Вы тут

Хто напіша наноў біяграфію Дуніна-Марцінкевіча


Днямі фінішаваў чарговы этап конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANІMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя. Арганізатарамі літаратурнага спаборніцтва, якое прымеркавана да Года малой радзімы, выступілі філалагічны факультэт БДУ (кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства) і рэдакцыя часопіса «Маладосць» (Выдавецкі дом «Звязда») пры падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі.


Другі тур конкурсу сабраў 32 заяўкі і ахапіў увесь спіс прапанаваных пісьменнікаў — герояў будучых дакументальна-мастацкіх твораў у свабоднай форме (эсэ, жыціе, літаратурная біяграфія, псеўдааўтабіяграфія, стылізаваныя мемуары, гістарычная аповесць і г. д.). «Нашым удзельнікам ад 14 да 61 года, сярод іх ёсць школьніца, аспірант, маладая маці, перакладчыкі, журналісты і рэдактары друкаваных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў, выкладчыкі і студэнты гістарычнага, філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў, прадстаўнікі навукова-даследчай, культурнай і сацыяльнай сфер», — расказвае пра канкурсантаў, якія пажадалі стаць аўтарамі мастацкіх біяграфій, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана ВОЦІНАВА. Паводле яе слоў, найбольшую цікавасць удзельнікаў сярод дванаццаці прапанаваных імёнаў выклікала асоба Кастуся Каліноўскага — яго біяграфію плануюць напісаць пяцёра аўтараў. Постаць Франца Савіча зацікавіла чатырох аўтараў, па тры заяўкі атрымалі арганізатары на стварэнне біяграфій Войслава Савіч-Заблоцкага, Уладзіслава Сыракомлі, Адама Гурыновіча, Элізы Ажэшкі і Зоф'і Манькоўскай, па дзве — «на імя» Вінцэся Каратынскага, Альгерда Абуховіча, Францішка Багушэвіча, па адной заяўцы даслалі ахвотныя напісаць пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Арцёма Вярыгі-Дарэўскага.

Адметнасць конкурсу ў тым, што ўсе аўтары атрымалі адмысловыя «ключы» — спіс крыніц, дзе можна знайсці карысныя звесткі. Таксама яны ў любы момант маюць права звярнуцца да арганізатараў па кансультацыю, папярэдняе чытанне твора ці любую іншую дапамогу. «Хочацца пажадаць кожнаму ўдзельніку цярпення, упартасці, натхнення і патрабавальнасці да сябе. З настроенасцю выключна на поспех — поспех і будзе дасягнуты!» — перакананая Святлана Воцінава.

Нагадаем, работа ўдзельнікаў па стварэнні біяграфічных твораў аб'ёмам ад 40 да 80 тысяч знакаў працягнецца да 31 кастрычніка. А да 27 снежня прафесійнае журы, у якое ўвайшлі прадстаўнікі арганізатараў і адна з лідараў І тура конкурсу, вызначыць пераможцаў сёлетняй «Слаўнай кампаніі» — чатыры найлепшыя тэксты, а магчыма, і болей, калі канкурсанты прадэманструюць высокі ўзровень. Пераможцаў чакаюць памятныя дыпломы, падарункі і грашовыя прэміі, — а таксама публікацыя іх работ на старонках «Маладосці» і ў складзе зборніка літаратурных біяграфій пісьменнікаў ХІХ стагоддзя.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.