Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Два чароўныя словы

Рвуцца маладыя некуды за мяжу, нібы там дык мёдам намазана. Ага, зараз! Я ніколі ў гэта не верыў, а калі б нехта сказаў, што паеду сам, дык, відаць, і пабіў бы! Аднак жыццё мудрэйшае, і яно, бывае, скруціць нас так...

Першай і некалі даўно ў Германіі апынулася мая сястра. Яны з мужам рэдкія працаголікі і прадпрымальнікі. У Беларусі (а тым больш на пачатку перабудовы) ім вельмі цесна было.

Не адразу, вядома ж, развярнуліся і там, на чужыне (ліха, як той казаў, хапілі напоўніцу), але ўрэшце ўсё ўладкавалася, утрэслася — зажылі. А вось у мяне — якраз наадварот: усё пайшло наперакос, і на роўнае ну ніяк не вывернуць...

Што заставалася: прыняў запрашэнне сястры — паехаў. Не на голае месца, як быццам, — да сваіх: мне было дзе жыць, дзе працаваць. А ўсё роўна адчуваў сябе, як тая рыба на беразе: ні сям'і, ні радзімы... І без мовы — нібы аглушаны. Некалькі слоў па-нямецку ведаў: «Гітлер капут!», «Хэндэ хох!», «шлехт» — дрэнна, «гут» — добра, «данке» — дзякуй. А галоўнае, што нейкія новыя і вучыць не хацеў! Ну, не лезлі яны ў галаву, пакуль...

У тую раніцу, працуючы на чарговым аб'екце, мы з сястрой — будаўнікі найшырэйшага профілю — згледзелі, што ў пустуючым доме насупраць адчыненае акно. Першая думка была: нехта залез. Таму Галя на ўсякі выпадак набрала нумар паліцыі.

Спрацавала яна досыць хутка: да ўвахода ў дом падкаціла машына, з яе выскачылі двое — мужчына і жанчына ў паліцэйскай форме, абышлі пабудову, агледзелі.

Карацей, як для мяне, дык нічога цікавага: я працую сабе далей (якраз шрубакрут у руках), але ж бачу, што тая жанчына з паліцыі крочыць да нас, чую, што аб нечым размаўляе з сястрой (я, вядома ж, нічога не разумею) і сыходзіць — праўда, ужо з малатком (Галя, відаць, удружыла). Думаю сам сабе: «Бабскі розум: ну, трэба вам тое акно забіць, дык паклічце мужчыну, ці хоць падумайце, як? Бо яно ж калі цвік у раму заганяць малатком, — то альбо шыба на друз, альбо рама на трэскі... Прычым — з першага ўдару.

Што было рабіць? Хуценька ўзяў самарэз (хто не ведае — шрубка такая, укручваецца адвёрткай ці шрубакрутам), ля дома ўжо «дагнаў» паліцыянтку, ветліва адхінуў ад акна, прыставіў самарэз да рамы, шрубакрутам — ж-ж-жык і  акно забітае.

— Гут? — пытаю ў жанчыны.

А тая, чую, нешта гергеча, гергеча, прычым так абурана!.. Трэба разумець, не падабаецца ёй мая работа? Ага — думаю, — ты б зараз лепей зрабіла...

Хацеў ужо развярнуцца ды пайсці — не пусціла: паклала руку на плячо, павярнула тварам да іншага акна і...

Толькі тут я ўбачыў, што за ім, у адным з пакояў, яе... напарнік стаіць (залез, відаць, каб праверыць, ці няма каго ўнутры), што ён таксама рукамі размахвае ды нешта лапоча.

Я «з разгону» хацеў пажартаваць: маўляў, папаўся жучка ў панскую ручку і хэндэ хох цяпер... Але ж — добра — паспеў апомніцца — прыкусіў язык, а то яны б зараз разабраліся, хто тут жучка... Ды паслалі — назад у Беларусь. А так...

Прыйшлося скарыстацца шрубакрутам яшчэ раз: выкруціць самарэз, адчыніць акно (выпусціць «на свабоду» паліцэйскага, папрасіць прабачэння), потым — зноў зачыніць...

І вось тут ужо пачуць і шчырае «данке!», і «гут». Пасля якіх (і наогул гэтай «сутычкі» з паліцыяй) сталі неяк запамінацца іншыя словы — стала засвойвацца мова. Страшна толькі пачаць. Страшна з'ехаць. Хоць лепей было б застацца.

