Вы тут

Як стаць гуру ў літаратуры? Разважанні маладой паэтэсы


Хто такі творца ў час імклівых тэхналогій? Чым ён жыве і чым дыхае? Для таго каб знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні, мы пагутарылі з маладой беларускай аўтаркай Кацярынай МАСЭ. Сёлета яна скончыла лінгвістычны ўніверсітэт. Апроч таго, займаецца даследчыцкай дзейнасцю ў галіне лінгвістыкі і паэтыкі. Шмат малюе — апошняя кніга суразмоўніцы выйшла з яе ўласнымі ілюстрацыямі.


— Калі ў вас з'явіліся першыя радкі?

— У вершаскладанне (не адразу ў паэзію, канешне) прывяла нейкая асабістая да гэтага схільнасць і дзіцячае прадчуванне, што тут ёсць нешта цікавае, хоць у мяне было вельмі шмат іншых захапленняў. Спачатку ніхто ніякага значэння гэтаму не надаваў, бо, напэўна, усе дзеці ў свой час выдумляюць нейкія вершыкі. А ў мяне ў пэўны момант — гадоў у дзесяць — узнікла неадольнае жаданне... выпусціць уласную кнігу. Як ні дзіўна, з часам мара ажыццявілася, і звычайная дзіцячая забава перарасла амаль што ў прафесію.

— А як зараз рэагуюць на тое, што вы паэтэса?

— У асноўным з цікавасцю, таму што гэта, мабыць, не самы распаўсюджаны занятак, і многія не зусім уяўляюць, што насамрэч стаіць за ім. Калі пачынаеш расказваць пра свае кнігі, выступленні і наогул творчую філасофію, бачна, што ў суразмоўнікаў досыць скажонае, стэрэатыпнае ўяўленне наконт такіх рэчаў. Але ўсё роўна ўсе заўжды з вялікай цікавасцю распытваюць мяне.

— Вы пачалі пісаць на рускай мове, а потым перайшлі на беларускую...

— Так сталася, што мяне зацягнула ў вір нейкіх мерапрыемстваў, звязаных з роднай мовай — гэта і музыка, і моўныя курсы, якія тады пачалі набіраць папулярнасць. У той час раптам выйшаў на сувязь далёкі сваяк, які даўно захапляецца беларушчынай і размаўляе на роднай мове. Я гэта ўсё называю ўдалым збегам абставін — калі ўсё складваецца так, што ты проста не можаш не звярнуць на штосьці ўвагу. Нейкі час не адважвалася пераходзіць на беларускую мову, але потым захацелася паспрабаваць, паглядзець, што ж з гэтага атрымаецца. У выніку ў пэўны момант зразумела, што не хачу зноў вяртацца да рускай.

— Вы лінгвіст. Не думалі тварыць, напрыклад, на англійскай, французскай?

— У мяне першая мова — нямецкая, якую я вывучаю ўжо вельмі даўно, на ёй напісала некалькі вершаў. Пакуль яны чакаюць ці то свайго часу, ці то ўдасканалення, ці то і першага, і другога. Пакуль што больш займаюся перакладамі — як з нямецкай мовы, так і на яе. Зрабіла гэта з некалькімі творамі свайго любімага нямецкага паэта Фрыдрыха Гёльдэрліна, творчы вынік быў апублікаваны ў «Маладосці». Перакладала таксама філасофскія эсэ Хайдэгера, а пасля працавала над аповесцю «Вучні ў Саісе» Наваліса. Англійскую ведаю таксама добра, але не настолькі, каб займацца літаратурнымі перакладамі.

— У вас ёсць вершы з графічным аздабленнем...

— Я займаюся жывапісам і графікай досыць даўно. Наведвала некалькі мастацкіх школ і студый, вывучала акадэмічны малюнак. Ідэя аформіць уласную кнігу ў мяне з'явілася даўно, але я ўсё ніяк не магла намацаць патрэбны стыль, у якім хацела б гэта зрабіць. Я чакала, нават хацела сваю папярэднюю кнігу «Двайковы код» таксама праілюстраваць, але нічога не выйшла. Тады ў мяне не было ні натхнення, ні канкрэтных ідэй, але больш за два гады таму раптам зразумела, чаго хачу. Пачала працаваць над ілюстрацыямі, займалася імі больш за год. Гэта былі як сюжэтныя выявы ад рукі, так і распрацаваныя на камп'ютары арнаментальныя матывы. Усё потым аб'яднала ў кнігу, і атрымалася, на мой погляд, вельмі годна.

— Вы самакрытычны чалавек?

