Вы тут

На Гродзеншчыне вядзецца закладка алей у гонар важных сямейных падзей


Гэта можа быць шлюб альбо нараджэнне дзіцяці. Пасадкай дрэва можна адзначыць і іншыя прыемныя падзеі ў сямейным жыцці. На ініцыятыву БРСМ адгукнуліся многія раёны Гродзенскай вобласці. Вясновая пасадка папоўніла гарадскія паркі на 200 дрэў, восенню «зялёная» акцыя будзе працягнута.


Замест пустак — зялёны ландшафт

Сапраўды, рух па стварэнні сямейных алей захапіў Гродзенскі рэгіён. Ініцыятыву ўдала пачалі ў Смаргонскім раёне. Тут маладыя сем'і вясной высадзілі ліпы, якія ім далі ў жыллёва-рамонтнай службе. На пасадку выйшлі многія маладыя сем'і, у тым ліку з дзецьмі.

Адметна, што ліпавая алея з'явілася ў новым, самым маладым мікрараёне Усходні. Пакуль тут многа пустак, але ў маладых жыхароў ёсць намер ператварыць іх у зялёныя зоны. Дарэчы, кожнае дрэва сямейнага парка — імянное, на ім умацавана спецыяльная бірка з прозвішчам сямейнай пары. У сваю чаргу, сужэнцы атрымалі памятны сертыфікат. Менавіта яны будуць назіраць за ростам дрэва, даглядаць яго. Першы вопыт па стварэнні парка сямейных дрэў будзе працягнуты, запэўнілі ў Смаргонскім райкаме БРСМ. Маладыя сем'і падтрымалі азеляненне горада і гатовы далей рабіць свой унёсак у гэтую справу.

У Астраўцы тэрыторыю па вуліцы Валадарскага ўпрыгожыла кляновая алея з 15 саджанцаў. Пакуль дрэвы яшчэ маладыя, як і сем'і, што іх пасадзілі. Але праз некалькі гадоў яны зменяць ландшафт пусткі і будуць радаваць жыхароў мікрараёна сваім зялёным уборам і цяністай прахалодай. Ініцыятыву маладзёжнай арганізацыі падтрымалі 15 сем'яў, многія з якіх прыйшлі на закладку алеі з малымі дзецьмі. Для іх гэта — добры прыклад упрыгожвання сваёй малой радзімы.

Каб саюз быў моцны

А вось у Лідзе адмысловую алею стварылі непасрэдна сямейныя пары ў дзень заключэння шлюбу. І што прыкметна, рэгістрацыя праходзіла ў самім гарадскім парку «Горні». Пасля ўрачыстай цырымоніі сужэнцы, у тым ліку нявесты ў белых шлюбных сукенках, узялі ў рукі лапаты і замацавалі свой саюз пасадкай дрэў.

Пакуль на ліпавай алеі пяць дрэў, але гэта толькі пачатак. Бо ў парку яшчэ нямала месца для новых саджанцаў. Традыцыя пасадкі маладымі парамі будзе працягвацца, найбліжэйшая пасадка адбудзецца ўжо хутка — у першыя дні восені.

Будучыня за кедрамі?

У Зэльве з'явілася незвычайная алея — кедравая. У пасадцы 20 дрэў удзельнічалі не толькі сямейныя пары, але і закаханыя, што плануюць у хуткім часе ажаніцца. А выбар кедра, як аказалася, невыпадковы. Гэта магутнае дрэва, да таго ж яшчэ і прыгожае. А ўстаноўленая каля кожнага таблічка абавязвае «аўтараў» дрэў клапаціцца пра іх, бо яны яшчэ вельмі малыя. Разам з тым кедр мае ўсе падставы прыжыцца, бо ён хоць і адносіцца да хвойных, але распаўсюджаны ў паўднёвым і ўсходнім клімаце. Магчыма, з лёгкай рукі сужэнцаў у Зэльве з'явіцца не проста алея, а сапраўдны кедравы парк, які будзе спрыяць адаптацыі гэтага дрэва ў беларускіх шыротах.

Дарэчы, пра зэльвенцаў хочацца расказаць больш падрабязна. Бо гэта далёка не адзіная пасадка ў гонар малой радзімы. Каб зрабіць свой горад прыгожым, яго жыхары сёлета высадзілі ажно 700 саджанцаў. Узялі ў рукі рыдлёўкі і вядомыя жанчыны раёна, якія стварылі каля аўтавакзала сваю алею знакамітых жанчын. Усяго імі пасаджана 25 клёнаў, частка з якіх прысвечана знакамітым землякам, якія нарадзіліся на Зэльвеншчыне. А на беразе вадасховішча з'явілася алея здароўя з елачак і бяроз. Найлепшыя рабочыя дынастыі высадзілі сваю алею ўздоўж дарогі па вуліцы Булака. Вуліца названа ў гонар камандзіра партызанскага атрада «Перамога» Паўла Булака. Сёлета вуліцу значна азелянілі — тут высаджана каля сотні маладых клёнаў.

Пасадка з эмоцыямі

Не засталіся ўбаку ад «зялёнай» кампаніі і жыхары абласнога цэнтра. У скверы каля загса 50 сем'яў заклалі сімвалічную алею. Да добрай справы далучаюцца іншыя маладыя сем'і. Напрыклад, пры нараджэнні дзіцяці ёсць магчымасць павялічыць флору сквера і пасадзіць дрэва ў гонар новага гродзенца.

