Вы тут

Што трэба ведаць пра захворванні жоўцевага пузыра


Згодна са статыстыкай, пасля 45 кожны дзясяты мужчына і кожная чацвёртая жанчына пакутуюць на хранічны халецыстыт. Пасядзелі за святочным сталом, выпілі-закусілі, і стала дрэнна — млосна, паколвае справа пад рэбрамі. Прыняў таблетку-другую, і здаецца, усё прайшло. А між іншым, менавіта такімі могуць быць першыя сігналы халецыстыту, аднаго з самых распаўсюджаных захворванняў жоўцевага пузыра.


Галоўная функцыя гэтага грушападобнага органа — назапашванне, канцэнтрацыя і выдзяленне жоўці, якая ўтвараецца ў выніку прыёму ежы. Затым праз жоўцевы праток яна трапляе ў дванаццаціперсную кішку, дзе стварае неабходныя ўмовы для актыўнасці ферментаў, растварае тлушчы, спрыяючы іх усмоктванню. Яна дапамагае засваенню шэрагу жыццёва важных вітамінаў, стымулюе сакрэцыю падстраўнікавага соку, адным словам, з'яўляецца сапраўдным дырыжорам стрававання. Што адбываецца, калі гэты орган выходзіць са строю? Пра хваробы жоўцевага пузыра мы паразмаўлялі з загадчыкам 2-га тэрапеўтычнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі Мінска Таццянай ПЕНКАЛЬ (на фота).

— Таццяна Уладзіміраўна, якія самыя распаўсюджаныя хваробы жоўцевага пузыра?

— Адна з іх — хранічны халецыстыт. Ён сустракаецца ў дзвюх формах: бескамянёвым халецыстытам займаецца пераважна тэрапеўтычная служба, а пры жоўцекамянёвай хваробе —хірургічная, якая праводзіць аперацыйнае і постаперацыйнае лячэнне. Таксама нярэдка сустракаюцца запаленчыя хваробы жоўцевых шляхоў — халангіты. І, напэўна, трэба сказаць пра не самае распаўсюджанае, але частае захворванне, прычым у людзей маладога ўзросту — дыскінезію (парушэнне маторыкі) жоўцевыводных шляхоў. Гэта захворванне псіхасаматычнага характару, але ні ў якім разе не псіхічнае расстройства. У пацыента маюцца скаргі на болі ў жываце, правым падрабер'і, горыч у роце. Але калі праводзім даабследаванне, у прыватнасці УГД, то адпаведных структурных парушэнняў жоўцевага пузыра і пратокаў мы не выяўляем. Атрымліваецца, што на фоне моцнай стрэсавай сітуацыі нашы псіхічныя структуры пачынаюць уздзейнічаць на маторыку жоўцевых шляхоў.

— Як гэта адбываецца?

— Рух жоўці абумоўлены маторыкай. Для таго каб яна рухалася з жоўцевага пузыра, ён павінен скарачацца — гэтак жа, як і пратокі. Падчас стрэсавай сітуацыі — гэта можна заўважыць нават на УГД — пратокі скарачаюцца ў паскораным тэмпе. Узнікае болевы сіндром, таму што жоўць выкідваецца або не ў поўным аб'ёме, або празмерна. Бывае адваротная сітуацыя, калі працэс замаруджваецца: паступае вялікая колькасць ежы, а жоўці недастаткова. І ў тым, і ў другім выпадку праз няправільную маторыку жоўцевых шляхоў можа ўтварыцца застой жоўці. Такое захворванне абумоўлена нашым псіхалагічным станам, гэта кампенсаторная рэакцыя арганізма на стрэс. Яно сустракаецца ў людзей працаздольнага ўзросту, якія штодзень сутыкаюцца са стрэсавымі сітуацыямі. Боль узнікае, напрыклад, падчас паездкі ў аўтобусе на работу і з работы, у справаздачны перыяд і пры іншых сітуацыях.

—— Калі стрэс знікае, захворванне праходзіць?

— Часцей за ўсё так. Прычым пацыенты часта самі знаходзяць гэту ўзаемасувязь: калі на рабоце паспрачаюся з начальнікам, баліць правае падрабер'е. Але не трэба забываць, што правае падрабер'е можа балець не толькі ад хвароб жоўцевага пузыра. А, у прыватнасці, ад таго, што мы няправільна сядзім за сталом. Сціскаюцца або раздражняюцца нервовыя карэньчыкі міжрэберных нерваў, ад гэтага ўзнікае боль. Тут важна сачыць за гігіенай працы і сваёй пасадкай. Дзетак у школе прывучаюць правільна сядзець за партай, а вось у дарослым жыцці мы хутка пра гэта забываем і часта прымаем няправільныя позы.

— Як сябе праяўляюць хваробы жоўцевага пузыра?

