Вы тут

Выйшла другая кніга дзясятага тома Поўнага збора твораў у чатырнаццаці тамах Васіля Быкава


У «Кнігазборы» (праўда, накладам зусім абмежаваным — 300 асобнікаў) выйшла другая кніга дзясятага тома Поўнага збора твораў у чатырнаццаці тамах народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.


У кнізе — артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв'ю, гутаркі, калектыўныя творы, якія пісаліся і друкаваліся ў перыядычных выданнях у Беларусі і за яе межамі ў 1981—1990 гады. Укладальнік — вядомы даследчык жыцця і творчасці Васіля Быкава Сяргей Шапран. Ён падрыхтаваў і каментарыі да выдання.

Адкрывае другую кнігу інтэрв'ю, змешчанае ў свой час у студзеньскім нумары часопіса «Беларусь» за 1981 год. Дарэчы, гутарку вёў паэт Рыгор Барадулін. Інфармацыйнай нагодай стала прысваенне Васілю Уладзіміравічу звання народнага пісьменніка Беларускай ССР. Чытаем пачатак адказу на другое пытанне — «Лёс вашых твораў, як ён склаўся?»: «Лёс твораў, як і лёсы людзей, складваецца па-рознаму. Адны лёгка пішуцца і лёгка друкуюцца — гэта ўдачнікі (як і людзі ў жыцці). Іншым жа доўга не шанцуе — у часе працы над імі, пасля — пры выданні. Так, напрыклад, мая аповесць «Сотнікаў» спазнала шмат турбот у часе над ёй, але яшчэ болей у часе выдання. Прынамсі, гэта зразумела, бо ў рэдакцыях таксама людзі са сваімі поглядамі, адносінамі, здольнасцямі разумення мастацкага твора, мастацкімі і асабістымі схільнасцямі. Затое цяпер у «Сотнікава» шчаслівы лёс, ён выдадзены на мовах амаль усіх еўрапейскіх народаў і па-за Еўропай. І нават былыя апаненты цяпер не толькі прызнаюць яго, але, здараецца, і хваляць. На гэта можна сказаць, што літаратура, бывае, выхоўвае густы».

Знаёмства з другой кнігай дзясятага тома Поўнага збора твораў у чатырнаццаці тамах Васіля Быкава пераконвае, што вывучаць гісторыю сучаснай беларускай літаратуры, а тым болей творчасць народнага пісьменніка Беларусі, без звароту да публіцыстычнай спадчыны наўрад ці магчыма.

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: Лёс твораў, як і лёсы людзей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.