Вы тут

Вышэйшая школа: перспектывы і планы


Колькасць іншагародніх студэнтаў сталічных ВНУ, забяспечаных месцамі ў інтэрнатах, працягвае павялічвацца, чаму спрыяе як скарачэнне студэнцкага кантынгенту за апошнія гады, так і ўвод у эксплуатацыю новых інтэрнатаў.


Так, у верасні ў Студэнцкай вёсцы прыме сваіх першых жыхароў яшчэ адзін інтэрнат, разлічаны на 1800 месцаў (ён самы буйны). І хоць курыруе яго БДЭУ, жыць там будуць студэнты з розных устаноў адукацыі, у тым ліку і з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, у якіх раней не было сваёй жылплошчы ў вёсцы.

— На 1 верасня ў Мінску будуць забяспечаны інтэрнатамі як мінімум 70 працэнтаў ад агульнай колькасці тых, хто мае ў гэтым патрэбу, — паведаміў на сустрэчы з журналістамі начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ. — А ў найбліжэйшых планах — давесці гэтую лічбу ў цэлым да 90 працэнтаў. Ужо сёння шэраг ВНУ забяспечваюць сваіх студэнтаў месцамі ў інтэрнатах на 100 працэнтаў, напрыклад БДАТУ, Акадэмія кіравання, Акадэмія сувязі, Акадэмія авіяцыі, Ваенная акадэмія... Блізкія да поўнага вырашэння праблемы БДПУ, БДУ, МДЛУ. Што датычыцца рэгіёнаў, то цяпер завяршаецца будаўніцтва інтэрната для навучэнцаў Гродзенскага медуніверсітэта.

Што будзе з гуманітарным блокам?

Па словах Сяргея Каспяровіча, у новым навучальным годзе будзе істотна абноўлены змест вышэйшай адукацыі.Толькі за апошнія паўгода былі прынятыя 84 новыя адукацыйныя стандарты па розных спецыяльнасцях для першай ступені вышэйшай школы, распрацаваны новыя падручнікі, перагледжаны падыходы да функцыянавання магістратуры: яна будзе працаваць у новым фармаце, па новым змесце і арыентавацца на задавальненне патрэб у кадрах навуковай і інавацыйнай сфер. Таксама ў магістратуры будуць рыхтавацца педагагічныя кадры для сістэмы адукацыі. Па інфармацыі Міністэрства адукацыі, штогод адбываецца абнаўленне кадравага складу ў вышэйшай школе прыблізна на 5—10 працэнтаў.

Увогуле змест адукацыі выходзіць на першы план пры падрыхтоўцы маладых спецыялістаў, якія павінны адпавядаць патрэбам рынку працы. Датычыцца гэта цалкам розных спецыяльнасцяў: тэхнічных, педагагічных, гуманітарных... Але прыняццем новых адукацыйных стандартаў абнаўленне зместу адукацыі не абмяжоўваецца (яны могуць абнаўляцца раз у некалькі гадоў, а патрэбы работадаўцаў змяняюцца хутчэй). У адукацыйных стандартах прапісаны толькі дзяржаўны кампанент. ВНУ ў рамках акадэмічнай свабоды могуць і самі абнаўляць шэраг дысцыплін. Гэтыя пытанні яны вырашаюць ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў. Цяпер на варыятыўны кампанент адводзіцца 20 % у вучэбных планах першай ступені. У новым Кодэксе аб адукацыі плануецца павялічыць яго да 50 %. А ў магістарскіх адукацыйных праграмах на ўзроўні стандарту будзе фіксавацца і ўвогуле толькі 30 працэнтаў іх напаўнення, а 70 % — аддавацца ВНУ.

Сяргей Каспяровіч паведаміў, што цяпер абмяркоўваецца новая канцэпцыя блока сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Нягледзячы на скарачэнне тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў на першай ступені, гэты блок не скараціўся, але яго структуру плануецца мадэрнізаваць: перайсці ад модульнага да больш простага прадметна-дысцыплінарнага блока з вялікай варыятыўнай часткай і ўвязаць веды, якія будуць атрымліваць студэнты ў рамках сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, з прафесійнай траекторыяй будучага спецыяліста.

