Вы тут

Леанід Заяц: Наш агульны беларускі дом атрымаўся моцны, і за яго не сорамна перад суседзямі


Першым госцем нашай рубрыкі стаў губернатар Мінскай вобласці Анатоль Ісачанка. Ён расказаў, якія перамены адбыліся за апошнія 25 гадоў на прыкладзе цэнтральнага рэгіёна Беларусі. Сёння мы звяртаем наш позірк на ўсход, туды, дзе знаходзіцца Магілёўская вобласць. Яна значна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але змагла пераадолець звязаныя з гэтым цяжкасці і сёння дынамічна развіваецца. Больш падрабязна пра становішча гэтага рэгіёна і яго дасягненні — у размове са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам.


— Леанід Канстанцінавіч, цягам прынамсі апошняй чвэрці стагоддзя да Магілёўшчыны асаблівая ўвага, паколькі ўраджэнец вобласці стаў Прэзідэнтам суверэннай Беларусі. Якія змены адбыліся ў рэгіёне за гэты час, ці ўдаецца адпавядаць такому статусу?

— Што да першай часткі пытання, то тут я не магу цалкам пагадзіцца. Безумоўна, увага існуе — з боку кіраўніка дзяржавы, з боку ўрада. Увага вялікая, Але наўрад ці яе больш, чым да іншых рэгіёнаў нашай краіны. Жыхары вобласці ганарацца, што іх зямляк — першы Прэзідэнт Беларусі, і гэта накладае пэўную адказнасць. Трэба адпавядаць. Нельга, каб малая радзіма беларускага лідара была ў аўтсайдарах. Але праблем насамрэч хапае, у прыватнасці, у эканоміцы. Праблемы вырашальныя, і над належным вырашэннем мы працуем.

Калі казаць пра змены за апошнія 25 гадоў, то, пагадзіцеся, цалкам відавочна — наша краіна, і Магілёўская вобласць не выключэнне, зрабілі вялікі крок, а то і некалькі крокаў наперад. Адбыліся каласальныя змены абсалютна ва ўсіх сферах жыцця. Упэўнены, палітычныя падзеі 1994 года сталі адлікам новай гісторыі нашага народа. Беларусы абралі свой уласны шлях развіцця — жыць сваім розумам і сваёй працай. Нагадаю, што мы адзіныя з былых рэспублік СССР не пайшлі на вар'яцкую прыватызацыю, стварылі стабільную эканоміку, захавалі сацыяльна арыентаваную мадэль дзяржавы. Мы пайшлі шляхам эвалюцыі. Самае галоўнае — змяніліся людзі. Беларусы сталі больш прадпрымальнымі, дысцыплінаванымі, мы пачалі больш пяшчотна ставіцца да сваёй зямлі, з пашанай ставімся да гісторыі і будуем уласную будучыню. Можна шмат казаць пра змены ў эканоміцы, грамадстве. Падаецца, што не хопіць месца ў вашай газеце, якую, дарэчы, я рэгулярна чытаю.

— Новы імпульс у развіцці сямі паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўшчыны павінен быў надаць Указ № 235. Наколькі паспяхова ідзе яго рэалізацыя?

