Вы тут

Як развіваецца тэніс на калясках у Беларусі


У канцы ліпеня гэтага года ўпершыню ў гісторыі адбыўся Адкрыты чэмпіянат краіны па тэнісе на калясках. Пакуль у ім прынялі ўдзел усяго 13 чалавек, але гэты старт даў важны пачатак падобным турнірам у Беларусі. Пераможцамі чэмпіянату сталі гульцы, ужо вядомыя ў сусветным тэнісе на калясках, — Алена Берновіч і Арцём Ярмак. Пра тое, як развіваецца гэты від спорту сёння, ці прэтэндуюць беларусы на ўдзел у Паралімпійскіх гульнях і хто развівае тэніс на калясках у нашай краіне, расказала былая прафесійная тэнісістка, а цяпер трэнер Анастасія Шляпцова.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ.

У далёкім 1977 годзе амерыканцу Брэду Парксу прыйшла ідэя гуляць у тэніс на інваліднай калясцы. За год да гэтага вядомы фрыстайліст атрымаў цяжкую траўму, якая паралізавала спартсмену ногі. Паркс пачаў развіваць тэніс на калясках у ЗША, даволі хутка лік гульцоў стаў павялічвацца, прайшлі першыя турніры, а праз тры гады тэніс на калясках пачаў развівацца ў Еўропе і Аўстраліі. Міжнародная федэрацыя гэтага віду спорту была заснавана ў 1988-м. У гэтым жа годзе тэніс на калясках быў прадстаўлены на Паралімпійскіх гульнях у Сеуле — прайшлі паказальныя выступленні, а на наступных гульнях у Барселоне ён ужо быў уключаны ў афіцыйную праграму спаборніцтваў.

Тэнісісты-калясачнікі гуляюць на звычайных тэнісных кортах стандартнымі мячамі і ракеткамі. Адзінае прынцыповае адрозненне ў правілах паміж тэнісам на калясках і традыцыйным: у калясачнікаў дапускаецца два адскокі, мяча ад пляцоўкі, пры гэтым другі адскок можа адбыцца і за межамі корта.

У Беларусі тэніс на калясках стаў развівацца адносна нядаўна, 5—7 гадоў таму, каля яго вытокаў стаяла былая спартсменка і журналістка Валерыя Філяева. Цяпер яе справу працягвае таксама былая прафесійная тэнісістка Анастасія Шляпцова. Паўтара гады таму яна прыняла рашэнне скончыць сваю гульнявую кар'еру і пачала займацца трэнерскай работай.

— У тэніснай акадэміі Yestoday, у якой я цяпер працую, мне прапанавалі паспрабаваць займацца з тэнісістамі на калясках, — расказвае Насця. — Я зацікавілася гэтым кірункам і чым больш паглыблялася ў тэму, знаёмілася з самімі спартсменамі, тым больш мяне зацягвала. Захаплялі іх сіла волі і дух. Я з'ездзіла з гульцамі на калясках на міжнародны турнір, каб паглядзець, на якім узроўні яны знаходзяцца. Аказалася, што ён досыць высокі, і я пачала займацца з тэнісістамі больш грунтоўна.

На дадзены момант Анастасія Шляпцова адзіны ў Мінску трэнер, які працуе з дарослымі спартсменамі-калясачнікамі. Яна ж выступіла арганізатарам першага чэмпіянату Беларусі. Акрамя гэтага, дзяўчына набрала групу юніёраў, у падрыхтоўцы якіх ёй дапамагае тэнісістка-калясачніца Алена Сяркульская.

— Гэтыя людзі — паўнавартасныя спартсмены, што разумееш, калі пачынаеш з імі працаваць. У іх няма абмежаванняў, бар'ераў, яны моцныя духам — мяне гэта натхніла, дзякуючы ім я шмат чаго пераасэнсавала і ў сваім жыцці. Калі б не бачыла іх велізарнае жаданне ў вачах, не змагла б столькі працаваць, — расказвае пра сваю справу трэнер. — На дадзены момант у нас 13 спартсменаў, але спадзяюся, што гэты лік будзе расці, тэніс на калясках стане развівацца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Пакуль, на жаль, складана знайсці людзей, якія жадаюць займацца тэнісам, іх цяжка зацікавіць. Але першыя прыкметы паляпшэння сітуацыі ўжо ёсць. Калі раней у нас не было прыстасаванай базы для спартсменаў-калясачнікаў, то цяпер людзі даведваюцца, што ў нас ёсць і свая база, і трэнеры, і выезды на міжнародныя спаборніцтвы, і цікавасці робіцца ўсё больш.

