Вы тут

Вольга Мастаўнікова: Мяне абараняе дух айкідо


Яна — выкладчык айкідо з дваццацігадовым стажам. Яшчэ падчас вучобы ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Фізіка. Матэматыка» актыўна займалася спортам, па заканчэнні ВНУ мела званне майстра спорту па гэтым відзе баявога ўсходняга адзінаборства. Цяпер Вольга навучае яму студэнтаў у спарткомплексе БДУІР. Яна адзіная ў Беларусі жанчына, што мае пяты дан (японскі разрад у баявых мастацтвах), з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком школы Стывена Сігала ў Беларусі, майстрам спорту міжнароднага класа па айкідо. Для «Чырвонкі. Чырвонай змены» трэнер расказала, ці можна за кароткі прамежак часу зрабіць з вучня прафесіянала, якую ролю адыгрывае духоўны аспект у адзінаборстве і як не пераносіць баявы настрой са спартыўнай залы ў паўсядзённасць.


— Звязаць сваё жыццё з айкідо — мэтанакіраванае рашэнне або выпадковы збег акалічнасцяў?

— Падчас вучобы ў родным Бабруйску мяне захаплялі фільмы з удзелам вядомых акцёраў Стывена Сігала і Джэкі Чана. Тады, у 15 гадоў, я і захацела займацца баявымі адзінаборствамі, напрыклад, каратэ, але такога кірунку не знайшлося. Так я выбрала айкідо. Дзякуючы маёй упартасці трэнер узяў да сябе ў каманду, хоць па ўзросце я не падыходзіла. З тых часоў гэтае адзінаборства — частка майго жыцця.

— Калі вы сталі трэнерам?

— У 1999 годзе пры падтрымцы загадчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУІР Мікалая Пятрова айкідо ўвялі ў праграму навучання студэнтаў ВНУ, гэта было нешта новае нават для сталіцы. Разам з ім мы распрацавалі праграму, па якой такім кірункам баявога мастацтва маглі займацца студэнты з першага па чацвёрты курс. З таго ж года я пачала выкладаць айкідо ў БДУІР, і працягваю гэта рабіць дагэтуль.

— Вы займаецеся толькі са студэнтамі?

— З імі лёгка працаваць, бо яны разумеюць, якія задачы перад імі стаўлю і чаго ад іх чакаю. Штогод да мяне прыходзіць больш за сотню студэнтаў, сёлета — каля двухсот. Трэніроўкі праходзяць два разы на тыдзень, але прыемна, калі некаторыя наведваюць іх часцей. Дарэчы, я не адразу магу заўважыць перспектыўнага вучня, для гэтага трэба пачакаць некалькі месяцаў. Дзякуючы ўпартасці любы можа дасягнуць добрых вынікаў у гэтым кірунку баявога мастацтва. Напрыклад, чацвёртакурсніца Дар'я Максімава, студэнтка інжынерна-эканамічнага факультэта БДУІР, і магістрант Захар Паштальёнаў прыйшлі ў айкідо не для перамог, але ўжо цяпер маюць чорныя паясы і не збіраюцца спыняцца на дасягнутым.

Сваіх сыноў аднойчы я таксама прывяла на заняткі, спрабавала прывіць ім любоў да гэтага віду баявога мастацтва, але не выйшла — старэйшы пайшоў у дзюдо, а малодшаму прыйшлося даспадобы плаванне.

— Які ўзрост можна лічыць найбольш прыдатным для пачатку заняткаў?

— Пэўнага, з якога рэкамендуецца ісці ў айкідо, няма. Але я б звярнула ўвагу на тое, што дзеці чатырох-васьмі гадоў яшчэ шмат чаго не разумеюць. Яны могуць зрабіць балюча адно аднаму ў адплату і атрымаць траўмы або спалохацца, калі стане балюча. Акрамя таго, маленькія вучні не ўсведамляюць духоўны аспект элементаў, а гэта вельмі важна. Таму я б раіла бацькам аддаваць дзіця на трэніроўкі з дзесяці гадоў.

— У айкідо варта ісці, маючы добрую фізічную падрыхтоўку?

— Не абавязкова. Да мяне на заняткі прыходзяць хлопцы і дзяўчаты рознай фізічнай і духоўнай сілы. Наведваюць трэніроўкі людзі з інваліднасцю, адзін юнак нават атрымаў чорны пояс, маючы цяжкую форму ДЦП. Лічу гэта дасягненнем.

— Часта чуеце, што гэта адзінаборства — не жаночы кірунак баявога мастацтва?

— Калі толькі пачынала прафесійную дзейнасць, адчувала недавер з боку мужчын, але дзякуючы працавітасці і мэтанакіраванасці не раз даказвала, што здольная на многае. Па маіх назіраннях, раней сярод вучняў было мала дзяўчат — менш за пяць працэнтаў ад агульнай колькасці. з нядаўняга часу гэты паказчык змяніўся — даходзіць да 40.

