Вы тут

Якой будзе станцыя метро «Вакзальная»


Пакуль механізаваны тунэлепраходчы комплекс «Алеся» пераадольвае 1270 метраў крайняга тунэля ад «Вакзальнай» у напрамку «Кавальскай слабады», на будучых станцыях трэцяй лініі таксама кіпіць работа. На «Юбілейнай плошчы» ўзводзяць маналітныя канструкцыі, а на «Плошчы Францішка Багушэвіча» нядаўна прыступілі да аздаблення. Апошнія штрыхі засталося ўнесці на «Кавальскай слабадзе». Даганяе яе па працэнце гатоўнасці ў будучым самая гасцінная станцыя — «Вакзальная», на якую і адправіліся карэспандэнты БелТА.


Любая станцыя метро пачынаецца з вестыбюля. На «Вакзальнай» ён будзе цалкам наземным. Прасторны будынак у зялёна-чорных танах размяшчаецца за чыгуначным вакзалам. Побач будуецца вялікі паркінг і забаўляльны цэнтр — усё ў адным стылі. У аздабленні вестыбюля будзе шмат шкла, асабліва трывалага, з керамічным напыленнем, дах упрыгожыць невялікі шкляны купал. Тут размесцяцца білетныя касы, большасць службовых памяшканняў. Прадугледжана стварэнне безбар'ернага асяроддзя: у холе абсталяваны ліфтавая шахта і пандусы для заезду на запрашальныя пляцоўкі.

Спускаемся на платформу — тут укладваюць граніт. З 1 жніўня адначасова з аздабленнем вестыбюля пачнецца афарбоўка сцен, да верасня спецыялісты плануюць заняцца падсветкай, мантажом рэечнай столі. Станцыя візуальна здаецца досыць прасторнай, і гэта сапраўды так: «Вакзальная» шырэй іншых станцый на некалькі метраў, што абумоўлена вялікім пасажырапатокам. Ужо ўстаноўлены каркасы для эскалатараў даўжынёй каля 10 метраў, прыступкі зманціруюць пазней.

Навінкай сталічнага метрапалітэна стануць травалатары ў двух пераходах, якія злучаць станцыі «Вакзальная» і «Плошча Леніна». Пасажыр зможа абраць, як яму зручней пераадолець гэтую адлегласць: пешшу альбо пры дапамозе травалатара. Дарэчы, і травалатары, і эскалатары — беларускія. Эскалатары вырабляюць у Салігорску, а травалатары ўпершыню спецыяльна для Мінскага метрапалітэна вырабілі на заводзе ў Магілёве.

Цікава, што абодва тунэлі, якія злучаюць станцыі, праходзяць пад чыгуначнымі шляхамі. Намеснік галоўнага інжынера тунэльнага атрада №1 УП «Мінскметрабуд» Андрэй Серафімовіч адзначае, што пры будаўніцтве гэтых тунэляў «Алесю» не прыцягвалі, пешаходныя пуці пракладалі з дапамогай немеханізанага шчыта ЩН-1с. Для таго каб пераадолець адлегласць у адзін метр, змене спатрэбілася каля сямі гадзін. Да таго ж у мэтах бяспекі, каб пазбегнуць абвалаў, даводзілася браць дазвол на праходку пад кожным з шляхоў, працавалі ноччу або ў іншыя рэдкія часіны, калі на чыгунцы мінімальная нагрузка.

«Калі зараз павярнуць направа, за сцяною знаходзіцца станцыя «Плошча Леніна», куды мы будзем уразацца, — працягвае экскурсію Андрэй Серафімовіч. — Будзем праходзіць пад дзеючай станцыяй. Калі дойдзем да сярэдзіны, пачнем выхад уверх. Тут плануем працаваць па чатыры гадзіны ў суткі (пасля таго як ноччу будзе знята напружанне з кантактнай рэйкі) — такое акно штодня нам будзе прадастаўляць метрапалітэн у мэтах бяспекі пасажыраў. У хуткім часе пад платформай на «Плошчы Леніна» будзе высякацца і ўзмацняцца металічнымі рамамі сцяна». Аказваецца, ужо пры распрацоўцы першай лініі праекціроўшчыкі прадугледзелі такі план развіцця падзей пры будаўніцтве трэцяй лініі падземкі. Гэтым дальнабачнасць беларускіх спецыялістаў не абмежавалася. Падобныя злучальныя хады на некаторых станцыях прадугледжаны і пад будаўніцтва чацвёртай лініі.

Праз лабірынты станцыі (без суправаджэння тут можна лёгка заблукаць) вяртаемся на платформу. Заўважаем яркае святло ў канцы аднаго з тунэляў. Там размясціўся рэйказварачны пост. У працэсе зваркі выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, дзякуючы якім будучы шлях для цягнікоў атрымліваецца бясшвоўным. Месца стыку максімальна згладжваецца, каб не было ніякіх зазораў. Гэта дазволіць зрабіць беларускае метро практычна бясшумным, як і ў многіх еўрапейскіх гарадах.

Будаўніцтва ўсіх станцый павінна ісці строга па зацверджаным графіку. Ужо ў снежні гэтага года і пачатку студзеня наступнага на «Вакзальнай» будзе праводзіцца тэставанне ўсяго абсталявання. А ў пачатку студзеня будучага года плануецца пробны запуск цягніка. Пасажыраў новая трэцяя лінія прыме ўжо ў сярэдзіне 2020 года.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».