Вы тут

55 чалавек загінула сёлета ад рук сваіх блізкіх


 29 ліпеня па 3 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў праводзіла ў Беларусі акцыю «Побыт». Звязана гэта было з тым, што ў нашай краіне прыкметна вырасла колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, якія адбываюцца ў сям’і. Толькі за першыя 7 сем месяцаў хатнія агрэсары забілі 55 чалавек, якія жылі разам з імі і вялі агульную гаспадарку. Такія лічбы агучыў на брыфінгу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення прафілактыкі ГУАПП МУС Алег Каразей.


Гэтая лічба перавышае паказчыкі, зарэгістраваныя летась. Тады па стане на 1 жніўня ад рук сваіх блізкіх былі забіты 48 чалавек. 80% віноўнікаў такіх злачынстваў — мужчыны. Пры гэтым 5 з кожных шасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў былі ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення.

— Калі разглядаць усю статыстыку пацярпелых у сям’і, то мужчын і жанчын прыкладна пароўну, — працягвае Алег Каразей. — Але што да забойстваў і нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, то тут на долю слабога полу прыходзіцца ўжо каля траціны такіх злачынстваў. Чаму так выходзіць? Шмат канфліктаў у сям’і ідзе па нарастаючай. Папрокі змяняюцца пабоямі, у нейкі момант накал дасягае крытычнай адзнакі. Паколькі фізічна жанчына слабейшая, то яна бярэ нож і робіць фатальны замах. 

І зачастую алкаголь «дапамагае» ў гэтай справе. Летась Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук правёў цікавае апытанне сярод жанчын, якія пацярпелі ад гвалту ў сям’і. Яны сказалі, што алкаголь — галоўная, але не выключная прычына гвалту. Сярод астатніх — рэўнасць, жаданне паказаць, хто гаспадар, матэрыяльныя праблемы... А гэта ўсё сведчыць пра тое, што ў сям’і ненармальна выбудаваны адносіны. Таму, на думку праваахоўнікаў, ранні зварот па дапамогу можа дапамагчы захаваць сям’ю на стадыі, пакуль канфлікт не дайшоў да рукапрыкладства.

— За год мы атрымліваем да 100 тысяч выклікаў ад ахвяраў скандалаў, — працягвае Алег Каразей. — Мы абавязкова выедзем, прымем усе неабходныя захады. Але гэта ўжо следства. А змагацца трэба з прычынай. Так, на прафілактычным уліку ў краіне стаіць амаль 8 тысяч хатніх скандалістаў. Але гэта гаворка ідзе пра тых, каго рублём пакаралі паўторна. Агулам жа за год у гэтай сферы рэгіструецца прыкладна 50 тысяч адміністратыўных правапарушэнняў. Чаму ўзнікае амаль двукратная розніца ў параўнанні з колькасцю выклікаў? Па-першае, адміністратыўная адказнасць узнікае па патрабаванні пацярпелых. Бывае не раз, што жанчына кажа — «вы дасце штраф, а плаціць нам яго з нашага сямейнага бюджэту». У шэрагу выпадкаў мы выкарыстоўваем дапамогу пракурора, калі гаворым пра сітуацыю, калі жанчына знаходзіцца ў залежным стане і не можа самастойна абараніць свае правы. Тады мы пачынаем адміністратыўны або крымінальны працэс.

Пры гэтым на вёсцы адносная колькасць выпадкаў хатняга гвалту ў пераліку на 10 тысяч чалавек амаль у два разы вышэйшая, чым у гарадской забудове. Адбітак на гэта накладвае лад жыцця. Шмат хто з агрэсараў нідзе не працуе або мае прафесію, звязаную з нізкай кваліфікацыяй, але вельмі ахвотны да спіртнога. Слова за слова — і далей панеслася па накатанай...

Разам з тым існуе прававая калізія, якая вымушае МУС шукаць дадатковыя механізмы процідзеяння гвалту ў сям’і.

— Скажам, муж і жонка развяліся. Але не раз’ехаліся і жывуць паасаобку кожны ў сваім пакоі. Калі паміж імі адбудзецца канфлікт, то лічбы хатняга гвалту не вырастуць, паколькі перад намі не сям’я. Але варта было б распаўсюдзіць закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту і на такія выпадкі, — лічыць Алег Каразей. — Тым больш што ёсць рэальныя прыклады. Некалькі год таму ў Гомельскай вобласці жанчына звярнулася да нас увесну з нагоды агрэсіі з боку былога мужа. Яго мы прыцягнулі да адказнасці. У верасні жанчына пачула ў свой адрас пагрозу забойствам. З аднаго боку, злачынства сур’ёзнае. Але з пункту гледжання заканадаўства максімальная санкцыя ў такім выпадку — да 2 год пазбаўлення волі. А гэта значыла, што следчы не мае права прымяніць меру папярэджання ў выглядзе зняволення пад варту. І вось адбыўся чарговы скандал, падчас якога жанчына была выкінута з акна...

Магчыма, прававыя нормы і не змаглі б папярэдзіць трагедыю. Разам з тым, як зазначыў Алег Каразей, наяўнасць механізмаў, якія дазваляюць уплываць на падобныя сітуацыі, важна для аказання своечасовай дапамогі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.