У новым навучальным годзе працягнецца рэалізацыя канцэпцыі «Універсітэт 3.0». Раней у праекце ўдзельнічалі сем ВНУ, цяпер да іх далучыцца яшчэ і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Мэта праекта — сфарміраваць у студэнцкай моладзі прадпрымальніцкія кампетэнцыі, стварыць у ВНУ бізнес-асяроддзе, у якім будуць нараджацца і ўвасабляцца ў жыццё цікавыя тэхнічныя, тэхналагічныя і навуковыя ідэі.

Акцэнт — на псіхалагічную бяспеку

Адзін з удзельнікаў праекта «Універсітэт 3.0» — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

— У змест больш чым 20 дысцыплін мы ўнеслі змены — ўлічылі пытанні па бізнес-планаванні, інжынерна-эканамічнай падрыхтоўцы, кіраванні інтэлектуальнай уласнасцю, камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў, фарміраванні аналітычных кампетэнцый, — патлумачыў рэктар БДУІР Вадзім БОГУШ. — Акрамя таго, мы фактычна перазапускаем работу нашага студэнцкага бізнес-інкубатара, дзе маладыя людзі змогуць не толькі абмеркаваць свае ідэі, стварыць бізнес-план, але і паўдзельнічаць у рэспубліканскіх і ўніверсітэцкім конкурсах на атрыманне грантавай падтрымкі. Такая пляцоўка дазваляе прадпрымальнікам-пачаткоўцам ацаніць, наколькі іх ідэя можа быць камерцыялізавана і рэалізавана на практыцы.

Абнавілі навучальныя планы па ўсіх спецыяльнасцях на 2019/2020 год і ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка.

— Мы ўнеслі дапаўненні, звязаныя з узмацненнем псіхолага-педагагічнай падрыхтаванасці нашых выпускнікоў. Напрыклад, з'явіўся факультатыўны курс, прысвечаны псіхалагічнай бяспецы ў школе. Ён актуальны для ўсіх спецыяльнасцяў, — падкрэсліў прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Аляксандр МАКАЎЧЫК.

Новыя цэннікі

Адказваючы на пытанні журналістаў наконт даволі адчувальнага павышэння кошту платнага навучання за апошнія гады, Сяргей Каспяровіч патлумачыў: «Кошт фарміруецца зыходзячы з аб'ектыўных фактараў, а менавіта з эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на падрыхтоўку спецыяліста. Вучэбныя планы на розных спецыяльнасцях маюць розную працаёмістасць у засваенні праграмы: дзесьці аўдыторная нагрузка большая, а дзесьці — меншая. Большая частка грошай ідзе на аплату рыботы выкладчыкаў. Таксама сродкі ідуць на аплату камунальных паслуг універсітэта, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і іншыя выдаткі. У структуры выдаткаў аплата работы выкладчыкаў дасягае 80 працэнтаў. Калі параўнаць індэкс цэн коштаў на адукацыйныя паслугі, то яны нават адстаюць ад індэкса росту цэн на іншыя паслугі».

Сяргей Каспяровіч запэўніў, што рэктары ВНУ прымаюць вельмі ўзважаныя рашэнні аб павышэнні платы за навучанне, якія ўзгадняюцца з Міністэрствам адукацыі. «Мы разумеем, што студэнтам складана сябе забяспечваць, — падкрэсліў ён. — Але прырост адбываецца па аб'ектыўных прычынах, і ён мінімальны».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Дарэчы

Каму дадуць адтэрміноўку?

Прыемная навіна прыйшла для тых, хто сёлета паступаў ва ўстановы адукацыі. Прэс-служба Міністэрства абароны паведамляе, што прызыўнікі, залічаныя на вучобу да 10 жніўня, могуць скарыстацца сваім правам на адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Падстава — працяг адукацыі. Гэта значыць, што для іх у гэтым выпадку дзейнічаюць ранейшыя нормы Закона «Аб воінскім абавязку і воінскай службе».

Такое рашэнне прынята зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі з максімальным улікам інтарэсаў грамадзян. Усё, што трэба будзе зрабіць юнакам-студэнтам, — падаць неабходныя дакументы ў прызыўную камісію.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.