Вы тут

Андрэй Грамыка. Новыя факты з біяграфіі


Знакаміты ўраджэнец Гомельшчыны быў адным з найвядомых палітыкаў Савецкага Саюза


Урачыстасць ля помніка А. Грамыку ў Гомелі.18 ліпеня 2019 г.

Андрэй Грамыка звыш 28 гадоў (1957–1985) быў міністрам замежных спраў Савецкага Саюза, у той час адной з дзвюх “звышдзяржаў” свету. Ніводзін іншы наш зямляк не ўваходзіў у склад Палітбюро ЦК КПСС так доўга, як ён: 15 гадоў (1973–1988). Працаваў і першым намеснікам старшыні Савета Міністраў СССР (1983–1985). Пра тое мы згадваем у пару, калі адзначаюцца 110‑я ўгодкі земляка — ён нарадзіўся 18 ліпеня. Быў не проста савецкім партыйным і дзяржаўным дзеячам: Андрэй Грамыка — двойчы Герой Сацыялістычнай Працы. Яшчэ пры жыцці стаў, пэўна ж, найвядомым у свеце ўраджэнцам Беларусі. Дарэчы, на факультэце міжнародных адносін БДУ пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 8 верасня 1999 года ўстаноўлена стыпендыя імя Андрэя Грамыкі.

Гісторыкі дыпламатыі лічаць яго адным з самых унікальных дыпламатаў ХХ стагоддзя. Генры Кісінджэр, экс-дзяржсакратар і адзін з найвядомых і таленавітых амерыканскіх дыпламатаў, гаварыў, што весці перамовы з міністрам замежных спраў СССР Андрэем Грамыкам, не валодаючы дэталямі праблемы, было б раўназначна самазабойству. У чым жа сутнасць, асаблівасці яго дыпмайстэрства? Кажуць, ён пазбягаў імправізацый, выконваў інструкцыі, раней складзеныя самому сабе. На стале клаў папку з дырэктывамі, аднак адкрываў яе толькі тады, калі гаворка ішла пра нейкія тэхнічныя падрабязнасці, напрыклад, у працэсе раззбраення, і таму патрэбна было зверыцца з лічбамі. Астатнюю неабходную інфармацыю трымаў у галаве, што адрознівала яго ад амерыканскіх візаві, якія свае важныя пасажы зачытвалі з паперак. А напярэдадні візіту Грамыка дэталёва вывучаў асобу, біяграфію партнёра па перамовах, імкнучыся зразумець яго шляхі правядзення размовы і ўменне палемізаваць. Наводзіў даведкі аб яго персоне ў падначаленых дыпламатаў. Грамыка нядрэнна ўспрымаў англійскую мову, аднак заўсёды настойваў на перакладзе — і выйграваў дадатковы час для роздуму, абдумвання адказу.

Малавядомыя старонкі з біяграфіі

Андрэй Грамыка на марках Беларусі і Расіі

Пасля смерці Андрэя Грамыкі (2 ліпеня 1989 г., Масква) прайшло 30 гадоў. Выйшлі два выданні двухтомніка яго мемуараў “Памятное” (М., 1988, 1990). Аднак яшчэ не створана поўная, дакладная біяграфія славутага земляка. Аналізуючы малавядомыя старонкі яго жыцця і дзейнасці, бачым: нават у энцыклапедычных і даведачных выданнях Расіі, Беларусі пра яго лёс ёсць сур’ёзныя фактычныя памылкі. Напрыклад, у кнізе Джын Вронскай і Уладзіміра Чугуева “Кто есть кто в России и бывшем СССР” (М., 1994. Пер. з англ.) ёсць радкі: “Громыко Андрей Андреевич… Ветеран-министр иностранных дел СССР (около 40 лет)… Окончил Экономический институт в 1932, затем — Минскую сельскохозяйственную техническую школу”. У біяграфічным энцыклапедычным слоўніку Канстанціна Залескага “Империя Сталина” (М., 2000.) чытаем: “… получил образование в Минском сельскохозяйственном институте (1932)… Автор мемуаров «Дело всей жизни»”. На самой жа справе аўтар такіх мемуараў — Маршал Савецкага Саюза Аляксандр Васілеўскі. У “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (Т. 3. Мн., 1996) напісана, што Грамыка “скончыў эканамічны інстытут”. А ў электроннай “Вікіпедыі” ўвогуле чытаем: “Андрей Громыко… В 1931 году поступил в Белорусский государственный институт народного хозяйства”.

