Вы тут

Ветэрынарны ўрач: Гаспадары нярэдка перакормліваюць сваіх гадаванцаў


...Заходжу ў адну са сталічных ветклінік і адразу адчуваю ўтульнасць і спакой. На гадзінніку 10 раніцы, урачы рыхтуюцца да пачатку рабочага дня. Пераапранаюцца ў службовае адзенне, расстаўляюць патрэбныя колбачкі па сваіх месцах, праветрываюць памяшканне. Я тым часам падыходжу да Паўла ЗАЙЦАВА — ветэрынарнага ўрача-хірурга. Ён пагадзіўся на інтэрв'ю, каб расказаць пра асаблівасці сваёй работы.


— Ветэрынарным урачом працую пяць гадоў. Адвучыўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, пасля на год забралі ў армію. Па заканчэнні службы ўладкаваўся ў сталічную ветклініку, працаваў асістэнтам тэрапеўта, хірурга, затым у стацыянары і рэанімацыі — лячыў жывёл з цяжкімі захворваннямі. Цяпер акрамя хірургіі праводжу і тэрапеўтычныя прыёмы, аказваю дапамогу на пачатковым этапе хваробы. Як бачыце, хірургія — не адзіная вобласць маёй прафесійнай дзейнасці, мне падабаецца вучыцца, удасканальваць свае веды і прымяняць іх на практыцы.

— Чаму паміж «лячыць жывёл» і «лячыць людзей» вы выбралі першае?

— Мой бацька, дзед, сястра і жонка — ветэрынары. Думаю, зразумела, чаму я хацеў навучыцца менавіта гэтай прафесіі. Зараз модна выбіраць вузкую сферу ў медыцыне, каб пазбегнуць вялікіх аб'ёмаў работы і лепш канцэнтравацца на пастаўленай задачы. Я ж лічу, што ў пачатку прафесійнай дзейнасці не трэба баяцца брацца за любы занятак у ветклініцы, каб атрымаць вопыт і развіць свае навыкі. Я так і рабіў, і цяпер магу аказаць дапамогу як буйным, так і дробным жывёлам.

— Ці заўсёды вы разумееце братоў нашых меншых, можаце вызначыць, што ў іх баліць?

— Прычына захворвання становіцца зразумелая пасля агляду або ультрагукавога даследавання. Напрыклад, каты часта любяць глытаць бонсцікаў. Прыводзяць да мяне на прыём пушыстага сябра, кажуць, што дзеці ў сям'і любяць збіраць дробныя цацкі. Адразу разумею, у чым справа. Раней у мяне нават калекцыя такіх рэчаў была, якая часта папаўнялася. Але часам бываюць складаныя выпадкі. Асабліва калі гаспадары нешта недагаворваюць. А мы ж не экстрасэнсы, а ўрачы, і павінны ведаць усё пра тых, каго лечым.

Аднойчы сям'я прывяла сабаку. Сказалі, што ён раскусіў цюбік з клеем, і цяпер у яго пастаянна цячэ сліна. Вялікі акіта-ін (японская парода) не даваў сябе агледзець, быў неспакойны. Я нічога асаблівага не знайшоў, але калі падняў сабаку язык, убачыў маленькія ранкі. Аказалася, жывёла праглынула клубок нітак, якія пераціснулі яму язык — гадаванцу было балюча есці. Пасля знаходкі гаспадары ўсё ж прызналіся, што нявестка дома любіць шыць, а дапытлівы сабака мог падабраць яе прылады працы. Гэта толькі адзін прыклад, які даказвае: лепш паведаміць урачу як мага больш інфармацыі.

— Па вашых назіраннях, якія захворванні найбольш распаўсюджаныя сярод жывёл?

