Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Але страляюць...

З Броняй мы сябравалі з самага маленства, разам хадзілі ў школу, а вось пасля яе — жыццё, як здавалася, развяло. Сям'я гэтай дзяўчынкі выязджала на так званае ПМЖ у суседнюю Польшчу, і Броня ўжо там скончыла ўніверсітэт, стала філолагам, шмат гадоў выкладала рускую мову.

Але ў Беларусь, на сваю гістарычную радзіму, таксама прыязджала. Тут у яе па-ранейшаму заставалася шмат радні, былі сябры і сяброўкі. Праўда, з часам, з гадамі шэрагі іх усё болей радзелі, і ўрэшце Броня стала прыязджаць да мяне. Кажа, што вельмі сумуе па Радзіме — любіць усё беларускае, успамінае, як яе маці некалі, выязджаючы ў прочкі, забірала з сабою кусты півоні, а потым і дачка вывозіла ружы, нават чабор. У Польшчы, казала, ён не такі — не так пахне, як тут... А тут, калі верыць Броні, дык і наогул усё найлепшае: само паветра, вада, лес.

Але ж гісторыя не столькі пра яго.

...Неяк раз мая замежніца-госця і мой муж Тадэвуш сабраліся ў грыбы. Узялі з сабой вады, на перакус — нейкіх бутэрбродаў, гаспадар на трумо ў ранішнім паўзмроку абмацаў свае вадзіцельскія правы, селі ў машыну і ў лес — месцы вядомыя...

Але ж у першым (як потым расказвалі) грыбоў амаль не было. Шукаючы, яны перайшлі ў другое, потым пераехалі ў трэцяе, зноў перайшлі, і ўрэшце мой муж зразумеў, што страціў апошні арыенцір, што яны... заблудзіліся.

Госцю палохаць ён, вядома ж, не хацеў, гэта... зрабілі іншыя: да грыбнікоў здалёк данесліся... стрэлы.

— Аlе strеlаjа, strеlаjа (Але страляюць, страляюць)! — збялеўшы, залапатала Броня (ад страху яна, відаць, забылася, дзе знаходзіцца). — А ў мяне ж — ніякіх дакументаў з сабой нямашака, ніякіх папер. Не дай бог затрымаюць, спытаюць, хто я? Што мне казаць?

— Не бойся, пані, — супакоіў яе Тадэвуш, бо па стрэлах ужо здагадаўся, дзе знаходзіцца ваенны палігон і дзе дом. — Дакументы ёсць у мяне. Вось паглядзі...

Ён усунуў руку ў кішэнь, каб выцягнуць правы, і раптам убачыў, што гэта — зусім не яны, а нейкі незнаёмы... кашалёк. Чый? Тадэвуш — крадком ад госці — зазірнуў унутр. Грошай там амаль не было: некалькі рублёў ды, падобна, чэкаў-паперак... А значыць, калі спыніць ДАІ...

Тут ужо ў кіроўцы душа ў пяткі: націснуў на газ і дамоў...

Броня потым расказвала, што, пакуль выязджалі з лесу, яна ўжо «ўбачыла» сябе арыштаванай — папыталася ў Тадэвуша, ці можна ёй папрасіцца ў адну з ім камеру?..

Карацей, дамоў яны з'явіліся з пустымі рукамі і ледзьве жывыя.

А тут і мы з дачкою не лепшыя, бо з хаты (?!) прапаў яе кашалёк.

— На трумо ўчора паклала, — успамінала дачка. — Ну хто яго мог узяць?

...Той, хто ўзяў, — адразу ж вярнуў, праўда, папярэдне патрымаў у руках разам са сваімі правамі — знешне і навобмацак ну вельмі падобнымі на тую прапажу.

...Факт, што цяпер, выязджаючы ў лес, мы часта ўспамінаем Броніна: «Але страляюць, страляюць!» І спадзяёмся, што тое самае недзе ўспамінае сяброўка.

Леанарда Аляшэвіч, г. Смаргонь


Прыгоды каўказца ў Беларусі

...Гляджу я, бывае, на творчыя пакуты асобных артыстаў, рэжысёраў тэатра ды кіно і з жалем думаю, што марна яны тужацца. Мусіць, няма, не нарадзіўся яшчэ, геній, лепшы за само жыццё! А ўжо яно такі спектакль часам сыграе, — каб хацеў, не прыдумаеш, таленту не хопіць.

Памятаю, гадоў 10—15 таму завітаў да нас брат маёй жонкі Георгій — каўказец і сапраўдны джыгіт: дужы, рашучы, гарачы... Яму лішнія сто грам — і, як той казаў, хавайся ў бульбу. Мая жонка гэта ведае як ніхто, а таму штурхель мяне ў нагу — маўляў, Жору не налівай.