А як было на самой справе? Мы ведаем, што нарадзіўся дыпламат 5 (18) ліпеня 1909 года ў вёсцы Старыя Грамыкі, гэта быў на той час Гомельскі павет, Магілёўская губерня Расіі. Пасля заканчэння 7‑гадовай школы Андрэй Грамыка вучыўся ў прафесійна-тэхнічнай школе ў Гомелі, затым — у Старабарысаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. І мала хто ведае: быў там і выкладчыкам. Вось фрагмент з успамінаў яго дачкі, Эміліі Андрэеўны Грамыкі-Пірадавай: “Мама решила навсегда остаться в городе (Мінску. — Э. І.). Она уехала в г. Борисов учиться по путёвке комсомола. Там открылись сельскохозяйственные курсы и сельскохозяйственный техникум… Мама поступила в сельскохозяйственный техникум… В техникуме мама встретила папу. Он там работал преподавателем…” (Э. А. Грамыка-Пірадава “А. А. Громыко и век перемен”. — 2009, С. 65). А ці паступаў Грамыка ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, ці “закончыў эканамічны інстытут” у Мінску? Не, бо першы быў адкрыты толькі ў 1933 годзе, а эканамічнага інстытута ў Мінску ніколі не было. Хучэй за ўсё гаворка ідзе пра Інстытут эканомікі Беларускай акадэміі навук, які адкрыўся ў сакавіку 1931 года.

Нельга не згадзіцца з вучоным-гісторыкам Віктарам Шадурскім, які падзяліў біяграфію Андрэя Грамыкі на чатыры этапы: першы — станаўленне і сталенне, якія галоўным чынам звязаныя з Беларуссю, другі — яго актыўны ўдзел ў стварэнні ААН і вырашэнні пытання аб уключэнні БССР у склад дзяржаў-заснавальніц гэтай міжнароднай арганізацыі, трэці — кантакты з Беларуссю ў перыяд яго працы на пасадах міністра замежных спраў СССР і старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, і нарэшце, чацвёрты этап — ушанаванне памяці пра Андрэя Грамыку ў Беларусі. Варта яшчэ дадаць: найбольш актыўныя сувязі дыпламата з роднай Беларуссю праяўляліся ў яго дэпутацкай дзейнасці. Ад БССР ён выбіраўся ў склад Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР цягам 31 года (у 1958–1989), 5‑га — 11‑га скліканняў.

4 сакавіка 1958 года ў Беларусі была надрукавана кароткая біяграфія кандыдата ў дэпутаты — міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыкі. У ёй чытаем: з 1929 па 1932 гады ён вучыўся ў сельскагаспадарчым тэхнікуме і на вышэйшых сельскагаспадарчых курсах у Барысаве (“Советская Белоруссия”, 4 сакавіка 1958 г.). Аб вучобе ж яго на Вышэйшых сельскагаспадарчых курсах у Барысаве дагэтуль ніколі не гаварылася.

7 сакавіка 1958 года ў Вілейскім раённым Доме культуры адбылася сустрэча прадстаўнікоў выбаршчыкаў Маладзечанскай выбарчай акругі з Андрэем Грамыкам. На сустрэчу разам з міністрам прыехаў першы сакратар Маладзечанскага абкама партыі Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, які балаціраваўся па той жа акрузе ў Савет Нацыянальнасцяў. Пра дзейнасць Андрэя Андрэевіча расказаў парторг саўгаса “Вязынь” Вілейскага раёна Малікаў. Потым з вялікай прамовай выступіў сам Грамыка. Калі аўтар гэтых радкоў праз чвэрць стагоддзя, у 80‑х, выступаў з лекцыяй аб міжнародным становішчы ў СССР па лініі Мінскага абласнога таварыства “Веды”, то некаторыя слухачы ўспаміналі пра тую прамову.

Праз некалькі гадоў пасля таго выступлення ў Вілейцы Андрэй Андрэевіч яшчэ раз прыязджаў у той жа ДК на сустрэчу з выбаршчыкамі. Яго выступленне працягвалася паўтары гадзіны. Пасля чаго Андрэй Андрэеевіч выйшаў на балкон. Яго віталі тысячы жыхароў горада і навакольных вёсак, якія сабраліся на плошчы перад Домам культуры.

Андрэй Грамыка

У лютым 1962 года Грамыка быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты ВС 6‑га склікання па Гомельскай гарадской выбарчай акрузе № 610 (у яе ўваходзілі частка Гомеля, Чачэрскі, Добрушскі і Веткаўскі раёны). Вылучэнне адбылося на агульным сходзе ў калгасе “Кастрычнік” Веткаўскага раёна. На сходзе ў падтрымку земляка выступілі аграном А. Кончыц, старшыня калгаса В. Сабалеўскі ды іншыя жыхары вёскі.