Каб пачаць займацца, галоўнае, што трэба калясачніку, — гэта жаданне.

— Для людзей, якія прыходзяць у гэты від спорту, усё абсалютна бясплатна, патрабуюцца толькі жаданне і самааддача. Мы стараемся даць максімальныя ўмовы: корты, спартыўныя каляскі, ракеткі, каб людзі толькі займаліся. Фінансава нам вельмі дапамагаюць Беларуская тэнісная федэрацыя, Паралімпійскі камітэт і клуб Yestoday, які нядаўна адкрыўся, але ўжо цалкам прыстасаваны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі раней мы займаліся толькі тэнісам, то цяпер маем магчымасць праводзіць заняткі па агульнафізічнай падрыхтоўцы і аднаўленні. Гэта вельмі важна, таму што асноўная нагрузка ў тэнісістаў на калясках ідзе на верхні плечавы пояс.

Анастасія адзначае: каб пачаць гуляць у тэніс, чалавеку трэба валодаць хаця б мінімальнай магчымасцю займацца спортам (дазволам урача). Можна прыйсці на пробную трэніроўку, каб паспрабаваць сябе, усё ж такі тэніс на калясцы — досыць складаны каардынацыйны від спорту.

— Сёлета мы ўпершыню пачалі працаваць з дзецьмі, лепш за ўсё ім пачынаць займацца тэнісам з 5-6 гадоў. Ахвотныя ёсць, але ўзнікла праблема з каляскамі. Спартыўныя каляскі робяць і за мяжой, і ў Беларусі, але каштуюць яны нямалых грошай, таму што вырабляюцца індывідуальна пад камплекцыю кожнага спартсмена, таму мы заўсёды рады спонсарскай дапамозе. Каляскі неабходны, каб мы маглі развівацца далей.

Досыць вялікіх грошай каштуюць і выезды на міжнародныя спаборніцтвы. Пакуль беларускія спартсмены могуць выязджаць на турніры 2-3 разы на год.

— Для нашых спартсменаў удзел у замежных турнірах вельмі важная рэч, там яны могуць паглядзець, наколькі выраслі ў майстэрстве ў параўнанні з мінулым годам. Цяпер за мяжой у нас выступаюць Алена Бярновіч і Арцём Ярмак. Алена — 110-я ракетка сярод тэнісістаў на калясках у сусветным рэйтынгу, Арцём уваходзіць у трэцюю-чацвёртую сотню. Гэта даволі нядрэнна, калі ўлічыць, што ў рэйтынгу больш за тысячу спартсменаў, — з гонарам кажа Анастасія пра сваіх вучняў.

Спаборніцтвы па тэнісе на інвалідных калясках праводзяцца на ўсіх чатырох турнірах вялікага шлема, Міжнародная федэрацыя тэніса арганізуе рэгулярны тур спаборніцтваў ІTF Wheelchaіr Tennіs Tour.

— Таксама ёсць чэмпіянаты свету, якія дазваляюць зарабіць тэнісістам рэйтынгавыя ачкі, каб трапіць на Паралімпійскія гульні. Ці ёсць шанцы ў беларусаў? Вядома! Нашы тэнісісты канкурэнтаздольныя, таму мы будзем да канца спрабаваць трапіць у Токіа, але рэальна мы нацэлены на Паралімпіяду 2024 года.

Сёння тэніс на калясках добра развіты практычна ва ўсіх краінах Еўропы, Аўстраліі і ЗША. За мяжой часцей за ўсё ў кожнага спартсмена ёсць свой спонсар, таму развіццё ідзе значна больш інтэнсіўна.

— Для гэтых людзей тэніс становіцца не проста хобі, а цэлым жыццём. Тэніс — гэта выдатны варыянт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі паспрабаваць сябе, самарэалізавацца і знайсці дадатковую матывацыю для далейшага развіцця.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: «Захаплялі іх сіла волі і дух»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».