П. Л., г. Лейпцыг.


Калі збываюцца мары...

sotvorenie.ru

Ліпень, жнівень — гарачая пара, прычым не толькі для хлебаробаў — для ўчарашніх выпускнікоў. Адны экзамены здадзены, а вось другія...

Помню, як збіраўся паступаць у БДУ я сам, помню, як не пашчасціла, пасля чаго было прафтэхвучылішча, тэхнікум з адзнакай, інстытут, можна сказаць, з чырвоным дыпломам (трэба было выправіць адну адзнаку, але я не захацеў... Не маё гэта)

І вось праз трыццаць гадоў гісторыя як бы паўтараецца: ва ўніверсітэт сабралася мая дачка, мы разам пайшлі ў школу па характарыстыку.

Дырэктар, вядома ж, напісала яе — усё як належыць, але ўручаючы, не змаўчала: сказала, што конкурс вельмі вялікі, што каб яго, вось гэткі прайсці, патрэбна сур'ёзная падрыхтоўка, грунтоўныя веды. «Так што ты, — сказала дачцэ, — відаць, не паступіш... Але ж нічога — пойдзеш вучыцца ў каледж».

Карацей, і блаславіла нас, і суцешыла, праўда, ненадоўга: на дарогу дадому. А ўжо там — мора слёз і роспач!

Цяжка прыйшлося дачцэ ды і мне, як бацьку, бо я заўсёды вучыў, каб гналася болей за ведамі, а не за адзнакамі, каб мела няхай і «чацвёркі» (пры пяцібальнай сістэме), але такія, каб «выдатніцы» ім зайздросцілі.

Дачка ды і наогул дзеці мае ў школе вучыліся добра: з тымі ведамі маглі паступаць далей. А тут вось гэткі наказ...

І нават не адзін: у раённым аддзеле адукацыі не аказалася накіравання на патрэбную нам «гісторыю і беларускую мову».

— А на якія факультэты, — цікавімся, — ёсць?

— На нямецкую і англійскую мовы.

— Будзем браць? — пытаю ў дачкі.

— Будзем, — згаджаецца яна.

— Але ж вы, — ёй падказваюць, — будзеце другой. Першай ідзе іншая дзяўчынка з сельскай школы, удзельніца алімпіяд...

— Нічога, хай абедзве ідуць, — гэта я ўжо кажу, — «на конкурснай аснове».

Хоць-нехаць, але ж тое накіраванне далі.

Да паступлення заставаўся месяц, цягам якога мы «патрэніраваліся» на пробным тэсціраванні па беларускай мове і павучыліся на курсах нямецкай... Аднакласніца-выдатніца не пазычыла, пашкадавала непатрэбны ёй падручнік па гэтым прадмеце, затое «немка» дала дачцэ дзве старэнькія кніжкі ды пажадала поспеху...

І ён, дзякуй богу, нам спадарожнічаў: тое, што некалі не збылося ў мяне, спраўдзіла мая дачка: паступіла, адвучылася і (мела рацыю дырэктар школы!) прыйшла ў педагагічны каледж — на працу ў якасці выкладчыцы!

...Вось такая атрымалася гісторыя. Не вельмі смешная? Але ж праўдзівая. І сведчыць яна аб тым, што «калі хворы захоча жыць, — медыцына бяссільная». Гэта значыць, калі хлопец ці дзяўчына па-сапраўднаму хоча недзе вучыцца, то абавязкова паступіць!

Аляксандр Матошкав. Янкавічы, Расонскі раён

 


Прэзент для шаноўнай госці

Мяняюцца часы, а з імі — і завядзёнкі. Некалі, напрыклад, дома святкавалася ўсё, пачынаючы з хрэсьбін, а цяпер — навошта, калі без праблем, як той казаў, можна залу зняць, сталы накрыць, пасадзіць за іх хоць 20, хоць 200 чалавек, накарміць, напаіць і спаць палажыць, само сабою — гулі-скокі наладзіць... (Чула, што за грошы нават бойку можна заказаць: прыедзе спецыяльна абучаны люд ды ўсё вам зробіць. Гэта значыць, і прычыну дарэчную знойдзе, і «чайнікі начысціць» — за дадатковую плату і калі трэба, —
дык нават па-даросламу... Анекдот у тэму: вяселле магло абысціся без бойкі, калі б маладыя не сталі адкрываць падораныя ім канверты).