— Гэта вельмі важны дакумент, які павінен быў даць штуршок у развіцці сямі раёнаў — Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага. Нагадаю, указ прадугледжвае значныя льготы для інвестараў, перадумовы для развіцця бізнесу, стварэння новых рабочых месцаў і росту дабрабыту людзей. За чатыры гады ў гэтых раёнах былі створаны 189 новых камерцыйных арганізацый. На новых прадпрыемствах і вытворчасцях працаўладкавана амаль дзве тысячы чалавек. Сярод найбольш буйных праектаў трэба адзначыць завод па вытворчасці цэментава-стружкавых пліт у Крычаўскім раёне, фотаэлектрычныя станцыі па выпрацоўцы электрычнай энергіі ў Чэрыкаўскім раёне. Беларускі цэментны завод і «Крычаўцэментнашыфер» ажыццявілі буйны праект па мадэрнізацыі вытворчых ліній. Улічваючы, што паўднёва-ўсходні рэгіён вобласці мае ў асноўным сельскагаспадарчую спецыялізацыю, асаблівую ўвагу аддаём пытанням развіцця аграрнага сектара. Напрыклад, у Слаўгарадскім раёне зараз завяршаецца будаўніцтва свінагадоўчага комплексу праектнай магутнасцю ў 24 тысячы галоў штогод. Гэта будзе высокатэхналагічнае і канкурэнтаздольнае прадпрыемства, дзякуючы якому Магілёўскі мясакамбінат здолее выйсці на новы ўзровень — істотна павялічыць аб'ёмы вытворчасці і рэнтабельнасць. Акрамя гэтага, у паўднёва-ўсходніх раёнах вобласці актывізавалася будаўніцтва жылля, уведзены ў строй новыя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Касцюковічах і Краснаполлі.

Але казаць пра абсалютны поспех дзеяння ўказа зараз, на жаль, не прыходзіцца. Прэферэнцыі, якія мы можам прапанаваць інвестарам у гэтым рэгіёне, не адрозніваюцца і нават саступаюць тым, што прапануюць рэзідэнтам свабодных эканамічных зон. Таму буйныя інвестары аддаюць перавагу абласным цэнтрам і прылеглым да іх раёнам. Для інвестара сёння прывабныя не толькі льготы, але і створаная інфраструктура, доступ да рэсурсных крыніц, у тым ліку і працоўных. Разам з тым мы працягваем работу па стварэнні прывабных умоў для інвеставання ў паўднёва-ўсходні рэгіён і павышэнні ўзроўню і якасці жыцця яго жыхароў.

— Інвестыцыі і новыя рабочыя месцы — прыярытэтныя кірункі ў развіцці любога грамадства. Як з гэтым на Магілёўшчыне? Ці ахвотна ўкладаюцца грошы і ў якія сферы непасрэдна?

— Сапраўды, як для краіны, так і для Магілёўскай вобласці, у прыватнасці, прыцягненне інвестыцый — адзін з галоўных прыярытэтаў. І тут у рэгіёне назіраецца станоўчая дынаміка. Напрыклад, летась на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы Магілёўшчыны з усіх крыніц фінансавання было выдаткавана больш за паўтара мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Ёсць зацікаўленасць і з боку нашых замежных партнёраў. Толькі за першы квартал гэтага года мы прыцягнулі 100 мільёнаў долараў замежных інвестыцый. Лічбы насамрэч неблагія. Але заўсёды ёсць жаданне, каб яны былі яшчэ вышэйшыя. І перадумовы існуюць. Галоўнае — гэта добры інвестклімат, які створаны ў нашай дзяржаве. Добрай рэкламай Магілёўшчыне служаць ужо дзеючыя праекты, якія паспяхова рэалізуюцца. Яны паказваюць прыклад — тут можна рабіць бізнес, сюды трэба ўкладваць грошы. Напрыканцы чэрвеня ў Магілёве прайшоў Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху». Да нас прыехалі прадстаўнікі бізнес-колаў з 20 краін свету. На форуме мы падпісалі пакет пагадненняў больш чым на 170 мільёнаў долараў. А за іх рэалізацыяй стаіць стварэнне 650 новых рабочых месцаў. Цяпер у вобласці ідзе рэалізацыя некалькіх сур'ёзных інвестпраектаў. Маштабная мадэрнізацыя працягваецца на «Магатэксе» і шклозаводзе ў Ялізаве, узбуйняецца цяплічная гаспадарка ў Бабруйску, у Бялыніцкім раёне ідзе стварэнне даволі буйнога аграпрадпрыемства па вытворчасці збожжа і дацкай беконнай свініны. Дарэчы, гэтая ж кампанія плануе пабудаваць аналагічнае прадпрыемства і ў Крычаўскім раёне.

