пазіцыя і непасрэдна МАРГ, і Нацыянальнага банка. Мы глыбока перакананыя, што ўсё павінна быць у адных руках, павінна быць забяспечана каардынацыя дзеянняў як мінімум у рамках прагнозаў і разлікаў з боку Нацыянальнага банка і МАРГ, — сказаў старшыня праўлення Нацбанка. Канчатковае рашэнне гэтага пытання застаецца за кіраўніком дзяржавы.

Бюджэт 2020 года закладзены з дэфіцытам

Бюджэт 2020 года будзе сфарміраваны з дэфіцытам у 1,3 млрд рублёў, паведаміў на брыфінгу намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей КАЛЕЧЫЦ. Але нейкага ўплыву на ўзмацненне інфляцыі, паводле яго слоў, пры гэтым не чакаецца. Гэта звязана з тым, што такі дэфіцыт закладзены не з-за апераджальнага росту расходаў бюджэту, які мог бы паўплываць на інфляцыю, а, хутчэй, у сувязі са змяненнем даходнай часткі, паколькі бюджэт вярстаецца з базавага, гэта значыць дастаткова кансерватыўнага развіцця эканомікі. Там закладваюцца асцярожныя падыходы і магчымасць неатрымання шэрагу валютных паступленняў, якія былі раней.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Інфляцыя — не больш за 5 %?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.