...На тым вяселлі, дзе я была, канвертаў таксама не адкрывалі, так што ніхто не пабіўся. Госці па першай, другой «накацілі», добра пад'елі, павесялелі, нават «параднелі», як быццам...

Танцы, гляджу, пачаліся — дваякія. Першы варыянт — пары пад музыку топчуцца, нібы стоячы спяць, а ў канцы — узаемна дзякуюць: ты, маўляў, класна танцуеш! Другі варыянт — нібы афрыканскае племя ў скокі выйшла — без коп'яў з бантамі, але ў экстазе... Ці ў сутаргах...

Карацей, пакуль назірала, Задорнава ўспомніла. Ён неяк таксама ўбачыў падобнае ды задумаўся: ну, няўжо ў людзей нічога свайго не засталося — славянскага? А затым падышоў да музыкаў, замовіў «Барыню» і...

Чароўная сіла ў мастацтва: тут жа абудзіў нацыянальную свядомасць у тым сэнсе, што людзей, нават важных дзядзькоў, стала не пазнаць! Яны такія каленцы выкідвалі, — свет не бачыў!.. А нейкі мацак дык і зусім «у вобраз» увайшоў: песню пра «Сценьку Разіна» заспяваў, акно расчыніў і адну з цётак (не помню сваю, ці чужую?) на вуліцу выкінуў.

Зрэшты, гумарыст, можа, і перабольшваў...

А з іншага боку ад славян чаго заўгодна можна чакаць.

Вось і я, па прыкладзе Задорнава, рушыла да музыкаў, замовіла полечку.

«Урэзалі» хлопчыкі будзь здароў!

Праўда, рэзкага ўзлёту свядомасці я неяк не заўважыла: танец усё роўна атрымаўся хутчэй афрыканскі...

Таму «Сценьку Разіна» замаўляць не стала, бо раптам нехта з мужчын — ці жанчын — разыдзецца ды шпульне каго ў акно, а за ім, як вядома, Дняпро... Знясе ж чалавека як піць даць!..

Але я ўсё роўна сабой паганарылася, бо, па-першае, танец замовіла, падарунак маладым пакінула, — можна, значыць, і дадому збірацца, бо гуляка з мяне, шчыра кажучы, неважнецкі, амаль як Хведзька (гэта ў нас адзін дзядзька некалі, ідучы з вяселля, жывот свой гладзіў ды казаў, што нагуляўся дык нагуляўся: «апрыходаваў» літру самагонкі і пяць місак халоднага).

Вось і я, значыць, стала манаткі збіраць. «Ой, вы так рана, — засмуцілася гаспадыня. — А мы ж не ўсё падалі яшчэ... Ну тады я з сабою вам пакладу».

«Адбівацца» ад гэтага я не стала, бо такая завядзёнка ў нас была і ёсць: прыняла досыць важкі пакет, села ў «карэту» (сам жаніх пасадзіў, як барыню) і гайда дахаты.

Парог пераступіла і думаю: вось і ўсё — уражанні ад вяселля на гэтым скончаны. Засталося хіба што пакет разабраць. Адкрываю, а там...

Зноў жа адзін наш дзядзька казаў, «і цыбулі, і ўсяго-ўсяго!» А галоўнае — бохан... хлеба. Справа ў тым, што за сталом ён далекавата
стаяў — разоў колькі прасіла, каб мне падалі. Вось гаспадыня і падумала, што хлеб — для мяне найлепшы пачастунак, што ён — найболей патрэбен. Дагадзіла, карацей. І тым самым павучыла: зараз, калі нейкая бяседа надарыцца, я буду прасіць, каб падалі каньяку ды бутэрбродаў з ікрой. Можа, іх тады і з сабой атрымаю — замест простага хлеба...

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.

P.S. А на тым вяселлі, як назаўтра дазналася, пасля майго ад'езду гармонік з'явіўся (значыць, не ўсё мяняецца — нешта застаецца!). І пад яго ўжо і скакалі, і спявалі...

Выходзіць, паспяшалася я дадому — рана з'ехала, а то б, можа, нешта сыграла і нават спела — тую ж «Зялёную вішню».

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.