Вы тут

Паспець да выбараў


Работа больш чым па 80 % законапраектаў, унесеных у парламент, павінна завяршыцца падчас асенняй сесіі.

Гэта падкрэсліў старшыня ніжняй палаты парламента Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА падчас пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў. Задача цяперашняга складу парламента — пакінуць мінімум нявырашаных пытанняў калегам, якія будуць абраныя ў заканадаўчы орган восенню. Цяпер у рабоце дэпутатаў знаходзіцца 47 законапраектаў, з іх толькі шэсць будуць разглядаць у першым чытанні.


«Многія законапраекты дастаткова няпростыя. І пастаянным камісіям трэба над імі вельмі сур'ёзна папрацаваць. Асабліва з такімі законапраектамі, як па пытаннях натарыяльнай дзейнасці, па пытаннях гаспадарчых таварыстваў, па пытаннях выканаўчай вытворчасці. Па законапраекце па абароне правоў карыстальнікаў жыллёва-камунальных паслуг паступілі аб'ёмныя заўвагі», — сказаў спікер Палаты прадстаўнікоў.

Асаблівую ўвагу на сесіі, якая пачнецца 2 кастрычніка, звернуць на работу над «бюджэтным пакетам» на 2020 год. Прыняць яго па традыцыі павінен дзеючы склад ніжняй палаты парламента. Над гэтым законапраектам цяпер актыўна працуе ўрад, створана адпаведная міжведамасная камісія. «Ідзе пошук адпаведных крыніц росту, таму што ў будучым годзе завяршаецца пяцігодка і трэба максімальна ўсе рэсурсы падцягнуць для таго, каб выканаць па максімуме ўсе раней прынятыя рашэнні», — расказаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў ПІРШТУК.

З нагоды пачатку выбарчай кампаніі не абмінулі журналісты і пытанняў наконт чаканняў ад яе. Па словах Баляслава Пірштука, у асноўным заканадаўчым органе краіны павінны быць прадстаўнікі ўсіх сфер дзейнасці грамадства: «Важна, каб у парламенце працавалі прафесіяналы, якія ведаюць жыццё не па чутках, якія валодаюць рэальнай сітуацыяй у тых галінах, якія будуць прадстаўляць ці працаваць у камісіях. Няважна персанальна, хто будзе. Гэта не мае значэння. Важна, каб былі людзі, якія перажываюць за краіну, за сваіх выбаршчыкаў і ўмеюць прафесійна адстойваць сваю пазіцыю».

На думку парламентарыя, застанецца і пераемнасць у дэпутацкім корпусе. Яна неабходна для захавання сувязяў у міжнароднай дзейнасці. «Гэта складаныя ўмовы. Такія арганізацыі, як АБСЕ, ПАСЕ — там складана навічкам пачынаць», — заўважыў Баляслаў Пірштук.

Перад дэпутатамі стаіць задача не толькі давесці да лагічнага завяршэння пачатыя законапраекты, але і працягнуць работу па інфармаванні грамадзян аб ужо прынятых навелах.

«Незалежна ад таго, хто з дэпутатаў будзе балатавацца на новы тэрмін, усім неабходна актывізаваць работу ў выбарчых акругах. За мінулую сесію намі быў прыняты шэраг даволі рэзанансных рашэнняў, якія цяпер абмяркоўваюцца ў грамадстве. Гэта, у прыватнасці, законы аб змяненнях у Працоўны, Жыллёвы кодэксы, аб карэкціроўцы антынаркатычных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы. Шматлікія палажэнні новых законаў патрабуюць дадатковага тлумачэння, абгрунтавання новаўвядзенняў і іх наступстваў для грамадзян», — звярнуўся да калег Уладзімір Андрэйчанка.

Будучыя месяцы багатыя на мерапрыемствы па лініі міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Плануецца ўдзел беларускіх дэпутатаў у 28-й Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора. Асноўная задача дэлегацыі — атрымаць статус наглядальніка ў аб'яднанні. У верасні Федэральны сход Швейцарыі прыме ў нашай краіны эстафету па правядзенні канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. У канцы будучага месяца дэпутатаў чакаюць на нарадзе спікераў парламентаў краін Еўразіі ў Нур-Султане.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».