А я і не наліваю, я з хаты іду — пакурыць.

Швагер, бачу, таксама ўстае, вылазіць з-за стала, пляцецца следам. Удвух мы стаім на вуліцы, і злы ён — як той сабака, бо ў гасцях жа, як быццам, але зусім цвярозы.

— Можа, да крамы пад'едзем? — пытаю ў яго.

А той і рады:

— Маладэц! Джыгыт-т! — хваліць мяне. Тут жа заводзіць машыну, і ляцім мы ў ёй — як на самалёце!..

У горадзе бяром дзве пляшкі маскоўкі. Добра было б і нечым прыкусіць... А паблізу там — кулінарыя, невялікі такі магазінчык, беленькі, прычым не толькі знешне. Унутры ў ім таксама ўсё белае: сцены, столь, вокны-дзверы... І дзяўчына — у беленькім халаціку, у белай пілотцы. Ажно вочы рэжа ад такой белізны! А яшчэ — ад пустэчы, бо ў продажы — вараныя яйкі і больш нічога.

— Ды бяры хоць іх, — кажу сваяку, бо ў самога рукі занятыя: на пузе, пад кашуляй, гарэлку трымаю.

Жора адразу:

— Дэвушка, дай варон'іх яек.

— Няма варон'іх! — злосна кідае тая (пэўна, з хлопцам пасварыўшыся).

Жора паглядзеў на дзяўчыну, яшчэ раз скасавурыўся на тавар, на цэннік пры ім і зноў да прадавачкі:

— Ты шутыш, да?.. Дай мнэ варон'іх...

— Я вам сказала: няма! — на крык перайшла бландзінка. — Вароны ў нас не нясуцца.

Мне бы тут умяшацца — усё патлумачыць, аднак я не паспеў:

— У-у-у-у-у... Мішь бэлая! — ашчэрыўся на бландзінку швагер.

— Я зараз міліцыю выклічу! — заверашчала яна.

Што заставалася мне? Ну вядома ж, схапіць Жору за рукаво і пацягнуць на вуліцу, а там і ў машыну.

— Даставай! — скамандаваў мне знерваваны Жора, кінуўшы позірк на мой «жывот».

З-за пазухі я нясмела выцягнуў паўлітроўку:

— Ты што — хочаш зараз і тут?

Швагер моўчкі выхапіў пляшку, сарваў зубамі корак, прылажыўся да бутэлькі і завёў машыну. Мы памчалі дамоў.

...Дзень тым часам ужо хіліўся да вечара, надвор'е псавалася, дарога — таксама. З асфальту мы з'ехалі на жвіроўку. Па ёй маглі б дабрацца хутчэй, калі б не дагналі падводу. Яна ціха, не зважаючы ні на што, паўзла пасярод дарогі. Вазніца (мы бачылі яго са спіны) сядзеў сагнуўшыся, панура апусціўшы галаву ў... зімовай (і гэта летам?!) шапцы, прычым вушы ў ёй не звісалі: яны былі завязаны пад барадой.

Зрэшты, вось гэта мы ўбачылі пазней, бо спачатку проста не разумелі, чаму ён нічога не чуе. Жора ж так упарта «бібібкае», просіць уступіць дарогу...

Карацей, нейкі кіламетр ці нават два мы неяк «прапаўзлі» за падводай. Болей — швагер ужо не вытрымаў. Ён націснуў на газ, сігануў паміж возам і дарожным слупком, трохі абадраў бок машыны, але ж праскочыў!..

Спыніўся перад канём, аднекуль з-пад сядзення выцягнуў... кінжал і рвануў з машыны.

— Ты што — здурнеў? — закрычаў я швагру, спрабуючы спыніць, але зноў спазніўся. Жора падскочыў да воза, садраў з дзядзькі шапку, секануў яе па «вушах». Тое, што засталося, працягнуў гаспадару: на, маўляў, так хоць нешта пачуеш... Хоць спадзявацца на гэта зусім не выпадала, бо пад шапкай у мужчыны былі... навушнікі і адтуль даносілася вясёлае «...Танцуйте, мальчики, любите девочек...»

Прыкладна так. А зрэшты, за словы ў гэтай песні я не ручаюся: за праўдзівасць гісторыі — як той казаў, галавой.

Зыгмунд Дзякевіч, в. Пянценішкі, Воранаўскі раён


Вяселле ў Калінаўцы

Сяброўка расказвала, як некалі ажаніўся брат. Цікавая была гісторыя, хоць і досыць даўно.

...Электрычнасць у сельскую мясцовасць праводзілі спецыяльныя брыгады, прычым паэтапна: паставяць слупы, працягнуць драты, запаляць лямпачкі ў адной нейкай вёсцы — пераедуць у другую. Камандзіровачны народ, можна сказаць, качавы, а ён заўжды на выдумкі здатны.

