Вы тут

Маленькая «зорачка» Даша


Леанарда да Вінчы быў не толькі геніяльным мастаком, але і навукоўцам, вынаходнікам, пісьменнікам і музыкам. Уладзімір Набокаў — літаратарам, шахматыстам і энтамолагам-самавучкам. Гётэ — паэтам, калекцыянерам... Існуе такая прымаўка: «Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім». Ці сапраўды гэта так? Адказ прыйшоў, калі я пазнаёмілася з адоранай 10-гадовай дзяўчынкай.


Дар'я Вархола не проста прыгожая сабой, яна яшчэ скарае ўпэўненасцю ва ўласных сілах. Жыве дзяўчынка ў Гродне і скончыла сёлета чацвёрты клас у гімназіі № 4. З аднакласнікамі Даша мае добрыя стасункі, бо бацькі заўсёды вучылі імкнуцца ні з кім не сварыцца і нікога не крыўдзіць. Вядома, як і ва ўсякага таленавітага чалавека, у дзяўчынкі таксама былі канфліктныя сітуацыі. Аднак яна старалася заўсёды вырашаць іх спакойна. Даша стала ўлюбёнкай настаўнікаў, таму што заўсёды грунтоўна рыхтуецца да ўрокаў, а ў яе дзённіку можна ўбачыць толькі «9» і «10».

Нягледзячы на выдатную вучобу ў гімназіі, у Дашы ёсць шмат іншых захапленняў. Дзяўчынка ніколі не сядзіць на месцы, кожны яе дзень распісаны па хвілінах. Упершыню на публіку яна выйшла яшчэ ў дзіцячым садзе. Пазней паспрабавала свае сілы ў спевах і запісалася на вакал. Спадабалася. І Даша пайшла далей. Пасля некалькіх невялікіх паспяхова пройдзеных творчых спаборніцтваў вырашыла стаць удзельніцай І міжнароднага музычнага конкурсу маладых выканаўцаў «АРС HОBА-2016», які праходзіў у Мінску. Удача была на Дашыным баку і дадому яна вярнулася з кубкам. На гэтым не спынілася і працягвала далей удзельнічаць у розных музычных праектах. Дзяўчынка атрымала гран-пры 1-га адкрытага конкурсу выканаўцаў-пачаткоўцаў «Мы — таленты твае, Беларусь!» Самымі запамінальнымі былі «Зорныя кветкі», якія праходзілі ў сталіцы. Там сабраліся ўдзельнікі не толькі з Беларусі, але яшчэ з 14 краін, было мора ўражанняў і шмат цікавых знаёмстваў.

Актыўныя выступленні прынеслі дзяўчынцы яшчэ і прыемныя сустрэчы з такімі папулярнымі людзьмі, як Валерый Дайнека, Вадзім Галыгін, Дзядзька Ваня, Ігар Багамазаў (экс-саліст «Адпетых махляроў»). А расійскі спявак Сяргей Крылоў нават пакінуў ёй на памяць сваю шапку.

Акрамя вакалу Даша таксама займаецца ў тэатральнай студыі «Званочкі», дзе навучаецца акцёрскаму майстэрству і сцэнічнай мове, іграе ў розных спектаклях. Дома ў Дашы таксама хапае клопатаў, бо трэба пашыць адзенне для цацак і лялек, дапамагчы маме па гаспадарцы. Даша лепіць мініяцюры з палімернай гліны. Мае сіні пояс па каратэ, праўда, адзінаборствамі яна перастала займацца, бо на ўсё не хапала часу. Зараз Даша з нецярпеннем чакае пераходу ў пяты клас, бо тады яна будзе вучыцца ў першую змену і ў яе зноў з'явіцца магчымасць займацца каратэ.

— Мне падабаецца тое, чым я займаюся, — падзялілася са мной Даша. — Часам бывае цяжка справіцца з усімі заняткамі, затое заўсёды ведаю, што атрымаю за сваю працу галоўную ўзнагароду — удзячных гледачоў.

Ва ўсіх пачынаннях Дашу заўсёды падтрымліваюць бацькі: тата займаецца арганізацыйнымі пытаннямі, падвозіць на рэпетыцыі, а мама шые ўборы для выступленняў. Сама дзяўчынка пакуль не вызначылася, кім сябе бачыць у будучыні, затое дакладна ведае: са сваімі захапленнямі яна ніколі не расстанецца.

Ілона ПАПОВА, студэнтка ІІІ курса філалагічнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».