Вы тут

Чаму абвастрылася сітуацыя вакол Армузскага праліва?


Апошнім часам ці не галоўнай «гарачай кропкай» свету стаў Армузскі праліў, які злучае Аманскі і Персідскі залівы. Праўда, «танкерная вайна» пачалася не тут, а ў далёкім Гібралтары. У пачатку ліпеня брытанскія марскія пехацінцы і мясцовыя праваахоўныя органы захапілі іранскае судна Grасе 1. Паведамлялася, што яно перавозіла два мільёны бараляў сырой нафты з Ірана на перапрацоўчы завод Баньяс у Сірыі, што парушае санкцыйны рэжым, устаноўлены ў дачыненні да Дамаска. Паводле звестак МЗС Іспаніі, брытанцы перахапілі танкер па просьбе ЗША. Тэгеран паабяцаў даць адказ Лондану за падзеі ў Гібралтары. Што неўзабаве і адбылося: два тыдні таму іранцы захапілі брытанскі танкер Stеnа Іmреrо ў Армузскім праліве. Паведамлялася, што ваенныя Ісламскай Рэспублікі спынілі яго за парушэнне адразу некалькіх правілаў суднаходства. Пра магчымасць стварэння міжнароднай кааліцыі па патруляванні Армузскага праліва паралельна заявілі ў Еўропе і ЗША. У Персідскім заліве курсіруе амерыканская авіяносная група, Вялікабрытанія накіравала свае ваенныя караблі. Чаму ліхаманіць Армузскі праліў?


Персідскі бог і пальма

Марскі транспарт перавозіць звыш 80 працэнтаў усіх сусветных грузаў. Фактычна адпаведныя перавозкі адыгрываюць галоўную ролю ў сусветным гандлі. З пункту гледжання эканомікі, гэта самы эфектыўны і недарагі спосаб перавозіць тавары.

У свеце ёсць некалькі водных траспартных калідораў, без якіх немагчыма нармальнае функцыянаванне сусветнага гандлю. Большая частка з іх знаходзіцца ў Еўразіі. Гэта, напрыклад, Малацкі праліў — акно Кітая і Японіі ў Афрыку і Еўропу. На Блізкім Усходзе такімі стратэгічнымі пунктамі з'яўляюцца Баб-эль-Мандэбскі праліў, на беразе якога ідзе вайна ў Емене, і егіпецкі Суэцкі канал.

У Еўропе ключавую ролю адыгрываюць Гібралтар і Басфор з Дарданеламі. Калі англійскі Гібралтар — брама ў Міжземнае мора, то Басфор — у Чорнае. У Заходнім паўшар'і такім стратэгічным аб'ектам з'яўляецца Панамскі канал, які злучае Ціхі і Атлантычны акіяны.

У спісе галоўных водных артэрый глабальнай эканомікі Армузскі праліў займае асаблівае месца. Яго паўночнае ўзбярэжжа належыць Ісламскай Рэспубліцы Іран (ІРІ), а паўднёвае — Аб'яднаным Арабскім Эміратам і Аману. Праліў мае даўжыню 195 кіламетраў, а самае вузкае яго месца — шырыню каля 54 кіламетраў. Глыбіня дасягае 229 метраў. Праліў падзелены на два транспартныя каналы шырынёй каля 2,5 кіламетра кожны, аддзеленыя адзін ад аднаго 5-кіламетровай буфернай зонай. Цяпер гэта адзіны марскі шлях, ён дазваляе экспартаваць газ і нафту, якія здабываюцца ў краінах Персідскага заліва, у трэція краіны — у прыватнасці, у Японію, ЗША і краіны Заходняй Еўропы. У праліве знаходзіцца шэраг невялікіх незаселеных астравоў, ад аднаго з якіх пайшла яго назва. Па адной з версій, востраў назвалі ў гонар персідскага бога. Гісторыкі і лінгвісты прапануюць свой варыянт: слова «Армуз» у перакладзе азначае «фінікавая пальма».

Армузскі праліў — насамрэч галоўны нафтавы калідор свету. Паводле звестак падраздзялення марской статыстыкі Llоуd's, калі ўлічваць «чорнае золата» і нафтапрадукты, то на долю «фінікавай брамы» прыпадае каля 40 працэнтаў глабальнага экспарту нафты па моры. Для шасці краін АПЕК — Ірака, Кувейта, Саудаўскай Аравіі, Бахрэйна, Катара і ААЭ — Армузскі праліў адзіны шлях паставак «чорнага золата» за мяжу. Катар таксама экспартуе праз яго большую частку звадкаванага прыроднага газу. Прыкладна 80 працэнтаў аб'ёмаў паставак нафты прызначана для азіяцкіх рынкаў.