— Сельская гаспадарка Магілёўшчыны грунтуецца на развіцці буйнатаварнай вытворчасці, стварэнні аграхолдынгаў. З іншага боку — у рэгіёне яшчэ з 1990-х ствараюцца фермерскія гаспадаркі, шэраг з якіх знайшлі сваю нішу і сталі высокарэнтабельнымі прадпрыемствамі. У чым, на ваш погляд, эфектыўная формула развіцця АПК для вобласці?

— У першую чаргу эфектыўнасць залежыць ад выканання тэхналогіі і гаспадарскага падыходу да справы. А залежнасць рэнтабельнасці ад таго, якая форма ўласнасці гаспадаркі — дзяржаўная ці прыватная, — насамрэч прыдуманая. Мы маем шмат прыкладаў, калі калгас працуе вельмі паспяхова і калі фермер ледзьве зводзіць канцы з канцамі. І наадварот. Як гаворыцца, кадры вырашаюць усё.

У пяцігадовай праграме развіцця краіны вызначаны найбольш важныя кірункі развіцця АПК. У тым ліку праз стварэнне холдынгаў — аб'яднанні гаспадарчых суб'ектаў. Такі курс павінен вырашыць асноўныя задачы: павышэнне эфектыўнасці аграрнай вытворчасці і дабрабыту работнікаў. Гэтага можна дасягнуць за кошт прымянення карпаратыўнай сістэмы кіравання, распрацоўкі ўзгодненай фінансавай і вытворчай палітыкі, пераходу да прынцыпова новай сістэмы матывацыі кіраўнікоў і работнікаў прадпрыемстваў па выніках працы. Буйнатаварныя гаспадаркі — гэта, у першую чаргу, замкнёны цыкл вытворчасці — ад поля да крамы. Гэта вытворчасць не сыравіны, а гатовай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

У той жа час дзяржава падтрымлівае і фермерскія гаспадаркі. Дапамога аказваецца юрыдычная і фінансавая. Летась са сродкаў бюджэту фермерам было выплачана 400 тысяч рублёў субсідый. Тых, хто жадае працаваць на зямлі, становіцца больш. Цяпер у рэгіёне зарэгістравана амаль паўтысячы фермерскіх гаспадарак. Але аддача пакуль не ўражвае. Доля фермераў у агульным аб'ёме вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўсяго 2,3 працэнта. Лічба нязначная. Але і ў гэтым сектары ёсць свае лідары, якія сталі арыенцірамі для іншых. Узяць, напрыклад, фермерскую гаспадарку «Дыяна» ў Шклоўскім раёне, якая спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Рэкордная ўраджайнасць, сучасныя сховішчы і тэхніка, годны заробак работнікаў... Большасць прадукцыі ідзе на экспарт. Гаспадарка зарабляе валюту. Там працуе вельмі пісьменны і вопытны кіраўнік Уладзімір Маліноўскі. Гэта зноў пацвярджае меркаванне, што гаспадарскі падыход — ключавы фактар поспеху.

— Адзін з флагманаў сельскагаспадарчай адукацыі ў краіне — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, гэта насамрэч і буйны навукова-практычны цэнтр. Наколькі дзейсна яна дапамагае АПК у плане кадраў і ўкаранення найноўшых напрацовак? Як развіваецца альма-матар Прэзідэнта — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт? І ўвогуле, наколькі аператыўна і якасна рэагуюць адукацыйныя ўстановы вобласці на патрэбу дзяржавы ў неабходных спецыялістах?