— У захворванняў усёй жоўцевыводнай сістэмы аднолькавы сімптомакомплекс. Гэта боль у правым падрабер'і, магчымы ён і ў зоне эпігастрыя — «пад лыжачкай», таксама з'яўляецца адчуванне горычы ў роце. Боль можа быць як пастаянны ныючы, так і часам вельмі моцны прастрэльваючы. Калі ён узнікае ўпершыню, можа быць рэзкі і інтэнсіўны — гэта так званая пячоначная коліка. Яна ўзнікае, калі каменьчык трапіў у праток і перакрыў яго, тады адбываецца парушэнне адтоку жоўці. Калі пачынаецца запаленчы перыяд, пацыенты скардзяцца на павышэнне тэмпературы, пажаўценне скурных покрываў і склер. Хворыя, дарэчы, часта звяртаюцца па дапамогу нават не з-за болевага сіндрому, а менавіта таму, што заўважаюць, як змяніўся колер скуры, вачэй, падчас чысткі зубоў бачаць, што язык жоўты, абкладзены белым налётам. На болевы сіндром з улікам таго, што ў кожнага свой болевы парог, некаторыя не звяртаюць увагу.

— Атрымліваецца, што прапусціць праблемы з жоўцевым пузыром, па сутнасці, немагчыма...

— Так. Пацыенты так ці іначай заўважаюць змены і звяртаюцца да ўрача.

— Здароўе жоўцевага пузыра залежыць ад нашага ладу жыцця? Ці да гэтага захворвання ўсе ж маецца генетычная схільнасць?

— Шмат залежыць і ад нашага ладу жыцця, але ва ўсёй спецыяльнай літаратуры апісваецца спадчынная схільнасць. Прычым яна разглядаецца выключна на ўзроўні бацькоў, дзядулі-бабулі не бяруцца ў разлік. Калі збіраеш анамнез у пацыента, высвятляецца, што ў кагосьці з бацькоў былі аналагічныя праблемы. Адметна, што жоўцекамянёвая хвароба развіваецца часцей у жанчын, мужчыны на яе пакутуюць значна радзей. Акрамя спадчыннага фактару, уплываюць і наш лад жыцця, харчаванне.

— Што не любіць жоўцевы пузыр?

— З улікам таго, што ўвесь час некуды спяшаемся, мы не паспяваем правільна харчавацца. Асабліва моладзь ігнаруе частае і дробнае харчаванне, а гэта рана ці позна нагадвае пра сябе. Уся наша стрававальная сістэма любіць, каб яе кармілі смачна, але ў той жа час правільна. Мы ўсе вельмі любім свежы хлеб, але для пацыентаў, якія пакутуюць на хваробы жоўцевага пузыра, ён проціпаказаны, есці пажадана ўчарашні. Такім хворым патрабуецца ўжываць вялікую колькасць гародніны. У той жа час харчаванне павінна быць дробнае: з'ядаць за адзін прысест салату з кілаграма памідораў не рэкамендуецца. Трэба выключыць з рацыёну ўсімі намі любімыя тлустыя прадукты: шашлык, смажаныя катлеты. Іх можна падсмажыць, але затым апрацаваць на пары, каб сышоў тлушч. Рэкамендуецца выключыць сметанковае масла, у ім шмат халестэрыну, што і спрыяе ўтварэнню камянёў. Варта знізіць ужыванне яек: даследчыкі прыйшлі да высновы, што аднаго на суткі дастаткова для атрымання бялку, і яно не нанясе шкоды. Калі гатуеце супы, то яны павінны быць не наварыстыя, а вегетарыянскага кшталту.

Усе мы любім есці перад тэлевізарам — у гасцінай, скурчыўшыся на падлозе над маленькім столікам ці седзячы-лежачы на канапе. Страўнікава-кішэчны тракт гэтага не любіць. Есці лепш за сталом на кухні, прычым у спакойным стане. Пасля прыёму ежы не рэкамендуецца, як казалі нашы бабулі, «ляжаць, каб тлушчык завязаўся». Лепш устаць, пабыць у вертыкальнай паставе, зрабіць нейкія нескладаныя рухі — прыбраць са стала і памыць посуд. Не трэба мучыць свой арганізм: не паспяваю паабедаць, затое паем увечары за ўвесь дзень.

— Фізічныя практыкаванні, актыўнасць дапамагаюць пазбавіцца ад застою
жоўці?

— Калі маюцца каменьчыкі, часцей за ўсё адзін з іх трапляе з жоўцевага пузыра ў праток якраз тады, калі пацыент праедзе на веласіпедзе, дзесьці паскача — пасля ўстрэсвання. Каменьчыкі ў жоўцевым пузыры — як манеты ў скарбонцы. Калі яны не буйныя, трапляюць у пратокі і перакрываюць іх. Канешне, цалкам пазбягаць фізічных нагрузак не атрымаецца, але з такім захворваннем пажадана адмовіцца ад заняткаў у трэнажорнай зале.

— Пасля выдалення жоўцевага пузыра камяні ўтварыцца ўжо не могуць?

— Калі выдалены жоўцевы пузыр, камяням утварацца папросту няма дзе. Але часам сустракаецца так званы постхалецыстэктамічны сіндром, калі пасля аперацыйнага лячэння адзін з дробных каменьчыкаў застаўся ў пратоку. Тады звяртаюцца да паўторнага аперацыйнага лячэння і выдаляюць яго.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Калі жоўць застаялася

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.