Вы тут

Без твару


Усе памятаюць аднайменны баявік з элементамі навуковай фантастыкі і Джонам Траволтам і Нікаласам Кейджам у галоўных ролях, які выйшаў на кінаэкраны ў 1997 годзе? Нагадаю коратка, што па сюжэце фільма спецыяльны агент ФБР і вядомы міжнародны тэрарыст памяняліся тварамі. А потым кожны ў новым абліччы, але з ранейшай сутнасцю працягвае свае справы. Карацей, не заблытайся — дзе хто. (« — Ну, як у вас з дзецьмі? — Стаміліся вельмі, не высыпаемся, часу на сябе ўвогуле няма. — А Лена як? — Лена — гэта я. Пеця выглядае яшчэ горш».) І галоўная задача станоўчага героя — вярнуць сабе твар і, адпаведна, добрае імя. Гэта я да чаго хілю? Навуковая фантастыка стала рэальнасцю. Я пра нядаўнюю вірусную папулярнасць дадатку FaceApp, які праз фота дазваляе змяняць пол, узрост, карэктаваць прыгажосць. Хто паспеў «састарыцца»
сам і паглядзець на знакамітасцяў у гадах? Усе прыгажунчыкамі атрымаліся ці толькі зоркі? («Я не стары, у мяне проста твар вінтажны».)


Усё б нічога, гэтае штучнае старэнне можна было б разглядаць як чарговую забаўку, каб не адно але... Амаль адразу са з'яўленнем дадатку пачалі гаварыць пра рызыкі, звязаныя з ім. Падобныя праграмы збіраюць велізарныя аб'ёмы персанальных звестак і ніхто не ведае, як яны будуць выкарыстаны ў будучыні. Варыянтаў мноства: ад рэкламы да маніпулявання грамадскім меркаваннем на выбарах, кажуць спецыялісты. («У пошукавых запытах у інтэрнэце перад уводам тэксту трэба папярэджваць людзей: «Усё, што вы напішаце, будзе выкарыстана супраць вас у рэкламе».) Вось тут сапраўды — як бы ў будучыні не «страціць твар»...

Або знайсці яго там, дзе быць не павінна. Гэта я ўжо пра іншае. Дзякуючы тэхналогіі DeepFake можна лёгка і без асаблівых тэхнічных навыкаў «прыстаўляць» галовы зорак ці звычайных дзяўчат да цел порнаактрыс. Відэаролікі адрэдагаваныя настолькі добра, што іх не адрозніць ад сапраўднага кіно «для дарослых». («Кожны раз, калі гляджу са сваёй дзяўчынай парнафільм, мы пачынаем займацца каханнем, і я прапускаю ўсё самае цікавае».) Небяспека ў тым, што тэхналогія можа быць выкарыстана для шантажу ці прыніжэння жанчын.

А дадатак DeepNude «распранае» дзяўчат праз нейрасеткі. На хлопцах дае збой, паколькі не для таго распрацоўваўся. (« — Мой муж лічыць, што ў яго фігура, як у грэчаскага бога. — Ты патлумач яму, што Буда зусім не з Грэцыі».) Журналісты празвалі яго эвалюцыяй вышэйназванага дадатку DeepFake. Новы алгарытм яшчэ прасцейшы ў засваенні — фэйкавы здымак можна зрабіць за пару клікаў. Карыстальнік загружае фота чалавека ў адзенні, а на выхадзе атрымлівае выяву з аголеным целам. Гэты дадатак быў узламаны, і здымкі трапілі ў адкрыты доступ. Балазе, неўзабаве аўтары сэрвісу закрылі праект, бо карыстальнікі пачалі злоўжываць ім. («ПотЕрял лицо!» Памятаеце гэты эпізод з выступлення чэмпіёнаў Найвышэйшай лігі КВЗ каманды зборнай БДУ?)

А некаторыя агаляюцца добраахвотна. Напрыклад, спявачка Наташа Каралёва. Усё пачалося з таго, што яе каляжанка па цэху Святлана Лабада выклала ў сеціве здымак, на якім цалкам голая бландзінка стаіць на галаве ў адной з папулярных у ёзе асан. Насамрэч гэта была вядомая амерыканская блогерша Nude Yoga Gіrl. Дзяўчына публікуе здымкі, на якіх пазіруе ў розных асанах, але пры гэтым заўсёды хавае свой твар. Карыстальнікі вырашылі, што на фатаграфіі Лабада, пакуль блогерша не абвінаваціла тую ў прысвойванні чужой славы. Каралёва вырашыла памірыць апанентак і, прыгадаўшы цыркавое мінулае, прыблізна паўтарыла позу амерыканкі. Здымак падпісала кшталту «ў свае «ягадныя» 46 гадоў мне не сорамна дэманстраваць сваё аголенае цела». Ведаеце, і не паспрачаешся — сапраўды ўсё на месцы...

Гэтак жа, як у Джэніфер Лопес, якая нядаўна адзначыла сваё 50-годдзе. З гэтай нагоды ўсе зноў загаварылі аб прыгажосці галівудскай спявачкі і актрысы: згадалі і пра чароўную ўсмешку на твары, і пра шыкоўную фігуру ў такім узросце. Дарэчы, другім не менш вядомым «тварам» у Лопес з'яўляецца якраз «пятая кропка». («Сустракаюцца Брытні Спірс і Джэніфер Лопес. — Прывітанне, Брытні! Прывітанне, э-э-э... А ну, павярніся. А-а! Прывітанне, Джэніфер!») Сама юбілярка кажа, што гэтыя выгібы ў яе ад прыроды. «У маёй сям'і гаварылі: «У цябе вялікая попа, і гэта выдатна!» («Добрыя зубы — выдатны «кардаш'ян».)

Прыблізна ў гэты ж час з галівудскага акцёра Кевіна Спейсі знялі абвінавачванне ў сексуальным дамаганні, праз якое ён пазбавіўся роляў і прэміі «Эмі». І хоць пішуць нешта кшталту таго, што асадачак, маўляў, застаўся, чалавек па сутнасці вярнуў сабе твар, бо сваёй віны ён не прызнаваў. З гэтай нагоды хочацца прыгадаць брытанскую актрысу Зоі Уонамейкер (Мадам Трук з «Гары Потэра»), якая неяк на хвалі харасменту жартам сказала, што канкрэтна яе ніхто ніколі не дамагаўся. І гэты факт у свой час крыўдзіў і раздражняў актрысу.

Вось такія ў кожнага праблемы. Са сваім тварам або без... («Зрабіў разумны твар — навучыся ім карыстацца».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.