Вы тут

Замест гадзінніка – кветкі


Як нашыя продкі жылі без гадзіннікаў і якім чынам яны вызначалі час? Арыенціры ім падказвала сама жывая прырода! Пра гэта раскажа этнограф Ларыса Мятлеўская.


Усяго нейкае стагоддзе таму насценны гадзіннік у хаце быў сведчаннем асаблівага дабрабыту. А сваім кішэнным гадзіннікам заможны гаспадар вельмі ганарыўся, насіў яго ў асноўным па святах. І да сярэдзіны ХХ ст. наручны гадзіннік быў самым жаданым і ганаровым падарункам. Нават робячы прапанову рукі і сэрца, маладзён часта замест пярсцёнка дарыў каханай дзяўчыне гадзіннік.

Вясковым жа людзям раней і не было патрэбы насіць пры сабе гадзіннік. У лесе, полі ці на балоце арыентавацца ў часе на працягу дня ім дапамагала жывая прырода – сонца, птушкі, расліны.

Увогуле ў нашых продкаў да часу было своеасаблівае, нязвыклае для сучаснага чалавека стаўленне. Вось як пра гэта напісана ў кнізе "Рэчыцкае Палессе" Часлава Пяткевіча: "Суткі маюць чатыры перамены – ранак, дзень, вечар і ноч. Перад ранкам шчэ е досьветак, зара, свет, а ўжэ як сонца ўзойдзе, то настае ранак. Дзень улетку ета найдаўжэйшая суткавая перамена, бо ад ранняе зары да змярку святло не мае ніякае перашкоды. Перад вечарам, пакуль сонца высакавата, то шчэ толькі вечарэе, а як зайдзе, то настае зара, за ею зьмерк, а тагды ўжэ вечар. Ноч на Пятро, то такая, што яшчэ не згасла вячэрняя зара, а ўжэ глядзі – одблескі яе займаюцца на ўсходняй старане. Не то што зімою: дзень толькі да полудня, як гутарыць старая прыказка".

Сяляне раней у асноўным арыентаваліся на час харчавання: сняданак – зранку, абед – апоўдні, полудзень – папалудні, а пазней надыходзіў час вячэры.

Ноч, як і дзень, падзялялі таксама на 4 пары: вечар – ад змяркання і да поўначы, затым глыбокая ноч (глобасць), першыя пеўні – яшчэ змрокам, і другія пеўні – з раннім узыходам сонца. У зімовыя зорныя ночы час поўначы вызначалі, арыентуючыся на сузор'е Арыёна, якое на вёсцы часам называлі Касар або Матавіла. А ўлетку звыклай справай для сялян было карыстацца падказкамі ад раслін.

  • У Старажытнай Грэцыі і Рыме першымі прыкмецілі, што розныя кветкі адкрываюць і закрываюць свае венчыкі ў розныя гадзіны сутак. І тады садоўнікі заможных гаспадароў сталі афармляць такімі раслінамі кветнікі дзеля цікавасці.
  • А першы кветкавы гадзіннік стварыў і распрацаваў вядомы натураліст Карл Лінэй. Такое вынаходніцтва было вельмі прыгожым, але не вельмі зручным – гадзіннік “працаваў” толькі ў сонечны дзень.

Нашыя продкі спецыяльных гадзіннікаў не рабілі, але за кветкамі назіралі. Напрыклад, цыкорый дзікі, які квітнее ў чэрвені і ліпені, раскрывае свае блакітныя кветкі на досвітку ў 4-5 гадзін, і прыкладна ў 14-15 гадзін яны "засынаюць".

Дзьмухавец (май і пачатак ліпеня) у сырое надвор'е зусім не адкрывае сваіх суквеццяў, а ў сухі сонечны дзень яго яркія жоўтыя кветачкі прачынаюцца паміж 5-6 гадзінамі раніцы і “свецяцца” да 14-15 гадзін.

Мак раней рос як пустазелле на пустках і паабапал дарог, яго чырвоныя кветкі (чэрвень-ліпень) жывуць усяго два дні. Гэтая прыгожая расліна адкрывае пялёсткі венчыка ў 5 гадзін раніцы, макавыя галоўкі закрываюцца ў 14-15 гадзін.

Бульба радуе бела-ліловымі кветачкамі добрых гаспадароў ад чэрвеня і да пачатку жніўня. Паміж 6-7 гадзінамі раніцы кветкі бульбы раскрываюцца і ў другой палове дня, дзесьці да 15 гадзін,  закрываюцца.

Крыху даўжэй “спіць” блакітны званочак, ён раскрывае свае “вочкі” ў 8 гадзін зранку і “засынае” а 17 гадзіне.

Календула квітнее на нашых агародчыках з чэрвеня і да канца кастрычніка. Раскрываюцца яе кветкі ў 9 гадзін і закрываюцца ў 17 гадзін.

Сціплы продак ружы – шыпшына – сустракаецца паўсюль на прасеках у лесе, у зарасніках каля рэк. Яе адмыслова вырошчваюць як вітамінную і дэкаратыўную культуру, а з пялёсткаў і пладоў вараць смачнае варэнне. Квітнее шыпшына ад паловы мая да канца ліпеня. Кветкі расліны заўсёды глядзяць на сонца, яны раскрываюцца рана, у 4-5 гадзін, і позна закрываюцца – ў 19-20 гадзін.

Лілейнік таксама прачынаецца рана, у 5 гадзін, і квітнее да 20 гадзін.

Прыемна думаць, што з пачаткам новага летняга дня ўсё паўторыцца ізноў і яшчэ колькі часу можна будзе з цікавасцю назіраць за хараством навакольнага свету, поўнага прыродных цудаў.

Карл Ліней і яго кветкавы гадзіннік

Карл Ліней у 1720 годзе ўпершыню ў свеце стварыў кветкавы гадзіннік. Знаходзіцца ён у горадзе Упсала (Швецыя). Гадзіннік былі створаны на аснове трактата «Сон раслін». Вучоны-батанік прысвяціў усё сваё жыццё вывучэнню і сістэматызацыі кветак і раслін. Падчас даследаванняў ён заўважыў, што кветкі можна групаваць па часе закрыцця іх венчыкаў. Тады паводле сваёй тэорыі Карл Ліней і стварае кветкавы гадзіннік.

Аднак перш чым аформіць у сваім знакамітым Батанічным садзе такі гадзіннік, вучоны вядзе назіранне за 50 раслінамі і старана адзначае  ў сваім нататніку рэакцыю кветак на сонца, іх паводзіны раніцай і ўвечары. Былі і такія, што раскрываліся на ноч і зачыняліся днём: дурман, духмяны тытунь і інш. Ліней асабліва звяртаў увагу на адкрытасць кветак у пэўныя гадзіны сутак, залежнасць ад  інтэнсіўнасці асвятлення. Так, кветкі дзьмухаўца, цюльпанаў распускаліся пры яркім святле. А іншыя наадварот, пры ад моцных промняў зачыняліся, як быццам «прыжмурваліся» ад сонца.

І толькі пасля такой крапатлівай працы па назіраннях Карл Ліней стварае свій кветкавы гадзіннік

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.