Па выніках візіту ў рамках форуму падпісана пагадненне паміж Гродзенскім аблвыканкамам і хакіміятамі Самаркандскай і Андыжанскай абласцей Узбекістана аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах.
Прадстаўнікі мясцовых улад, кіраўнікі кампаній і бізнес-колаў на чале з намеснікам Гродзенскага аблвыканкама Аленай Бубенчык пабывалі ў Ташкенце і Самаркандзе — вузлавых цэнтрах Узбекістана. Падчас сустрэчы ў Ташкенце з саветнікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Узбекістан Надзірам Атажонавым былі абмеркаваны перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва, у прыватнасці кааперацыя ў лёгкай і харчовай прамысловасці, а таксама сумесная работа па выпуску сельгастэхнікі. Дарэчы, важнае значэнне надавалася менавіта супрацоўніцтву ў галіне лёгкай прамысловасці. Вялася размова са старшынёй асацыяцыі «Узтэкстыльпрам» Ільхомам Хайдаравым аб пашырэнні ўзаемнай дзейнасці ў тэкстыльнай і швейна-трыкатажнай вытворчасці.
У пасольстве Беларусі ва Узбекістане была арганізавана сустрэча з дзелавымі коламі. Гродзенцы перш за ўсё рабілі акцэнт на канкрэтныя праекты і пошук новых партнёраў.
Ёсць падставы развіваць і міжрэгіянальныя адносіны. Узбекістан і Гродзенская вобласць маюць трывалыя стасункі з Сурхандар'інскай вобласцю і Рэспублікай Каракалпакстан Рэспублікі Узбекістан, з якімі падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве.
У тэму
Гандлёвы абарот паміж Гродзенскай вобласцю і Узбекістанам за мінулы год вырас на 45 % і склаў 15,5 мільёна долараў. Гродзенцы пастаўляюць як прамысловую, так і харчовую прадукцыю. На тэрыторыі рэгіёна працуе амаль 30 арганізацый з узбекскім капіталам. Адным з важных праектаў з'яўляецца стварэнне вертыкальна інтэграванага комплексу па вытворчасці баваўнянай пражы і вырабаў з яе.
Актыўна супрацоўнічаюць з узбекскімі ВНУ гродзенскія ўніверсітэты. У чэрвені падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага факультэта па падрыхтоўцы спецыялістаў паміж Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам і Самаркандскім інстытутам ветэрынарнай медыцыны. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы вядзе сумесную работу па праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі дарог. Ёсць праекты па вывучэнні раслін на забруджаных цяжкімі металамі глебах.
Для пашырэння сувязяў гродзенская дэлегацыя наведала старажытны Самарканд, дзе адбылася сустрэча з кіраўніцтвам вобласці. Гродзенцы пабывалі на буйных аб'ектах рэгіёна — тэкстыльнай і малочнай фабрыках, а таксама на аўтамабільным заводзе, дзе таксама правялі перагаворы.
Узбекскі бок зацікавіла прапанова беларускай дэлегацыі аб стварэнні ў Гродзенскай вобласці сумеснага прадпрыемства па выпуску сельгастэхнікі, адаптаванай да работы ў Цэнтральнай Азіі. Таксама была падтрымана ідэя па арганізацыі сеткі дыстрыб'ютараў па збыце лакафарбавай прадукцыі, вырабаў шклозавода «Неман», сухіх малочных сумясяў. Ёсць перспектывы ў Слонімскага мясакамбіната, які адзіны ў вобласці мае сертыфікат «халяль», што дазваляе выходзіць на рынкі мусульманскіх краін.
Дасягнуты і канкрэтныя пагадненні. Так, вырашана арганізаваць курсы для ўрачоў на базе клінік. Таксама ўзбекскія спецыялісты-жывёлаводы будуць вывучаць тэхналогіі работы на малочнатаварных фермах рэгіёна, для гэтай мэты ў Гродзенскай вобласці вызначаць дзесяць такіх аб'ектаў. Ёсць дагаворы ў сферы турызму. Паміж Узбекістанам і гродзенскім рэгіёнам будзе падрыхтаваны праект супрацоўніцтва і графік наведвання тураператарамі абедзвюх краін.
Распарацавана дарожная карта па рэалізацыі пагаднення паміж Гродзенскай і Самаркандскай абласцямі, якая падпісана падчас візіту ўзбекскай дэлегацыі ў гродзенскі рэгіён.
Маргарыта Ушкевіч
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».