Стрэліць у нагу

Не дзіўна, што Армузскі праліў — не толькі найважнейшы эканамічны калідор, але і адзін з самых напружаных рэгіёнаў у свеце. У перыяд ірана-іракскай вайны 1980—1988 гадоў менавіта гэтае месца стала пасткай для замежных суднаў. Пасля таго як на іранскіх мінах падарваўся амерыканскі фрэгат, ЗША пачалі аперацыю «Багамол» і патапілі іранскі фрэгат і некалькі караблёў. У тым жа 1988 годзе амерыканскі крэйсер Vіnсеnnеs знішчыў іранскі пасажырскі авіялайнер Аіrbus А300.

Пасля дзесяцігадовага зацішша Армузскі праліў зноў нагадаў пра сябе ў 2010 годзе, калі «Аль-Каіда» атакавала японскі танкер. У гэты час Іран рэгулярна пагражаў перакрыць праліў у якасці адказу на санкцыі ЕС і ЗША. У 2016 годзе шасцёрка міжнародных пасярэднікаў, якая ўключала краіны ЕС, Расію, Кітай і Злучаныя Штаты, падпісала з ІРІ «ядзерную здзелку». Напружанасць спала. Але пасля таго як ЗША выйшлі з дамовы летась і ўвялі антыіранскія нафтавыя санкцыі, інцыдэнты аднавіліся.

Сёлета ў сярэдзіне мая каля берагоў ААЭ былі атакаваныя чатыры судны, у тым ліку два саудаўскія танкеры. Месяцам пазней адбыўся напад на два танкеры — нарвежскі Frоnt Аltаіr і японскі Kоkukа Соurаgеоus. У ім ЗША абвінавацілі іранцаў. Праз тыдзень ІРІ знішчыла амерыканскі беспілотнік над сваёй паветранай прасторай. Пасля Дональд Трамп паведаміў, што амерыканскі карабель у Армузскім праліве збіў іранскі беспілотнік, які знаходзіўся за 900 метраў ад яго.

Сутыкненні ў рэгіёне суправаджаюцца пагрозамі ІРІ блакаваць браму Персідскага заліва. «Калі Іран пазбавіцца выгод, якія ён атрымлівае ад эксплуатацыі Армузскага праліва, які з'яўляецца міжнароднай воднай артэрыяй, мы яго зачынім», — заўважыў галоўнакамандуючы ВМС Ірана Алірэза Тангсіры. У адказ на гэта Пентагон збірае кааліцыю з краін Блізкага Усходу і дае зразумець, што гатовы сілай абараняць нафтатанкеры і свабоду суднаходства. З гэтай мэтай у Персідскім заліве з мінулага месяца курсіруе амерыканская авіяносная група.

Калі амерыканцы пачнуць атакаваць непасрэдна іранскую тэрыторыю, ІРІ можа ўдарыць сваімі балістычнымі ракетамі па ваенных базах ЗША ў рэгіёне (Кувейт, Катар, ААЭ, Бахрэйн) і па сталіцах іх суніцкіх саюзнікаў. Закрыццё Армузскага праліва выкліча буйную рэгіянальную вайну, якая нанясе эканамічны ўрон не толькі Ірану, ААЭ, Эміратам і астатнім краінам АПЕК, але і ўсяму свету. За адзін дзень свет можа пазбавіцца значнай часткі паставак нафты. Такі дэфіцыт паліва разам з цэнамі ўдарыць па найбуйнейшых залежных ад імпарту энерганосьбітаў эканоміках свету — Кітая і Еўрасаюза — і можа прывесці да сусветнага фінансавага крызісу.

Аднак эксперты перакананы, што, нягледзячы на ўсю крыўду на Захад, Іран не будзе перакрываць Армузскі праліў. Гэтак жа, як і Эміраты, Кувейт і астатнія краіны рэгіёна, асноўную частку нафты ІРІ экспартуе праз гэтую артэрыю. Закрыць яе — усё роўна, што страляць сабе ў нагу. Ды яшчэ ў такі складаны эканамічны перыяд, калі пад санкцыямі ЗША ў Іране растуць інфляцыя і беспрацоўе. «У нас, вядома, ёсць магчымасць зрабіць гэта, але мы, вядома, не хочам гэтага рабіць, таму што Армузскі праліў і Персідскі заліў — гэта наша «дарога жыцця», — заўважыў кіраўнік МЗС Ірана Махамад Джавад Зарыф у інтэрв'ю Blооmbеrg.