— У кожнай пароды ёсць свае асаблівасці развіцця, фарміравання арганізма, а, значыць, свае генетычныя схільнасці да хвароб. Напрыклад, у катоў-брытанцаў, сфінксаў, шатландцаў і мэйн-кунаў распаўсюджаныя сардэчна-сасудзістыя захворванні, у сабак пароды ёркшырскі тэр'ер і шпіцаў слабыя каленныя суставы, а ў таксаў — апорна-рухальны апарат. Гэта я заўважаю зыходзячы з практыкі. Калі разглядаць інфекцыі, то складана сказаць, якім пародам уласцівая тая ці іншая іх разнавіднасць. Таксама, па маіх назіраннях, дваровыя сабакі і кошкі больш устойлівыя да ўзбуджальнікаў хвароб, чым пародзістыя.

— Якія памылкі робяць гаспадары «з-за вялікай любові»?

— Нярэдка перакормліваюць сваіх гадаванцаў, з-за чаго ў іх развіваецца атлусценне. Ці бывае, што даюць няякасны корм. Важна ведаць, што да года ў жывёл фарміруецца арганізм, і ад таго, чым вы станеце іх карміць, будзе залежаць далейшае здароўе. Нельга даваць маленькаму кацяняці толькі мяса і малако — ёсць вялікая верагоднасць, што ў наступным косці стануць ломкія. Тое ж самае датычыцца і вітамінаў, з якімі «грашаць» гаспадары — добрая ежа прынясе больш карысці, чым хімічныя дадаткі.

— Што трэба, каб заставацца прафесіяналам сваёй справы?

— Без штодзённай практыкі набытыя навыкі хутка губляюцца. Я перыядычна выязджаю ў суседнія краіны на розныя семінары. Нядаўна быў у Санкт-Пецярбургу на хірургічнай канферэнцыі, дзе выступалі спікеры з Бельгіі, ЗША, ЮАР. Раз у месяц разам з іншымі ўрачамі нашай клінікі наведваем лекцыі ў Мінску і ў Маскве.

Пакуль мы абмяркоўвалі гэтыя тэмы, да Паўла на прыём прыйшоў новы пацыент. Я тым часам звярнулася да напарніка нашага суразмоўніка — маладога ветурача-анестэзіёлага Уладзіміра ФЕДАСЕЕНКІ. У гэтай клініцы ён працуе з мінулага года — са дня яе адкрыцця.

— Для таго каб стаць класным ветурачом, трэба быць не толькі начытаным і працавітым, але яшчэ і добрым, схіляць да сябе і людзей, і жывёл. Бо першапачаткова многія гаспадары хатніх гадаванцаў настроены да лекараў скептычна, з недаверам, і трэба зрабіць так, каб іх меркаванне змянілася. Жывёлы не размаўляюць, але яны адчуваюць станоўчую ці адмоўную энергетыку таго, з кім узаемадзейнічаюць.

— Існуе меркаванне, што ў кожнага ветурача павінна быць хоць адна свая хатняя жывёліна...

— Сапраўды, у нашай клініцы ў кожнага супрацоўніка ёсць такая, ды не адна (усміхаецца). У мяне, напрыклад, два сабакі, кошка і хамяк, у Паўла — чарапаха, кошка і марская свінка. Мы не сталі б прафесіяналамі ў гэтай сферы без любові да братоў нашых меншых! Бывае, што некаторыя кліенты прыходзяць да нас са здаровымі жывёламі і просяць усыпіць апошніх, бо яны ім надакучылі. Не разумею такога стаўлення. Нашы ўрачы па магчымасці забіраюць іх да сябе або шукаюць іншы прытулак.

А яшчэ быў выпадак, калі каля нашай клінікі пасялілася некалькі кошак. Іх пастаянна падкормлівалі, таму яны не сыходзілі. Каб жывёлы не пладзіліся, мы іх стэрылізавалі. Аднак праз некаторы час убачылі маленькіх кацянят. Аказалася, што каля запраўкі, якая знаходзілася побач, пасялілася яшчэ адна кошка. Мы і ёй дапамаглі.

...Размова з урачамі Паўлам і Уладзімірам адбылася цікавая і пазнавальная. Але ў іх было яшчэ шмат работы. Таму я больш не стала ім перашкаджаць, тым больш што іх чакаў новы пушысты пацыент...

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: З любоўю да гадаванцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?