Вы тут

Нацыянальны байкшэрынг з Аіst(амі)


Беларускія веласіпеды, праграма і станцыі. «Мотавелазавод» гатовы запусціць новы праект, а горад — не.

На вуліцах сталіцы ў летнія месяцы з'яўляецца ўсё больш веласіпедыстаў, для Мінска гэта ўжо не дзіва. Сёлета гараджане не маглі не заўважыць велізарную колькасць менавіта жоўтых веласіпедаў — гэта першы ў краіне байкшэрынг «Колабайк». Пасля яго запуску ў навінах усё часцей можна пачуць пра дзіўныя прыгоды гэтых самых жоўтых веласіпедаў. Яны аказваюцца то ў рацэ, то на даху будынка, іх спрабуюць сагнаць ці разабраць, а сам двухколавы транспарт можна сустрэць у самых нечаканых месцах. Часцяком такая спантанная паркоўка замінае і пешаходам, і аўтамабілістам. «Колабайк» з'яўляецца байкшэрынгам, які працуе без базавых станцый, гэта значыць, веласіпед, які ты ўзяў напракат, можна пакінуць у любым месцы горада.


«Мотавелазавод» сёння прапануе краіне іншы праект — Vеlоsmаrt, байкшэрынг са станцыямі. Маркетолаг прадпрыемства Валянцін Слабадзянюк расказвае, што ідэя стацыянарнага пракату паўстала каля трох гадоў таму. Партнёрам «Мотавелазавода» і інвестарам праекта стала кампанія «Сіматэк Энерга». Яе супрацоўнікі распрацавалі праграмнае забеспячэнне, мабільную праграму і абсталяванне, якое будзе ўбудавана ў базавыя станцыі, а сам «Мотавелазавод» дасць веласіпеды і адаптуе іх да гэтых станцый.

«Перш чым працаваць над праектам, мы вывучалі досвед еўрапейскіх краін і Кітая, — расказвае Валянцін Слабадзянюк. — Кітай практыкуе бесстанцыйны пракат і сутыкнуўся з вялікімі праблемамі. Першая — захламленасць гарадоў велізарнай колькасцю веласіпедаў, якія выпрацавалі свой рэсурс. Многія з іх застаюцца на вуліцы ў сапсаваным стане. Другая праблема заключаецца ў тым, што для падобных праектаў патрэбна сур'ёзная эканамічная мадэль функцыянавання, таму што многія праекты банкроцяцца, у тым ліку ад частых выпадкаў вандалізму. А вось большасць еўрапейскіх краін прытрымліваецца пракату з базавымі станцыямі, каб не было падобнага хаосу».

Беларускі байкшэрынг Vеlоsmаrt плануецца запусціць не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі, таксама праектам цікавяцца расіяне. Ён будзе працаваць па простай схеме: каб скарыстацца пракатам веласіпеда, трэба зарэгістравацца ў мабільнай праграме, прывязаць да яе сваю банкаўскую картку і з дапамогай адсканаванага кода адкрыць замок, якім веласіпед будзе прымацаваны да станцый у розных месцах горада. Каб завяршыць паездку, нельга пакінуць веласіпед у адвольным пункце — давядзецца знайсці станцыю Vеlоsmаrt, а іх у горадзе па ідэі арганізатараў павінна быць каля 150. Кінуць веласіпед у любым месцы горада будзе як мінімум нявыгадна для мінчан і гасцей сталіцы, бо, пакуль ён не звернуты на станцыю, час пракату працягвае ісці, а значыць, сыходзяць і грошы.

Плануецца, што на кожнай станцыі будзе знаходзіцца 10—12 веласіпедаў, гэта значыць у горадзе будзе задзейнічана каля 1500 адзінак двухколавага сродку перамяшчэння. Гадзіна паездкі будзе каштаваць 60-65 капеек. «Мотавелазавод» прапанаваў для праекта Vеlоsmаrt мадэль веласіпеда Аіst Trасkеr 2.0. У рознічным продажы ён каштуе каля 270 рублёў. «Ён падобны на ўсе мадэлі пракатных веласіпедаў, яго асаблівасць заключаецца ў тым, што ў яго пнеўматычныя шыны, якія ствараюць больш камфорту падчас руху. У веласіпеда вертыкальная пасадка, ёсць святлоадбівальнікі, званок, багажнік і падножка. Галоўная зручнасць — гэта наяўнасць трох хуткасцяў, яны пераключаюцца вельмі проста — паваротам шыфтара. Гэтага дастаткова для горада, веласіпед здольны падымацца на любы гарадскі схіл», — расказаў Валянцін Слабадзянюк.