— Маштабнае пытанне, але паспрабую адказаць коратка і ёміста. Калі гаворым пра Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, то безумоўна, гэта флагман у падрыхтоўцы кадраў для АПК. Штогод акадэмія выпускае больш за 2000 высокакваліфікаваных спецыялістаў. Выпускнікі БДСГА складаюць аснову кадравага забеспячэння сельскай гаспадаркі краіны. Сёння акадэмія — гэта навуковы цэнтр з шырока развітой інфраструктурай і сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Горацкія вучоныя рэгулярна праводзяць навучальныя семінары, даследаванні і маніторынгі ў гаспадарках, даюць аграрыям каштоўныя рэкамендацыі, распрацоўваюць інавацыйныя тэхналогіі для земляробства і жывёлагадоўлі. Напрыклад, распрацаваная ў акадэміі праграма «Канструктар рацыёнаў кармлення» ўжо ўстаноўлена больш чым у 100 гаспадарках краіны. Яна прызначана для выбару аптымальнай камбінацыі кармоў і дабавак для буйной рагатай жывёлы. У аснове праграмы — інтэлектуальная матэматычная працэдура аптымізацыі, якая ўлічвае вагу, узрост, стан здароўя жывёлы, іншыя фактары і складае аптымальны для яе рацыён. І гэта толькі адзінкавы прыклад эфектыўнага супрацоўніцтва аграрнай навукі і вытворчасці.

Што да Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, то сёння гэтая ВНУ — галоўны адукацыйны навукова-метадычны цэнтр сістэмы адукацыі Магілёўскай вобласці. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні на пярэднім краі сучасных навуковых ведаў: электроніка і фатоніка, лазерна-аптычная дыягностыка, экалогія і прыродакарыстанне, аграэкатурызм, шэраг даследаванняў у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, інфармацыйных тэхналогій. Таксама навукоўцы ўдзельнічаюць у дзейнасці па ўдасканальванні адукацыйных праграм і стандартаў. А з улікам узнікаючых патрэб ва ўніверсітэце карэктуюць набор абітурыентаў і адкрываюць падрыхтоўку па новых спецыяльнасцях. Так, напрыклад, налета тут пачнуць рыхтаваць праграмістаў і біёлагаў-аналітыкаў.

Тое ж датычыцца і іншых нашых вышэйшых навучальных устаноў. У Беларуска-расійскім універсітэце і Магілёўскім універсітэце харчавання таксама гібка рэагуюць на патрэбы рынку працы.

— Сёлета значная доля абласнога бюджэту выдзяляецца на ўмацаванне медыцынскай базы вобласці. Наколькі адчувальна атрымліваецца мадэрнізаваць гэтую галіну? У зборы сродкаў для рэканструкцыі Бабруйскай дзіцячай бальніцы ўдзельнічалі і насельніцтва, і дэпутаты, і дзяржава. Якія дзеянні будуць адбывацца сёлета на гэтым аб'екце?

— Спадзяюся, нам многае ўдасца зрабіць у гэтым кірунку. Здароўе людзей заўсёды павінна быць у прыярытэце дзяржавы. Сродкі на ўмацаванне медыцынскай базы сапраўды выдзяляюцца вельмі істотныя — амаль 20 мільёнаў рублёў. Грошы пойдуць на бягучы і капітальны рамонт устаноў аховы здароўя, а таксама на набыццё медабсталявання. На гэты год у нас запланаваны шэраг важных аб'ектаў. У Асіповічах будзе завершана будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса раённай бальніцы. Упэўнены, дзякуючы гэтаму медыцынская дапамога ў раёне выйдзе на новы якасны ўзровень. Таксама сёлета завершацца работы па рэканструкцыі радзільнага дома ў Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Рэканструкцыя доўгачаканая. Ранейшыя ўмовы для маладых маці і акушэраў былі, мякка кажучы, кепскімі. Цяпер там будуць прасторныя і ўтульныя палаты і сучаснае медыцынскае абсталяванне — усё, каб роды і знаходжанне маці і немаўлят у радзільні былі максімальна спакойныя і камфортныя.

