Вы тут

«Крытыка — яшчэ і паэзія рызыкі...»


У гэтым быў перакананы Віктар Каваленка. Выбітны крытык, літаратуразнаўца, празаік. Акадэмік, заслужаны дзеяч навукі. За ўдзел у двухтомным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рускай мове) быў уганараваны Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа. За кнігу «Прага духоўнасці» — Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў СССР. Сярод узнагарод — медаль Францыска Скарыны. Гэта тое, што ведаюць многія. Аднак ёсць тыя, хто быў знаёмы з асобай творцы і даследчыка бліжэй. Якім бачылі яго вучні, калегі? Яны з удзячнасцю згадваюць свайго настаўніка, 90-гадовы юбілей якога нядаўна быў адзначаны паслядоўнікамі.


Другая палова 1980-х.

Усім, хто бярэцца за пяро, Віктар Каваленка пакінуў запавет: «…Літаратар павінен быць аптымістам. Цвярозым, разважлівым, самааглядным, але аптымістам, бо яго імкненні так або інакш судакранаюцца з інтарэсамі будучыні. Інакш будзе страчвацца сам сэнс яго працы».

Віктар Антонавіч добра ведаў літаратурны працэс. Як прафесійны крытык ён быў непарыўна звязаны з літаратуразнаўствам, а дакладней — з гісторыяй і тэорыяй літаратуры. Гэта стварыла навуковую базу для яго крытычнай дзейнасці, прадстаўленай у розных жанравых формах (аглядны і праблемны артыкул, рэцэнзія, палемічныя нататкі і інш.) Такім чынам аўтар, разглядаючы мастацкія творы, у якіх адлюстроўваліся розныя этапы развіцця грамадства і літаратуры, прасочваў эвалюцыю беларускай крытыкі (і літаратуры, вядома), умацоўваў яе метадалагічныя асновы.

У даследчыка было сваё бачанне крытыкі і ўяўленне пра асобу крытыка. У артыкуле «Думкі пра сучасную беларускую крытыку» ён напісаў: «Час ад часу крытыцы патрэбны погляд на самую сябе як бы збоку, каб лепш усвядоміць сваё становішча ў літаратурным працэсе. Чарговы акт самапазнання — гэта і ёсць чарговы зрух наперад. Праўда, размова пра крытыку не можа быць самамэтай. Яна апраўдваецца толькі намерам яшчэ больш наблізіць яе да літаратурнай дзейнасці. Пісаць пра крытыку — азначае таксама пісаць і пра літаратуру і яе праблемы, бо толькі ў сувязі з імі становяцца значнымі прафесійныя інтарэсы ўласна крытычнага жанру».

У тэарэтычных артыкулах Віктар Антонавіч адзначаў, што традыцыі беларускай крытыкі не вельмі багатыя, але яны ёсць, толькі, на вялікі жаль, слаба вывучаны. Ён раіў «навукова падысці да крытычнай спадчыны мінулага, уважліва і прафесійна паглядзець, што з надрукаванага тады цікавае, правільнае, метадалагічна грунтоўнае». З улікам гэтага сцвярджаў наступнае: «У крытыцы мінулых гадоў, акрамя ўсяго іншага, мы можам павучыцца смеласці ацэнак. Крытыка — яшчэ і паэзія рызыкі. Той крытык захапляе і вядзе, хто смелы ў прагнозах і ацэнках. Вяласць ацэначнай пазіцыі, выратавальнае “і так і гэтак” робіць увесь занятак крытыка нецікавым. Крытык можа памыляцца, але ў яго павінна быць пазіцыя».

Згадваючы меркаванне Варлена Бечыка пра тое, што «натхненне, эмацыянальнасць, вобразнасць мыслення — неад’емныя якасці сапраўднай крытыкі», хочацца прывесці яшчэ адно выказванне В. Каваленкі: «Нашай крытыцы не хапае тэмпераментнасці, звычайнага хвалявання і захаплення. Таму ў рэспубліцы даволі слабы грамадскі рэзананс крытыкі. Але тэмперамент крытыка выхоўваецца на глыбіні пранікнення ў змест твора. Як мала ў нас на старонках друку сур’ёзнай палемікі, спаборніцтва вынашаных канцэпцый, сутыкнення поглядаў».

Віктар Каваленка быў перакананы, што ад асобы крытыка залежыць «сіла крытыкі, яе грамадскі аўтарытэт», а яшчэ важна, «у якой ступені крытык чуйны да сучаснасці, які яго тэарэтычны багаж, ці актуальныя яго ідэйныя імкненні і ці сталае яго майстэрства». «Не апошняе значэнне набываюць і чыста чалавечыя якасці, прынцыповасць, шчырасць, добразычлівасць. Але быць добразычлівым не значыць быць усёдаравальным».

Усё гэта было ўласціва Віктару Антонавічу. Алесь Адамовіч адзначаў: «Галоўная рыса яго як асобы, як пісьменніка, як крытыка — прынцыповая дабрыня. Не ў тым сэнсе, што дрэннае ў творы ці літаратуры не ацэньваецца ім з адпаведнай праўдзівасцю. Гэта не так: крытык гэты надзвычай шчыры. Але так ужо натура яго склалася, што ад шчырасці і неабходнасці гаварыць суровую праўду і толькі праўду аўтарам, пісьменнікам крытык сам пакутуе, магчыма, больш за тых, хто ім крытыкуецца...»

