Вы тут

Лясная гарбата: гатуем вітамінны напой


Папулярнасць вітамінных напояў са збораў траў і кветак, лясных ягад і сухафруктаў сёння ўсё больш расце, і гэта не толькі даніна модзе. Матывацыя тут простая: сапраўдны зялёны або чорны чай утрымлівае кафеін і танін, рэчывы, якія ўзбуджаюць нервовую сістэму, “заводзяць” арганізм. Іншая справа травяная гарбата.


Гэта нашыя традыцыйныя напоі, імі лекаваліся і спаталялі смагу нашыя продкі шмат вякоў запар, бо чайнае лісце трапіла да нас толькі ў канцы XVI ст. Настой або адвар травы, карэнняў ці кветак, правільна падрыхтаваны, валодае цудоўным водарам, насычаным густам і яркім колерам, а таксама з'яўляецца сапраўднай скарбніцай карысных для арганізма чалавека рэчываў. Можна нават сказаць, што травяная гарбата – гэта прадукт, неабходны для харчавання, бо мае ў сваім складзе вялікую колькасць біялагічна актыўных ферментаў, вітамінаў, арганічных кіслот, мікра- і макраэлементаў і г.д.

Усе травяныя чаі ўмоўна падзяляюцца на вітамінныя і лячэбныя. Як бачна з самой назвы, вітамінныя напоі можна без боязі піць круглы год колькі заўгодна, а вось з лячэбнымі трэба быць акуратнымі. Такія напоі прызначаюцца лекарамі, піць іх трэба строга па правілах і абмежаваны час. Травы, якія ўваходзяць у склад лячэбных збораў, могуць мець розныя супрацьпаказанні, таму абавязкова патрэбна кансультацыя доктара.

Як і калі збіраць расліны?

Гэта вельмі цікавы і адмыслова прасякнуты чараўніцтвам працэс, аднак варта захоўваць некалькі правіл. Лепшы час збору сыравіны для вашых хатніх напояў – золак, на ўсходзе сонца, адразу пасля таго, як сышла раса. Травы тады не толькі насычаныя зямной энергіяй, але і маюць максімальна збалансаваныя структуру і мінеральны склад. Найлепей збіраць расліны ў пачатку іх цвіцення або ў час іх поўнага красавання (не рвіце адцвіўшыя травы, яны не паспрыяюць вам ні ў якім сэнсе). Дні выбірайце сонечныя, з добрым надвор'ем. І ваш добры настрой таксама важны!

Адпраўляючыся ў лес або на поле, памятайце, што прырода чакае ад вас паважлівых і беражлівых адносін: не вырывайце ўсё запар, пакідайце частку раслін для іх аднаўлення. Пры зборы лісця (суніцы, маліна, ажына) зразайце толькі некалькі лісточкаў з галінкі. Збіраючы расліны з кветкамі, такія як мята, рамонак, чабор, святаяннік дзюравец, скрыпень, мацярдушка і інш., заўсёды пакідайце некалькі суквеццяў для выспявання насення. Кветкі варта збіраць толькі тады, калі яны цалкам распусціліся, а ягады і плады – пасля таго, як яны даспелі. Пажадана засушыць галінкі лясной маліны разам з ягадамі і маладымі лісточкамі – так зберагаюцца ўсе ў комплексе карысныя кампаненты.

Сушка раслін таксама навука. Сабраныя травы сушаць у зацененых памяшканнях – пад навесам, на гарышчы ці ў пакоі з добрай вентыляцыяй. Ні ў якім разе не дапускайце загнівання травы. Пачарнелую траву ўжываць нельга!

Травы, якія змяшчаюць эфірнае масла (мацярдушка, аер, чабор і г.д.), варта сушыць няспешна, пры тэмпературы не вышэй за 30-35ºС. Гэта трэба дзеля таго, каб не выпарыліся каштоўныя лятучыя эфіры.

Травы з глюказідамі (піжма, мята, святаяннік, маці-і-мачаха і інш.) сушацца ў сушылцы пры тэмпературы 50-60ºС. Плады (шыпшына, чорная парэчка, барбарыс, рабіна і г.д.), якія маюць у сваім складзе шмат вітаміна С, таксама сушаць у сушылцы, але магчымая тэмпература да 80-90ºС.

Захоўваць гатовую сыравіну трэба ў папяровых або палатняных мяшэчках, удалечыні ад пахучых прадуктаў, пажадана кожны від раслін асобна. Травы з ярка выражаным пахам лепей скласці ў шкляныя ці керамічныя банкі са шчыльнымі вечкамі. Абавязкова падрыхтуйце этыкетку з назвай раслін ці пладоў і часам іх збору.