Вось і ў гэтай брыгады «фішка» была: прыехаўшы ў новую вёску, знайсці багацейшую дзяўчыну (каб бацькі добры стол накрылі) ды некага ў сваты звадзіць...

Найчасцей за «жаніха» быў Міхась — харошы хлапец. Праўда, у сем гадоў трапіў пад вайсковую машыну. Ледзь уратаваўся тады (сам генерал у ваенны шпіталь адправіў), доўга лячыўся... І навука потым не вельмі давалася. Таму пасля школы Міша пайшоў у электрыкі, разам са сваёю брыгадай па вёсках ездзіў... Ужо і на дзевак часам пазіраў, але каб жаніцца — ды божа барані!

Таварышы яго таксама лічылі, што гэта яшчэ зарана, але ж халяву сарваць ім хацелася. Таму адзін выступаў за свата, другі «прыкідваўся» Мішавым дзядзькам — і да дзеўкі ў хату.

Гаспадары там — рады старацца: стол накрываюць, як на Вялікдзень (у нас, у беларусаў, яно ж спрадвеку так — хоць салому еш, ды фасон трымай)... Вось яны і трымаюць — прымаюць сватоў. Тыя ў ахвотку і п'юць, і ядуць, і жаніха расхвальваюць... А як да справы дойдзе, заломваюць пасаг — ды такі, што ў бацькоў дзяўчыны і вочы на лоб: маўляў, людцы, з якой гэта ласкі? Выбачайце...

Сваты ў адказ: «Ну тады і вы — таксама...» Ды на пяту, як той казаў, ды ходу з хаты.

...Не раз і не два яны так рабілі, назаўтра пахмяляліся, смяяліся, пакуль аднойчы гэты іх «нумар» узяў ды... не прайшоў.

Дзеўка тая ўжо добра ў гадах была: замуж — ну край як трэба! Хоць жаніхоў — ніякіх, прытым даўно...

А тут раптам электрыкі, паважаныя людзі — не абы-хто...

Такіх бацькі Марусі як найлепшых гасцей прымалі!

І госці спачатку імі былі: прыстойна сябе паводзілі, усё, што трэба, казалі, Мішу хвалілі, прычым самымі рознымі словамі... І добры ён, маўляў, і спакойны, і працавіты, і ўмее ўсё чыста, і гарэлкі амаль не п'е...

А гэта значыць, што варты ён не толькі найлепшай дзеўкі ў асобе Марусі, але і адпаведнага пасагу.

Бацькі дзяўчыны з гэтым, вядома ж, згадзіліся:

— Такому хлопцу, — сказалі, — усё аддамо!

— Пярыну мяккую з гарою падушак, — здалёк «пад'язджаў» да іх сват.

— Ёсць! Гару — вы ж бачыце, а пярыну можна памацаць, — паказваў на ложак гаспадар.

— А палатно ці ёсць? А прасціны з абрусамі?..

— Само сабой! Маруся, адчыні свой куфар, пакажы сватам... Паўнюткі, бачыце! І пасцельнага там, і нацельнага...

— Хату новую трэба, — пачынаў заломваць сват.

— Дык пабудую, Міша! Якую захочаш! — абяцаў бацька.

— А тры тысячы рублёў?..

— Тры?!

Бацька папярхнуўся і трохі замяўся... Потым — махнуў рукой:

— А-а-а, сваток, — не знайду, дык пазычу! А ты, сынок (Маруська, сядзь да Мішы бліжэй), купіш за гэтыя грошы ўсё, што трэба: дзве каровы, авечак, свіней...

Мішу, які рос пры айчыме, вельмі цешыла слова «сынок», блытала думкі цёплае плячо Марусі... Да таго ж ён трохі выпіў, смачна пад'еў. Яго хвалілі і столькі абяцалі...

У такія хвіліны ён не думаў, што будзе далей.

Тым больш што нараніцу... убачыў, бо прачнуўся на той самай мяккай пярыне. Справа ад сябе ўбачыў сонную Марусю, злева — на століку — уласны пашпарт... З сіненькім штампам аб рэгістрацыі шлюбу.

...Такім чынам, у чарговую новую вёску брыгада паехала ўжо без Мішы. Сватаўство, як і варта было чакаць, скончылася вяселлем.

Марусі ды яе бацькам тады моцна пашчасціла: дачка — і дома, і замужам, прымака — работнік — у хаце, пасаг... там жа.

Мела яго дзеўка ці не — яшчэ пытанне. Факт, што бацька ў яе быў чалавек мудры.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж чарговае і шчырае: «Пішыце», бо ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе. Пераможцаў чакаюць прызы.

І яшчэ. Калі ласка, пры адпраўцы матэрыялаў не забывайце паведамляць свой адрас і нумар тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.