Вы тут

Сельскагаспадарчая эліта Беларусі і Узбекістана абмеркавала перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння


Пытанні двухбаковых гандлёвых стасункаў, супрацоўніцтва ў галінах раслінаводства, племянной жывёлагадоўлі і ветэрынарыі, аграрнай адукацыі былі абмеркаваны на тэматычнай секцыі.


Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Анатоль ХАЦЬКО вітаў гасцей па-ўзбекску, чым выклікаў шчырыя воплескі. Кіраўнік ведамства лічыць аграпрамысловыя комплексы важнымі галінамі эканомікі для абедзвюх краін, паколькі менавіта сельская гаспадарка адказвае за харчовую бяспеку краіны.

«Устойлівае развіццё вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, харчовая бяспека — асноўныя кірункі макраэканамічнай палітыкі, якія патрабуюць асаблівай увагі. Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ў АПК апошнім часам няўхільна развіваецца», — з задавальненнем адзначыў Анатоль Хацько.

Тавараабарот сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання па выніках мінулага года ўзрос практычна на 60 % і дасягнуў 30 мільёнаў долараў. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Ташкенцкай вобласцю.

«Рэалізуецца праект па стварэнні ў гэтым рэгіёне цэнтра па племянной справе, распрацоўваецца канцэпцыя стварэння селекцыйна-генетычнага цэнтра, а таксама прадпрыемства па вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў», — паведаміў міністр.

Па яго перакананні, адзін з асноўных складнікаў экспартнага патэнцыялу Беларусі ў сельскай гаспадарцы — высакаякасная малочная і мясная прадукцыя. У Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе цалкам пераабсталяваны малочнатаварныя фермы і прадпрыемствы перапрацоўкі, укаранёныя сучасныя сістэмы кантролю якасці прадукцыі, нарошчаныя аб'ёмы вытворчасці, прадпрыемствы сертыфікуюцца на адпаведнасць патрабаванням стандарту «халяль».

Кансалідаваць намаганні

«Супрацоўніцтва ў апошнія гады пачало набываць новае напаўненне, другое дыханне. Мы маем намер, канешне, працягваць гэтую ўстойлівую і неабходную тэндэнцыю. Узбекістан разглядае Беларусь у якасці аднаго з ключавых партнёраў у галіне развіцця сельскай гаспадаркі», — адзначыў падчас пасяджэння секцыі старшыня камітэта Сената Олій Мажліса Узбекістана па пытаннях міжнародных адносін, знешнеэканамічных сувязяў, замежных інвестыцый і турызму Алішэр КУРМАНАЎ.

Ён паведаміў, што ў апошнія два гады Узбекістан здолеў значна актывізаваць супрацоўніцтва ў рэгіёне. Таму трэба бачыць не толькі адну дзяржаву, але і ўсю Цэнтральную Азію. Любая ініцыятыва, пачатая ва Узбекістане, не будзе абмяжоўвацца яго граніцамі, а пойдзе значна далей. Да таго ж замежныя партнёры карыстаюцца шырокім колам прэферэнцый і льгот.

Узбекістан, як і Беларусь, адчувае змяненні клімату, а таму патрабуе стварэння новых высокаўраджайных, устойлівых да розных хвароб і засухі сартоў бульбы.

«На планеце Зямля найлепшая нацыя, якая ўмее гэта рабіць, — беларусы», — выказаў упэўненасць Алішэр Курманаў.

У сферы селекцыі паміж Беларуссю і Узбекістанам ужо наладжаныя першыя кантакты: у Ташкенцкай вобласці праводзяцца тэхналагічныя іспыты васьмі сартоў бульбы і дваццаці сартоў культур агародніны.

Разам з тым старшыня камітэта з жалем адзначыў, што на шляху «шчаслівага шлюбу» паміж Беларуссю і Узбекістанам ёсць і некаторыя перашкоды, у тым ліку гандлёвыя абмежаванні. Таму асаблівую важнасць набывае рэжым свабоднага гандлю і ўмацаванне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Асаблівую зацікаўленасць узбекскія партнёры адчуваюць у тым ліку ў стварэнні інтэнсіўных садоў, цяплічных гаспадарак, магутнасцяў па перапрацоўцы плодаагародніннай прадукцыі, сучасных жывёлагадоўчых комплексаў і комплексаў па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі, машынна-трактарных паркаў.