— Вельмі! І гэтак жа востра рэагую на крытыку з боку іншых людзей. Яна кожны раз выбівае мяне з каляіны, мне цяжка перажыць нават дробныя заўвагі. Але часцей за ўсё бывае так, што спачатку я іх аспрэчваю сама з сабой, а потым, баючыся самой жа сабе ў гэтым прызнацца, ціхенька выношу з сітуацыі нешта карыснае. Як ні балюча ўсведамляць (усміхаецца), крытыка дапамагае мне расці. Але не заўсёды: любое выказванне на свой адрас варта заўжды звяраць з тым, што табе кажа твой унутраны суддзя.

— А ці здараюцца ў вас творчыя крызісы?

— Вядома, у каго іх не бывае. Я да гэтага стаўлюся адэкватна. Любы здаровы крызіс — гэта крызіс росту. Калі ён надыходзіць, значыць, ты расцеш, ты развіваешся.

— Ніколі не прымервалі на сябе ролю дзіцячай пісьменніцы?

— Быў момант, калі мне раптам захацелася паспрабаваць пісаць казкі, бо я вельмі захапляюся фальклорам, міфалогіяй. Насамрэч добрая дзіцячая казка — гэта такая, якую можа прачытаць і дарослы, узяўшы адтуль нешта важнае для сябе. Хацелася, каб мае дзеці выхоўваліся на якасных кнігах, і — так я для сябе вырашыла — калі не знайду таго, што шукаю, напішу для іх гэтыя казкі сама.

— Хацелі б, каб на вашы вершы стваралі песні?

— Такое ўжо мела месца. Дарэчы, некалькі кампазіцый напісаў мой беларускамоўны сваяк, пра якога я распавядала напачатку, — Ілья Фаляжынскі. Ён музы́ка, выступае ў Беларусі і Польшчы. Адзін тэкст напісала спецыяльна для таго, каб пакласці яго на музыку. Два іншыя ён перапрацаваў ужо сам. Атрымалася, на мой погляд, здорава (смяецца). Апроч гэтага, я шмат супрацоўнічала з рознымі музыкамі, з якімі мы разам стваралі паэтычна-музычныя праграмы. На маіх імпрэзах гучалі гітара, фартэпіяна, цымбалы. Мне хацелася б і надалей працаваць у такім рэчышчы.

— Што вам больш даспадобы для чытання: сучасная або класічная
літаратура?

— Сучасная немагчымая без класікі, а класіка немагчымая без сучаснасці, хоць апошняе і не надта лагічна гучыць. Я аднолькава моцна люблю і першую, і другую, але далёка не ўсю. З паэтаў-класікаў для мяне асабіста найбольш важныя Вячаслаў Іванаў, Фрыдрых Гёльдэрлін, Алесь Разанаў, Максім Багдановіч, Андрэй Белы, Хуан Рамон Хіменес. З сучасных магу вылучыць Міхаіла Баярына, Ігара Кулікова, Фелікса Аксёнцава, Галіну Сіўчанка, Насту Кудасаву. Хоць гэта, зразумела, не поўны спіс.

— Уяўляеце, як гадоў праз колькі вашы вершы будуць вывучаць у школе...

— Ясна, што я не стала б адмаўляцца. Мяне ўжо, дарэчы, аднойчы запрашалі ў школу расказаць аб сваёй творчасці, паказаць кнігі. А адносна нядаўна двое дзяўчат удзельнічалі ў навукова-практычнай канферэнцыі з работай аб маёй творчасці, прычым спачатку на рэспубліканскім узроўні, а потым на міжнародным. Мне гэта было вельмі прыемна.

— Што вы маглі б параіць пісьменнікам-пачаткоўцам?

— Я думаю, што ім, перш за ўсё, трэба знайсці нейкі свой эталон у літаратуры. Гэта можа быць класіка або сучаснасць — не важна. Але знайсці ўласнага літаратурнага гуру трэба. З ім не абавязкова кантактаваць, хоць, калі атрымаецца, будзе добра. І, па-другое, я, мабыць, не раіла б адразу выходзіць у свет са сваімі творамі, таму што патрэбна, каб прайшоў час, і яны саспелі. Не самі па сабе, канешне, а ў рабоце. Спачатку трэба пасядзець, пакорпацца ва ўсім гэтым, паспрабаваць пісаць па-рознаму, павыпрабоўваць сябе. І толькі калі аўтар будзе дастаткова ўпэўнены, што тое варта камусьці паказваць, тады і трэба гэта рабіць. А магчымасцяў дзяліцца сваёй творчасцю цяпер звышдастаткова, было б жаданне.

— Чым любіце займацца ў вольны час?

— У мяне дагэтуль, як і ў дзяцінстве, дастаткова шырокае кола захапленняў: гэта і філасофія, і этнаграфія, і мастацтва, і музыка. Таксама вельмі люблю ўсё, што звязана з рухам, — танцы, ёгу, прагулкі на прыродзе. Пра тое, што я не магу і дня пражыць без чытання — і для работы, і для душы — і казаць не варта.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.