— Навошта або па што прыходзяць у айкідо?

— Па-першае, каб навучыцца самаабароне. Але трэба разумець, што за месяц-два асвоіць асноўныя метады і тэхнікі не атрымаецца. Стывен Сігал, напрыклад, адпрацоўваў тэхніку «ірымі-нагі», якую дэманстраваў у многіх фільмах, сем гадоў па чатыры гадзіны на дзень. Айкідо дапамагае і тым, хто хоча стаць больш упэўненым у сабе. А хтосьці займаецца ім дзеля атрымання тытулаў і павышэння самаацэнкі. Часам бывае, што ў працэсе навучання або нават пасля атрымання чорнага пояса ў некаторых знікае матывацыя: усё дасягнута, а, значыць, сэнсу працягваць трэніравацца няма. Здараецца, што мэта з часам змяняецца і студэнты застаюцца ў спорце. Гэты від баявога мастацтва падыходзіць і тым, хто не любіць спаборніцтвы, бо яны амаль што не праводзяцца.

— З чым гэта звязана?

— Галоўнае правіла заснавальніка айкідо — забарона на ўсе віды спаборніцтваў. У гэтым адзінаборстве майстар выкарыстоўвае сілу праціўніка супраць яго самога, сам жа застаецца ў духоўнай раўнавазе. Такім чынам, падчас паядынку няма мацнейшага, усе на роўных. Дарэчы, айкідо дапамагае адчуць гармонію ўнутры сябе. Калі я была школьніцай, мой трэнер Мінора Канэцука, тэхнічны дырэктар брытанскай федэрацыі айкідо, казаў: «Дух айкідо будзе заўсёды абараняць цябе». Спачатку было складана ў гэта паверыць, але з гадамі заўважыла, што мне шанцуе па жыцці, я абмінаю няўдачы бокам. Не ведаю, якім чынам гэта працуе, але ўпэўнена, што я сапраўды пад абаронай сілы айкідо.

— Як часта можна атрымліваць даны?

— Паміж атэстацыямі ёсць пэўны часавы перапынак: паміж першым і другім данамі — два гады. Пасля ўсё залежыць ад ступені падрыхтоўкі і майстэрства. У айкідо ўсіх данаў дзесяць: еўрапейцы ў сярэднім атрымліваюць сем, японцы — восем ці дзевяць, дзясяты тытул толькі ў заснавальніка баявога мастацтва — Марыхэя Уэсібы і членаў яго сям'і.

Дарэчы, атрымаць дан або чорны пояс у айкідо — задача няпростая. Справа ў тым, што на першых курсах у студэнтаў шмат сіл, энергіі і жадання трэніравацца, а на апошнім у некага з'яўляецца работа, хтосьці абзаводзіцца сям'ёй, і часу на спорт застаецца мала.

— Якія распаўсюджаныя памылкі бываюць у пачаткоўцаў?

— Многія хочуць добрых вынікаў за кароткі прамежак часу. Я пераконваю, што спачатку яны павінны навучыцца асновам, інакш можна атрымаць траўмы, самая распаўсюджаная з якіх — расцяжэнне. Дарэчы, дзяўчаты часцей бываюць няўпэўненыя ў сабе і баяцца падаць, іх цяжка прымусіць рабіць нават бяспечныя элементы.

— Адзінаборства настолькі ўвайшло ў ваша жыццё...

— Я так натхнёная тым, чым займаюся, што нават падчас цяжарнасці хадзіла на трэніроўкі, а ў дэкрэтным адпачынку была не больш за чатыры месяцы — хацелася хутчэй трапіць у залу. Бывае, што час ад часу наступае эмацыянальнае выгаранне, значыць, трэба пераключыць увагу на нешта іншае. У маім выпадку гэта бокс: любімы муж і па сумяшчальніцтве трэнер прапанаваў заняцца гэтым відам спорту.

— Каб рухацца наперад па жыцці і ў прафесіі, вы...

— Я выязджаю на семінары тры-чатыры разы на год, наведваю кангрэсы, летнія школы. Часам сустракаю на такіх выязных мерапрыемствах людзей ва ўзросце 80—90 гадоў — гэта надае сіл і дае матывацыю на далейшае развіццё. Імкнуся ўдасканальваць набытыя навыкі, павышаю ўзровень майстэрства і дапамагаю сваім вучням дасягаць поспеху ў айкідо. Ведаю, як цяжка дамагацца вышынь у спорце, таму прыемна, калі яны дзеляцца дасягненнямі са мной, натхняюцца перамогамі і ідуць наперад.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.