Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Я нарадзілася зусім не тут, але...»

slide-share.ru

Што можа быць раднейшае, чым дом, чым месца, дзе ты з'явіўся на свет і вырас, дзе сустрэў сяброў, прызнаўся ў каханні?..

Так атрымалася, што маёй радзімай з'яўляецца Казахстан. У той краіне мае першыя сябры, школа, настаўнікі... І ў той жа час — адчуванне сваёй... выпадковасці, часам — нават непатрэбнасці.

Свой уласны дом я знайшла пазней.

Беларусь... Для мяне гэта больш, чым назва краіны. Гэта абшары лясоў, дзе жывуць загадкавыя дрыяды; гэта рамонкавыя палі, у якіх я марыла «патануць»; гэта дзівосныя па прыгажосці рэкі і азёры, дзе водзяцца таямнічыя русалкі; гэта загадкавае неба з мноствам адценняў...

Магчыма, я не зусім аб'ектыўная (ды так яно і ёсць), але ж калі ты нешта ці некага любіш, то не бачыш ужо недахопаў.

Першае, што ўразіла, калі я апынулася тут, у Беларусі, — гэта дрэвы ў лясах: вітаючы мяне, яны зліліся кронамі і падарылі гэтакі водар... Халодны пах моху... Лёгкі «прысмак» маладой травы... Пасля пылу ў стэпавым Казахстане беларускія лясы сталі для мяне чарговым цудам свету!

Другой прыемнай нечаканасцю была, так бы мовіць, «колькасць месцаў для купання»: хуткія гарэзлівыя рачулкі, больш важныя павы-рэкі, сінія мудрыя азёры...

Але ж сустракаюць сапраўды па адзенні. А па-сапраўднаму я палюбіла гэту краіну, калі пазнаёмілася з яе гісторыяй: князі і асветнікі, старадаўнія легенды, паданні... Мяне захапіла ў палон мінулае Беларусі, асабліва — гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, якую я вывучала з асаблівым задавальненнем.

І няхай тады яшчэ шмат чаго не разумела — людзі і падзеі мінулага натхнялі мяне працаваць на будучае, на тое, што па-сапраўднаму баліць.

Я дзіву давалася, калі чула ад новых знаёмых, сяброў, што беларуская мова — гэта «мова вёскі», што яна, маўляў, непрыгожая...

Так, сапраўды, для новага чалавека асобныя словы мо здадуцца такімі, але ці ж трэба гэтыя меркаванні прымаць за ісціну ў апошняй інстанцыі? Да таго ж, будзем шчырыя, мала каму даводзіцца чуць сапраўдную беларускую мову. Менавіта чуць, а не чытаць на ёй. Большасць людзей, якія думаюць, што гавораць па-беларуску, на самай справе карыстаюцца «трасянкай»... Калі ж пачуеш мову сапраўдную: меладычную, ласкавую, як голас маці, — то, я пераканана, не толькі не пакрыўдзіш яе, — будзеш бараніць.

Мне вельмі шкада, што людзі не задумваюцца аб гэтым, «следуют глупой моде» — адракаюцца ад свайго, ад роднага.

Я вельмі спадзяюся, што не позна яшчэ выратаваць нашу мову, нашу самабытную культуру. Пішу менавіта «нашу», бо проста адчуваю, што гэта маё.

І няхай я нарадзілася не тут, сэрца маё назаўсёды звязана з зямлёй Беларусі, з радзімай маіх бабулі і дзядулі, маіх прадзедаў.

Вольга Кавальчук, г. Мінск


«А дрэвы яго і сёння растуць...»

Фота Анатоля Клешчука.

«Дзед, а дзед», — клічуць мяне малыя ўнукі (а за імі часам — і дзеці з жонкай)... Я адзываюся, хоць іншы раз і думаю, што неяк ранавата: не адпавядаю пакуль, не дацягваю — найперш маральна — да гэтага высокага «чыну». А вось іншыя...

Міжволі прыпомніў дзядоў, ведаць якіх стала сапраўдным шчасцем.