Яшчэ адзін вельмі важны аб'ект — лячэбны корпус дзіцячай бальніцы ў Бабруйску. Яго рэканструкцыя ідзе поўным ходам, плануецца завяршэнне работ у лістападзе наступнага года. Рэканструкцыя сапраўды маштабная. Гэта і ўсталяванне новага даху, новых вокнаў, і ўцяпленне сцен. Праводзяцца вялікія ўнутраныя работы, цалкам ідзе замена сістэм ацяплення, электрычнасці, водазабеспячэння, каналізацыі. Па сутнасці, гэта будзе новы будынак. Фінансаванне ідзе з розных крыніц. На 2019 год дзяржава выдаткавала 2,5 мільёна рублёў. Таксама паступаюць сродкі з дабрачыннага рахунку. На сёння людзі сабралі больш за 300 тысяч рублёў. Дапамагаюць усе — працоўныя калектывы, прадпрымальнікі, дэпутаты і звычайныя людзі. Гэта пацвярджае кансалідаванасць нашага грамадства, гатоўнасць людзей рабіць добрую справу.

У Магілёве ёсць патрэба ў будаўніцтве паліклінікі ў буйным мікрараёне Казіміраўцы, а таксама ў будаўніцтве кардыяхірургічнага корпуса ў абласной бальніцы. Там ёсць выдатныя прафесіяналы, якія гатовы праводзіць аперацыі на сэрцы любой складанасці. Але не хапае аперацыйных. Пытанне сур'ёзнае, і мы маем цвёрды намер вырашыць яго станоўча. Абодва аб'екты дадаткова ўключаны ў інвестыцыйную праграму на 2019 год, хутка пачнём будаўніцтва.

Свята «Купалле» ў Александрыі. Фота БЕЛТА

Увогуле лічу, што сучасная айчынная медыцына развіваецца добрымі тэмпамі і знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. У нашым рэгіёне створана цудоўная лячэбна-дыягнастычная база, якая дазваляе ўкараняць найноўшыя метады дыягностыкі і лячэння. Але, безумоўна, галоўнае ў нашай медыцыне — высокапрафесійныя спецыялісты: урачы і іх памочнікі.

— Турыстычны патэнцыял вобласці дае магчымасць папулярызаваць сваю спадчыну, прывабліваць вялікую колькасць людзей, заводзіць карысныя сувязі. Але не заўсёды на гэта знаходзяцца сродкі. Як даводзіцца выходзіць з сітуацыі? На што ў першую чаргу выдзяляюцца грошы?

— Так, згодны з вамі. Жыхары Магілёўшчыны атрымалі добрую спадчыну. Вы ведаеце, большую частку жыцця я правёў у сталічным рэгіёне, але ў Магілёве адчуваю сябе нібы дома. Я люблю гэты прыгожы горад. Ён мае асаблівы шарм. І хацелася б, каб сюды прыязджала як мага больш турыстаў. Паказаць ёсць што. Цікавых і славутых месцаў багата. У тым ліку і новых. Напрыклад, у горадзе з'явілася паркавая зона ў Падміколлі. Многія магіляўчане ўжо называюць яе сваім любімым месцам адпачынку. Там зрабілі вялікую каскадную лесвіцу з фантанамі. Колькасць прыступак нават большая, чым у знакамітай Пацёмкінскай лесвіцы ў Адэсе. Я налічыў 250 прыступак. Заезд у Магілёў з боку Мінска цяпер упрыгожвае арка, накшталт тых, што ёсць у Берліне, Парыжы і Маскве. Гэтыя работы праведзены пераважна за бюджэтныя сродкі.

Акрамя эстэтыкі аддаецца ўвага і камфорту. Сёлета пачынаем будаўніцтва дубль-трасы, якая звяжа буйны раён Казіміраўку з праспектам Касманаўтаў. Магістраль вырашыць транспартную праблему вялікай часткі горада.