На выбарах у ВС СССР 7‑га склікання, якія праходзілі 12 чэрвеня 1966 года, Андрэй Грамыка балатаваўся па Мінскай сельскай выбарчай акрузе, а гэта Мінскі, Бярэзінскі, Пухавіцкі і Чэрвенскі раёны. Рашэнне памяняць акругу ў Гомельскай вобласці, на малой радзіме міністра, на акругу ў Мінскай прымалася ў ЦК КПСС. Што было таму прычынай? Пакуль невядома.

Сустрэча Андрэя Грамыкі з выбаршчыкамі праходзіла 1 чэрвеня 1966 года ў Палацы культуры камвольнага камбіната. Там жа была сустрэча і ў час выбарчай кампаніі 29 мая 1970 года ў ВС СССР 8‑га склікання. Мне згадваецца, як бацькі мае, жыхары г. Беразіно Мінскай вобласці, ганарыліся: 12 чэрвеня 1966 года ідуць галасаваць за міністра замежных спраў СССР Грамыку.

У красавіку 1973 года Пленум ЦК КПСС абраў Андрэя Грамыку членам Палітбюро ЦК КПСС. Яго выступленне 10 чэрвеня 1974 года перад выбаршчыкамі Мінскай гарадской выбарчай акругі № 2 у Акружным Доме афіцэраў стала найбольш вядомым. Было цалкам надрукавана ў цэнтральным, рэспубліканскім і мясцовым друку. Тады Андрэй Андрэевіч у Мінску быў два дні, правёў нараду з партыйна-дзяржаўным кіраўніцтвам рэспублікі, наведаў ВА “Інтэграл” і мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

У наступны раз Грамыка сустрэўся з жыхарамі Мінска — сваімі выбаршчыкамі ў лютым 1979 года ў Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета БССР. Тады ён быў абраны членам двух прэзідыумаў: ганаровага (Палітбюро ЦК КПСС) і рабочага.

Апошняя выбарчая кампанія, якая праходзіла ў савецкай традыцыі, адбылася 4 сакавіка 1984 года. Грамыка прыляцеў у Мінск 27 лютага і ў той жа дзень сустрэўся з выбаршчыкамі Мінска-Маскоўскай выбарчай акругі. Сустрэчу адкрыў рэктар Беларускага дзяржуніверсітэта Леанід Іванавіч Кісялеўскі ў якасці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета. Ён коратка ахарактарызаваў дзейнасць дыпламата на міжнароднай арэне. Мне ж, у той час дацэнту Мінскага педінстытута імя А. М. Горкага, лектару-міжнародніку таварыства “Веды”, давялося быць на той сустрэчы. Многія выбаршчыкі не хавалі свайго гонару, што беларуская зямля нарадзіла такога славутага чалавека.

На вокладцы часопіса Time

2 ліпеня 1985 года па прапанове Міхаіла Гарбачова Андрэй Грамыка быў абраны Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Праўда, многія жыхары Беларусі добра ўсведамлялі, што новае прызначэнне азначала хутчэй за ўсё ганаровую адстаўку кіраўніка знешнепалітычнага ведамства краіны. А для пераважнай большасці з іх сталі нечаканасцю некаторыя дэталі яго афіцыйнай біяграфіі, надрукаваныя 3 ліпеня 1985 года. У прыватнасці, адзначалася, што Андрэй Грамыка з’яўляецца рускім па нацыянальнасці. Хоць 23 гады таму, напярэдадні выбараў у ВС СССР 6‑га склікання, якія адбыліся 18 сакавіка 1962 года, у беларускіх газетах была надрукавана біяграфія Андрэя Грамыкі, у якой адзначалася, што ён беларус (“Гомельская праўда”, 1962, 4 сакавіка). Дарэчы, дачка яго, Эмілія Грамыка-Пірадава, у сваіх мемуарах падкрэслівала, што яе бацька заўсёды лічыў сябе рускім.

У якасці кіраўніка Прэзідыума ВС СССР Андрэй Грамыка ў лютым 1988‑га наведаў Мінск і Мінскую вобласць. Як адзначалі біёграфы, гэта быў апошні прыезд нашага славутага земляка ў Беларусь.

Эмануіл Іофе, прафесар Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка, доктар гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.