«Калі кансалідаваць намаганні, можна будзе дасягнуць вялікіх поспехаў», — перакананы Алішэр Курманаў.

Бар'еры пераадольныя

Па інфармацыі намесніка міністра сельскай гаспадаркі Узбекістана Саідкамола ХАДЖАЕВА, у сельскай гаспадарцы краіны выкарыстоўваецца больш за 20 мільёнаў гектараў зямель, плануецца дадаткова асвоіць 1100 гектараў — да чаго запрашаюць беларускіх партнёраў.

Тым больш што сыравіна, матэрыялы, запчасткі ці абсталяванне, якія не вырабляюцца ва Узбекістане, пры ўвозе на патрэбу землекарыстання вызваляюцца ад мытных плацяжоў.

«Нашы эканомікі не канкурыруюць, а дапаўняюць адна адну. Разумеем, што розніца нацыянальных стандартаў на адну і тую ж прадукцыю — бар'ер на шляху да развіцця міжнароднага гандлю, таму зацікаўлены ў абмене данымі аб нацыянальных стандартах, тэхнічных рэгламентах і сумесных распрацоўках па бяспецы харчовай прадукцыі», — прапанаваў намеснік міністра.

Ён запрасіў таксама на выстаўку «Зроблена ва Узбекістане», каб пакаштаваць мясцовую прадукцыю. Вінаградарства — адзін з кірункаў сельскай гаспадаркі, што развіваецца ў гэтай краіне найбольш хутка. Саідкамол Хаджаеў прапанаваў і беларускаму боку запусціць сумесныя вінныя кластары ў цэнтральнаазіяцкай краіне.

Прадукты да ўзбекскага стала

Беларусь са сваім развітым аграрным сектарам традыцыйна экспартуе каля 60 % малочнай і больш за 40 % мясной, у тым ліку ва Узбекістан. Пра гэта журналістам паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей БАГДАНАЎ.

У Ташкенце працуе крама беларускіх тавараў, і асартымент беларускіх прадуктаў харчавання плануецца штогод пашыраць і павялічыць даходную частку на 800—900 тысяч долараў. Наш тавараабарот увогуле год ад году расце, прычым экспарт і імпарт — збалансаваныя.

«Вялікі патэнцыял у развіцці нашых паставак ва Узбекістан. Прааналізавалі імпарт Узбекістана і бачым: па тых кірунках, дзе ў нас ёсць перавытворчасць, можам накіраваць дадатковыя аб'ёмы. Гэта сухія малочныя прадукты, натуральнамалочная прадукцыя, мяса, племянная жывёла», — праінфармаваў Аляксей Багданаў.

Беларусь пачала пастаўкі ва Узбекістан жывых коней, летась паставілі 275 галоў племянной жывёлы для развіцця малочнай жывёлагадоўлі ва Узбекістане, за паўгода 2019-га — ужо каля сотні галоў. Летась пачаліся і пастаўкі беларускай насеннай бульбы ва Узбекістан.

Цяпер рэалізуецца сумесны праект па стварэнні малочнатаварнага комплексу на тысячу галоў буйной рагатай жывёлы з цэхам перапрацоўкі, які будзе цалкам укамплектаваны беларускімі абсталяваннем і жывёлай. Працэс вытворчасці таксама будзе наладжаны па беларускіх тэхналогіях.

Рух наперад

Галоўная задача І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана — вызначыць аб'ёмы, якія краіны могуць закласці ў двухбаковае супрацоўніцтва, высветліць кірункі, па якіх далей ужо больш глыбока абмяркоўваць пытанні. Такую думку падчас работы секцыі выказаў Анатоль Хацько.

Стасункі на секцыі паслужылі ўмацаванню далейшага двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў аграпрамысловым комплексе, а прапановы і ідэі ў далейшым пойдуць у дарожную карту адносін дзвюх краін.

Варвара МАРОЗАВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Больш, чым двухбаковае супрацоўніцтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».