Вы тут

Чым займаюцца актывісты ў вёсцы Новае поле


Гісторыю можна вывучаць, а можна яе аднаўляць і працягваць, як актывісты з вёскі Новае Поле, што ў Мінскім раёне. А ў гэтага населенага пункта сапраўды цікавае мінулае.


Маёнтак у розныя часы належаў розным знакамітым асобам: Агінскім, Сялявам. Апошнія яго гаспадары — князі Друцкія-Любяцкія, пры якіх тут жыло крыху больш за дзясятак чалавек. А сёння ў вёсцы налічваецца амаль тысяча жыхароў, і з кожным годам населены пункт прырастае навасёламі. Хтосьці купляе дом і пераязджае на лета з Мінска, а нехта — на пастаяннае месца жыхарства. Іншы атрымлівае ўчастак і будуе ўласнае жыллё. Аб'яднаць людзей розных узростаў, поглядаў, інтарэсаў у адну дружную сям'ю, грамадскую супольнасць імкнуцца актывісткі Любоў Ермакова і Дар'я Чыбуева. Менавіта ім належыць ініцыятыва зрабіць свой кут утульным, камфортным для жыцця культурным цэнтрам.

— Мы не згодныя з думкай, што ўдасканальвацца можна ў горадзе, а ў вёсцы толькі дэградаваць, — лічыць Любоў Ермакова. — Па сутнасці, гэта дыскрымінацыя па прыкмеце месца жыхарства. У сельскай мясцовасці людзі таксама маюць права на тое, каб культурна адпачываць, развіваць спадчыну, што засталася ад продкаў.

— Мы не маглі ў Год малой радзімы стаяць убаку ад агульнадзяржаўных задач і актыўна ўключыліся ў работу па зборы, апрацоўцы, сістэматызацыі гістарычных матэрыялаў. І на іх аснове ствараем пазнавальныя культурныя аб'екты, — уступае ў размову мастачка Дар'я Чыбуева. — Разам з жыхарамі распрацавалі лагатып вёскі, эскіз сцяга, за аснову ўзялі вежу сядзібы Друцкіх-Любяцкіх, з якой месцічы атаясамліваюць сваю вёску. У выніку сумеснай работы з'явіўся дызайн карты мястэчка, сабрана гістарычная інфармацыя, зарэгістраваны ўласны сайт і створаны старонкі ў сацыяльных сетках. І ўсё гэта за адзін толькі год! Але мы хочам як мага больш пашырана і дасканала прадставіць наша мінулае, расказаць пра таленавітых людзей, рамеснікаў, мясцовыя традыцыі, прадпрыемствы і арганізацыі.

Дар'я падводзіць нас да стэнда, які знаходзіцца ў гістарычным цэнтры вёскі.

— Каб паставіць яго, мы паўгода хадзілі па кабінетах. Аказалася, праблематычна. Адзін участак зямлі належыць сельскагаспадарчаму каледжу. Іншы — магазіну. Ледзьве знайшлі маленькі «нічыйны» пятачок. Стэнд будзе ўтрымліваць інфармацыю пра гэтую сядзібу, яе апошняга гаспадара Іераніма Друцкага-Любяцкога — надзвычай цікавага чалавека, які валодаў журналісцкім талентам, пісаў п'есы. Адну з іх мы планавалі паставіць на сцэне, якую збіраліся ўзводзіць. Але ж нашым марам не давялося здзейсніцца.

Справа ў тым, што актывісты расчысцілі стары парк, які ніхто ніколі не прыбіраў. Вывезлі не адзін прычэп смецця, часткова выраўнавалі тэрыторыю, а сельсавет абкасіў траву. Тут планавалася дзіцячая пляцоўка, але зрабіць яе не дазволілі, бо побач дарога: небяспечна для малых. Таму вырашылі паставіць крытую альтанку-сцэну, дзе меркавалася ставіць спектаклі, ладзіць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, выстаўкі, праводзіць паказ работ рамеснікаў, бо ў вёсцы ёсць свае народныя ўмельцы, мастакі. Грошы на яе ўзвядзенне вылучыў Фонд мясцовых супольнасцяў. Задумвалася, што сцэна будзе выкладзена 120 пліткамі і ўсе ахвотныя жыхары аздобяць іх каменьчыкамі і нават гербамі свайго роду, сям'і, калі такія ёсць. Але на ўзвядзенне аб'екта атрымаць дазвол не змаглі, бо ён лічыцца капітальнай канструкцыяй. На гэтым месцы правялі святы «Калядкі ў парку», «Гарбузы і слімакі Новага Поля». Зразумела, што гарбузы вырошчвае шмат хто ў вёсцы. А пры чым тут слімакі? Аказваецца, князі Друцкія-Любецкія трымалі цэлую ферму вінаградных слімакоў. І гэтыя бесхрыбетныя з таго часу жывуць тут і, больш таго, распаўсюдзіліся па ўсім наваколлі. Таму слімаковыя бягі сталі сапраўдным відовішчам і для малых, і для старых. У планах актывістаў выпечка здобных булак, якія формай нагадваюць слімака.

У самым разгары і работы па ўзвядзенні хаткі творчасці. З адводам зямлі пад яе было таксама шмат праблем. Дар'я Чыбуева дазволіла паставіць збудаванне на тэрыторыі, якая належыць яе сям'і, літаральна ў агародзе.

У Новым Полі няма ні клуба, ні бібліятэкі. І гэтая хацінка стане цэнтрам адпачынку, творчасці, культуры, які аб'яднае па інтарэсах людзей рознага ўзросту. Актывісты тут плануюць ладзіць мастацкія выстаўкі, майстар-класы, «смачныя» вечарыны. Напрыклад, уладальнікі адной з аграсядзіб пякуць хлеб па старадаўніх рэцэптах, фірменную піцу. Яны ўжо праводзілі для землякоў бясплатную дэгустацыю. Ёсць людзі, якія вырабляюць сыры з казінага малака. Наогул у вёсцы шмат хто валодае рознымі відамі рамёстваў, якія перадалі продкі, і гатовы падзяліцца майстэрствам.

Вядома, большая частка мясцовых жыхароў падтрымліваюць актывістаў. На іх баку і старшыня Гаранскага сельвыканкама Вольга Антоненка. Менавіта яна актыўна ўдзельнічае ў суботніках поплеч са сваімі землякамі, падтрымлівае іх намаганні. На жаль, знаходзяцца і тыя, хто супраць маладых задзірыстых хлопцаў і дзяўчат: маўляў, чаго ім больш за ўсіх трэба, навошта бударажыць ціхае вясковае жыццё?!

Тым не менш у вёсцы адчуваюцца перамены. На выездзе з населенага пункта паставілі папераджальны знак аб небяспечным павароце, уладкавалі праход да дзіцячага сада. Непасрэдна на агульных сходах жыхароў выяўляюцца праблемы, прымаюцца звароты ў розныя інстанцыі. Напрыклад, на адным такім народным вечы было прынятае рашэнне талакой узяцца за добраўпарадкаванне мястэчка. На яго нават запрашалі экспертаў па сельскім развіцці. Пачаць вырашылі з выхавання культуры — культуры навядзення парадку на зямлі, быту, паводзін. А праблем сапраўды хапае: няма крытага прыпынку для транспарту, тратуараў або хоць адсыпаных бакавых дарожак — і гэта небяспечная сітуацыя. Вядома, не ўсё могуць зрабіць актывісты. У многіх пытаннях ім неабходна прафесійная дапамога. Разам з тым шмат што ім пад сілу, толькі б не ставілі бар'еры і не перашкаджалі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Гарбузы і слімакі Новага Поля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».