Вы тут

«Рыба маёй мары» прыплыла ў Гомельскі драмтэатр


Прыгадваецца відэаролік, які некалі стаў мемам, — пенсіянер паказвае злоўленую рыбіну і экстатычна крычыць: «Вось яна, рыба маёй мары! Язь!» Запіс атрымаў мільёны праглядаў і прынёс мужчыну народную славу, потым вядомы эпатажны спявак напісаў па яго матывах немудрагелістую песню, што таксама сабрала ўраджай прыхільнікаў, і нарэшце «Рыба маёй мары» ўжо зусім у іншым выглядзе прыплыла ў Гомельскі абласны драматычны тэатр.


Прэм'ера спектакля адбылася ў горадзе над Сожам 12 ліпеня. Дарэчы, і песня са сцэны гучыць вядомая. І рыбы з'яўляюцца ў розных абліччах. І адметнае мастацкае рашэнне сціплых па кошце дэкарацый і касцюмаў (мастак Таццяна Стысіна) рэзаніруе з тым, што тут адбываецца на працягу дзвюх з паловай гадзін.

Па сюжэце галоўная гераіня Лена вяртаецца туды, дзе праходзіла яе дзяцінства, і ў пошуках галоўных адказаў размаўляе з маці, сябрамі і першым каханым. «Рыба маёй мары» — дыпломная работа Данілы Філіповіча, выпускніка курса Міхаіла Левіціна ў Расійскім інстытуце тэатральнага мастацтва. Аўтары ахарактарызавалі жанр спектакля як «нястрымная весялосць, якая пераходзіць у слёзы і назад»: прынамсі, кідаць гледача ў такія супрацьлеглыя настроі ў іх атрымалася. Весялосць, праўда, часам здаецца крыху маркотнай, затое шчыра пасумаваць пад барабанны бой аб няспраўджаных надзеях даводзіцца.

Спектакль паставілі маладыя і, здаецца, для маладых, якім надакучылі звычныя формы, таму чуллівыя гісторыі «старадаўніх» часоў суседнічаюць з апантанымі танцамі пад інструментальны нью-джаз і хіп-хоп, а тыя, у сваю чаргу, змяняюцца філасофскімі вершамі знакамітых паэтаў-шасцідзясятнікаў.

П'еса Алены Ісаевай «Пра маю маму і пра мяне», абазначаная самім драматургам як «школьныя сачыненні», стала вядомай на стыку тысячагоддзяў. Даніла Філіповіч імправізаваў з тэкстам, але галоўнага ўсё ж не змяняў, а Лену згодна з яго рашэннем іграюць адначасова дзве актрысы — Вера Грыцкевіч і Ірына Кубліцкая: раздвойванне асобы дае магчымасць убачыць амбівалентнасць пачуццяў.

Адчуванні, страхі, комплексы шаснаццацігадовай дзяўчыны, якая не ведае, чаго жадае больш — быць знакамітай альбо шчаслівай, актрысы ўдала перадаюць і эмоцыямі, і пластыкай, і голасам. Перапады настрою, сорам і спробы зразумець тое, што зразумееш толькі перажыўшы асабіста, — куды без спрадвечных узроставых праблем, калі настаўніцы здаюцца няздольнымі на каханне, чужыя жаданні прымаюцца за свае, а пошук высокага прызвання абломваецца аб рэчаіснасць.

Старэйшыя гераіні, якіх іграюць Ала Леная (маці) і Святлана Яфімава (жанчына), спрабуюць нечаму навучыць маладых, але жыццёвы вопыт аказваецца недасканалым ва ўсіх. У прадстаўнікоў розных пакаленняў застаюцца спрэчныя пытанні, пры гэтым малодшыя ўпарта паўтараюць памылкі старэйшых, асабліва там, дзе размова ідзе пра каханне, а без яго ж ніяк.

Пяцігадовая дзяўчынка, навучаная маці, што «дарыць трэба нешта такое, што табе самой дорага, інакш падарунак не мае сэнсу», аддае сяброўцы любімую ляльку з чырвоным пластмасавым бантам. А ў выніку бясконца хвалюецца: «Хіба яна для Ленкі што-небудзь значыць? Ленка не хадзіла з ёй да зубнога і на мора з сабой не брала, а я брала і ледзь яе там не ўтапіла. Не, гэта ўсё няправільна, што трэба дарыць тое, што дорага. Як гэта можна дарыць тое, што дорага? Тое, што дорага, з гэтым нельга расставацца — а калі можаш расстацца, то якое ж яно дарагое?»

Яўгенія Канькова, якая ўсё жыццё іграла травесці, у ролі бабы Раі ўздымаецца да сапраўднай трагедыі. У адказ на рэпліку сяброўкі Зіны, якая падчас вайны напісала на яе данос, Рая пранізліва адказвае: «Куды ж я цябе кіну, Зіна? У мяне ж, акрамя цябе, нікога на ўсім свеце. І потым... не мне цябе судзіць. Ты калі ў чым і вінаватая, дык адпакутавала ўжо...»

Гісторыі першага кахання разносяцца па мінулым стагоддзі, але школьны і франтавы конкурсы прыгажосці аб'ядноўваюць максімалізм гераінь. Адна з іх вымаўляе, здаецца, галоўнае, што аб'ядноўвае жанчын спектакля: «І зусім гэта каханне магло б стаць для мяне не няшчасным, калі б я ведала, як сябе паводзіць. Але я ўяўлення не мела, што мне рабіць з гэтым хлопчыкам Сярожам, акрамя як марыць пра яго здалёк, уздрыгваць ад гукаў яго голасу, чырванець, сутыкаючыся ў дзвярах, нямець, калі ён звяртаецца з пытаннем, хутка адводзіць вочы, каб не сустрэцца поглядамі».

Мужчыны ў спектаклі заварожваюць — усе два: Андрэй Шыдлоўскі, які мае пэўны досвед, і зусім малады Павел Салаўёў. Шчырасцю, апантанасцю, ансамблевасцю і прывабным торсам. Спектакль, безумоўна, жаночы, але ж мужчыны тонка (а часам і гратэскна) падкрэсліваюць складанасці стасункаў паміж паламі.

Прэм'ерай «Рыбы маёй мары» закрыўся 80-ы тэатральны сезон Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. Падлеткі ўбачылі свае неўратычныя ўяўленні пра жыццё, а дарослыя разабраліся ў тым, чым насамрэч з'яўляецца іх клопат аб нашчадках. Пад надрыўную ўкраінскую песню «Тримай» Хрысціны Салавей у фінале.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Уладзіміра Ступінскага

Загаловак у газеце: Пра язя і матуль, якія жадаюць сваім дзецям толькі дабра

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.