Ну вось напрыклад. Жыў у нашай вёсцы дзед Марка. Зімовымі вечарамі ў самасшытым кажуху з вялізным каўняром ён прыходзіў у хату да майго сябра Віці і з людзьмі дарослымі, ну, напэўна ж, гаварыў на нейкія сур'ёзныя тэмы. Але як толькі з'яўляліся мы, дзеці, стары адразу пераключаўся на нас: прыязна ўсміхаўся ў доўгія (як у Тараса Шаўчэнкі) сівыя вусы, пра нешта пытаў, а ўрэшце — падступаў да галоўнага: «А ці чулі вы казку...»?

Як жа мы чакалі вось гэтага «ці...»! Як жа рады былі сказаць: «Не!», бо дзед Марка — ён ніколі не паўтараўся! Да таго ж усе казкі ў яго былі чарадзейныя, цікавыя і... бясконцыя. У тым сэнсе, што спыняў ён расказ хіба тады, калі мы з дружбаком пачыналі кляваць насамі...

Дарослыя паблажліва называлі дзеда прыдумшчыкам, а то і балбатуном, але ён не крыўдзіўся, ён прыдумваў і расказваў казкі.

Я люблю іх да сёння. Шкада вось — бракуе часу чытаць. Хіба што некалі дзецям, а цяпер і ўнукам.

...Быў у вёсцы і дзед Міхал. Жыў ён чамусьці адзін — у вялікім доме, у цэнтры, ля крамы. Відаць, па гэтай прычыне па вечарах там любілі «тусавацца» мужчыны (жанчыны — з рукадзеллем — збіраліся асобна. І шкада, што гэтай завядзёнкі цяпер няма — знішчыў тэлевізар)... Рассаджваліся ўздоўж сцен на лавах, курылі самасад, размаўлялі...

Чаму я, малы, можна сказаць, рваўся на гэтыя мужчынскія вячоркі? Меў інтарэс: нехта са старэйшых сказаў, што дзед Міхал вучыўся ў царскай школе, што ён па-ранейшаму захоўвае... падручнікі!

Ад такой навіны ў мяне і «дах паехаў»! Захацелася хоць бы вочкам адным пабачыць, як выглядаюць царскія кніжкі. А можа, гэта плёткі і ніякіх падручнікаў няма?

Сумненні развеяў сам дзед, калі з усёй асцярогай ды павагаю выцягнуў з шафы стос кніг, калі адну з іх перадаў мне: на, маўляў — пачытаеш гэту, можа, потым іншую дам.

Такім чынам у мяне з'явілася магчымасць прыходзіць на мужчынскія вячоркі і заадно, пакуль дзед рабіў «прыём ды выдачу» падручнікаў, паслухаць няспешную цікавую гаворку. Яно ж як было: пра тую рэвалюцыю, грамадзянскую вайну, калектывізацыю і ўвогуле жыццё нам у школе казалі адно, мы слухалі ды пазяхалі, а тут — самі ўдзельнікі падзей, відавочцы...

Каб не дым ад самасаду, які да болю рэзаў і вочы, і горла, далібог зашыўся б тады недзе за печчу і слухаў, слухаў, слухаў!

...Дача ў мяне з'явілася, калі было за трыццаць. Хацелася паставіць нейкі дамок. Хацелася, каб на «сотках» хоць нешта вырасла. Таму я пайшоў па вёсцы, каб прапытаць у некага гною і такім чынам пазнаёміўся з яшчэ адным цудоўным дзедам. Ён (і таксама, здаецца, Міхал) завёў мяне ў «святая святых» — у свой абгароджаны плотам садок...

Пра Мічурына я тады, вядома ж, чуў ды нешта чытаў, а тут наяве ўбачыў вучонага-самавука з досыць вялікай доследнай гаспадаркай.

Добрую гадзіну ён вадзіў мяне ад дрэва да дрэва, з гонарам паказваў свае напрацоўкі.

Мне як дачніку-пачаткоўцу яны і праўда былі цікавыя... Дзед жа, «падкуплены» гэтай рэдкай увагай, раптам расшчодрыўся і падарыў мне два саджанцы: яблыньку і грушу, прывітыя на дзічках.

Трыццаць гадоў маёй дачы, дзеда таго даўно няма, а дрэвы яго і сёння растуць ды радуюць сваімі пладамі.