Каб забяспечыць горад веласіпедамі, «Мотавелазаводу» спатрэбіцца выдаткаваць каля 250 тысяч долараў, распрацоўка софту для гэтага праекта каштуе каля 70 тысяч еўра. Валянцін Юр'евіч зазначае, што, як правіла, такія праекты ў Еўропе заўсёды акупляюцца. Па разліках праект Vеlоsmаrt павінен акупіцца на працягу 3-5 гадоў, у залежнасці ад умоў яго рэалізацыі. Прыбытак будзе атрымліваць як інвестар праекта — прыватная кампанія «Сіматэк Энерга», — так і «Мотавелазавод».

Праект гатовы да запуску, але ёсць адна праблема — аўтары не могуць дамовіцца з гарадскімі ўладамі аб выдзяленні месцаў пад станцыі пракату, бо такога вопыту раней не было. Адна стандартная станцыя займае зусім няшмат месца, вышынёй яна каля метра, а даўжыні можа быць рознай — гэта залежыць ад колькасці парковачных месцаў, але прыблізна на 12 веласіпедаў, якія стаяць побач. «Мы перакананыя, што байкшэрынг у горадзе павінен існаваць і са станцыямі. Трэба знайсці рашэнне выдзялення зямлі без аўкцыёну, пад часовыя збудаванні, таму што станцыі лёгка дэмантуюцца і перасоўваюцца, — дзеліцца маркетолаг прадпрыемства. — Мы гэтую ідэю не пакінулі, жаданне запусціць праект у нас захоўваецца, працягваем шукаць магчымасці яго рэалізацыі».

Атрымліваецца: ці ўбачым мы ў краіне нацыянальны байкшэрынг, дзе акцэнты расстаўлены на ўсё беларускае, цяпер залежыць толькі ад рашэння гарадскіх уладаў. Не выключана, што спачатку праект будзе запушчаны не ў сталіцы, а ў абласных гарадах Беларусі ці ў Расіі, дзе праблем з вылучэннем месца пад станцыі пакуль менш.

Развіццё байкшэрынгу пракаментавала дырэктар Мінскага веласіпеднага таварыства Анастасія Янчэўская:

— Байкшэрынг — найлепшы веласіпедны праект года! Пракат дае магчымасць ездзіць кожны дзень, не турбуючыся пра захоўванне і рамонт веласіпеда, сумяшчаць розныя віды транспарту і перамяшчацца хутчэй. Напрыклад, калі вам трэба кудысьці ехаць па нязручным маршруце з перасадкамі ці ўначы, калі ўжо не ходзіць грамадскі транспарт, веласіпед можа стаць аптымальным рашэннем. Байкшэрынг — гэта новае адчуванне ад горада. Усе звыклыя адлегласці памяншаюцца, дарога дадому ці на работу становіцца больш прыемнай. Гэта вельмі важны праект для горада: ён дазваляе скараціць выкарыстанне матарызаванага транспарту, тым самым паляпшае экалагічную абстаноўку ў горадзе. У іншых краінах байкшэрынг датуюць з гарадскога бюджэту, яго разглядаюць як частку сістэмы грамадскага транспарту. У нас пакуль гэта прыватныя інвестыцыі, якія ў любым выпадку станоўча ўплываюць на развіццё і імідж горада. У многіх выпадках нават эканамічна больш выгадна выкарыстоўваць байкшэрынг, а не купляць праязныя білеты.

Мы ведаем пра выпадкі вандалізму ў дачыненні да веласіпедаў і самакатаў — гэта не можа не засмучаць. Праўда, такая сітуацыя не ўнікальная. На жаль, арэндны транспарт ва ўсіх краінах робіцца ахвярай вандалізму і крадзяжоў. Але гаворка ідзе пра зусім невялікі працэнт. Крадзеж або спробы «па няведанні» забраць веласіпеды ці самакаты — гэта правал: на транспарце ўстаноўлены GРS-трэкеры, а запчасткі веласіпедаў унікальныя і больш нідзе не могуць быць выкарыстаныя.

Хацелася б звярнуцца да карыстальнікаў байкшэрынгу: старайцеся пакідаць веласіпеды там, дзе яны не перашкаджалі б вам самім як пешаходу або аўтамабілісту. На тратуары бліжэй да будынкаў, побач з велапаркоўкамі, у зялёных зонах. Калі вы заўважылі веласіпед, які ўпаў або які стаіць у неналежным месцы, можаце яго падняць або крыху перанесці. Гэта зойме некалькі секундаў, затое зробіць стаўленне мінчан адно да аднаго крыху больш дружалюбным.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.