Тэрмін захоўвання лісця, кветак і траў 1-2 гады, плады і ягады прыдатныя да спажывання на працягу 3-4 гадоў, кара і карэнішчы 2-3-х гадоў.

Ствараем свой непаўторны чай

Тут таксама ёсць некалькі агульных правілаў. Калі вы жадаеце пакласці ў свой збор духмяныя травы (мяту, мелісу, лімоннік, мацярдушку, чабор і г.д.), то ў сумесь пажадана ўключаць толькі адну з іх. Інакш водары могуць знішчыць адзін аднаго або, што яшчэ горш, зліцца ў непрыемны пах. Таму найлепшым варыянтам можа быць змешванне некалькіх нейтральных траў з адной духмянай.

Калі вы рыхтуеце чай з кветак, то яго трэба заварваць у шкляным або фарфоравым імбрычку не кіпенем, а вадой 92-95 ºС, калі яна толькі пачынае пузырыцца (і даць настаяцца 5-10 хвілін). Лісце можна заліваць кіпенем, але не варта кіпяціць, бо праз 3-5 хвілін кіпення знікне шмат карысных рэчываў.

Сухія ягады і плады папярэдне трэба раздрабніць, кінуць у заварачны посуд, заліць кіпенем і настойваць да 10 хвілін. Карані, кару і грубыя часткі раслін дробна рэжуць, кладуць у халодную ваду, даводзяць да кіпення і вараць 10 хвілін, затым даюць яшчэ настаяцца на працягу 10-15 хвілін.

Сёння многія раслінныя напоі настойваюць у тэрмасе, а цвёрдыя часткі раслін здрабняюць у кавамолцы.

Некалькі рэцэптаў вітамінных чаёў:

Бруснічны: 2 г кветак верасу, 2 г пладоў шыпшыны, 10 г лісця бруснікі.

Рабінавы: 30 г ягад рабіны, 5 г ягад маліны, 2 г лісця чорнай парэчкі.

Сунічны: 10 г лісця суніцы, 2 г мяты, 2 г святаянніка дзюраўца (“зверабоя”).

Шыпшынавы: 20 г пладоў шыпшынніка, 15 г мёду, 5 г лімоннага соку.

Вітамінны: 20 г пладоў шыпшынніка, 10 г пладоў рабіны, 5 г лісця чорнай парэчкі.

Вельмі багатыя на вітаміны плады ароніі - чарнаплоднай рабіны; іх заварваюць у тэрмасе (заліваюць сухія ягады гарачай вадой 92-95 ºС). Але гэты чай не рэкамендуецца людзям з паніжаным артэрыяльным ціскам.

Мятны: 100 г лісця мяты перачнай, 50 г травы святаянніка; заліць кіпенем і настойваць 15 хвілін. Напой валодае лёгкім заспакаяльным уздзеяннем.

“Энергетык”: 3 г лісця суніцы, 3 г лісця ажыны, 3 г лісця чорнай парэчкі, 10 г чабора, 10 г святаянніка дзюраўца.

“Бадзёрасць”: 30 г пладоў шыпшыны, 20 г ягад чарніцы, 10 г ягад чаромхі, 30 г лісця крапівы. Настойваць у тэрмасе на працягу 1 гадзіны, піць з мёдам.

Танізуючы: 1 ч. лыжку здрабнёных каранёў дзьмухаўца і 1 ч. лыжку каранёў цыкорыя заліць 2 шклянкамі кіпеню, настойваць пад накрыўкай 5 хвілін.

Для пахудання: 70 г ягад рабіны, 30 г лісця крапівы, 10 г кветак шыпшыны, 10 г пладоў чорнай парэчкі. Настойваць у тэрмасе 2, 5 гадзіны, прымаць па паўшклянкі паміж ежай 3 разы на дзень.

Антыстрэс: 10 г пладоў шыпшыны, 10 г лісця маліны, 10 г лісця чорнай парэчкі, 10 г лісця брусніц, 2 г карэння валяр’яну. 3 ст.л. збору заліць 200 мл кіпеню, 10 хвілін кіпяціць, 45 хвілін настаяць. Піць па паўшклянкі 2 разы на дзень. Прыгатаваны чай можна захоўваць у халадзільніку 2 дні.

Востры: 50 г лісця мяты перачнай, 20 г кветак нагаткоў, 0,5 ч. лыжкі молатага кардамону. Чай валодае выражанымі бактэрыцыднымі ўласцівасцямі.

Марыя МАРОЗ

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.