Мне пашчасціла ведаць гэтага незвычайнага чалавека. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ ў 1973 годзе я паступіла ў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. Два гады вучылася завочна і настаўнічала ў Мінскім раёне. У 1975—1977 гг. працягвала навучанне з адрывам ад вытворчасці, а з мая 1977 па 2000 год працавала ў гэтай навукова-даследчай установе.

Акадэмія навук уяўлялася мне сапраўдным храмам навукі. Я трапіла ў калектыў вядомых даследчыкаў беларускага прыгожага пісьменства, сярод якіх быў і Віктар Антонавіч. Радасна было апынуцца ў Інстытуце літаратуры і разам з тым крыху боязна. Але з першых дзён знаёмства, пачынаючы з уступнага экзамену пры паступленні ў аспірантуру, адчула прыязнасць і добрае стаўленне да нас, маладых.

Асаблівай цеплынёй і добразычлівасцю вылучаўся В. Каваленка. Мне здаецца, што такія яго адносіны да моладзі былі праяўленнем не толькі выдатных чалавечых якасцей, найперш дабрыні, але і педагагічнага таленту. Віктар Антонавіч дапамагаў нам увайсці ў асяроддзе навукоўцаў, хацеў, каб мы не адчувалі сябе тут чужымі. Ён выхоўваў новае пакаленне крытыкаў і літаратуразнаўцаў не толькі на прыкладзе ўласных даследаванняў, але і сваёй зацікаўленасцю нашай працай над дысертацыяй, падрыхтоўкай артыкулаў, тэзісаў выступленняў. Гэтая яго неабыякавасць, маральная падтрымка вельмі дапамагала нам. Калі даводзілася выступаць на канферэнцыі, ён заўсёды казаў добрыя словы, знаходзіў, за што пахваліць, даваў карысныя парады.

Пачатак 1980-х. У Раўбічах з Алесем Адамовічам.

Ён апекаваў нас і тады, калі мы ўжо выконвалі планавыя тэмы. Падтрымліваў пры іх публічным абмеркаванні. Па нашым настроі адчуваў, калі нам было дрэнна, і як мог супакойваў, абнадзейваў, суцяшаў. Шчыра радаваўся нашым поспехам і цешыўся, калі нашы вочы свяціліся шчасцем, нібы мы былі яго дзецьмі. Такі ён быў чалавек: сапраўдны інтэлігент, «арыстакрат духу», выхаваны, далікатны, высакародны, добразычлівы, спагадлівы, усмешлівы («чалавечны чалавек») і разам з тым прынцыповы. Ні пасады, ні званні, ні ўзнагароды не змянілі яго чалавечую сутнасць.

Асоба Віктара Антонавіча прыадкрылася мне раней невядомымі гранямі праз знаёмства з яго аўтабіяграфічнымі творамі: эсэ «Вёска — як многія, і лёс мой — як у многіх», успаміны «Складанае жыццё», «Устанаўлівалася новая ўлада», «Так пачалася вайна», апублікаванымі ў кнізе «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Валожынскага раёна».

Гэта лірычная споведзь пра малую радзіму, бацькоў, аднавяскоўцаў, людзей, што чымсьці запомніліся аўтару і паўздзейнічалі на яго свядомасць, пачуцці. Асабліва кранае аповед пра бацьку: «Я не хацеў бы ідэалізаваць свайго бацьку. Чалавек ён супярэчлівы: цягнуўся да кнігі і меў адначасова шмат мужыцкіх рыс. Бываў і несправядлівы. І ўсё ж было ў ім нешта ад прыроджанага высакародства, нейкія душэўныя парывы да жыццёвага хараства». Відавочна, што менавіта гэтыя вызначальныя якасці характару бацькі перадаліся сыну. Аўтабіяграфічныя творы раскрываюць пісьменніцкі талент В. Каваленкі, аўтара рамана «Падвышанае неба», які, на жаль, не паспеў раскрыцца. Яго дачка, Таццяна Бельская, паведаміла мне, што ў бацькавым архіве захоўваюцца накіды яшчэ да двух раманаў — «Фронт» (урыўкі з гэтага твора друкаваліся ў «Мінскай праўдзе») і «Вяртанне да віны».

Ён вельмі любіў сваю сям’ю, аберагаў яе, жыў радасцямі і трывогамі сваіх блізкіх. Ён быў верным сябрам. Аб гэтым сведчыць яго сяброўства з Алесем Адамовічам і Дзмітрыем Бугаёвым. Ён адчуваў хараство жыцця, нягледзячы на яго складанасць і часам бязлітасную жорсткасць, якая не абмінула і яго.

90-годдзе з дня нараджэння В. Каваленкі мы адзначаем у Год малой радзімы, што таксама сімвалічна. У свой час Віктар Антонавіч завяршыў сваю лірычную споведзь такімі словамі: «Я шмат чым абавязаны роднай вёсцы і родным мясцінам. Яны спарадзілі ў маім сэрцы пачуццё замілавання да ўсяго беларускага краю, тут я ўпершыню ўведаў і ўсвядоміў, што я беларус. Да вобраза роднай вёскі і яе людзей я вяртаюся душой зноў і зноў — і гэта дапамагае жыць і працаваць».

Творчая спадчына Віктара Каваленкі — крыніца духоўнасці. Яна не страчвае сваёй актуальнасці, бо скіравана ў будучыню.

Таццяна ДАСАЕВА

Фота з сямейнага архіва В. Каваленкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.