Вы тут

Жніво як рытуал, што на цэлы год вызначае дабрабыт


Нездарма апошні месяц лета ў беларускай мове мае такую назву. Жнівень — гэтая пара спрадвек праходзіць у клопатах пра збор ураджаю, яго парадкаванні ў свірнах. Гэты час нярэдка праводзілі і ў вясёлых забавах. Часта ў жніўні святкавалі вяселлі: сем’ям маладых прасцей зладзіць святочны стол і запрасіць як мага больш гасцей. А надвор’е дазваляе бяседзе доўжыцца да самай раніцы.


У традыцыйнай культуры беларусаў жніво — надзвычай важная справа. Гэта і падвядзенне вынікаў летняй працы, і магчымасць быць упэўненымі ў тым, што зіма не будзе галоднай. Нездарма ж на жніво прынята было надзяваць чыстыя кашулі, як на свята, а словы жыта і жыццё, збожжа і Бог маюць агульныя этымалагічныя карані. Калі жыта зжата, ураджай сабраны ў свіран, то можна святкаваць і адпачываць.

Нашы продкі спявалі не толькі калі на душы было весела. Песня дапамагала ў працы, надавала ёй адметны рытм, давала магчымасць працаўнікам нейкім чынам аб’ядноўвацца, быць заўсёды ў камунікацыі — стаць вялікім калектывам, які робіць агульную і важную для ўсіх справу. Таму не выпадкова жнеі пачыналі спяваць яшчэ па дарозе ў поле. Спевы суправаджалі сам працэс жніва, а таксама гучалі падчас святочнага застолля ў гаспадара, што завяршала свята.

Гэтыя этапы — песня перад жнівом, малітва, зварот-прывітанне да маці-зямлі, непасрэдна жніво з песнямі, услаўленне гаспадара і песні-любаванні апошнім нязжатым участкам поля — агульныя для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Так, напрыклад, на Смаргоншчыне не пачыналі працаваць, пакуль тройчы не абыходзілі з песнямі нязжаты кавалак, а на Любаншчыне перад жнівом абавязкова прамаўлялі «Ойча наш...» як просьбу Богу дапамагчы ў працы і даць добры ўраджай. На Полаччыне прынята было вітаць зямлю прыкладна такімі словамі: «Добры дзень, зерне буйное, зямелька-маці, прымі мой нізкі паклон. Дай мне сілу вялікую, каб мае ручкі не балелі, каб ножкі не нямелі, каб спінка не ныла, каб я ўсё поле зваявала, усё жыта пажала».

Рытуаламі суправаджаўся і сам працэс жніва. Напрыклад, на Полаччыне з першых зжатых сцяблін збожжа жнеі рабілі для сябе і для касцоў адмысловыя паясы. Іх называюць вязьмо.

Вязьмо — той жа абярэг, ён дае сілы на работу і засцерагае ад ляноты. Лічыцца, што пачынаць работу можна толькі тады, калі падперазаўся вязьмом. Дарэчы, тут жнеі не жалі жыта сярпамі, а звязвалі скошанае збожжа ў снапы і складалі іх у копы. У працы жанчынам дапамагалі мужчыны — менавіта яны касілі жыта ў полі. Пачынаў касьбу па традыцыі старэйшы мужчына, а потым да яго далучаліся іншыя касцы.

Агульнай для розных рэгіёнаў Беларусі з’яўляецца і традыцыя пакідаць нязжатым апошні кавалак поля. Яго называлі барадой. Нашы продкі верылі, што душа нівы — а яна мае выгляд казлападобнай істоты — хаваецца ў апошніх нязжатых каласах. Таму ахвяравалі духам нівы хлеб, соль, яйкі, упрыгожвалі бараду стужкамі, кветкамі, ягадамі рабіны. Бараду завівалі адмысловым чынам, упрыгожвалі кветачкамі, клалі лустачку хлеба — каб поле было чыстым і ўраджайным.

Магічныя ўласцівасці прыпісваліся і самой зжатай ніве. Так, на Любаншчыне дзяўчаты качаюцца па жніве, каб зямля ім здароўя і сіл дала. Кажуць такія словы: «Ніўканіўка, аддай мне сілушку. На коніка — лой, на ніўку — гной, а мне на здароўе». Як цудадзейны нашы продкі ўспрымалі і апошні зжаты сноп — яго называлі дзедам. З ім дзеўкі качаліся па барадзе, каб хутчэй замуж выйсці. Лічылася таксама, што дзед валодае лекавай сілай, яго неслі да хворых, цяжарных ды маладух, якія нядаўна выйшлі замуж.

Завяршала працэс жніва адметная песня. Яе жнеі спявалі па дарозе з поля дадому.

А ў нас сёння вайна была.

Усё поле зваёвана,

Усё жыта пажата,

У снапы павязана.

«...пану ўчынілі славу». Усюды ў Беларусі прынята апошні дажынкавы сноп дарыць гаспадару, каб той яго на покуць паставіў і захаваў да наступнага ўраджаю. Лічылася, што зерне з дзеда валодае цудадзейнай сілай: калі пачынаецца сяўба азімых, яго дадаюць да насення, каб добра ўрадзіла жыта на наступны год.

Не выпадкова дажынкі традыцыйна заканчваюцца багатым застоллем. Часам усю ноч шчодры гаспадар частаваў жнеек за добрую працу мёдам і гарэлкаю. Усю ноч гучалі і прыгожыя беларускія песні.

Марына ВЕСЯЛУХА

Загаловак у газеце: «Ніўка-ніўка, аддай мне сілушку»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.