Дарэчы, свой мікрараён азелянілі і маладыя ашмянцы. У рамках Года малой радзімы яны высадзілі свае сямейныя дрэвы — рабіны, клёны, ліпы. Алея будзе добрым напамінам сем'ям аб важных падзеях у іх жыцці, да таго ж Ашмяны пазбавяцца пустак і будуць выглядаць больш утульна.

Усплёск эмоцый выклікала акцыя па пасадцы дрэў у горадзе-спадарожніку Скідзелі. Парк сямейных дрэў стаў самым буйным зялёным астраўком у паркавым комплексе «Алея Славы». І з'явіўся ён дзякуючы сем'ям скідзельчан, якія высадзілі больш за сотню дрэў — ліп, каштанаў і клёнаў. Цяпер гэта, можна сказаць, сямейная рэліквія, фамільная каштоўнасць, якую можна перадаваць з пакалення ў пакаленне, бо кожнае дрэва — імянное і мае таблічку. У пасадцы ўдзельнічалі і шматдзетныя сем'і. Саджанцы даў Скідзельскі лясгас, які займаецца не толькі ўзнаўленнем лясоў, але і азеляненнем горада. Спецыялісты правялі майстар-клас перад пачаткам масавай пасадкі.

Трэба сказаць, што гараджане актыўна дзякавалі энтузіястам гэтай справы ў сацыяльных сетках. Многія выказалі жаданне ўдзельнічаць у кампаніі па азеляненні горада і надалей. І такая магчымасць, верагодна, прадставіцца ўжо восенню.

Плюс дрэвы ў кадушках

На верасень—лістапад запланавана пасадка алей у Дзятлаўскім і Воранаўскім раёнах. А ўсяго да Года малой радзімы ў вобласці з'явілася сем новых паркавых алей, дзе высаджана некалькі сотняў маладых дрэўцаў.

— Акцыя выклікала жывы інтарэс у маладзёжным асяроддзі, — расказаў першы сакратар Гродзенскама абкама БРСМ Павел МІХАЛЮК. — Асабліва захапіла тое, што дрэвы — імянныя. Але гэта і абавязвае, бо іх трэба даглядаць. Таксама многія сем'і выказалі жаданне высаджваць дрэвы ў гонар важных падзей у жыцці сям'і, напрыклад нараджэння дзіцяці. І мы гатовы дапамагчы з пасадачным матэрыялам.

У абласным цэнтры зялёныя зоны з'явіліся ў многіх гарадскіх мікрараёнах. Як расказалі на прадпрыемстве «Гродназелянбуд», сёлета ў Гродне высаджана больш за дзве тысячы дрэў і дэкаратыўных кустоў. Асаблівая ўвага надаецца пешым зонам, месцам каля транспартных магістраляў, новым мікрараёнам. Сёлета ў Гродне з'явіліся два новыя скверы ў цэнтры горада, адзін з іх упрыгожыў Швейцарскую даліну, дзе любяць гуляць сем'і з дзецьмі. Новым кірункам у азеляненні гарадскога асяроддзя сталі дрэвы ў кадушках. Сёлета на цэнтральнай плошчы такім чынам устаноўлена дзесяць клёнаў глабазум. Па меры росту ім будзе надавацца шаравідная форма. За два гады на плошчах, дзе няма зеляніны, мяркуецца ўстанавіць каля 40 мабільных дрэў.

Неабходны каментарый

Дзмітрый СТАНКЕВІЧ, дырэктар ЖРЭС Смаргонскага раёна, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Вельмі правільна, што кіраўнік дзяржавы звяртае ўвагу на азеляненне населеных пунктаў. У прыватнасці, Прэзідэнт адзначыў, што абласны цэнтр патрабуе больш пільнай увагі да гэтай праблемы. Гарады прырастаюць новымі мікрараёнамі, і іх трэба азеляняць. Таму праект па стварэнні паркавых алей, які ініцыяваў БРСМ да Года малой радзімы, надзвычай актуальны. Мы таксама ў Смаргоні значна актывізавалі гэту работу. На пасадкі выходзяць не толькі нашы работнікі, але і школьнікі, жыхары горада. Праўда, хацелася б, каб гараджане былі больш актыўныя ў жаданні азеляніць свой горад.

У сувязі з гэтым згадваецца вопыт некаторых еўрапейскіх краін. Напрыклад, у сталіцы Аўстрыі Вене кожнае дрэва і куст маюць свой інвентарны нумар. І калі там спільваюць адно дрэва, замест яго садзяць пяць. Такое правіла наша арганізацыя таксама пераймае, замест аварыйных дрэў высаджваем некалькі новых на адпаведных плошчах. Сёлета прадпрыемства выходзіць з такой ініцыятывай: высадзіць у мікрараёнах піхтавыя елкі, якія заменяць прывазныя навагоднія. Такі вопыт можна пашырыць на ўсю вобласць. Восенню мы плануем высадзіць некалькі елачак, якія праз колькі гадоў будуць сапраўднымі навагоднімі прыгажунямі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: «Сямейныя» дрэвы для малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.