Усе рэгіянальныя гульцы разумеюць, да якой катастрофы прывядзе абмежаванне свабоды суднаходства ў Персідскім заліве. Аднак на ўсялякі выпадак яны развіваюць альтэрнатыўныя маршруты дастаўкі нафты і газу. У 2012 годзе ААЭ адкрылі нафтаправод з Абу-Дабі ў Фуджэйры, а Сірыя мадэрнізавала газаправод, які злучае тэрмінал Янбу ў Чырвоным моры з радовішчамі ва ўсходніх правінцыях. У дыверсіфікацыі нафтавых маршрутаў удзельнічаюць і самі іранцы. У 2017-м яны адкрылі пабудаваны індусамі порт Чэбахар на беразе Індыйскага акіяна.

Тут жа трэба згадаць, што цяперашняя вайна ў Сірыі — прамы вынік жадання Ірана, Саудаўскай Аравіі і Катара абысці Армузскі праліў. Калі Дамаск адмовіў саўдытам і катарцам у будаўніцтве газаправода, які выходзіць проста да берагоў Міжземнага мора, і абраў праект Іран—Ірак—Сірыя, суніцкія краіны пачалі падтрымліваць ісламістаў, якія спрабавалі зрынуць Башара Асада.

Закрыццё Армузскага праліва нясе ў сабе пагрозу сусветнага эканамічнага крызісу і вялікай рэгіянальнай вайны. Іран наўрад ці пойдзе на такі крок, бо выдатна разумее, што гэты крызіс загубіць і яго эканоміку, што, аднак, не перашкаджае яму і іншым краінам АПЕК шукаць альтэрнатыву галоўнай нафтавай артэрыі свету.

Час кааліцый

Еўрапейскія краіны плануюць стварыць ваенна-марскую кааліцыю для забеспячэння бяспекі суднаў, якія перасякаюць Армузскі праліў. Аўтарам ініцыятывы стала Вялікабрытанія, паведамляе Rеutеrs са спасылкай на дыпламатаў ЕС. З падтрымкай ідэі ўжо выступілі Францыя, Нідэрланды і Італія. Цікавасць да ініцыятывы таксама праявілі Іспанія, Швецыя, Польшча і Германія. Цэнтральнае камандаванне УС ЗША паведаміла аб распрацоўцы шматнацыянальнай марской аперацыі Sеntіnеl («Вартавы»). Заяўленая мэта аперацыі — умацаванне марской стабільнасці, забеспячэнне бяспечнага праходу і дээскалацыі напружанасці ў міжнародных водах на ўсёй тэрыторыі Аравійскага заліва, Армузскага праліва, Баб-эль-Мандэбскага праліва і Аманскага заліва.

Прысутнасць знешніх сіл у Персідскім заліве стане асноўнай прычынай напружанасці ў рэгіёне, заявіў прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані. Сакратар Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана Алі Шамхані паведаміў, што меры па забеспячэнні бяспекі суднаходства ў Персідскім заліве павінны быць сумесна распрацаваны дзяржавамі рэгіёна. Разам з тым кіраўнік аманскага МЗС заклікаў усе бакі строга выконваць правілы міжнароднага суднаходства ў зоне Персідскага заліва. Раней кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Расіі Сяргей Лаўроў у ходзе пасяджэння савета кіраўнікоў МЗС краін — членаў БРІКС у Рыа-дэ-Жанейра папярэдзіў аб рызыцы ваеннага сутыкнення ў Персідскім заліве.

Стала вядома, што Іран і Расія ў найбліжэйшай будучыні плануюць правесці ваенна-марскія вучэнні ў раёне Армузскага праліва. Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы іранскімі Ваенна-марскімі сіламі контр-адмірал Хасейн Ханзадзі, паведаміла інфармагенцтва ІRNА. Акрамя таго, мінабароны Ірана і Расіі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні і пашырэнні супрацоўніцтва. Ханзадзі растлумачыў, што папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні вучэнняў дасягнута, засталося вызначыць канкрэтныя тэрміны.

Тым часам выдаткі японскіх кампаній на страхаванне танкераў пры перавозцы нафтапрадуктаў праз Армузскі праліў выраслі ў 10 разоў з-за абвастрэння сітуацыі вакол Ірана, паведаміла Sаnkеі. Па звестках выдання, тарыфы страхавальнікаў у апошнія месяцы павялічыліся з 0,025 да 0,25 працэнта ад кошту судна за адзін праход праз Армузскі праліў. Такім чынам, калі кошт танкера складае 10 мільярдаў іен (92 мільёны долараў), то кампаніі, якая зафрахтавала яго, давядзецца заплаціць 230 тысяч долараў, паведамляе ТАСС. Акрамя таго, танкеры былі вымушаны максімальна падаліць маршрут руху ад берагоў Ірана, а таксама атрымалі прадпісанне праходзіць Армузскі праліў на максімальнай хуткасці.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Ліхаманка ў «фінікавай браме»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.