...І напаследак — пра дзеда-музыку. Неяк давялося нам з прыяцелем начаваць у незнаёмай вёсцы. У час вячэры са шчырай размовай высветлілася, што гаспадар служыў у польскай арміі, потым ваяваў у Савецкай, з вайны вярнуўся паранены, але ж галоўнае, што жывы і з... акардэонам.

Мы папрасілі яго сыграць. Дзед згадзіўся. І...

Праўду сказаў герой кінакамедыі: душы ў нас разгарнуліся і назад не згарнуліся, бо іграў дзед проста цудоўна! Спяваў таксама і вядомыя песні, і... уласныя, прычым — на чатырох мовах: беларускай, рускай, польскай ды ўкраінскай.

Вось такіх дзядоў я назваў бы сапраўднымі.

А родных, на жаль, ніколі не бачыў: дзядуля Архіп ваяваў у Першую сусветную, дамоў вярнуўся з «Георгіем», ад шалёнай кулі загінуў увосень 39-га, дзед Мікалай — у сакавіку 45-га каля возера Балатон...

Прадзед яшчэ быў — Антон. Казалі, што ён, шкадуючы скаціну, здаралася, сам станавіўся ў аглоблі — зрушваў з месца воз, а ўжо потым запрагаў валоў.

Вось цяпер, здаецца, расказаў пра ўсіх.

Іван Гаральчук, г. Мінск


Вінен? Аддаць павінен

hr.sott.net

«Ну і доўгія ж летнія дні ў чалавека, які нічога не робіць, — скардзіцца наша доўгажыхарка Ядвіга Іосіфаўна Рудзянкова. І тут жа ўдакладняе, што работы, маўляў, навалам, вочы бачаць яе, а вось сіл даўно няма — растрачаны за 90 (з лішкам!) гадоў жыцця. Прычым вельмі нялёгкага!

У шматдзетнай сям'і Урбановічаў Ядзя нарадзілася другой, і дзяцінства яе, як многіх, абарвала вайна. Ужо ў канцы яе, пры вызваленні Польшчы, здарылася непапраўнае — загінуў бацька. А таму разам з маці старэйшыя дзеці «запрагаліся» ў плуг, цягалі барану, касілі, насілі, пасвілі скаціну...

Не ад добрага жыцця ў 18 гадоў Ядзя выйшла замуж. Ды з агню, як той казаў, у полымя: піў яе гаспадар, на маладую жонку не раз падымаў руку. Вось і не вытрымала: з Магілёва пехатой прыйшла дамоў у роднае Восава. Уладкавалася на работу на торфараспрацоўкі. А калі ад гумовых ботаў сталі балець ногі, занялася сваёй гаспадаркай, прадавала ў горадзе калі масла, калі малако...

Якраз на базары і ўбачыла яе адна з найлепшых бярэзінскіх доктарак (светлай памяці!) Варвара Іванаўна Кулікоўская — пагаварыла, запрасіла да сябе ў домработніцы. Для Ядзі гэта была не проста праца, але і вялікі гонар, а яшчэ — цудоўная магчымасць убачыць іншыя адносіны ў сям'і, іншыя парадкі.

Нават больш за тое — у хуткім часе па суседстве з Кулікоўскімі пасяліліся сем'і Зямлянскіх, Навумавых, Шнітковых, Хрысціянавых, Рудзянковых... Уцякаючы ад голаду ва Украіне, яны пераехалі ў Беларусь, у Беразіно. І, вядома ж, зусім не дзіва, што высокая, статная Ядзя спадабалася Пятру Рудзянкову...

Ці мог спадабацца ён, інвалід? Былі ў хлопца сумненні, але ж... «Найгоршыя хваробы — п'янства ды гультайства, — кажа цяпер Ядвіга Іосіфаўна. — А што мой з адной рукою быў ды з адным вокам — яшчэ не бяда. Пасля вайны і не такія калекі вярталіся. Пётра, дзякаваць богу, здаровы быў...»

Праз пяць гадоў яны пабудавалі дом і сталі гадаваць дзвюх дачушак — Ірыну і Наталлю, так што цяпер... «Жыву — як у Бога за пазухай», — усміхаецца доўгажыхарка.

І сапраўды: утульны дом, дагледжаны ўчастак, мора кветак... Але ж для дачкі Наталлі, у мінулым настаўніцы і загадчыцы дзіцячага сада, клопат пра матулю — гэта найпершае.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».