Безумоўна, аддаём увагу гісторыка-культурным каштоўнасцям. Паўмільёна рублёў сёлета будзе накіравана на рэстаўрацыю Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля ў Кіраўскім раёне. Больш за тры мільёны рублёў будзе выдаткавана на рэстаўрацыю Свята-Пустынскага манастыра ў Мсціслаўскім раёне. Гэта толькі калі казаць пра буйныя праекты. Мы разумеем, што трэба больш актыўна праводзіць работу па прыцягненні інвестыцый у турыстычную сферу, укладаць грошы ў турыстычны маркетынг. У гэтай галіне мы маем вялікія рэзервы, і іх неабходна задзейнічаць. На жаль, сёння Беларусь ведаюць за мяжой недастаткова добра. У адносінах да нас там яшчэ шмат стэрэатыпаў. І правядзенне буйных міжнародных форумаў, якія нам давяраюць, гэта выдатны шанц змяніць сітуацыю. На Еўрапейскія гульні да нас завіталі тысячы гасцей з самых розных куткоў кантынента. Многія з іх былі ў Беларусі ўпершыню і аказаліся вельмі ўражаныя тым, што тут пабачылі, уражаныя людзьмі, з якімі пазнаёміліся. Яны прыедуць да сябе і будуць расказваць пра нашу краіну. І іншыя пажадаюць таксама прыехаць да нас. Таму спрыяе і бязвізавы рэжым. А наша задача сустрэць іх па-беларуску гасцінна, з адкрытай шчырай душой, паказаць сябе, сваю гісторыю і свае сучасныя дасягненні. Народная дыпламатыя — самая эфектыўная. А турыстычная прывабнасць — гэта імідж краіны і інвестыцыі. Таму, яшчэ раз падкрэсліваю, развіццё турыстычнай сферы — адзін з галоўных кірункаў работы дзяржавы.

— Тэме малой радзімы сёння аддаецца шмат увагі. Што менавіта вы ўкладаеце ў гэта паняцце?

— Нягледзячы на тое што даўно жыву ў горадзе, у душы я заўсёды быў вясковы чалавек. Мае карані ў вёсцы Гацук. Гэта на Случчыне. Там рабіў першыя крокі і прамовіў першыя словы. Там атрымаў бацькоўскае выхаванне. Якое б ні было складанае жыццё, маці з татам заўсёды дарылі сваю любоў і пяшчоту, вучылі працавітасці і годнасці, адрозніваць добрае ад дрэннага. Добра памятаю духмяны водар хатняга хлеба, смажанага сала і ні з чым не параўнаную калодзежную ваду. Гэта не настальгія па маленстве, а звычайная памяць сэрца. Лічу, што паняцце «малая радзіма» для ўсіх аднолькавае. І тое, што сёння мы ўдзяляем ёй шмат увагі, гэта цалкам натуральна і правільна. Пра свае карані трэба памятаць.

На рэспубліканскім свяце «Купалле» Леанід Заяц узнагародзіў лепшых аграрыяў Магілёўскай вобласці па выніках працы ў 2018 годзе.

— Што для вас апошняя чвэрць стагоддзя?

— Гэта быў вызначальны час. 25 гадоў таму мы абралі свой курс развіцця. І гэтую чвэрць стагоддзя беларускі народ будаваў незалежную дзяржаву, дзяржаву для народа. Мы заклалі падмурак, зрабілі сцены, усталявалі дах, заняліся ўнутраным аздабленнем. Наш агульны беларускі дом атрымаўся моцны, ён стаіць трывала, і за яго не сорамна перад суседзямі. Зразумела, не ўсё было гладка, але складанасці, як вядома, толькі загартоўваюць. Я ганаруся, што таксама браў удзел у гэтым будаўніцтве — у гаспадарчай дзейнасці, на дзяржаўнай службе. На кожным участку, які мне давяралі, я намагаўся працаваць так, каб не было сорамна перад людзьмі і ў першую чаргу — перад самім сабой. Інакш нельга. 75 гадоў таму нашы бацькі, дзяды і прадзеды адстаялі для Беларусі свабоду, і мы — іх нашчадкі, — кожны на сваім участку, павінны зрабіць усё, каб наша краіна квітнела і надалей. Упэўнены, наш народ можа ганарыцца сучаснай Беларуссю.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.