Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мінск і Лондан могуць адшукаць новыя кірункі супрацоўніцтва


У ходзе сустрэчы з паслом Вялікабрытаніі Фіёны Гіб з нагоды завяршэння яе дыпламатычнай місіі ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў заслугі дыпламата ў развіцці двухбаковых адносін. 


Фота БЕЛТА

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з дыпламатам у Палацы Незалежнасці, «за тры з паловай гады зроблена тое, чаго не зрабілі дагэтуль усе каралеўскія паслы». 

«Таму я за гэта вам вельмі ўдзячны, бо толькі дзякуючы вашай актыўнасці, настойлівасці, адкрытасці, шчырасці і справядлівасці можна было зрабіць тое, што было зроблена», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У апошнія гады Вялікабрытанія знаходзіцца на трэцім месцы па экспарце беларускіх тавараў. Летась наш тавараабарот узрос да 3,4 мільярда долараў, экспарт беларускіх паслуг — да 265,2 мільёна долараў. Гэтыя дасягненні Аляксандр Лукашэнка назваў падмуркам любых адносін.

Але, паводле слоў Прэзідэнта, ёсць і складанасці, якія пасол сама добра ведае: беларуска-брытанскі экспарт і тавараабарот шмат у чым залежаць ад паставак нафтапрадуктаў. Праз праблему з забруджанай нафтай, якая здарылася на нафтаправодзе «Дружба», тавараабарот у краіне крыху «прасеў», а гэта, на думку кіраўніка краіны, павялічыла патрэбу ў дыверсіфікацыі.

На сустрэчы зайшла гаворка і пра знешнепалітычнае становішча.

«Вы ведаеце, што я не прыхільнік распаду Еўрасаюза, хаця гэта выглядае некалькі дзіўна, мяне не ўсе разумеюць: маўляў, яны табе столькі ліха прынеслі, і дыктатарам лічылі, і адносіны сапсавалі, санкцыі ўводзілі... Але, ведаеце, з гэтага нельга сыходзіць», — мяркуе беларускі лідар.

Ён лічыць Еўрасаюз апірышчам планеты разам з ЗША і Кітаем, Індыяй, Расіяй. На думку Аляксандра Лукашэнкі, калі хаця адну з гэтых множных апор вырваць з-пад нашага свету, свет, зразумела, не абваліцца, але яго моцна захістае. А значыць, на парадак менш стане стабільнасці і ў еўразійскім рэгіёне.

Таму і брытанскім палітыкам, якія падчас дзейнасці Фіёны Гіб наведвалі Мінск, Прэзідэнт Беларусі казаў пра дваістыя пачуцці пасля заявы аб выхадзе з ЕС.

«Вялікабрытанія — вельмі моцная краіна, яна шмат рабіла для Еўрасаюза, вызначала разам з Германіяй, Францыяй, адносна, можа, Італіяй, моц Еўрасаюза. Канешне, гэта велізарная страта. Па-другое — гэта вялікія магчымасці для нас, таму што Вялікабрытанія валодае каласальным патэнцыялам», — мяркуе кіраўнік Беларусі.

Ён адзначыў, што будзе рад, калі дыпламат зойме ў Міністэрстве замежных спраў значную пасаду. Да таго ж Аляксандр Лукашэнка папрасіў пасла давесці ў ведамстве думку аб патрэбе ў інтэнсіфікацыі нашых адносін. Прычым не адкладваючы, бо «ў бурлівы час пустот не бывае». Выказаў Прэзідэнт і пажаданне, каб Вялікабрытанія знайшла сябе ў Беларусі як частцы Еўразійскага эканамічнага саюза.

У Беларусі дзейнічаюць двухбаковыя праекты з Вялікабрытаніяй у сферах альтэрнатыўнай энергетыкі, дарожнага будаўніцтва, электрааўтамабілебудавання, сельскай гаспадаркі і харчавання, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, банкаўскай справы і фінансаў.

«Зборка электробусаў і іншае — гэта дробязі ў параўнанні з тым, што мы можам рабіць у Вялікабрытаніі і што вы можаце зрабіць у Беларусі. З’явілася магчымасць актывізаваць нашы адносіны, вы можаце прымаць рашэнні больш свабодна. І няма чаго граху таіць: у вас цудоўныя стасункі са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Я хацеў бы, каб гэтыя стасункі якімсьці чынам былі праецыраваны і на Беларусь», —звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён запрасіў дыпламата прыязджаць у Беларусь у любы час, назваўшы «сваім чалавекам».

«У нас шырокі спектр адносін, можна знайсці і новыя кірункі супрацоўніцтва, проста не трэба губляць часу. Думаю, што новы прэм’ер, новы ўрад актывізуюць гэтыя стасункі», — спадзяецца Прэзідэнт. Акрамя таго, ён выказаў удзячнасць брытанскаму боку за дапамогу ў рэабілітацыі дзяцей пасля Чарнобыльскай аварыі, а таксама за супрацоўніцтва ў спорце, і пажадаў Фіёне Гіб поспехаў у далейшай працы.

Фіёна Гіб са свайго боку пацвердзіла журналістам, што адносіны паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй развіваюцца ў добрым, пазітыўным кірунку. Год таму падпісанае пагадненне аб развіцці эканамічнага супрацоўніцтва. Пасол падкрэсліла, што абодва міністэрствы замежных спраў шмат працавалі разам, каб прасоўваць гэтыя стасункі.
«Беларусь — вельмі важная краіна ў цэнтры Еўропы, трэба ацэньваць яе становішча. Вельмі ўдзячная, што Прэзідэнт заўважыў, пракаментаваў. Як мы абмеркавалі, патэнцыял для двухбаковых адносін у будучыні вельмі добры», — паведаміла дыпламат.

Найбольш перспектыўнымі кірункамі яна лічыць гандаль, умацаванне культурных сувязяў паміж двума народамі. Акрамя таго, узаемную цікавасць выклікаюць сельская гаспадарка, высокія тэхналогіі, ахова здароўя, стварэнне структуры зарадак для электрамабіляў. На думку Фіёны Гіб, у гэтым і ёсць роля дыпламатаў: паказаць магчымасці дзяржавы. А рашэнні прымаць ужо бізнесменам.

«Я вельмі люблю вашу краіну! Жыла ва Украіне, Германіі, Канадзе, Турцыі, Іраку, Емене, Кеніі. Зараз жыву ў Беларусі, і дагэтуль у жыцці гэта самая любімая краіна. Вялікі гонар быў для мяне працаваць тут паслом. Праца цікавая. І прыватныя сувязі вельмі дарагія для меня», — адзначыла дыпламат.

На новай пасадзе ў Лондане яна збіраецца захаваць сяброўства з Беларуссю. І не выключае нават магчымасці, што пасля службы ў МЗС будзе штогод сюды вяртацца. 

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.